Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/IV/Б/Язэп Лёсік/«Ня ўсе-ж разам, ягамосьці»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Язэп Лёсік „Ня ўсе-ж разам, ягамосьці“
Апавяданьне
Аўтар: Язэп Лёсік
1927 год
Апавяданьне бяз назвы
Іншыя публікацыі гэтага твора: «Ня ўсе ж разам, ягамосьці!..».

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„Ня ўсе-ж разам, ягамосьці“[1].

(Повесьць).

У карчме дзеля прынады людзей шынкар Моўша дзяржаў папугая. Ён быў у клетцы пад стольлю і аглядаў звычайных адвядальнікаў гэтае важнае установы ў вёсцы, якія для яго былі вельмі цікавы. Гэта — Сёмка, Карусь Ратуй і інш. У кожнага было сваё гора, і кожны па свайму заліваў яго ў Моўшы. Кожнаму парознаму даставалася ад жонкі. Папугай добра азнаёміўся з кожным з іх і меў свае сымпатыі, ці антыпатыі. Ён ужо прывітваўся з кожным чалавечым голасам. Наогул папугай выкрыкваў тое, што на яго рабіла найбольшае ўражаньне.

… Размова размоваю, а кожын мае на думцы, што добраму чалавеку не павінна зашкодзіць, калі дзеля сьвята вып’е чарку гарэлкі. Іншы раз больш і не хацеў-бы, гэтым-бы, здаецца, і здаволіўся, дык як-жа ты зробіш? Калі — кум стрэўся, з шваграм даўно ня бачыўся, сват надыйдзе, брацейнік з заработкаў вярнуўся, і — пачнеш і пачнеш. З тым, з другім, атым часам к змроку начастуешся, ледзьве ногаеш[2]. Яшчэ, як скародзіш ботамі вуліцу, як дражніш сабакаў спрэчкамі з вугламі, дык нібы крыху памятаеш. Але якім шыхам выбраўся з карчмы, як трапіў да хаты — бог яго ведае! Не памятаеш, хто распранаў, хто разуваў, неўпамкі, як і спаць улёгся…

А той ці іншы выпадак здарыцца з кожным можа, — так не абмінеш, каб не нашлёгацца пад вечар. Тагды ў карчме ўшчухаюцца спрэчкі, звадкі, песьні, — такі гоман, што крый божа! Гармідасія[3] пойдзе, бадай ці ня гэтак, а можа й горш, як даўней у Клецку на кірмашы.

— Я яму, як добраму, а ён, трасца яго матары, і нос закапыліў!..

— Вып’ема, кумок! Бог сьвяты ведае, ці будзем жывы заўтра. Пій да свата! Сватка!

— Годзі табе, Габрусь! Вот згінёньнік!

— Як-то згода?! Ён мяне зьневажае, а я буду дароваваць? Не дажджэ ён…

— „Я-й п’я-ніцаю ра-дзіў-ся, я-й бу-ду ў карчме і ўміраць“, — не пяе, а як ня плача нехта, уткнуўшыся носам у стол.

На вуліцы курта брэша,
А да мяне Янка чэша,
Ці ты Янка, ці ты не,
Спа-дабаўся ты мне, —

перацінае п’яны Ратуй, дрыгаючы кульбамі заміж: музыкі.

— Моўша! Моўша, каб ты апруцянеў, дзе цябе чэрці дзержаць? Моўша!..

Моўша гасае[4] па карчме, як на пажэжы. Пот з яго рагамі[5] льлецца, ярмолка зьбілася назад і чуць ліпіць на патыліцы. Няма ўвіхнейшага шынкара за Моўшу, а і ён не ўпраўляецца ўсім настрэнчыць[6], за ўсім даглядзець, ды дай ты сьвет! Той крычыць, той гірчыць, той лае, а той, няхай яму ліха, мяркуе каўхануць зьнячэўку. Нарэшце — не разарвацца-ж яму? — ён кідае слухаць, а толькі, як які вар’ят, бліскае вачыма ды асякаецца ва ўсе бакі:

— Пачакай!.. Ня ўсе-ж разам, ягамосьці… Трымайся чаргі, калі ласка!

Турбацыя Моўшы дадае шмат клопату і папугаю. Спагадаючы гаспадару, ён мятушыцца па клетцы, як няпрытомны, злуе, верадуе. Згледзеўшы, што колькі дзядзькоў зьляпілася цалавацца, вытарачыцца на іх ды галасуе:

— Ня ўсе-ж разам, ягамосьці! Трымайся чаргі, калі ласка!

Але гэта-б яшчэ асьвяціся! Трэ’ жыць, трэ й патурбавацца. Захочаш есьці, дык зьнясеш паняверку, ператрываеш і зьнявагу. „Дарма, кажуць, і каза воўку ня скача“, — разумна разважае Моўша. Толькі ня бачыў ён карысьці, ня было яму жаднага рахунку вось з тае завірухі, якую завіналі хлопцы з дзяўчатамі, справіўшы падпоўнач ігрышча. Не, не, не кажэце, з гэтым Моўша дагэтуль ня хоча згадзіцца! Круцяць, вернуць голавы, а чаго, каб хто спытаўся? Так, абы бэсьціцца. Няма каму біць…

І, пачуўшы вясёлы малады рогат, ён толькі скрывіцца, як кіслага яблыка зьеўшы. „Пашла верабінавая ноч“, — махае Моўша рукою: „цяпер за якую двузлотку будуць таўчыся да трэйціх пеўняў! Каб дарма не турбавацца, дык ён на гэты час кудысь зусім зьнікае. Бо — няхай яго пярун спаліць, — як не ўдыгай[7], а распустам гэтым, лабатросам не ўнаровіш, а як ня трапіш пад густ, дык і па патыліцы атрымаеш[8]. Былі здарэньні, ён не забыўся, памятае! Дый досыць з яго! Набегаўся, навярэдзіўся. Гэта ня жарты! — цалюткі дзень, як на спружынах: ані зьесьці, ані прысесьці!

Цяпер і цукеркі і іншыя дзявочыя ласункі прадае сама Мырка, а застаецца даглядаць за ўсім адзін папугай. Лепшага вартаўнічага пашукаць трэба: вока ня спусьціць з таго, што творыцца ў карчме. Не пяршынка яму бачыць. Ігрышчы спраўляюцца амаль ня кожна сьвята, узіму напрыклад, але-ж заўсёды яму цікава, усё роўна як і тым дзецям, што на гэты час паўпіраюцца насамі ў шыбы, пішчаць і мітусяцца на прызьбе. Ды й не адны дзеці на ігрышча ідуць паглядзець, ідуць і маладзіцы і нават старыя кабеціны. Толькі яны заходзяць у самую карчму, прыпыніўшыся дзе-небудзь у куточку, на відавоку, яны падпіраюць бароды рукамі, шэпчуцца, ківаюць галовамі ды стрыгуць вачыма. Не адна ўспомніць маладыя леты і ня раз уздыхае цяжка, глянуўшы на сябе і навокала…

Вось тромкнула іскрыпка, разоў колькі прайшоўся па струнах цымбалісты. Ёкнула сэрца ў моладзі. Як маланкаю, асьвяціўся твар у саромлівых дзяўчат. Цясьней сьціснуліся ў кучку яны, часьцей забілася сэрца іх. Бледнасьць ірвецца прэч і раскладваюцца вусны ў шчасьлівую усьмешку.

— Дзядзька, лявоніху! — гукнуў нехта з хлопцаў і — „грай музыка, калі граеш, калі добру жонку маеш!“ Не грукацяць гэтак вогіры[9] на стайні, як затупацелі хлопцы абцасамі. Падхапіўцшы спаднічкі, распусьціўшы хвартушкі ў пальцах, заружаваўшыся, маўляў, пурышкі на ясным сонцы, — дробна, як бобам, сыплюць дзяўчаты. Далікатна, лёгка, як птушкі, ўюцца яны каля хлапцоў, ня крануўшы, здаецца, чаравікам падлогі. Разьюшаныя павабным мірганьнем дакляруючым палкім вокам дзяўчыны, ажно жахаюцца хлопцы. Той прысьвісьне, той зашлепча, там цокаюць, тут гокаюць, а Сёмка — даруй божа цяжкі грэх — узмасьціўся на стол, нахіліў да пляча бубен (трымаць, як трэба, замінала люлька) наўвоч б’е па ім цырубалкам[10] ды падцінае:

Ляво-ні-ха дабра-дзей-ка была,
За два гро-шы сара-коў-ку дала.
Ой, Ля-во-ніха, бадай це ня відаць
Не хадзі ма-ей капу-сты ла-маць.

Нехта шапярнуў[11] штось на вуха цымбалісту, а той, паслухаўшы, адхіліўшы ў бок галаву, нібы-то зьнянацку сьцігануў на „мяцеліцу“ ды — як урэзаў, як уцяў, — дык раптам усё спынілася і замоўкла. Аж увушшу зазьвінела, аж папугай прытаіўся ў клетцы, перапалоханы апанаваўшаю цішаю. Усе стаяць, чакаюць, маўчаць… Ніхто ня адважыцца пачаць першы. А цымбалы зьвіняць гавораць, задораць…

Ба-дай таго ка-ва-ля
Мя-це-лі-ца замяла, —

аднекуль з закутку перарэзаў цішу моцны голас Ратуя.

Што ён мя-не ма-ла-ду
Ды зма-ро-зіў на ля-ду, —

падхапілі хлопцы з дзяўчатамі, цымбалам падсекла іскрыпка, загрымеў бубен і — ў момант усё віхрам завалтузілася[12]. Зьвіняць бутэлькі ў шафе, вокны бразгацяць, пыл курыцца, — карчма ходырам пайшла! Усё збэрсалася, зблуталася ў клубок мятусіны. Ні чуваць, ні відаць нічога, і лямпа мігціцца, як воўчае вока ўночы…

— Ці не звар’яцелі яны?! — думае папугай і ўва ўсё горла лямантуе:

— Ня ўсе-ж разам, ягамосці! Трымайся чаргі, калі ласка!

(Ня кепска жылося папугаю. Падабалася яму карчомнае жыцьцё. Ён увайшоў у сваю каляіну і думаў, што іншага жыцьця і нідзе няма.

Але сталася прыгода. Аднойчы раніцай, калі нікога ня было ў карчме, а дзьверы былі адчынены, папугай ня выцерпеў, каб не пацікавіцца, што робіцца за карчмой. Яго ап’яніла паветра і жыцьцё яго братоў на волі. Сам ня помнячы, як ён памаленьку апынуўся аж у лесе, пасярод птушынага царства. Ён з цікавасьцю пазіраў на незнаёмыя дзівы і на жыцьцё птушак. Але тыя зусім інакш аднясьліся да нязнанага госьця, Яны проста пачалі яго кляваць з усіх бакоў, што аж пер’я ляталі.

Чым-бы кончылася гэта — невядома, каб не зьявіўся Моўша і не асвабадзіў свайго каханца. Той зусім змогся, аслабеў, не асякаўся, а толькі, плачучы, крычаў:

— Ня ўсе-ж разам, ягамосьці. Дзяржыся чаргі, калі ласка!).



  1. Яго мосьць, міласьць.
  2. Ідзеш.
  3. Гармідар, гоман.
  4. Гойсае, бегае.
  5. Ням. — ручаямі (Regen — дождж).
  6. Даставіць.
  7. Нараві.
  8. трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.
  9. Маладыя жарабцы.
  10. Булаўкай да бубна.
  11. Шапнуў.
  12. Замітусілася, замяшалася