Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Зьмітрок Бядуля/З ранейшых вершаў/Ад крыві чырвонай…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Волат Ад крыві чырвонай…
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1927 год
Прысяга
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ад крыві чырвонай.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ад крыві чырвонай…

Ад крыві чырвонай Нёман фарбаваўся,
Ладзіліся гаці[1] з трупаў на вадзе;
Стогн разьні адважнай гулка раздаваўся…
Бітва, як ніколі… Бітва, як нідзе!
Людзі, коні ніклі каласамі ў полі, —
Малаціў галовы алавяны град.
Жартавалі з сьмерці — лезьлі яшчэ болей;
Топчылі жывыя няжывых грамад.
Затуманіў неба цёмна-дымны порах,
Жорлішчы гарматаў каркалі агнём;
Ціхія сялібы нішчыў дзікі вораг…
І дабро людзкое панясло віхром.
У зямлі глыбока рыліся шрапнэлі,[2]
Над зямлёй высока пёрся самалёт;
Сярод іх, над полем груганы[3] ляцелі,
На гульню-вячэру ладзілі паход.
Ой, для іх пажыва вельмі ўжо багата!
Ой, вісіць бязьмерна гібель над зямлёй!
Ой, крыві залішне! Ой, крыві занадта!
Ажна ап’янелі, патанулі ў ёй!..
Гэй ты, бацька-Нёман, бачыў ты спрадвека
Гэткія рабункі на сваіх вадах?..
Ці няма граніцы злосьці чалавека?
Ці ўвесь сьвет павінен гінуць у сьлязах?
А крывавы Нёман з берагоў падняўся,
Як-бы пасыцеў ён ад сваіх ахвяр,
Па пяску, каменьнях буйна разагнаўся,
У абоймах сьціснуў ён палёў абшар…
Нёман сказ свой гукнуў… „Хай гудзяць віхоры!
Хай грымяць гарматы! Хай пяецца стогн!
Хай шкілеты-косьці вырастуць у горы.
Я пішу крывёю вечны свой закон! —
Да сваіх я добры! іх кармлю, гадую!
Да чужых я страшны, нібы пекла ліх…
З гэткаю любоўю, як сваіх шкадую,
З гэткай самай злосьцю нішчу я чужых!“



  1. Грэблі.
  2. Снарады, якія разрываюцца угары і падаюць дробнымі чарапамі, асколкамі.
  3. Птушкі з пароды ястрабавых.