Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Зьмітрок Бядуля/З ранейшых расказаў/Ашчасьлівіла

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пяюць начлежнікі Ашчасьлівіла
Апавяданьне
Аўтар: Змітрок Бядуля
1927 год
Малітва малога Габрусіка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ашчасьлівіла.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ашчасьлівіла.

Вёска Жаброўшчына ляжыць у адным з самых глухіх куткоў Беларусі. Гэта гняздо ўсіх жабракоў нашай ваколіцы, тут вядзецца іхняя адукацыя і фабрыкуюцца жабракі для ўсяго сьвету, здаецца. Здаўна жывуць яны тутака сваім асобным жыцьцём і больш нічым не займаюцца. — Што-ж, і гэта праца! — як яны самы кажуць. Хаткі ў Жаброўшчыне страшэнныя, падгніўшыя, крывыя з сукаватымі падпоркамі і выглядаюць быццам жабрачкі старыя, абвешаныя парванымі торбамі. Здаецца — „дай! дай!“ стогнуць яны ўсякаму рэдкаму праежджаму.

— „Дай! дай!“ плача там вецер паміж сухастоек[1] на пагорку. Само неба маець там колер мутнага бяльмістага вока сьляпога жабрака.

Людзі там маюць другі фасон, чым усюды; розныя храмыя[2], розныя крывыя, розныя сьляпыя, розныя нямыя; агульна кажучы калекі на ўсялякія лады, калекцыя[3] розных калек, якія толькі могуць быць на сьвеце.

Кажуць, што большая частка іх нават родзіцца гэткімі. Кажуць, хто мае ў іх большае калецтва, той і фанабэрыцца гэтым і болей шчасьліў бывае.

— Калецтва — наша саха і барана! — кажуць самі жабракі.

Дзяцей сваіх яны ў хаце, перад выхадам у сьвет, навучаюць, як жабраваць, якім голасам, якімі спосабамі, як жаліцца кемна[4], як выставіць другім сваё калецтва.

Некаторыя з іх робяць гэта з вялікім штукарствам. Часам знаходзяць у Жаброўшчыне закапаны ў зямлі гладыш з грашыма, — чартоўскім спосабам запрацаваны яны і чорту лысаму астаюцца яны.

Вось у Жаброўшчыне вялікае сьвята: бязносая, дурнаватая Магдуся выходзіць замуж за сьляпога Сідаронка, і народ разгуліваець.

Дайшло да таго, што некаторыя страшна храмыя выпрасталі ногі, некаторыя нямыя гаварыць пачалі, проста з панталыку зьбіліся, але скора кончылася гульня, і жыцьцё ізноў пайшло сваім першым чарадом.

Жаброўцы йзноў распусьціліся, расьсеяліся па вёсках божых, хто скокам, хто бокам, хто каго на каламажцы[5], як бязногага, павёз, хто са сьляпым пацягнуўся; і беларускія жаласьлівыя кабеты енкі5) і стогны пачулі:

— Дайце родненькія! дайце, даражэнькія! дайце калеку галоднаму, халоднаму! дайце! дайце! — І дае народ беларускі.

Кабеціна перажагнаецца і апошняе яйцо, каторае трымала,1) каб мыла ў краме купіць за яго магла, аддаець; даець ратай мазалісты коўш жыта, потам крывавым запрацаваны, бо: сабе ўсё роўна мала… Гэтак Езус казаў рабіць, — думае ён, абціраючы сьлязу… Народ мой гаротны! ужо залішне даеш ты… Нават мозг касьцей тваіх дарэмна аддаў ты другім… Нават душу сваю аддаў ты, ня то што хлеб, ня то што жыцьцё сваё! Астаў што-кольвек і для сябе, бедны мой, беспатольны мой!

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Пусьціліся дурнаватая Магдуся са сьляпым Сідаронкам, дзед з бабай разам, і якая шчасьлівая пара гэта была! Як-бы хто мёдам мазаў па іхніх душах. На іхніх плячох торбы чуць ня трэскаліся, гэтак перапоўнены яны былі, анучкі з вузламі розных медзякоў, як вярыгі[6], абціснулі іх грудзі пад кашулямі. Яны толькі абгаварывалі ды высьмявалі суседзяў сваіх: той кленчыць, быццам у трубу дзьмухаець, а гэны быццам пацеры гаворыць, тая ажно лаецца, калі ёй не дадуць, а гэны зусім сароміцца прасіць, асалапень той! І гэтак караталі яны свабодныя хвілі свае. Найболей сьмяяліся яны з аднарукага дзяцюка Тодара. Малец[7] мае гэткі багаты талент пры сабе і пайшоў у пастухі! Ці ня мог ён гэтак сама, як бацькі яго, торбу надзець ды пайсьці ў сьвет жабраваць?

— Золата назьбіраў-бы, вось дурань, у людзі выйсьці ня хоча дзіваваліся шчыра

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Кажуць, прывычка — другая натура, а другая натура, а я скажу, што прывычка ня толькі першая натура ў чалавека, але ўся фастацыя[8] яго жыцьця, бо душа яго, быццам смоўж, прылепліваецца да ўсялякіх рэчаў…

Мы з халоднай крывёй пазіраем на страшэнныя кавалкі жыцьця свайго толькі дзеля таго, што да іх прывыклі

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Магдуся з Сідаронкам пачалі радзіць заздрасьць у сваіх суседзяў, бо яны зрабіліся самымі найшчасьлівейшымі ў Жаброўшчыне. Ніхто ня мог гэтак жаласна енчыць5) і пяяць Лазара, як Сідаронак; ніхто ня мог гэтак мантожыць[9] пад вокнамі ды прычытываць, як Магдуся: — самы найгоршы павінен быў даць ім што-колечы… Але не ўсягды, як на дзяды, бо шчасьце ня палец, у рукі ня возьмеш, вось і вырвалася яно ад іх на час.

Справа была вось якая: радзіла Магдуся дачку, і, здаецца, гэта яшчэ лепей, чым добра, — будзе памочніца пад старасьць. Але, як глянула Магдуся першы раз на дачку сваю, дык абамлела на месцы; зірнула другі раз, абмацала яе, абнюхала з усіх бакоў, заламала рукі свае, ды горка заплакала, загаласіла: — А, Езус! А, божухна-родненькі! Няшчасную, няшчасную дачку радзіла я на сьвет!.. Што мне рабіць з ею?.. Ой, ня вытрываю!..

Якое вялікае гора для маці: ручкі цэлыя, ножкі цэлыя!.. Пачала яна прачытаваць, перахіляючыся на сяньніку, над дачушкай сваёй, каторая плюскалася ў начоўцы, дзе бабка Марыся купала яе.

— Ніякага калецтва! — стагнала Магдуся. — Хай бы яна хоць у бацьку пайшла ды сьляпой радзілася, а то з чаго яна будзе хлеб есьці? А, Езус! божухна родненькі…

Пачалі яе суседзі ўцішаць: — Магда, годзі будзе табе калатырыць. Ну, перастань, у бога шмат чаго ёсьць, трэба спадзявацца на яго міласьць, яшчэ невядома — можа яна глухая, ці нямая; гэта дрэнь, што вочы, як тыя гузікі, тырчаць, а ручкі і ножкі здаровенькія! Эт, будзе яна хлеб зарабляць мо’ ляпей ад нас яшчэ, ды бацьком пад старасьць паможа, годзі безгалоўе і дурнату нейкую плясьці! — Але Магдуля ня ўнімалася.

— Што-ж, матчына-сэрца не з зялеза! — адказвала яна, выціраючы кашуляй сьлёзы. — Нашаму брату-жабраку, калі ня маеш на паказ калецтва нейкага, ніхто нават халоднай вады ня дасьць!

— О-ей! — пачалі зноў суседкі, — ёсьць чаго шкадаваць! дык яна і без жабрацтва карміцца будзе.

— Не! не! не! — ажно зачырванеўшыся замахала рукамі Магдуся, — не хачу ды не хачу! Хай жабруець, як бацькі і дзяды яе! Так якая-сякая праца не заўсёды-то людзям і патрэбна, а жабраваць заўсёды жабруюць!

Змоўклі кабеты, бо ў душы яны ведалі, што яна праўдзіва кажа. Пагутарылі суседкі яшчэ крыху і разыйшліся па хатах. Гэта было пад вечар. Сідаронак, хоць і быў сьляпы, але ў хаце сваей добра ведаў усялякі кут і куточак; цяперака ён падаў павячэраць жонцы сваей і сам, пад’еўшы, выйшаў на двор пагутарыць з суседзямі.

— Ат — думаў ён, — дачушка мяне некалі будзе вадзіць па людзёх і лагодненька! — А аб тым, што яна будзе пасьля яго сьмерці рабіць, ён і не падумаў. У хаце асталася Магдуля з дачкой сваей. Сьпярша стагнала яна, ляжучы на сяньніку сваім, пасьля паставіла вячэру на зэдаль і давай уздыхаць: „Няшчасная! Няшчасная“!

Праз маленькую, брудную шыбінку часам відаць было, як па небе плылі хмары, шэрыя і разарваныя, быццам скуматы парванай торбы жабрацкай. Але скора неба крыху праясьнілася, бо хмары пераплылі, і — залаты бліскучы месяц вынырнуў і глянуў у ваконца, абсыпаючы ўсё ў хаце дыямэнтным пылам… Цішыню перарывалі тонкія, глыбокія ўздохі Магдусі. Вось, быццам няпрытомная, устала яна з ложка, выняла з ануч дачку сваю і давай зноў азіраць яе. Месяц асьвячаў голае дзіцятка на руках сваей маці.

— Якія вялікія вочы! — шаптала Магдуля, пужліва пазіраючы ёй у вочы, каторыя ў праменьнях месяца блішчэлі, быццам пара маладзенькіх пралесачак…

— Як глядзіць! як глядзіць! — шукаючы нечага, бурчэла Магдуля. Вось, палажыла яна дачку на ложак і сама пайшла шарыць і шукаць па сьценах. Нейкай страшнай марай выглядала яна і цень яе пад зьзяньнем месяца.

— Чуць знайшла! — прагаварыла яна, змарыўшыся, трымаючы нешта бліскучае паміж сваіх пальцаў. Зноў узяла дачку сваю на рукі і паднясла к сьвету да самага ваконца.

Яшчэ болей заблішчэлі вялікія вочы маленькай Магдусінай дачушкі, здаецца, ціха яны ўглядаліся на красу першага вечара, зьдзіўлена расшыраючыся…

Але, вось Магдуля пачала нешта ёй спрытна ў тварык саваць… Дзіцянё пачало плакаць нейкім працяжным слабым голасам душанага маладога зайчыка. Магдуля засапалася, панясла яе скора на ложак, кажучы:

— Ашчасьлівіла цябе, дачушка мая, даражэнькая мая! Ашчасьцівіла!

Яна асьляпіла ей вочы іголкай…



  1. Сухое дзерава.
  2. Рус. — кульгавыя.
  3. Зборка.
  4. Удала.
  5. Маленькая брычка.
  6. Жалезныя абручы, якія надзявалі на сябе хрысьціяне, каб ацяжыць свае цела.
  7. Хлопец.
  8. Постаць, істота.
  9. Запрашваць.