Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Зьмітрок Бядуля/З ранейшых расказаў/Малітва малога Габрусіка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ашчасьлівіла Малітва малога Габрусіка
Апавяданьне
Аўтар: Змітрок Бядуля
1927 год
Пяць лыжак заціркі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Малітва малога Габрусіка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Малітва малога Габрусіка.

— А ведаеш што, сынку? — сказаў Ігнат свайму маленькаму Габрусіку, — рыхтуйся: абувай новыя лапці, бо паедзем на імшу! Няхай сягоньня Настуля ганяе ў поле, — патрапіць ужо; а мы з табой, каток, у царкву паедзем.

Гэта было ў нядзелю раніцай. Бацькі Габрусіка жылі далёка ад мястэчка, ладны кавалак ад вёскі, на адзіноце, над рэчкаю, ля цёмнага лесу. Ігнат служыў палясоўшчыкам у блізкага пана і цалюсенькія дні швэндаўся па лесе са стрэльбай на плячох. Маці хадзіла ў двор на падзённую работу; сястрыца Настуля аставалася няньчыць маленькага Міхаську, а Габрусік з торбачкай на плячох пасьвіў на балоце ды па асоцы бурую кароўку, цялушку, парасё і пяток гусей.

Надта ўсьцешыўся Габрусік: ніколі ён яшчэ ня быў нідзе. Пад’еўшы аладкаў, насёрбаўшыся заціркі, надзеў ён новую кашулю, бацькаўскую суконную камізэльку, новыя лапці з белымі анучамі і паехаў з бацькам на худой кабылцы ў мястэчка.

Новым і дзіўным здалося яму на дарозе ўсё: і вялікая вёска, дзе дзяцюкі ігралі на гармоніку, дурэючы з дзяўчатамі, і шырокія вуліцы мястэчка з вялікімі хатамі, і народ, каторы кішэў на рынку. Але ён маўчаў, вытрашчыўшы вочы, быццам дзікі зьвярок.

— Пастой! — кажа яму бацька, тпрукаючы кабылу, — пайду куплю абаранкаў!.. І, выняўшы з-за пазухі капшук з махоркай, дастаў адтуль некалькі медзякоў і купіў у жыдоўкі абаранкаў для Габрусіка: але той і ня думаў іх есьці…

Вось і царква… Яны ўжо стаяць у сярэдзіне, і дзіўна блішчаць Габрусёвы вочы. Бачыць ён: поп у рызе, шытай золатам, стаіць на амбоне і пяе… Шмат агоньчыкаў сьвеціць, як зоркі ў небе, а людзі бяз шапак стаяць і шэпчуцца, быццам вецер у бары… Зьвіняць званы над вялікай брамай, як-бы грымоты ў час страшэннай навальніцы на лузе.

Маўчыць Габрусік, — маліцца ня можа ён: ніхто яго ня вучыў; але ў яго маладым сэрцы ўжо даўно бог жыве… Даўно душа Габрусіка моліцца яму бяз слоў…

Помніць ён, як канаў стары дзядуля, Антон, з шырока расплюснутымі вачыма; угледзеўся ён, як хавалі на могілках старога, і пазнаў, што ёсьць бог на сьвеце.

Помніць ён, як радзіўся на сьвет яго маленькі брацейка, Міхаська, і быццам зірнуў на бога…

Бывала, раніцай, калі яшчэ ўсход чырвоным морам калыхаўся над сонным лесам, птушкі пяялі над рэчкай, а вецер шаптаўся ў кустох і калыхаў залатыя хвалі на панскім жыце, — тады нешта яго быццам рукамі хапала, і ён пускаўся бегчы, падбрыкаваючы, або клаў у губу пальцы і так моцна2) сьвістаў, ажна сам пасьля пужаўся зычных водклікаў шырокай і прасторнай ваколіцы.

О, ён, пазнаў, што бог над зямлёй пануе. Душой прачуў…

Моляцца людзі і старыя, і маладыя, і бедныя, і багатыя — усе з паднятымі да неба вачыма… Моліцца і бацька яго, а Габрусік глядзіць і ня чуе, як абаранкі высыпаюцца ў яго з рук, глядзіць ва ўсе бакі і маўчыць.

— Та-та, тата! — кажа ён раптам.

Бацька ня чуе.

— Та-а-та, ня вы-ы-трываю!…

Ігнат штоўхае яго ў бок, каб ён маўчаў, і моліцца ізноў.

Людзі апускаюцца на калені, хінуцца[1] ўсе ў адзін бок, як кветкі да сонца…

— Та-а-тачка! сьві-сну!

Ігнат ізноў штоўхае яго ў бок і злосна кажа: «ціха».

Гул ідзе ў царкве. Габрусік на ўсіх і на ўсё пазірае вялікімі сінімі вачыма, а белая, як лён, галоўка яго ня кратаецца, ня ківаецца, як ува ўсіх.

Ціш[2] у царкве…

Украдкам, каб бацька ня ўбачыў, улажыў Габрусік па два пальцы кожнае рукі ў губу, і… зычны, закацісты сьвіст раздаўся пад высокім скляпеньнем царквы…

Перапужаліся людзі, поп перастаў маліцца.

— Што гэта? Хто гэта?

Але Габрусік ужо даўно сарваў лапцёнкі з ног і баржджэй кінуўся наўцёкі дамоў…

А хрысьціяне і не дагадаліся, што гэта была першая шчырая малітва малога Габрусіка ў царкве.



  1. Нахіляюцца.
  2. Лепей - ціша, цішыня.