Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Зьмітрок Бядуля/З ранейшых расказаў/Пяць лыжак заціркі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Малітва малога Габрусіка Пяць лыжак заціркі
Апавяданьне
Аўтар: Змітрок Бядуля
1927 год
Сон Анупрэя
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пяць лыжак заціркі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пяць лыжак заціркі.

— Агата! Агата!

— Ну, чаго глотку[1] дзярэш?

— Скора зацірка згатуецца?

— Маеш часу пачакаць трохі, не панясу прадаваць на кірмаш, пасьпееш насёрбацца!

Яшчэ ня ўсьпела яна адказаць свайму Антосю, каторы ляжаў на пяколку[2] й стагнаў — ні то ад болю, ні то ад голаду, — як з усіх бакоў апанавалі яе дзеткі, няма ведама — хлопчыкі ці дзяўчынкі, бо яны былі адзеты ўсе ў доўгія да пят кашулькі… Запішчэлі яны ўсе ў адзін голас:

— Матка зацільку гатуе!

— Матка зацільку гатуе!

І давай скакаць кругом маці і шчыпаць за хвартух і спадніцу, як галодныя ваўчаняты.

— Матка, мне дасі!

— Матка, мне дасі!

І блішчэлі іх галодныя вочы ад радасьці…

— Ц-і-і-ха, каб вы падохлі! — крыкнула Агата. — Згатаваць не даюць, хоць ты тут на кавалкі рассыпайся! — і адагнала іх вілачнікам ад прыпечка…

Гэта было вясной, якраз у тую пару, калі самая страшэнная галыцьба пануе ў бедных вёсках, калі няма чым і муху накарміць. Леташні запас выйшаў, хоць зубамі ляскай, шчаўя яшчэ нямашака… Ня дай бог, якое цяпер жыцьцё ў гэткага гаспадара, як у хворага Антося, каторы сам рабіць ня можа, а толькі жонка адна працуе на яго і дзяцей.

Але ўчора бог ёй шчасьце даў: яна неяк выенчыла ў блізкай пані з фунт мукі на зацірку.

Вось і гатуець яна для сваёй сямейкі гэтае панскае сьнеданьне. У цёмнай, малой хатцы пануе сьвята нейкае… Пазіраў Антось на прыпечак і ціха бурчэў, бо ён ведаў, што цяпер то Агата валадарніца… Пазіралі дзеткі з-пад цёмнага тапчана на вясёлы агоньчык у печы і шушукаліся. Агата ўсё падлівала вады і мяшала зацірку вялікай лыжкай, мяшала, мяшала і паставіла на стол.

— Гатова! — крыкнуў Антось, быццам п’яны, і давай карабкацца з пяколка.

— Гатова! Гатова! — запішчэлі дзеткі і пусьціліся, як зайчыкі, да стала, дзе ўжо стаяла вялікая паліўная міска, у каторую Агата пераліла зацірку з гаршчка. Толькі густы пахучы пар круціўся над міскай і ўмацовываў2) галодны апетыт[3] шчасьлівай у гэты момант сям’і.


∗     ∗

Шчасьце ня мае сваёй асобнай меркі для ўсіх людзей на сьвеце, але кожны чалавек мае сваю асобную мерку да шчасьця і свой асобны пагляд на самае шчасьце.


∗     ∗

І шчасьлівая сямейка хваталася за лыжкі.

Сёрб! Сёрб! і — „ай! ай! ай!“ — запішчэлі дзеткі.

Антось маўчаў, толькі, вылупіўшы вочы, быццам канаць сабраўся.

— А каб вы падохлі, я-ж вам казала не хапайце, бо гарачая! — лаяла іх Агата.

Пазіралі, пазіралі яны на гарачую зацірку і ня вытрывалі — ізноў давай сёрбаць… Толькі сьлёзы каціліся ў іх ад шчырага сёрбаньня. Ня зьелі яны яшчэ і трэцяй часткі, як накруцілася суседка Сьцёпчыха.

— Дзень добры!

— Дзень добры!

— Хлеб ды соль!

— Дзе тут хлеб — зацірку сёрбаем, просім на сьнеданьне! — кажа Агата.

— Ого! на зацірку і я ахвотніца, — адказала Сьцёпчыха, пазіраючы маркотнымі галоднымі вачыма. Узяла лыжку і спрытна падсела да міскі… Спахмурнеў Антось і толькі ніжэй апусьціў галаву да міскі са злосьці.

— Во’, і нам самым мала! — падумаў ён.

Зьела адну лыжку і давай сёрбаць другую.

— Ой, каб цябе паралюш! — чуць ня злаяў Антось, але стрымаўся, толькі давай старацца! Дзеткі гэтак сама пачулі небясьпеку і, скоса пазіраючы на Сьцёпчыху, спрытна запрацавалі лыжкамі…

— Тры! — чуць ня крыкнуў Антось, як Сьцёпчыха сёрбала ўжо трэцюю лыжку.

— Ратуйце! ратуйце! — здаецца, плакаў-бы ён, як яна ўзялася за чацьвертую лыжку. А як зьела пятую, то ўжо міска была пустая…

— Ой, разбойніца! — крыкнуў Антось на сваю Агату, як ужо Сьцёпчыха падзякавала і пашла. — Каб ты прапала з ёй разам!

— Ці я вінавата, што яна гэтакая сьвіньня?.. — чуць ня плакала Агата.

І папсулася сьвята ў беднай сямейцы, спахмурнелі твары. Кожын думаў: — Ого! каб гэта ляпей я зьеў гэтых пяць лыжак заціркі!


∗     ∗

Няшчасьце ня мае сваей асобнай меркі для ўсіх людзей на сьвеце, але кожны чалавек мае сваю асобную мерку да няшчасьця і свой асобны пагляд на самае няшчасьце.



  1. Горла.
  2. Прыпеку ад малое печкі.
  3. Жаданьне есьці.