Надойдзе мінута, і хваля марская
Ўзарвецца высокай сьцяной,
І вые, і плача, як пушча лясная, —
Замрэ — зноў і ціш, і спакой.
Кругом анямее прастор серад ночы —
Ні шуму, ні ветру нігдзе…[1]
Ля берагу пена ледзь чутна шапоча
І, таючы, нікне ў вадзе. У лёгкай дрымоце застыгне[2] прырода,
Укутаўшысь[3] сьвежаю мглой. —
Шчасьлівая хвіля! прастор і свабода
Клянуцца быць вечна са мной.
І мілая хвіля так цешыць мне душу, —
Аж верыць ня хочацца мне,
Што новы прыбой дзікім стонам заглуша[4],
Што скора ён, скора памкне;
Што ў гэтай спакойнай і ціхай пагодзе
Скрываецца здрада, мана;
Што хвалі час доўгі ня могуць у згодзе
Ужыцца, з сабой, як адна…
І верыць ня хочу, што ўсьпеніцца мора,
Завые, застогне яно,
Што хвілі спачынку ад смутку і гора
Прабыць доўгі час не вально;
Што ўсё у прыродзе ня вечна, ня трвала[5] —
З мінутай зьмяняецца ўсё, —
Адно толькі гора, калі напаткала,[6]
Дык думкамі струець[7] жыцьцё.
Панурыя, злыя, гнятуць яны сэрца —
Мінута — зноў здрадны спакой…
І так у трывозе век цэлы да сьмерці
Змагайся з людзьмі і з сабой!!
|