Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Зьмітрок Бядуля/Абразкі/Плач пралескаў
← Сон Анупрэя | Плач пралескаў Абразок Аўтар: Змітрок Бядуля 1927 год |
Бяссоннасьць → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Плач пралескаў. |
З зборнічка „Абразкі“.
Плач пралескаў.
Плакалі пралескі, дзеці вясны…
Гэта раса на кволых лепясткох! — пяяў жаўранак і кружыўся над імі…
Фарбаваныя небам, узгадаваныя сонейкам, яны на чорнай зямлі не хацелі перажыць нават ад маладзіка да ветаха[1] вясеньняга месяца… плакалі ды плакалі… Месцамі на лагчынах лядок стаяў, месцамі траўкі зазелянеліся.
Новыя нарогі панёс на плячох араты ад каваля; дзяцюк ахвотна быкоў накарміў. Палала зарніца над бярэзьнікам. У вёсцы з закураных комінаў круціўся ўверх, быццам кудзеля, белы дым — гаспадыні сьнеданьне гатавалі. Выйшла дзяўчына першы раз босая ў чыстае поле; убачыла, як пралескі сьлёзы льлюць, ды сама заплакала.
Ой, мяне за нямілага замуж выдаюць!
Ой, пагубіла я леты маладыя свае!.. — Абхапіла рукамі бярозку маладую ды абамлела разам з ёй, а вакруг плакалі пралескі, дзеці вясны…
- ↑ Першая і апошняя квадры месяца.