Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Б/Якуб Колас/Песьні жальбы/Пісьмо з турмы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мы ходзім Пісьмо з турмы
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1927 год
Гусі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пісьмо з астрога (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пісьмо з турмы.

Напішы мне, калі ласка,
Пісямко да хаты!
Піша з дому мне Параска,
Што сын здан ў салдаты…

Охо-хо! Пракоп ўздыхае
Ў смутку і ў кручыне;
Белы ліст ў руках трымае
І канвэрцік сіні.

Просіць шчыра грамацея,
Навет шапку скінуў;
Сам Пракоп пісаць ня ўмее, —
Гдзе-ж — ў бядноце гінуў;

Вырас ў вёсцы на мякіне,
Жыў з худобай[1] змалку,
Ціжар жыцьця знёс на сьпіне,
Высах ўвесь у палку;

У астатку вось папаўся
Ў сьпісак арыштанскі
За то, быццам, што зьбіраўся
Лес падкурыць панскі.

Што-ж табе пісаць, старэнькі?
— А пішы, нябога:
Жонка, сын мой дарагенькі!!
Шлю паклон з вастрога.

Сэрца мне баліць, і вас я
З думак ня спускаю,
Кожны божы дзень і час я
Дом свой ўспамінаю.

Жонка мая дарагая!
Ты ня скрыўдзь Івана.
Калі грошай не хватае,[2]
Пазыч у Сьцяпана.

Няхай дзядзька не баіцца —
Аддамо з падзякай, —
Хлопцу-ж трэба хоць акрыцца,
А ня йсьці сабакай.

Спраў кажух яму і боты,
Выпраў, як і людзі,
Дай з сабою колькі злотых —
Весялейшы будзе…

Калі досіць корму маеш,
Падкармі больш сьвінку,
Мо‘ якую захаваеш
На Вялікдзень шынку;

А калі на грош няхватка,
Або корму мала, —
Закалі і поўдзясятка
Хунтаў прышлі сала…

Сын мой! Снасьці[3] рыбаковы
Добра ты прыпратай —
Згодзяцца; а венцер[4] новы —
Маеш час — залатай;

І яшчэ, мой сын, прашу я,
Човен кінь ў адрыне,[5]
Няхай вецер ня сьвідруе,
Няхай так ня гіне.

Ўсё, што можна, захавайце,
Пакуль я вярнуся.
Нераток[6] стары аддайце
Міхалю з Габрусем.

Кнігі ўсе, апроч псалтыра,
Вы аддайце Грышку,
Няхай іх чытае шчыра,
Бо ён любіць кніжку…

Дарагі мой сын! прад здачай
Да мяне зайдзі ты,
Бо мо‘ больш і ня убачу,
Не пачую, гдзе ты.

Не маркоцьцесь, не бядуйце,
Дасьць Бог спосаб новы.
Што-ж ты зробіш? пагаруйце!..
Будзьце ўсе здаровы! —



  1. З сканцінай.
  2. Лепш — не хапае.
  3. Прылада.
  4. Прылада для лаўленьня рыбаў.
  5. Гумно для сена;
  6. Прылады для лаўленьня рыбы.