Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/А/Альбэрт Паўловіч/Ракі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пан і акуляры Ракі
Верш
Аўтар: Альберт Паўловіч
1927 год
Каты
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ракі (Паўловіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ракі.

Пан ды пану слаў гасьцінец — поўну торбу ракаў.
Даў пры гэтым ліст і кажа: „Не пазьніся-ж, Якаў!“
— „Добра пане!“ Во, назаўтра, толькі днець зачала,
Якаў торбу ўсьпёр на плечы баржджэй, як папала.
Ліст укінуў за кашулю, глынуў квасу з жбана
І папёрся з тым гасьцінцам пасланцом да пана.
Дзень пагодны, сонца з поўдня і пячэ, і смаліць;
Якаў з ракамі па шляху без аддышкі смаліць;
Дзёр, як мог, аж зьліўся потам, змок, зьнебыткаваўся,
Мінуў поле, ў бор зялёны ледзьве ўжо дабраўся;
Ледзьве торбу здалеў скінуць, так прыстаў з дарогі;
Усё чыста адабрала: плечы, крыж і ногі.
Сьверб па скуры упацеўшай бегае, як блохі,
Згаладаў ён, дух чуць зводзіць. Рад спачыць хоць трохі
Лёг, пад ёлкай расьцягнуўся і салодка дрэме[1]
Сонца зьверху, як агнішча, прыпякае ў цемя.
Якаў сьпіць, раскінуў ногі, ляжыць, як завала,
Язык выткнуў цераз зубы, як вужака джала.
Сьпіць, сапе, храпе, мармоча, стогне, як авечка.
А тым часам ракі неяк вылезьлі з мяшэчка.
Праз гадзіну іх ня стала: ўсе у чыстым боры.
Респаўзліся па мураўцы — хто, куды, каторы.
Ужо сонца нізець стала, як прачнуўся Якаў.
Хваць за торбу!.. аж пустая — чуць ён не заплакаў.
Кляў, іх кляў — няма карысьці. Што пачаць — ня знае:[2]
Ні лавіць іх, ні ліст несьці, — стаіць, паглядае.
Думаў, думаў, і наважыў пану ліст адносіць —
Адпрашуся, трохі змоўчу, калі загалосіць,
Гэтак мысьліць.[3] Праз гадзіну быў ужо у пана;
Даў у рукі ліст, з самога льлецца пот, як з крана.
У дрыжаку, жар кідае; моцна[4] зябіць стала —
Гэтак Якава няўдача раптам разабрала.
Адышоўся. Ля парога жджэ, мо’ пан што схоча.
А тымчасам здалёк войстра пазірае ў вочы.
Што тут будзе? А ўжо з страху дзівы надаліся:
Бачыць, быццам усе ракі нацянькі зыйшліся;
Як-бы чуе іхні лопат… дый дарма трывога —
Пан і ліста перагледзеў, ня спытаў нічога,
Бо быў пэўны, што гасьцінец пераняты паняй,
А наш Якаў дык баяўся сам прызнацца раней.[5]
А цяпер саўсім[6] патрэбы ня было казаці,
Калі пан і сам пра ракаў ня пытае ў хаце.
Так і стала. Кожны думаў, кожнаму здалося…
Досыць, толькі пан ткнуў грыўню[7] і пры гэтым просіць:
„Ты-ж падзякуй свайму пану ад мяне сардэчне
За гасьцінец і за памяць. Не забудзь, канечне,
Праз іх ласку, скажы пану, заўтра зьем прысмакаў“,
Як быў смутны, дык так раптам зьвесялеў наш Якаў:
„Панок мілы! Ці-ж то ракі ўжо прыйшлі да пана?
Дзякуй Богу! Яны ў лесе распаўзліся з рана[8],
Я ўжо думаў: яны зблудзяць, каб іх безгалоўе.
Аж бач, не. Дык, мой, паночак, ешце на здароўе!“



  1. Полён. — дрэмле, драмае.
  2. Рус. — ня ведае.
  3. Лепей — думае.
  4. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.
  5. Полён. — ране́й.
  6. Лепей — зусім.
  7. З рус. — грывеньнік, 10 кап.
  8. Полён. — з раніцы, або зранку.