Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/Б/Цётка/Зялёнка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Лішняя Зялёнка
Апавяданьне
Аўтар: Цётка
1927 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зялёнка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Зялёнка.

Курсістка[1] Зялёнка з кожным днём нікне. Пецярбурскі клімат, шчыры валакіта, дабівае слабагрудных. Зялёнка кашляе, гарыць уся, на твары выпечаны румянец: Часам гэтак мімаходам зазірне да люстэрка: „А, мамачкі мае, да каго я падобна?“ задзівіцца — ды далей за работу. На свае лекцыі бегае, у школе з дзяцьмі гадзін з чатыры працуе, а вечарамі сама яшчэ вучыцца, чытае…

З боку гледзячы, жыцьцё ідзе, роўна вада плыве. Лішэнь[2] перад дохтарам мусіла прызнацца, што ўся радня вымерла на сухоты. А на пытаньне, ці сама хварэла ў малалетку на якія хваробы, адказала, што добра ня ведае, бо гадавалася ў вёсцы, а прастацтва ў дзяцей прызнае толькі такія хваробы, як падвей, перапалох, урокі і лечыць іх хатнімі толькі спосабамі: замовамі ды падкурываньнямі. Праўда, солі, помніць, драбінкі давалі глытаць, нейкія вузялкі на нясуканай нітцы насіла гэтак гадоў пяці-шасьці[3]. А посьле, як помніць, то ўжо была здарова, як рыба, і толькі апошнімі часамі нейка слабасьць аблегла. — „Гм“, — адбуркнуў, нічога не сказаўшы, дохтар і крэпка задумаўся.

Аднак, слухі[4] хадзілі аж за прошлую[5] зіму, што Зялёнка трушлася, што выбягала, спацеўшы, ў аднэй сарочцы на мароз, усё каб набавіцца якой ліхой хваробы. І што цяпер толькі супакоілася, калі мэта стала ясьней…

Зялёнка вельмі скрытная дзяўчына. „Якая ты цяпер высокая стала за апошні год!“ — дзівуюцца таваркі. „А бывае, што ў апошні год жыцьця людзі падрастаюць, толькі мо’ ня ў рост“ — горка дакончыць таварышак гутараньне. Зялёнка і чуць-чуць усьмяхнецца куткамі спаленых губ. Чорныя косы далікатна адбіваюць дробны тварычак. У падсінеўшых кругох вочы блішчаць двама распаленымі вуглямі. „Наша Зялёнка, быццам ня з гэтага ўжо сьвету“, — перапалохаўся Мацюк-мэдык[6], спаткаўшы Зялёнку ў сталовай. „Зялёначка, мілая, я прыду, цябе паслухаю“. — „Прысьці прыдзі, калега, але я не сьпявачка, каб вы мяне слухалі“.

— „Ну-ну, Зялёначка, перцу сёньня за шмат зьелі“. І дахтарчук адышоў, як змыты.

Зялёнка блізка што заўсёды задумана, часта не зразу адкажа, калі яе спытаеш: „Зялёнка, дзе ты? Часам смутна зажартуюць курсісткі. „Тут пры вас“, — ціханька адкажа, прачнуўшыся ад задумкі, „Ой, Зялёначка, Зялёначка! — ты зусім вышла з каляіны нашага будняга жыцьця. Усё недзе блукаеш за сьветамі“.

„Ды што з вамі? працую, як усе вы, ем яшчэ больш за вас, сплю, сьмяюся… А што цяпер задумалася, так аж сорамна прызнацца да такой глузьдзячыны[7]; глянула праз вакно на асеньні дзень, ды гадаю, ці ўжо ў нашай старонцы лісьце з дзераў асыпаліся, ці яшчэ не, бо ў нас восень пазьнейша“.

Вось-це на, куды Зялёначка паехала! Грачыха[8] цьвіце, што аж у лябораторыі пахнець, а яна: „ці лісьце ўжо апала. Яшчэ прыдзе пара на холад… Рыхтуй толькі футра“: нібы сьмяюцца курсісткі з Зялёнчыных думак, але добра разумеюць, што гэта значыць; „ці лісьце апала“, бо як пыталі дохтара, то сказаў дабітна, што пэўна восені не ператрывае[9].

Паўтары нядзелі Зялёнка не паказалася на лекцыях[10]. Закраталася маладзёж[11], што станцыя[12] ў Зялёнкі сырая, і цёмная, што ня кожны дзень Зялёнка абедае.

У суботу ў Зялёнкі бітком набіта. Зялёнка сьпярша ляжала, а пасьля ня вытрымала і ўстала. Усе такія ласкавыя, вясёлыя, блізкія, што аж міла глядзець — радня раднёй! Зялёнка крыху сланяецца, але ходзіць, загаварвае з кожным. П’юць гарбату, сьмяюцца. Але сьмех нейкі недасьмеяны, гоман не дагамонены. Цень скрытага смутку то тут, то там мільгне праз вочы гасьцям. Усе могуцца[13] на вясёласьць. Гутарка чапляецца сяго-таго. Украінец Хведарчук на’т бандуру[14] прывалок. Рыжаватая чупрына аж па струнах вехаціць[15], а ён выкідвае рамёнам[16], запяваючы: „Ах мамка, мамка, на шчо мяне народыла?..“[17] так галосіць шчыра, што быццам запраўды сірата ўбіваецца на памінках роднай мацеры[18]. „І я шкадую, калега, што цябе “амка нарадзіла“, — пагладзіў па чупрыне Вішняк-Мінчук: „але маеш, пі гарачую гарбату, і цешся з жыцьця, покі час“. — „Ха-ха-ха! верна сказана“, — паддакнула[19] Зялёнка: „покі час“ — ха-ха… каху-каху!.. і зайшлася сухім кашлем.

Вясёлая кампанія прыбледла, сьціхла. „Пійце, налівайце…“ — пасьпяшае вінаватым голасам загаварыць Зялёнка. „Яшчэ ня ўміраю!“ — „Не пляцеце нябыліцы“[20] — нехта буркнуў. „А ведаеце — Сабаноўскага з хіміі асеклі“, — прыдумвае Вішняк на скорую руку, каб пачаць гутарку. „О-о-о! на апошнім акзаманце?»[21].

— „Чаго-о? У-а! вялікая штука, байкі“.

— „А ля байкі сядзі зноў дні і начы. Э-э! у кудлага галава ўёміста: за тыдзень, другі ўсю хімію перагрызе на рэпу…

— Ага, богабоце[22], чуць не забыла“[23], — перапыніла Берабейка. — „Го-го! чуць „багабоце“ не забыла, а калі тое было сьвятое ніколі, калі Берабейка помніла? Вам па галаве толькі снуюцца ноты і ноты ды біру-бам-бам-бом партэпіяна[24]. Каб мая воля, то я вашу кансэрватору[25] перасунуў-бы кудысь — ну, хоць-бы ў Бэрдычаў, або Шклоў — во там, галубкі, барабаньце, колькі ўлезе“. — Я-я, богабоце, маханік такую дзіч пляце, аж вушы, богабоце, пухнуць“. Берабейка надстаўляе далонь к роту тэхнолёга[26]. „Ледач маханіка — ні-ні, тс! Ато за „богабоце“ вочы выдзеру“. — „Дык не кажэце сваей пагаворкі, бо гэтага мала. Але калісь выйду на Неўскі[27] ўвавесь голас закрычу: Богабоцьце! Богабоцьце! і ня проста закрычу, а ў кулак затрублю, аж покі вас не адвучу“. Берабейка чырванее па вушы ад праклятай прывычкі, бо што слова, то яна ўплятае — Богабойцеся і так скора, так гладка рве, што, з боку слухаючы, адно і разьбярэш з яе гутаркі — богабоце, богабоце… За тое маханіка сёньня лішэнь[28] азлавала Берабейка, зараз пачаў дапякаць. — Даруй на гэты раз, пракляты чалавеча, просіць Берабейка, больш ня буду, бо справа важная. Пасуляніс піша „багабоціся“ (гы-гы) з Якуцка[29], што нашы, „богабойцеся“ галадуюць, зіма ідзе, багабоце, а іх адзене — хоць па ветры пускай“ — „Ну што-ж трэба падаткам. нам сябе аблажыць і зараз выслаць, хоць крыху“ — перабіў Мінчук. Хто пры сабе меў грошы, зараз палез да кішэні. Зялёнка тож рубля выбрала з століка. „А скажэце, ці хто кніжкі ў перасыльную занёс? Бо я ўзялася гэта сама зрабіць, але захварэла…

«Любві ўсе возрасты пакорны!..» — загрымеў густы бас за дзьвярыма. «У-у! Кульгаць-сірата, пасьпяшай, а то Нойка самавар, як бач, у каньцах забярэ! Студэнт грубы, у выпаланеўшай куртцы, сьветларусы, як канапляны куль, уваліўся, у цесную станцыйку. — „Зялёначка, Шаляпін[30] прыяжджае“ — крыкнуў адным духам. „Цыт[31], басіста![32] заўтра іду дзяжурыць[33] на «Дэмона»[34], — Любві ўсе возрасты пакорны“ — сьпяваючы, акруціўся на пяце і кінуў шапку ў кут, аж са два разы перакулілася. — „Ты што стральбу адкрываеш?“ — Кульгач, на нішто не зважаючы, рукі пацірае ні то з холаду, ні то з радасьці, Здароўем і моладасьцяй ад яго б’е. — „І так за тыдзень буду сядзець, як верабейка высока, высока[35] і дэмону (Шаляпіну) біць браво-браво-во-во!..“ — „Кульгачыку-калега, і я заўтра з вамі пайду дзяжурыць, зайдзіце толькі па мяне“, — узмаўляецца[36] Зялёнка. — «Згода! — рэхт![37] толькі а пятай будзьце гатовы, трэба додніка[38] прыйсьці, ато тысяч пяць заўтра будзе дзяжурыць“. — «Публіка!» — бразнуў бандурай Хвядарчук. Хто посміе товарышку Зэленку вывэсты заўтра в горыд, тай того оштрафуем!..“[39] — „аш-тра-фу-ем!“ — засьвістала тоненькім галаском маладзенька бястужаўка[40] Маня. — „Тай Бога бойся, нэ пышчы дытыно!..“ — „Публіка, слухайце!“ — Маня стала на крэсьлі, — „пры мне дохтар прыказаў Зялёнцы хоць паўтара тыдня ня выходзіць з хаты“. — „А, калі так, то аштрафуем“, — годзяцца ўсе з тонкагалосаю Маняй. — „Аштрафуем!“ — рыкнуў спозьнена Уладзімер з прозьвішчам Сібіра. — „Гэй, Сібіра, ты што сьпіш?“ — „Хра-хра“ — прыкідываецца Сібіра сьпячым, доўгія ногі выцягнуў упоперак усей станцыйкі. Адзін з студэнтаў, убачыўшы, што Сібіра прымкнуў вочы, схапіў за ножкі крэсла. Сібіра паляцеў-бы, каб у пару не заступілася Зялёнка. — „Сібіры дайце спакой, Сібіра часу не марнуе, глядзеце, як печ нагрэў“, — хухнула ў паветра — „пару ані знаку, а толькі ногі, ногі выцягнуў ад сьцяны да сьцяны. — Сібіра, мы скакаць будзем — мейсца!..“ засьмяялася. Шусьць і скурчыў доўгія цыбы[41] Сібіра. Брр-брр! пасыпаліся яблыкі з кішані. — „Гэта для вас, я і забыў“, — засароміўся, як дзіця, Сібіра і пачаў пабіраць. „Мне до![42] во два, ужо трымаю. Бярыце, Берабейка, Маня, Хведар…“ Сібіра, зрадаваны, выпраставаўся, згарнуўшы густыя валасы з чала, паходзіў на зубра, замашысты мужчына, з дзіцячым нямаль шчэ[43] ліцом[44] дабрадушны, запусьціў зубы ў яблык і пачаў кратацца каля самавара. Сібіра з Зялёнкай жывуць у вялікай зажыласьці[45]. Усе смуткі і радасьці Сібіра павярае Зялёнцы. Зялёнка на’т часта дапісваецца на пісульках да Олі, дзяўчука Сібіры. „Сястра і друг вашага Валадзімера цалуе вас крэпка, крэпка“. Некі нястрыманы язык пусьціў пагалоску, быццам сакрэтна чытаў драму, супольна напісаную Зялёнкай і Валадзімерам, што глаўная асоба ў той драме — гэта Сібіры дзед, калісь у Акатуй[46] высланы з таго сяла, адкуль Зялёнка, недзе з-пад Нарові, ці якога іншага месца; адным словам, каля Белавежскай пушчы разьвіваецца дзея.

Ці праўда гэта, ці няпраўда — трудна верыць на слова. Але Зялёнка і Валадзімер любяць тэатр абое, у Марыінку чорнымі-сьветлымі ходамі прабіраюцца.

Найпазьней прышоў Шмулька. — „Як маецеся?“. Шмулькі струкаватая галава, як лахматая вольха, матляхаецца ў паклонах ува ўсе староны: — „Ці жывы, ці здаровы? — „Што-ж так позна?“ — азываецца прыязьліва рознагалосае пытаньне. — „Ня меў часу!“ — „Шмулечка, я хворая, я ўміраю, а ты вачэй не пакажаш“, прыміліваецца[47] Зялёнка да Шмулькі. — „Выбіраўся, ды ўсё работа стрымвае і сёньня пільную кінуў, каб там білет пррынесьці. У панядзелак пойдзем у дварранскую“. — „Шмулька, на гэты канцэрт?[48] Маніш, грэшніку… Я ўжо два тыдні таму назад была ў касі; пашла толькі так, для пацехі, што нібы на такі важны канцэрт магу пайсьці я — Зялёнка — курсістка. Ведама, аказалася такая цана білетам, што нам вучашчымся на’т грэшна туды свой нос ткнуць“. — „Во-во! гэта вам, але ня мне“. Шмулька важна улажыў рукі ў кішэні і прайшоўся па станцыі, надуты, як індык. — „Што вы, то не я! Я, Шмулька, толькі за пачотным[49] білетам згадзіўся пайсьці паслухаць“. — „Пгы!“, рагатнулі. F Шмулька няздатна далей круціць, махлюе[50], каб Зялёнка не дагадалася, што для пацяшэньня яе, хворай, Шмулька эканоміў доўга, покі сабраў, каб купіць білеты на гэты канцэрт. — „Ня пытайце! ня дурррыце галавы!“ — „За што вам пачотны?“ — прыстае Зялёнка. — „А хоцьбы за тое, што я Шмулька, што мой бацька Маеррр, а бацькі бацька Ёсіль“. — „Ха-ха-ха“, не ўдзяржаліся ўсе. — „Шмулька, твая прапаганда штось быстра ідзе. Праўда, то праўда, што яго бацька пэўна Мэер, альбо Ёсель, але вялікаму артысьці[51] зручней прызнацца да нямецкай нацыі[52]? ніж да рассыпаных па сьвеце жыдоў“.

Трэба ведаць, што Шмулька вельмі гордзіцца тым, што ён завецца Шмулькай, тым, што мае гарбаты нос, што „р“ выгаварвае, як „ррр“. Шмулькі маньня — гэта прапаганда музыкай, літэратурай, тэатрам народным паміж жыдоў. Шмулька сьвята верыць, што жыды хутка зразумеюць сваю ганьбу, каторая няволіць іх запірацца ўсяго-свайго роднага і падшывацца пад вопраткі чужых сільнейшых культур. „Прыдзе час“, Шмулька нямаль прысягае сваім натхнёным голасам: „што жыды зьвернуць з дарогі ассыміляцыі!“[53] Сам Шмулька, так сказаць, стаіць яшчэ толькі-толькі ў дзьверах храміны[54] кампазыцыі[55], а ўжо задзівіў прафэсароў арыгінальным[56] узяцьцем біблейнага тла[57] для сваіх твораў.

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Нездаровіцца Зялёнцы. Так баліць у правым баку, што не падняць рукі, каб закруціць валасы. Запляла і пусьціла дзьвёма пляцёнкамі па плячох. Ідзе праз салю[58], у вачох ад слабасьці ўсё круціцца. „Косы, косы!“ — дзівуюцца мужчыны. Публіка мятусіцца; скрыпяць крэслы. „Малады ці стары?“ — пытае нехта з публікі. Шмулька прысланіўся да сьцяны, рукі залажыў і глядзіць некудысь у сваю думку. «Сыбілія[59] Шмульцы сьніцца», — падумала Зялёнка і села на сваё месца. Задрымдзеў[60] званок…

Вышаў артыст, не пакланіўся, ані глянуў, каму будзе іграць. Стаіць шчэ дзіця — хлопчык, ліцо натхнёна. Паволі іскрыпку падносіць на рамяно. Смычок чуць-чуць даткнуўся, азваліся струны… ціхая мэлёдыя[61], як перцы ўздох дзіцяці, палілася; ідзе, вядзе некудысь у засьветчыя разлогі чыстага лірызму[62]. Маладая душа верыць у шчасьлівыя далі, узьнімаецца, рвецца да іх сьмелым лётам. Мераць у яе адзін за другім громы абману, зла… Змагаецца з цёмнымі сіламі прозы[63], б’е скрыдламі[64] у нябесныя скляпеньні паэзіі. Бой даходзіць фазы сьмерці і жыцьця Белая шата[65] паволі пакрываецца крывавай расою. Скрыдлы апускаюцца. І ўжо сьмяртэльна ранена моладасьць плача, скуліўшысь ля варот шчыльна зачыненага раю шчасьця…

«Вялікая трагедія[66] схоплена тонамі», — шэпча Зялёнка, тулячыся губамі да поруча крэсла. Пля-пля-пля! латашыць далонямі публіка. «Шалёная тэхніка, тэмпэрамэнтт»…[67] галдзяць.

Артыст стаіць з апушчаным смычком, прыціскаючы да грудзей іскрыпку, бо яшчэ апошнія тоны толькі адыходзяць ад струн. Пля-пля-пля! пахамску дабіваець рэха тхненьня[68] слова Божага. Зялёнка закрывае вочы, каб дагнаць скрываўленага лебедзя-песьню… Плачуць у вачох Зялёнкі сьвежыя росы на пракосах, папараць-кветка расцьвітае… Зялёнка бяжыць успамінам да сваіх дзіцячых днёў, як кароўкі пасьвіла на пожні[69], а маці сухотніца калыхала малога брата сухотніка пад снапамі зжатага жыта.

З-з-з-з-з ізноў пачаў: з-з-з-з ляцяць з-пад смычка галоўкі чырвоных сьцятых рож, а артыст усьпінаецца ўсё вышэй, вышэй: па скалах, каменьнях узводзіць у пустыню спаленую сонцам, засыпаную пяском. Пустоша дзікай гразой дыша. Зьверы мруць. Птушкі няжывыя падаюць. Толькі артыст сам-самютанкі адзін упаў каленамі на распаленыя каменьні, заве[70] нахіліцца за сваім натхненьнем. Жджэ аб’яўленьня і дрыжыць ад страху, ці хваце[71] яму сілы, каб увекавечыць высьняны ідэал[72] красы ў скончанай форме, во! во! здаецца дасца, прымкнуў векі, стрымаў дыханьне… Шугнула хімэрна мана скрыдламі і зьнікла… іііёййй! уздыхнуў страшлівым болем! А-а-а-а! спаўчуваючы, адказвае і змаўкае іскрыпка.

Божа, якая ты страшная, творчасьць! роўна вогненае мора падыходзіць з усіх старон да апутанага табою чалавека! Бязсьмертная слава такому плачу, што ня згіне ў тваіх тонах! Усё гэта думае Зялёнка і сіліцца ўстаць з крэсла. Пля-пля-пля!.. Падносяць букеты, вянок срыбны з напісам. Шмулька стаіць, як крэйда, зьбялелы, упіўшыся вачмі ў артыста.

Зялёнка хустачкай абцірае губы, у вачох ёй муціцца: здаецца Зялёнцы, што адплывае з саляй кудысь у глыб, а чырвоныя кветкі сыплюцца ёй пад ногі (кроў з рота бухае). Зялёнка нагінаецца адну з іх падняць. «Кроў, кроў, паддзяржыце, упадзе!» — крычыць некая пані, бягучы да Зялёнкі. Публіка цісьнецца дохтара!.. вады! Зялёнка ўзмахвае рукамі і падае: «душна, душна!» — азіраецца шырока блуднымі вачыма і заціхае.

«Разьбілась жывая ліра»[73], — шэпчуцца некія тайныя цені, зьбегшыяся на салю.


  1. Слухачка вышэйшых жаночых курсаў, студэнтка.
  2. Украінізм — толькі.
  3. Пяцёх-шасьцёх
  4. Рус. — чуткі.
  5. Лепей — мінулую.
  6. Студэнт, які вучыцца на мэдыцынскім (лякарскім) аддзеле, наагул чалавек, заняты па лякарскіх справах.
  7. Недарэчнасьці.
  8. Ужываецца і — паганка.
  9. трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.
  10. Выклад прафэсара; нейбольш ужываецца ў адносінах да вышэйшай школы.
  11. Больш ужываецца — моладзь.
  12. Пакой.
  13. Сіляцца.
  14. Музычны струмант.
  15. Зьвісае.
  16. Полён. — плячом.
  17. „Ах, матка, метка, на што мяне нарадзіла?“
  18. Расейск. форма, пабеларуску — маці.
  19. Русіцызм, падказала
  20. Таксама — нясумяціцу.
  21. Экзаміне.
  22. Бойцеся Бога.
  23. Лепей — забылася.
  24. Італ. — фортэпіяно — музычны струмант.
  25. Вышэйшая школа музыкі.
  26. Які займаецца тэхнолёгіяй, навукай аб спосабах перапрацоўкі сырых матар‘ялаў у прадметы ўжытку.
  27. Неўскі прашпэкт — найлепшая вуліца ў Ленінградзе.
  28. Украінізм — толькі, усяго.
  29. Места ў Сыбіры, куды найбольш ссылалі палітычных.
  30. Вядомы сьпявак.
  31. Цыт — полён., значыць: ціха, маўчы.
  32. Што пяе басам, тоўста-нізка.
  33. Вартаваць у калейку, чарод.
  34. Дэмон“ — знамявіты твор Лермонтова (пераложаны на беларускую мову).
  35. Высока ў тэатры, на галёрцы; студэнты найбольш бяруць гэтае месца, як найтаньнейшае.
  36. Моліцца, просіць.
  37. Ням. правільна, добра.
  38. Да-дня, до-сьвету.
  39. Укр. — хто пасьмее сяброўку зялёнку вывесьці заўтра ў места, „таго аштрафуем“.
  40. Слухачка вышэйшых курсаў Бестужева ў Ленінградзе.
  41. Доўгія ногі, ёсьць цыбалка, знародненае слава ад — сьцябло, камель.
  42. Досьць, даволі.
  43. Яшчэ.
  44. Тварам.
  45. Прыязьні.
  46. Акатуеўскі сярэбраны руднік, Забайкальскай вобл., у Сыбіры (месца ссылкі палітычных).
  47. Лашчыцца.
  48. Музыка, ці сьпевы падрад некалькі нумароў.
  49. Русіц. — пачэсны, ганаровы.
  50. З ням.: абманвае.
  51. З лац. — ars, artis — мастацтва.
  52. Народу.
  53. Лац.: уподабленьне, зьліцьцё з другою нацыяй, народам.
  54. Стара-баўгарскае — хароміны, будыніны.
  55. Лацін. — складаньне музычнага твору.
  56. Лац. — асоблівым, сваяродным.
  57. Полён. — аснова.
  58. Вялікі пакой.
  59. Імя прарочыцы, чараўніцы
  60. Задрыжаў.
  61. Ход, пасьлядоўнасьць тонаў у музыцы, якая робіць музычны твор вельмі прыемным.
  62. Нутранага перажываньня.
  63. Проза — рэч непаэтыцкая, наогул — звычайнасьць, будзённасьць.
  64. Полён.; пабелар. — крыльлям.
  65. Багатая вопратка.
  66. Грэцк. — твор, напісаны ў разгаворнай форме і выводзячы такія пакутаваньні гэроя, дзе праяўляюцца ўзвышаныя мамэнты.
  67. Лац. — Злучэньне цялесных і душэўных асаблівасьцяў чалавека, прасьцей — характар.
  68. Полёнізм — пабелар. — подыху.
  69. Поле, пасьля зьняцьця збожжа.
  70. Лепей — кліча.
  71. Лепей — хопіць.
  72. Прадстаўленьне найвышэйшай дасканаласьці, тое што зьяўляецца прадметам (об‘ектам) імкненьня.
  73. Музыкальны струмант; у пераносным значаньні — дар песьні, поэзіі