Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Б/Якуб Колас/Водгульле/Няшчасная маці

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На ніве Няшчасная маці
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1927 год
Тройка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Няшчасная маці.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Няшчасная маці.

У кожную ночку, як сьвет заціхае,
І зоркамі гляне гара,
Халодныя нутры зямля раскрывае,
З тых нутраў выходзіць мара.[1]

Ідзе яна ціха, як ночка, панура,
Ідзе пад крыжы — растанцы́,[2]
Стаіць нярухома, выглядвае хмура —
Усе аглядае канцы.

І далей бяз шуму ідзе на балоты,
Ідзе, не крануўшы расы,
І плачуць ёй сьледам пудліва чароты,
І ціха шумяць ёй лясы.

Абходзіць магілы, на прыклад[3] садзіцца
І сёлы вартуе яна,
Па роднаму краю снуе і цяніцца,
Заўсюды панура, адна…

∗     ∗

І людзі гавораць, што часта чувалі
А поўначы плач на палёх
І часта кабету адну сустрачалі,
Гаротную, ўсю ў рызманох.[4]

І чулае вуха той плач улавіла.
„Ой, дзетанькі!“ — плача яна:
„Ці-ж я за тым вас на сьвет нарадзіла,
Каб век заставалась адна?

Каб крыўдзілі людзі і жыць не давалі?
За што-ж вы зракліся мяне?
За што вы матулю жывой пахавалі?“ —
Так плача ўсё здань ў цішыне.



  1. Здань, зданьнё.
  2. Што стаяць на крыжаваньні дарог.
  3. Прыклад над магілаю, капец.
  4. Пэўна ад — рыза, адзежа сьвяшчэньніка; трэба разумець — лахманы, падраная адзежа.