Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Зьмітрок Бядуля/Абразкі/Далёкія аганькі
← Над сажалкай | Далёкія аганькі Абразок Аўтар: Змітрок Бядуля 1927 год |
Араты → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Далёкія аганькі. |
Далёкія аганькі.
Сярод густой цемры паўночнай, сярод бесканечна налёгшых цянёў, калі нельга ўбачыць, дзе вёска, дзе хмура, а дзе чыстае поле, — блудзіць змардаваны небарака і ўбачыў здалёку дрыжачыя аганькі…
Акрыляецца душа новай надзеяй, асьвячаюцца вочы яго новым сьветам, забываець ён боль апухшых, пакалечаных ног, хатулёк на схіленых пляцох робіцца лёгкім — ён ідзець толькі ў вадзін бок: да гэтых далёкіх, залатацудных аганёчкаў, каторыя, быццам зваліўшыяся зоркі, нешта баюць яму, абваражываюць…
Ідзець ён — ніколі ня можа дабрацца да іх… Здаецца, вось-вось ужо блізка, хоць рукой падаць. Аглядаецца: ані троху бліжэй не дабраўся да іх… Твар яго потам халодным пакрываецца, млеюць рукі і ногі, а ён далей ідзець — доўга ідзець…
Ня можа пераканацца, што ён ніколі не дабярэцца да іх… ідзець, і весялей яму, соладка яму, хоць ногі ня служаць, але ідзе ўсю доўгую, доўгую, цёмную ноч…
А калі ўжо анёлы пачынаюць пяяць песьню раніцы сьветлай, а калі ўжо палаючая зорка пачынае гарэць за рэчкай над борам, замардаваны чалавек ужо ляжыць на халодным камені, разьвесіўшы рукі абамлеўшыя ўніз…
Далёкія аганёчкі нават ня сьняцца яму ўжо, бо сэрца навекі біцца перастала, і вочы навекі заплюснуліся…