Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/IV/Б/Піліпаў-Нялепка/Окліч

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ (Скачы, браце, у роднай хаце…) Окліч
Верш
Аўтар: Іван Піліпаў
1927 год
Рабочы час
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вокліч (Піліпаў).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Піліпаў-Нялепка.

Окліч.

На скрыпулю! вось цымбалы!
Ты дуду сваю надзьмі;
Разам гучна ў склад удалы
Так, каб людзі не здрамалі,
Песьню лепшую пачні.

Стройна, складна песьню тую
Ў пералівы пераві.
Тую самую старую,
Што сьпявалі[1] ў ноч глухую,
З гора ў радасьць пералі.

Вы—жа, хлопцы і дзяўчаты,
Словы знаеце свае?! —
Ў голас разам, — як пачата,
Каб зрадзела наша хата,
Каб пачулі ўсе яе!..

Так зайграем, засьпяваем,
Гучна, разам, тон у тон,
Каб за рэчкай, за Дунаем
І у гaі, і за гаем
Разыйшоўся гул-разгон!..

Каб салоўкі і зязюлі,
І крыніцы і бары
Зразумелі і адчулі,
Што ўсё гэта яны чулі,
Як наш прадзед пеў стары.

Ну, дык разам, ўсё гатова!
Стройна, складна, тон у тон
З пераліваў, слова ў слова,
Так ад сэрца аж да бога!..
… Размахніся-ж, веча звон!!!



  1. a) Ужываецца болей — пяялі.