Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/А/Карусь Каганец/Прамова

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Карусь Каганец Прамова
Публіцыстыка
Аўтар: Карусь Каганец
1927 год
Прылукі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прамова (Каганец)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАМОВА.

Гэй, хлопцы, брацьця мае, а сыны Зямлі Беларускай, каторая раскінулася ад Гродны[1] да места Смаленска і ад Прыпяці аж на другі бок ракі Дзьвіны перакінулася. Кіньце ўвакол вокам, сабярэце харашэнька[2] думкі і скажэце, ці павінна так быць, як цяпер ёсьць? Ці справядліва гэта — ўсяго, што сваё чурацца: і мовы свае, і звычаю свайго, і вопраткі свае? А ведайце тое, што мова наша калісь слаўнай была, і быў час, калі наша мова працьвітала пры дварэ каралёў польскіх. Ведайце, што спамеж[3] вас больш, як спамеж другіх народаў славянскіх, слаўных людзей выходзіла даўней і цяпер выходзіць розумам і ваеннымі заслугамі.

Колькі-то вучоных людзей, колькі-то слаўных казакоў, ваявод і гэтманаў наша зямліца выгадавала?

Адно нядобра, што кожны славу прыносіць не сваёй старонцы, а ўсё чужым. Прымерам кажучы, як той Галубок, просты селянін зямлі Наваградзкай, што са сваею сотняю казакоў — ці мала славы прыдбаў паляком так, што і песьні аб ім складалі. А ў нас? Ці ведае хто яго?

І бяру я гэта ўсё на вум,[4] і здаецца мне, што хутка саўсім засьне наш народ, бо яшчэ за гадоў трыста таму, як паны, так і халопы[5] свае мовы не сароміліся: і гаварылі, і пісалі ўсё пасвойму. Потым мала-па-малу,[6] паны сталі сваіх звычаяў чурацца, сталі свае парадкі і мову сваю пакідаці ды польскую пераймаці і так, што далей-болей, аж зусім палякамі сталі. На паноў гледзячы, сталі і сяляне вопратку сваю мяняць на нямецкую і мову калечыць. Нават сваіх сьпяванак пачынаюць саромяцца, мужыцкімі называюць.

Але не! Наш народ не загіне, і прыйдзе такая часіна, што прачнецца наш русьняк[7] і скажа суседзям так: Служылі мы вам — заплацеце вы нам! Нам грошай ня трэба, бо свайго хопіць хлеба. А скажэце нам толькі: „Беларусы Вы!“ Вось колькі!

Ды і красна-ж бо наша зямліца, ўсе выгады мае: і скіба ўрадлівая, і лесу багата, і сена аж надта, і рэчак сплаўных многа, а па краёх, як-бы ад ворага абгароджана пяском, балотамі ды цёмнымі лясамі.

Вось выйдзі толькі дзе-небудзь на гару, пад гай зялёны, ды азірніся на сьвет Божы! Так душа твая і зрадзее.

Бач! уніз аж да рэчкі гара зарасьнікам пакрыта, ўся арэшнікам, чаромхай, каліньнікам, ды маліньнікам зарасла. А чаромха то цьвіце няйначай хто пухам лябяжым укрыў, і пах за вёрсты ветрам нясе. A рэчка сама — моў стужка блакітная, між верб ды альшын ветрам раскінутая. А за рэчкай лука[8] аж зіхаціць кветкамі. А далей за лукой поле зелянее. А ўвакол усяго цёмны лес сінее. Глянь улева — панскі двор бялее, і таполі тырчаць, моў на старожы стаяць; а ўправа сяло ціха лягло, поўз-раку на беразе. У сады прыбрана яно, а ў сяле хлопцы, як дубкі, а дзяўчаты, як ягадкі. Пазіраеш на ўсё гэта і штось за сэрца шчэпіць, і грудзі шырака раздымае, і ляцеў-бы, здаецца, над палямі, над лугамі, па-над лесам сінім…

І на гэтай нашай зямлі спрадвеку нашы дзяды-прадзяды жылі, каторыя ня раз Грэкамі, Немцамі і рымлянамі трасьлі… А мы?…

Мы — ня знаю, хто мы такія…



  1. Гродна — расейская форма назову, пабеларуску Горадна, або Горадзен.
  2. русіц. — пабелар. — добра, добранька.
  3. між, паміж, спаміж.
  4. рус.; розум, тут трэба — бяру ў галаву;
  5. слугі, падданыя;
  6. рус. — патроху, паступова;
  7. гэта значыць — беларус;
  8. З польск. łąka, паб. — сенажаць.