Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Б/Якуб Колас/Родныя зьявы/Выстагнаўся

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Малады дубок Выстагнаўся
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1927 год
Казкі жыцьця
Іншыя публікацыі гэтага твора: Выстагнаўся.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Выстагнаўся.

I.

Іван Кіслы гараваў усё сваё жыцьцё. Усё гора было ў тым, што ў гэтага гора было яшчэ сваё гора: заўсёды выпадала так, што беднаму Івану ніколі не ўдавалася выплакацца, выгаравацца, выскардзіцца і гэтым самым выліць з душы ўсю гаркату, усю боль пахілага жыцьця. І ўсё складалася, як сумыслу[1], як-бы нейчая злая воля неадступна цягнулася за Іванам і не давала яму здарэньня аблягчыць яго душу. Цягнулася яна з даўных-даўных часоў, з тых часоў, калі Івана яшчэ трудна было адлічыць[2] ад Мар’і, іначай сказаўшы, калі Іван яшчэ пехатой хадзіў пад стол. Разравецца, бывала, Іван… ды каб-жа разроўся, як людзі: толькі скрывіць губы, глядзіш — ужо маці зьнімае хвартух і мабілізуе[3] паскі на Іванаву сьпіну — „ня сьмей плакаць“. Дзе тая праўда на сьвеце? Чаму Антось — як пачне плакаць, то кінецца на сьпіну аб зямлю і барабаніць нагамі так, што яму можа пазайздросьціць найпершы барабаншчык? Вазьмі-ж ты! Выйдзе Іван на вуліцу, завядзецца з кім біцца — што-ж гэта за чалавек, калі ні разу не пабіўся? — паб’юць, пакрыўдзяць Івана. Што-ж бы вы, добрыя людзі, рабілі, каб вы самі былі Іванамі? Вы-б заплакалі і ўсякі-б заплакаў. А чаму не паплакаць Івану? Але-ж няхай папрабуе заплакаць: засьмяюць, заплююць ды ў прыдачу горш наштурхаюць.

Раз Іван, моцна пакрыўджаны, адважыўся зайсьці ў кусты на бераг рэчкі. Прышоў Іван, азірнуўся, сеў на беражок, прыслухаўся. Тут, думаў ён, ніхто яму не пашкодзіць адплакацца за ўсё. Кругом было так сумна, так ціха. Здавалася, усё журылася і настроілася слухаць плач Івана. І нешта ў сярэдзіне, каля самага сэрца, так завіло, так сьціснула, што Іван раптам нагнуў галаву і мімавольна падняў калошы портачак: яму здавалася, што ў яго так многа выцеча сьлёз, што вада ў берагох ня ўтоўпіцца. І толькі Іван завёў: „А-о-о-а — гы!“ — як з таго берага паказалася з кустоў галава рыбака Сёмкі.

— Гэта ты прышоў пужаць мне рыбу, злодзей ты?! Я табе паскавычу!

Так і засталіся нявыплаканыя сьлёзы.

II.

Іван асірацеў. Астаўся ён адзін на сьвеце, бы тая калатоўка. Быў ён на плытох і ня бачыў, як хавалі бацькоў, так што і тут Івану не удалося паплакаць, як людзі. Сёстры яго павыходзілі замуж, адзін брат выбраўся ў Амэрыку, другі паехаў у сьвет шукаць шчасьця і долі. І Іван астаўся адзін гаспадарыць. Ад бацькоў засталася яму хатка, сякая-такая будоўля, надоба, худоба і паўчверці зямлі. Была ў Івана на прымеце й дзяўчына. Праз колькі месяцаў пасьля сьмерці бацькоў ён зрабіў заручыны, а на Сёмуху было назначана вясельле. За тыдзень перад Сёмухай Іван занядужаў. Доўга ён не паддаваўся, перамагаўся і ўсё-ж такі мусіў, бедны, здацца. У сераду перад Ушэсьцем, так пад вечар, Іван залёг. Сьвяжыць[4] Іван, а работа ўся стаіць, рабіць некаму, хата непадмецена, усюды непарадак. А на што ён, парадак гэты? — думае Іван, усё роўна ён памрэ; знайдуцца добрыя людзі і пахаваюць яго. Івану стала горка, як ніколі. Усё жыцьцё, шэрае, невясёлае жыцьцё, прайшло яшчэ раз прад яго вачыма. Што-ж? Ён памрэ. Яго закапаюць, і згніе ён, забыты скора навекі, і нічые вочы не затуманяцца слязьмі, як яго будуць несьці на могілкі. І гэта называецца жыцьцё, гэта яго век!.. Адна толькі сьветлая мінуціна мігалася яму, як адзінокая зорачка ў бязрадасную восень: цяпер яму ніхто не пашкодзіць усім нутром, усею сілаю змучанай душы аддацца смутку і жалю; хоць цяпер адплача ён усё гора жыцьця, адстогне ўсю боль: ласьне чалавек ня мае права хоць на адну мінуту, сьветлую мінуту, у жудаснай імгле цёмнага жыцьця?

Іван паправіўся на пасьцелі, зьмяніў палажэньне свайго цела і абвёў поглядам хату. І толькі што ён прыгатаваўся застагнаць, як на парозе паказалася фігура яго маладой. „І хто яе прасіў сюды? Чаго яна тут?“ — падумаў Іван і нахмурыўся.

— Галубок ты мой! Што ты выдумаў хварэць? — жаласьліва спытала яго Магда.

— Нядобра мне, Магда. Мусіць і я пайду за бацькамі, — сказаў Іван. Яму самому так горка стала ад сваіх гэтых слоў, што сьлёзы гатовы былі самі паліцца з вачэй.

— Ну, што ты выдумляеш? Паправішся Іванка, — і Магда прылажыла руку да лоба Івана. Яшчэ большы жаль падшыб Івана. Хіба Ўзяць ды заплакаць? Зараўсьці на ўсю хату? Не! падумае, што ён — нюня, плаксівая баба; яшчэ і замуж не захоча пайсьці. А боль так і ходзіць па ўсім яго целе і яму, Івану, так хочацца застагнаць. «Ці застагну, ці не?» — думае Іван. «Ой, скарэй-бы яна йшла да дому!»

— Мне, Магдачка, ня так ужо і кепска, — пачаў разважаць Іван Магду: — паляжу трохі і ўстану.

— Вось маладзец! — сказала Магда і нагнулася, каб пацалаваць хворага. Дрож[5] прабегла па целу Івана, яму стала надта3) прыемна. Ды Іван ахамянуўся: гэтак і ахвота пройдзе стагнаць і аддацца смутку.

— Можа-б табе, Іванка, спарыць гарнушачак малака?

Іван заматаў галавою і павярнуўся на другі бок.

Магда колькі мінуцін пасядзела маўчком, як-бы раздумаваючы над тым, — узлавацца, ці не. На ўсякі выпадак яна надзьмула губкі і насупіла крыху бровы. Іван незаметна павярнуў галаву і зірнуў на яе адным вокам; не — не выпадае так рабіць. Не адварочаваючыся, Іван падняў руку і палажыў на плячо Магдзе. Гэтага было даволі, каб Магда зьмякчэла.

— Паляжы, саколік, a я прыбяру крыху ў хаце, — і, узяўшы венік, яна стала падмятаць хату, рабіць парадак, стаўляючы кожную рэч на сваё месца, а бедны Іван увесь аж кіпеў. Яму раптам зрабілася так нядобра, так заламала яму косьці, як-бы хто ціснуў яго абцугамі, аж ён скрыгітаў зубамі, каб стрымаць стагнаценьне, падкорчваў і выпростваў ногі, варушыўся і пакутаваў, як пасолены мянёк[6]. А Магда так павольна варушылася, як-бы і ня думала ісьці да дому. Часамі выходзіла яна ў сенцы ды зараз-жа йзноў паказавалася ў хаце. А Іван, чуць толькі яна выйдзе, таропна ўглядаўся і прыслухаўся, як далёка адышлася Магда, каб застагнаць хоць адзін разок, і ніяк не ўдавалася.

— Божа мой! Што яна робіць са мною? Скарэй-бы пайшла ўжо адгэтуль — не цярпелася Івану.

— Ну, Іванка, бывай здаровы…

Іван узрадаваўся на момант, ды зараз-жа яшчэ горш апаў духам, як Магда скончыла гаварыць:

— Ідзе сюды мама.

Сказаўшы гэта, Магда борзьдзенька пацалавала яшчэ раз Івана, прыгнула галаву і ціхачом шмыгнула за парог, на задворкі, каб не спатыкацца з маткай, і пашла дамоў.

— Эй, малады, малады! брыдка! Праз тры дні вясельле, а ён расьцягнуўся, як навой! — громка, на ўсю хату, забарабаніла Настуля, Магдзіна маці.

— Што ў цябе баліць, Іванка ?

— Нічога, — буркнуў сярдзіта Іван.

— Дык чаго-ж ляжыш?

— А што-ж мне рабіць? скакаць?

— На вясельлі скачы, а цяпер ачунівай. Пакажы, сынок, свой лоб. — Іван злосна заварушыўся, лёг на сьпіну і выставіў лоб.

Старая Наста прылажыла руку на лоб, потым з боку, потым з другога.

— Трохі ёсьць агонь, але нічагутка, глупства. Гэта табе з ветру пашкодзіла. Ось я зараз напару ліповага цьвету з чаборыкам, вып’еш, прапацееш і пройдзе.

— Я і так ужо пацею, — адазваўся хворы.

— Ну, гэтага мала: трэба, каб спацеў ад зёлак, — стаяла на сваім Наста.

Бачыць Іван, што тут нічога ня зробіш.

— Нічога мне ня трэба. Дайце мне паляжаць спакойна і ўсё пройдзе.

— Хто-ж табе не дае ляжаць? Ляжы сабе, а лякарства я табе ўсё-ж такі дам.

— Ведаеце што, — пусьціўся Іванка ў хітрыкі: — Мне так заманулася гарэлкі, што здаецца, каб выпіў чарачку, то зразу ачуняў-бы. Каб як сказаць Магдзе, няхай-бы прынесла мне кручок[7].

— Гарэлкі зажадалася, кажаш?

— Ой, як хочацца!

— Ну, то яна напэўна паможа. Калі хворы чалавек моцна хоча чаго, то тое памагае. Я помню, мой Андрэй хварэў на тыфус. Стаў крыху ачуніваць. Зажадалася яму хлеба, як табе, ось, гарэлкі. А дактары — божа барані есьці чорны хлеб. Я мусіла хаваць ад яго хлеб, хоць ён і стары, мой Андрэй, але хворы горш малога. Раз ён устаў ціханька ўночы, зайшоў у камору і чуць-што ня цэлы бохан вытрубіў, і што-ж ты думаеш? Як бачыш ачуняў… Ну, я пайду.

Счакаўшы крыху, Іван падняўся, падышоў да вакна — нікога няма. Тагды Іван паваліўся на пасьцель, накрыўся коўдраю, потым нагамі сьцягнуў яе з сябе, схапіўся за бакі.

— Ой! ой! ой! о-е-ё-ё-й — заойкаў, застагнаў Іван і сам ня верыў гэтаму шчасьцю. Стагнаў ён доўга, стагнаў на ўсе лады і галасы: то высока і тонка, то нізка і тоўста, то каротка, адрывіста, то працяжна і пявуча; пры гэтым ён варочаўся, корчыўся так, што зубамі мог дастаць свае калені, то выцягаўся, колькі дазвалялі яму скура, жылы і косьці.

А як перастагнаў усё, то пачаў высьпёваваць свае стогны на манер песьні «Сонца ўсходзіць і заходзіць».

— О-о-о-ей! о-ё-й — да!

— Вось табе і хворы: ляжыць сабе ды сьпявае,[8] — сказала Настуля, пераступіўшы з Магдай парог хаты. У хвартуху ў яе быў гарачы імбрычак з зёлкамі і паўкварты гарэлкі.

— Выстагнаўся, дык і паправіўся, — сказаў усьмяхаючыся Іван.



  1. Знарок.
  2. Русіц. — адрозьніць.
  3. Зьбірае.
  4. Ляжыць хворы.
  5. Рус.; пабелар, лепш было-б — дрыжачка, дрыжыкі.
  6. Рыба.
  7. Маленькая мерка ў 1/5 бутэлькі.
  8. Ужываецца больш — пяе.