Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/IV/Б/Таўрус/Банкет

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хрыстос Уваскрос! Банкет
Апавяданьне
Аўтар: Таўрус
1927 год
Сьвяты божа
Іншыя публікацыі гэтага твора: Банкет (Таўрус).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Таўрус.

Банкет.

I.

Радасны й вясёлы пад’яжджаў Пятрусь у сваё сяло, каторага ён ня бачыў ад самых Каляд. Вырваўшыся з душнага гораду, дзе за дамамі ня ўбачыш ні далёкага лесу, ні раздольля шырокіх палёў, і апынуўшыся сярод знаёмых узгоркаў і хвайнякоў, Пятрусь пачуўся вольна й лёгка. Яго так і цягнула ў гэтыя кусты на беразе рэчкі, на зялёны шырокі луг, бо тут кожны куст, кожнае дрэва й грудок былі яго добрымі старымі знаёмымі.

Едучы, ён закідаў пытаньнямі іх парабка Андрэя, як і што дома. У гэтых пытаньнях адбіваўся мужычы дух, моцна зросшыся з зямлёй, з родным сялом.

Вот і сяло, вот і іх хата. Бацька даўно ўжо тупаў на дварэ, ня раз паглядаючы на дарогу. Ён сам адчыніў вароты і вышаў за браму на спатканьне сыну. Пятрусь борзьдзенка саскочыў з каламажкі і кінуўся да бацькі.

Сын-гімназіст і бацька, ужо пад’жылы сталы селянін-хлебароб, абняліся і моцна пацалаваліся,

— Ну, як-жа здароў, Пятрусь? Як пашанцавалі[1] экзамены?

Пятрусь наскора адказаў бацьку і пабег да маткі. Яна ўжо даўно стаяла каля парогу, загадзя абцёршы губы хвартухом, і ня спушчала вачэй з сына.

— А сыночак ты мой! А маё ты панянятка! — гаварыла маці, цалуючы хлопца.

І запраўды Пятрусь у форме гімназіста зусім быў, як паніч. Нават папоў сын — бурсак, равесьнік Пятрука, адступаў перад ім на задні плян і касаваўся. Дык і ня дзіва, што маці так цешылася, гледзячы на сына-гімназіста.

Увайшоўшы ў хату, Пятрусь аглядзеў усе куты, кожную новую рэч у хаце. Пры гэтым ён расказваў пра гімназію, пра горад, пра сваіх новых сяброў, пра ўсё тое, што цікавіла там яго самога. Але яму не сядзелася ў хаце, яго цягнула на двор, на волю, і праз паўгадзіны ён ужо шворыўся ў садку; адтуль, пералезшы цераз плот, выбег на вуліцу. Праз паркан суседзкага садзіка на яго пазірала колькі пар вачэй яго равесьнікаў. Пятрук зараз-жа заўважыў іх. Адзін з хлапцоў высунуў галаву з-за паркану і моўчкі прыглядаўся да Пятруся. Зараз-жа паказалася другая галава ў старой шапцы, праз дзіркі якое прабіраліся космы сьветлых заласоў, парыжэўшых на канцох ад сонца.

Ні Пятрук, ні хлопцы нічога не гаварылі. Пятруку хацелася прылучыцца да іх кампаніі, але ён чуў, што як-бы нешта лягло між ім і хлопцамі, і ў яго не ставала сьмеласьці падыйсьці да сваіх даўнейшых сябрукоў. Кругом усе былі проста адзеты, і толькі ён адзін кідаўся ў вочы ўсім сваёю формаю. Ён дагадаўся, што гэта форма й клала той рубеж між ім і хлопцамі, каторы і стрымоўваў[2] яго падысьці да іх, як даўней, і пачаць разам гульню. Трохі пастаяўшы і падумаўшы, Пятрусь пабег зноў у хату, скінуў свой мундзірчык, нацягнуў свой стары каптанік, узяў яшчэ колькі цікавых кніжак з рысункамі і зноў выбег на вуліцу. Цяпер ён сьмела падбег да хлапцоў і, падышоўшы, хацеў сказаць ім — „здраствуйце“, як гаварыў ён у гімназіі да сваіх таварышоў, але ў сяле між малымі такога звычаю не вялося, і ён проста сказаў:

— Хадзем пагуляем. Я пакажу вам цікавыя малюнкі.

Хлопцы пералезьлі цераз паркан і падышлі да Пятруся. Трохі счакаўшы, яны ўжо бегалі на задворках і агародах, рвалі моркву, скраблі яе трэсачкамі або проста абціралі аб сваю адзежу і елі. Пятрусь ад іх не адставаў. Цяпер на яго галаве сядзела шапка з чужой галавы, а ў яго шапцы бегаў адзін з таварышоў. Хлопцы гаварылі, крычалі, шумелі. Між імі пачалася гульня. Кожная старана старалася выказаць найцікавейшыя штукі і гэтым самым выклікаць у другіх зайздрасьць і зьдзіўленьне. Гаворка іх была самая жывая і борзда пераскаквала з аднаго на другое, і такім парадкам праз колькі мінут хлопцы сталі гаварыць аб дужанцы.

— Ну, давайце падужаемся! -- гаварыў Пятрусь і выставіў уперад адну нагу і напляваў на рукі.

— Ну, са мною! — вышаў проці яго жывы і разьвіты Ляксей.

Зірнуўшы ў вакно, Пятрукоў бацька ўбачыў, як яго сын качаўся з хлопцамі ў пяску.

— Пятрусь! Пятрусь! што ты гэта робіш?

Яму здавалася, што яго сыну няпрыстойна займацца гэткім глупствам, і, зьвярнуўшыся да жонкі, сказаў:

— Зусім ён тут адзічэе, паглядзі: і форму сваю скінуў, ледзьве пазнаў.

— А што-ж там такое, калі пагуляе? Вядома, дзіця яшчэ — заступілася маці.

Паклікаўшы Пятруся, бацька строга сказаў:

— Табе, Пятрук, ня надта прыстойна качацца па пяску. Убачаць людзі — сьмяяцца будуць. Скажуць — такі самы мужык.

— А хіба-ж я пан?

— Павінен быць лепшы за пана! Што там пан? Усякі сам сабе пан. А ты вось што: сягоньня ў нас будуць госьці, дык ты прыбярыся і, глядзі, трымайся так, каб ніхто ня сьмеў на цябе тыкаць пальцам!

. госьці будуць няпростыя.

II.

Вечарам на зьмярканьні пачалі зьбірацца госьці. Першымі прышло колькі сталых, паважных гаспадароў, а потым сталі зьбірацца і госьці вышэйшага стану: сядзелец[3], пісар з старшынёй, вураднік, дзяк.

Гэтыя паны-госьці варты таго, каб аб іх сказаць хоць колькі слоў.

Пісар быў мужчына гадоў за трыццаць. Ён лічыў сябе чалавекам, цэлай галавой большым ад усіх і самым патрэбным у гаспадарстве. Бо й праўда, чаго ні краніся — ўсюды пісар. Хто галоўная труба ў валасным судзе? — пісар. Хто робіць раскладкі? — ізноў пісар. А хто выдае пашпарты ? — пісар-жа. Адным словам, куды ні павернешся — пісар і пісар. Дык і ня дзіва, што гэты пісар так многа забраў сабе ў галаву. Вураднік-жа часам казаў яму за чаркай:

— Што пісары валасныя? — затыклы, папіхачы.

Але пісар на гэта адказваў:

— Ну, гэтага не скажы! А вось з цябе, то карысьць невялікая: кожны валасны стораж патрапіць споўніць вураднікаву „хункцыю“[4].

Сядзелец больш маўчаў і ажыў толькі тады, як на стале станавілася добрая закуска і выпіўка. Тады яго вочы блішчэлі, і ён пачынаў што-небудзь хлусіць. Дзяк быў вядомы ў сяле тым, што раз, прабіраючы мужыкоў, што ніхто з іх ня ўмее гаварыць пацеры, узяўся сам паказаць, як трэба гаварыць пацеры, і зьбіўся, а ўсе паднялі яго на сьмех, бо дзяк часта любіў умешвацца не ў сваё. А аба ўсіх разам можна было сказаць, што гэта былі людзі, якія ад доўгай сваёй практыкі прывыклі пры спатканьні з чалавекам перш паглядзець на яго рукі й кішэні, а потым ужо пазіраць яму ў вочы.

Спачатку гаворка ня так-то клеілася. Пісар дыміў папіросай і, трымаючы яе ў зубох, гаварыў з фэльчарам, як з самым вучоным тут. Дзяк расказваў старшыні і сядзельцу, як ён у моладасьці быў ў архірэйскім хоры і дзёр баса[5].

Тады толькі госьці ажывіліся, як гаспадар і гаспадыня пасадзілі іх за стол, загружаны закускамі і выпіўкай. А як чарка зрабіла колькі кругоў, то гаворка так палілася, што некаму было і слухаць. Сядзелец пачаў расказваць, як ён у хвоі знайшоў гняздо куніц і голай рукой выцягнуў з дупля цэлых шэсьць штук. А. што гэта было праўда, то ён паднёс да самага носу старшыні руку, на якой яшчэ й цяпер быў знак, як укусіла яго куніца.

Цяпер толькі госьці заўважылі Пятруся і зірнулі на яго вокам ласкі.

— Дзякуй богу! перайшоў у чацьвертую клясу, — гаварыў бацька. Ня мне будзе раўня. Даўней ня так спрытна вучылі, як цяпер, хоць пападаліся і добрыя дарэктары. Я вот памятаю, як сам хадзіў вучыцца. Бывала, калі залепіць табе гэты самы дарэктар па патыліцы, скарэй плюшч вочы, каб не павыскаквалі з лобу; а ўсёж-такі вучні ня так-то добра зналі, хоць па зім пяць вучыліся. А цяпер, бачыш, і ня б’юць, а вучацца.

— А ты думаеш, гэта лепш, што ня б’юць? — спытаў дзяк. — Калі, бывала, давалі лупцоўку, то й людзі былі. А цяпер што? Глядзіш, чуць відзен ад зямлі, а ўжо нос задзірае, ніякага паважаньня к старшым. А ў школах што вытвараюць? Забастоўкі робяць. Вот-бы гэткага забастоўшчыка разлажыць на столак[6], ды закасаць кашулю, ды ўсыпаць — бунт-бы ўвесь прайшоў. От, узяць-бы к прыкладу хоць мяне: білі і ў людзі вывелі.

— Які ты ў чорта людзі? — спытаў яго пісар: — ты — чверць чэлавека[7].

Усе зарагаталі.

— Ну, а ты — цэлы чалавек! А вот давай паспорым: „Жэзл во образ тайны прыемлецца, прозябеніем бо прэдразсуждает сьвяшчэньніка“… Што гэта азначае?

— Жэзл — гэта палка, — пачаў тлумачыць пісар і спыніўся.

— Гэта й дурань ведае, што жэзл — палка, але далей што? — насядаў дзяк на пісара.

Сядзеўшыя тут сяляне прыслухоўваліся да споркі і пыталіся адзін другога, якую гэта задачу загадаў дзяк, што й пісар не разгадае.

Адзін з мужыкоў, Піліп Гладыш, прышоў на падмогу пісару.

— Гэта, мо’ тая палка, што б’юць, як на папоў вывучваюць?

— Добра ты кажаш, — падхапіў пісар: — ня шкодзіла-б ёю высьвеньціць[8] і нашага дзяка.

— Нічога вы ня знаеце, — абвёў дзяк усіх поглядам чалавека, адтрымаўшага верх: — жэзл — гэта той шост, на каторым....

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Пры гэтым Пятрусь зарагатаў.

Усе зірнулі ня Пятруся.

— Што, няпраўду мо’ кажу? — спытаў дзяк, зірнуўшы ў яго бок.

— Вы змыліліся, — сказаў нясьмела Пятрусь: — гэта той жэзл, каторы быў паложаны разам з другімі ў каўчэг завета і прарос. Гэта быў жэзл Мрона, і ўсе патомкі яго й лічыліся выбранымі богам свяшчэньнікамі.

Тут дзяк схамянуўся.

— Ну, а я як кажу? І я хацеў сказаць тое самае.

— Эй, дзяк! — гукнуў пісар: — лепш-бы ты вучыў мужыкоў, як гаварыць пацеры.

Пятрусь посьле гэтага здарэньня адразу вырас у вачох гасьцей, асабліва ў сялян. А маці, хоць і ня ўсё сьцяміла тут, але чула, што Пятрусь сказаў нешта разумнае, і твар яе разгарнуўся ў шырокую ўсьмешку здавальненьня.

Сядзелец, седзячы каля пісара, шаргануў туды й сюды пальцам нос (гэта азначала, што ён нешта надумаў і зараз штось скажа).

— А вот, Пятрусь, скажы: колькі гэта будзе каштаваць дваццаць кварт, дваццаць паўкварт і дваццаць кручкоў гарэлкі разам з пасудай.

Спытаўшы аб цане бутэлькі кожнага сорту, Пятрусь, чуць падумаўшы, зразу адказаў, колькі ўсё гэта каштуе.

Сядзелец не чакаў, што Пятрусь так скора вылічыць і ад зьдзіўленьня аж стукнуў рукою па стале.

— Маладзец!

Ну, а ці зробіш такую раскладку: 1300 руб. 80 кап. разлажыць на 640 гаспадароў.

Пятрусь, узяўшы аловак, як бачыш вырахаваў:

— Два рублі і тры з чверцю капейкі.

Пісар паглядзеў.

— Гэта ваша навука так лічыць, а мы, людзі — практыкі, робім крыху йначай: замест драбніц лічым цэлую капейку. Вот табе і будзе залажыць банчок[9].

Крыху памаўчаўшы, пісар зноў сказаў.

— Навука — рэч някепская, ды толькі для таго, хто ўмее з яе карыстаць. Ну, што з таго, што наш земскі, каб далёка не хадзіць, вучоны? А прыедзе ў воласьць і за кожным глупствам ідзе да пісара. А пісар усё ведае, хоць ён у гімназіях ня вучыўся і экзамінаў вялікіх не здаваў.

— Лайдацтва йдзе ад гэтай навукі! — стукнуў вураднік кулаком па стале. — Ось, дай ты мужыком навуку, і жыць на сьвеце нельга будзе. З чаго пайшлі гэтыя забастоўкі, дэмакраты?[10] Усё ад навукі!

Тут вураднік расказаў, як у сяло прышоў забастоўшчык

— Хто ты? — пытаюць яго.

— Дэмакрат.

— А! ты канакрад?! Вяжы яго, вужа! — і вураднік, сказаўшы гэта, адзін зарагатаў на ўсю хату. Ён ужо быў п’яны і пачаў прыставаць да маладзіц.

Слухаючы гэта, гаспадар сядзеў, як на іголках: спрачацца было нягожа: як-ніяк, а гэта былі яго госьці, і маўчаць таксама не выпадала, бо ён сам мужык, а вот вучыць свайго сына. І ён пускаў між вушэй п’яныя гутаркі дзікіх людзей, якія лічылі сябе інтэлігэнтамі.

Горш за ўсіх тут чуўся Пятрусь. Яму даўно ўжо хацелася кінуць гэту кампанію, ды ён не хацеў сароміць бацькі і мусіў сядзець сярод гэтых чужых і нямілых яму людзей.

А госьці пілі, елі й п’янелі, і іх языкі, як сарваўшыся з прывязі сабакі, пачалі малоць усякія глупствы. А як вураднік пачаў выкідаць свае штукі, хлопец ня стрымаўся і, адвярнуўшыся да маткі, у паўголася сказаў:

— Каб паноў-гасьцей пасадзіць у клетку ды павезьці.....

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

— Каго? нас у клетку? — спытаў пісар, што меў вельмі чуткія вушы і чуў гутарку Пятруся. — Што-ж мы, патвоему, зьвяры ці што?

У гутарку ўмяшаўся вураднік.

— Вот! я й казаў, якая з навукі карысьць! Але што з цябе возьмеш, калі ты яшчэ дурное шчанё? Каб ты быў крыху большы, то я сам даў-бы табе па мордзе.

— То сабраў-бы зубы ў прыгаршчы! — гняўліва адказаў вурадніку Пятрусь.

— Ці я не казаў? — падхапіў і дзяк: — от як яны паважаюць начальства і старшых! Разумнага маеш, Тамаш, сына!

А бацька перш ня ведаў, што рабіць. Потым ён борзда падняўся і абярнуўся да Пятруся.

— Цябе вучылі ў гімназіі розным навукам, і я ім дзякую за гэтае. А цяпер я навучу цябе, як трэба шанаваць гасьцей.

З гэтымі славамі бацьха ўзяў сына за вуха. Потым перапрасіў гасьцей і прасіў іх выбачыць гэта глупства сыну.

Пятрусь загарэўся ўвесь з сораму. Ён даўно ўжо адвык, каб яго круцілі за вушы. Здаецца, каб паднёс да яго твару запалку, то ён запалаў-бы.

У вадзін мамэнт Пятрусь шуснуў пад стол, выскачыў на хату. Узяўшыся за клямку, ён сказаў:

— Калі ты іх наклікаў, то сядзі з імі, а я з такімі сядзець ня буду!


∗          ∗

Госьці разышліся. Позна ўжо знайшоў бацька Пятруся ў гумне.

— Сынок! ты на мяне ня гневайся я і сам каюся, што наклікаў гэту псярню. Але ня мог-жа я пахваліць цябе за тое, што ты ім сказаў. Праўда на тваім баку, і яны заўтра будуць сароміцца самі сябе.

І сын з бацькам у згодзе пайшлі ў хату. Толькі-ж у Пятруся глыбока-глыбока запала ў душу гэта крыўда і ён ніколі ня мог успомніць пра гэты выпадак без таго, каб сэрца яго ня сьціснулася тугой больлю.


  1. Пашчасьцілі.
  2. трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.
  3. Прадавец гарэлкі ў манапольцы.
  4. Функцыю, абавязак.
  5. Значыць — пяяў басам.
  6. Тое-ж, што і — зэдаль, услончык.
  7. Дзяк даставаў чэцьверць пэнсіі папоўскай, таму на жарт называўся чверцю чалавека
  8. Пол. — высьвяціць.
  9. Банк пры гульні ў карты.
  10. Дэмакраты — людзі, якія стараюцца, каб у гаспадарстве ўлада была ў руках усіх, усяго народу (купцы, сяляне і г. д.).