Паміж пустак, балот Беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі,
Ўдзірванелы курган векавечны.
Дуб гальлё распусьціў каранасты над ім,
Сухазельле у грудзі ўпілося,
Вецер стогне над ім уздыханьнем глухім, —
Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.[1]
На Купальле там птушка садзіцца, пяе,
У Піліпаўку воўк нема вые;
Сонца днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатыя
Хмары неба ўсьцілалі мо’ тысячу раз,
Пяруны білі з краю да края, —
Ён стаіць — гэта памяць людзкая — паказ…
Толькі гутарка ходзе[2] такая.
На гарэ на крутой, на абвітай ракой,
Лет назад таму сотня, ці болей,
Белы хорам стаяў недаступнай сьцяной
Грозна, думна глядзеў на прывольле.
У нагах у яго расьцілаўся абшар
Хвоек гонкіх[3] і пахані[4] чорнай,
Сонных вёсак шары,[5] хат амшалых, як мар,[6]
Хат з сямьёй душ падданых, пакорных
Князь у хораме жыў, слаўны сьвету ўсяму,
Недаступны і грозны, як хорам,
Хто хацеў, не хацеў — біў паклоны яму,
Спуску, ласкі ня знаў непакорам
Зьневажаў, катаваў ён з дружынай сваей;
Стражы[7] князевы ў полі і дома,
Толькі модлы[8] расьлі небу ў сэрцах людзей,
І пракляцьце расло пакрыёма.[9]
Раз бяседа вялікая ў князя была
На пасад дачку-княжну садзілі,
За сталом він заморскіх крыніца цякла,
Бегла музыка ўкруг на паўмілі.
На вясельле-разгул наплыло, як на сход,
Госьцяў знатных зусюль, за паўсьвета;
Гэткай гучнай бяседы ня помніў народ.
Гэткіх скарбаў, брыльлянтаў, саетаў![10]
Дзень — другі ўжо грымела у князя гульня,
І музыкі, і чаркі зьвінелі;
Выдумлялі забаў новых кожнага дня;
Што хацелі, ўсяго госьці мелі.
Ажно трэцяга дня князь прыдумаў адну
Для дружыны пацеху, забаву:
Загадаў ён пазваць гусьляра-старыну,
Гусьляра з яго ведамай славай
Акалічны народ гусьлі знаў гусьляра;
Песьня-дума за сэрца хапала;
Ўвакруг гэтай душы дудара-званара
Казак дзіўных злажылась нямала.
Кажуць, толькі як выйдзе і ўдарыць як ён
Па струнах з неадступнаю песьняй, —
Сон зьлятае з павек, болю цішыцца стогн,
Ня шумяць ясакоры, чарэсьні;
Пушча-лес ня шуміць, белка,[11] лось не бяжыць,
Салавей-птушка ў той час сьціхае;
Паміж вольхаў рака, як што дзень, ня бурліць,
Паплаўкі рыба-плотка хавае;
Прытаіцца да моху русалка, лясун;
Каня[12] вечнага «піць» не заводзе;[13]
Пад звон-песьню жывучых гусьляравых струн
Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзе.[14]
Прывяла гусьляра з яго ніўных сяліб
Дворня князева ў хорам багаты;
Пасадзілі на ганку, між клёнаў і ліп,
На цагляным парозе магната.
Нявыдумная сьвітка — убор на плячах,
Барада, як сьнег белы — такая,
Нязвычайны агонь у задумных вачах,
На каленях ляглі гусьлі-баі.
Водзіць пальцам худым па сталёвых струнах,
К песьні-музыцы ладзіцца, строе;[15]
Водклік б’ецца ад струн па сьцюдзёных сьцянах,
Заміраючы ў сковах пакояў. Вось настроіў, навёў тон у струнах, як сьлед,
Ня зірнуўшы на гулі ні разу,
І сядзіць гэты сумны, як лунь, белы дзед,
І чакае ад князя прыказу.
„Што-ж маўчыш ты, гусьляр, ніў, лясоў песьнябай,
„Славай хат маіх подданых слаўны?!
„Нам сягоньня зайграй, нам сваіх песень дай!
„Князь умее плаціць нязвычайна!
„Запяеш па душы, дасі ўцехі гасьцям —
„Поўны гусьлі насыплю дукатаў;[16]
„Не пад-мысьль[17] песьня будзе каму небудзь нам —
„Канапляную возьмеш заплату.
„Знаеш славу маю, знаеш сілу маю…
„Многа знаю і чуў аб табе я, —
„І я сам, як і ты, так табе запяю…
„Ну, пара пачынаць, добрадзею!“
Гэтак слухае, выслухаў князя гусьляр:
Заіскрыліся вочы сівыя,
Патануў у скляпеньнях адзін, другі ўдар,
І заплакалі струны жывыя.
„Гэй, ты, князь! гэй, праслаўны на цэлы бел-сьвет!
„Не такую задумаў ты думу, —
„Не дае гусьляром сказу золата цьвет,
„Белых хорамаў п’яныя шумы.
„Скурганіў-бы[18] душу чырванцом тваім я;
„Гусьлям, княжа, ня пішуць законаў:
„Небу справу здае сэрца — думка мая,
„Сонцу, зорам, арлом толькі роўна.
„Відзіш, княжа, загоны, лясы, сенажаць, —
„Ім пакорны я толькі з гусьлямі.
„Сілен, княжа, каваць, галаву сілен зьняць, —
„Ня скуеш толькі дум ланцугамі.
„Славен, грозен і ты, і твой хорам-астрог —
„Б’е ад сьцен, цэгел лёдам зімовым, —
„Сэрца маеш, як гэты цагляны парог,
„І душу — як скляпоў гэтых сховы.
„Глянь ты, слаўны ўладар,[19] на палеткі свае:
„Сарачні там сох бачыш, як блудзе,[20]
„А ці чуў ты, аб чым там араты пяе?
„Дзе і як жывуць гэтыя людзі? „Глянь у лёхі[21] свае, ў пад’зямельлі глянь, князь,
„Што настроіў пад хорамам гэтым:
„Брацьця корчацца там, табой кінуты ў гразь,
„Чэрві точаць жывых іх, разьдзетых.
„Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць…
„Ці-ж прыгледзіўся, хорамны княжа,
„Кроў на золаце гэтым людзкая блішчыць,
„Кроў, якой і твая моц[22] ня змажа?
„Ты брыльлянтамі ўсыпаў атласы[23] і шоўк —
„Гэта цёртая сталь ад кайданаў,
„Гэта вісельні петляў разьвіты шнурок,
„Гэта, княжа, твае саматканы.
„Стол ты ўставіў ядой, косьці шмат пад сталом, —
„Гэта косьці бядноты рабочай.
„Пацяшаешся белым, чырвоным віном, —
„Гэта сьлёзы нядолі сірочай.
„Хорам выстраіў[24] ты, твайму воку так міл,
„Адшліфована цэгла і камень, —
„Гэта памяткі-пліты з няўчасных магіл,
„Гэта сэрц скамянеўшыхся пламень.[25]
„Люба чуці табе скочны музыкі звон:
„Ты, дружына — пьяцё асалоду, —
„А ці ўслухаўся ты, як плыве з яе стогн,
„Стогн пракляцьця табе, твайму роду?!
„Ты зьбялеў, ты дрыжыш, слаўны княжа, ўладар!
„Госьці хмурны, а дворня зьнямела…
„Ну, што, княжа? пара даць за песьню мне дар!
„Выбачай, калі сьпеў мо’ няўмела“.
Князь стаіць, князь маўчыць; жуда, помста б’е з воч;
Гулі зглухлі ні жартаў, ні сьмехаў…
Думаў князь, выдумляў, дрогнуў шабляй на ўзбоч,
Толькі з лоскатам выбегла рэха.
„Гэй, ты, сонцу раўня, не на тое пазваў[26]
„На вясельле цябе сваей княжны!…
„Ты — шалёны, старык![27] хто цябе дзе хаваў?
„Ты, знаць,[28] вырадак цемры сярмяжнай.
„Ты адважыўся мне на сьляпы перакор
„Вызваняці сусьветныя трэлі;
„Платы маю шмат я для такіх непакор,
„Хто сябе проці мне стаць асьмеліў.
„Я пакнязеўску ўсім і плачу, і люблю;
„Ты ня хочаш дукатаў, — ня трэба!…
„Ўзяці старца і гусьлі жыўцом у зямлю!
„Знае хай, хто тут пан: я, ці неба!“
Падхапілі, ўзялі гусьляра-старыка,
Гусьлі разам яго самагуды;
Па-над бераг круты, дзе шумела рака,
Павялі, панясьлі на загубу.
Месца выбралі здатнае, вырылі дол,
Дол тры сажні шырокі, глыбокі;
Закапалі, убілі асінавы кол,
Далі насып тры сажні высокі.
Не часалі дамоўкі[29] яму сталяры,
Не заплакалі бліжнія вочы;
Змоўклі гусьлі і ён з тэй пары — да пары;
Сум і сьціша залеглі, як ночай.
Толькі князеўскі хорам гудзеў, не маўчаў;
Шалы, музыка ў тахт рагаталі;
Не адну віна бочку князь кончыў, пачаў:
Шлюб-вясельле ўсё княжны гулялі.
Пацяклі, паплылі за гадамі гады…
На гусьляравым наспе жвіровым
Палыны узышлі, вырас дуб малады,
Зашумеў непанятлівым[30] словам.
Лет за сотню зьвёў час, ці і болей мо’ лет;
Зацьвілі пераказы ў народзе;
Кажуць людзі: ў год раз ночкай з гусьлямі дзед
З кургана, як сьнег, белы выходзе.[31]
Гусьлі строе свае, струны звонка зьвіняць,
Жменяй водзе па іх абамлелай,
І ўсё нешта пяе, што жывым не паняць,[32]
І на месяц глядзіць, як сам, белы.
Кажуць, каб хто калі зразумеў голас той,
Не зазнаў бы ніколі ўжо гора…
Можна тут веру даць — толькі слухаць душой…
Курганы шмат чаго нам гавораць.
|