Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/А/Альбэрт Паўловіч/Каты

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ракі Каты
Верш
Аўтар: Альберт Паўловіч
1927 год
На начлезе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Каты (Паўловіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Каты.

(З праўдзівага жыцьця)

Вельмі ў вёсцы нудна ўзімку, неяк пуста, глуха,
Скрозь сувеі, гурбы сьнегу, сівер, завіруха;
Ні душы жывой, ні слова: поле, сьнег і неба, —
Рэдка нос хто выткне з хаты і то ўжо з патрэбы.
Ў будні горш яшчэ, і вёска выглядае дзікай.
Во, ня дзіва, што часамі ксёндз з нуды вялікай,
Калі збрыдае[1] таўчыся, як па пекле Марку,
З паўтрацьці вёрст пехатою чэша да хвальварку.
З паняй мову удваіх[2] завядуць бяз конца —[3].
І сьмяюцца, і бядуюць аб сваёй старонцы,
Пры гарбаце[4] час нязначна нікне і сплывае.
Ксёндз пачне, а пані ўжо, як той млын, змлывае.
Ў сьвежых мысьлях[5] дзень сатрэцца, дзякуй Табе, Божа!
Усё добра, але толькі зьнесьці ксёндз ня можа,
Што старая пані надта[6] ўжо катоў любіла
(Праўда ёй гадоў пад сотню — зьдзіцянеўшы была!).
Часта гладзіць іх і песьціць, садзіць на калені,
Як дзяцей, усіх цалуе, кліча па імені;
Да стала ўжо, як накрыюць, глядзі — ўсіх ззывае:[7]
Кацька, Машка, Рыска, Дашка, — чорт іх хіба знае!
Хто адкуль бягуць, мармочуць і за стол садзяцца
Навакола ля паненкі, як пры роднай матцы.
Ім усім асобна крэсла, млека[8] на талерцы.
За сталом тым і ксёндз разам, хоць ня рад да сьмерці:
Трэба зносіць брыду гэту, хоць уцерпець трудна,
Раз праз гжэчнасьць,[9] ды адному яшчэ горай нудна.
Але ўжо ня раз падумаў, як катоў тых зьвесьці,
Як чым кольвек[10], іх настрашыць, каб к сталу падлезьці
Не пасьмелі ані разу — нават ткнуць і носа.
Трэба-ж шчасьця — думкам зьбіцца скора давялося.
На абед ксёндз раз сьпяшыўся і прыйшоў зарана —
Глядзіць: пані няма ўдома, а к сталу прыбрана.
За сталом каты паселі, аж гараць іх вочы;
Той хвост ліжа, а той дрэмле і праз сон мармоча.
Ксёндз лёкая ціха просіць, каб дастаць дзе ёмкі
Ці бізун, ці пугавішча, ці рамень з пастронкі.
Трэба выцяць, задаць страху і так іх напудзіць,
Каб ня ткнуўся з іх ніводзін, калі ксёндз тут будзе,
Лёкай рад (во будзе лазьня!) — надаелі чэрці.
Прывалок бізун, аддаўшы, прымкнуў крэпка дзьверцы,
У вакно стаў, паглядае — мо’ надыйдзе пані,
Каб даць знаць ксяндзу дакончыць муштры[11] крыху раней…
Сонца сьвеціць у пакоі, каты дрэмлюць ціха
І ня сьніцца ім у во сьне, што пачнецца ліха.
Ксёндз, рукавы закасаўшы,[12] выцер акуляры
Ды зьнянацку калі дасьць прыпары,
Калі крыкне: „ў Імя Ойца!..“ Тут каты ўжо нашы
Науцекі; ксёндз жагнае,[13] бізун крыжам маша[14]
Улучае, каб папасьці кожнаму у цотку,
Баючысь ня скрыўдзіць часам ці ката, ці котку,
Па парадку знае лупіць, толькі сьвіст нясецца —
Тыя ў страху, бяз прытулку, няма дзе падзецца:
Пруцца ў дзьверы, пад стол скачуць, аж пішчаць ад болю,
Скрозь па сьценах спрытна лазяць — вырвацца на волю
Няма рады; толькі чуюць, як іх ксёндз жагнае,
Бізуном з вакон, са сьценак — адусюль здымае,
Злупцаваўшы усіх чыста, адчыніў ксёндз дзьверы;
Тыя драла, науцекі як якія зьверы,
Ён яшчэ іх у парозе пераняў па разу —
Пэўны быў, што ад стала адвучыў заразу.
Пасьля муштраў да тэй пані ксёндз прыйшоў ня скора.
Бачыць, зноў каты паселі; ён тады й гавора[15]:
„Кепска пані прывучыла — катоў садзіць разам,
Гэта-ж кожны кот, вядома, Божая абраза!
Гэта дух нячысты скрыты“. Пані дай спрачацца:
— „Іх люблю я гэтак моцна,[16] ці-ж то можа стацца?“
— А во, пані, праканайся злы дух унікае
Ад слоў Божых і ад крыжа — пані-ж гэта знае!“ —
Устаў з крэсла (каты войстра пазіраюць скоса,
Баючыся, каб зноў часам не задаў ім чоса).
„Дык глядзеце-ж!“ Падняў рукі: „ў Імя Ойца“, кажа…
Каты драла — ў піск, у енкі,[17] як-бы хто іх смажа[18].
У дзьверы, ў вокны, пад стол скачуць, як іх ліха носе;[19]
З дзіву паня аслупела[20] што-ткі[21] ім сталося?[22]
Веры даць сабе ня можа, хоць глядзіць і чуе,
Стара плечы паціскае, з перапуду плюе.
Ад тых дат[23] катоў ні духу, нават ані сьледу,
Годзі ўжо з сабою разам іх садзіць к абеду.
Калі-ж лёкай не дагледзіць, — ведама заняты,
Гоніць вон сама мятлою, валіць кіем з хаты.



  1. Перакручана і полёнізм: пабеларус. — даесьць дадзене.
  2. Лепей — удвойга, удвох.
  3. Правільна — канца.
  4. Ад лац. — herba, трава.
  5. Лепей — думках.
  6. надта, натта — выглядае на полёнізм — nad to. Пры другой ступені прыраўнаньня — беларусы ўжываюць „над“ таксама, але больш усяго — „за“. Слова — надта — лёгка замяняецца ў беларускай мове словам — вельмі.
  7. Русіц. — склікае.
  8. Полён. — малако.
  9. Польскае слова; пабелар — ветлівасьць, далікатнасьць.
  10. Полён. — пабелар. — чым-небудзь.
  11. З ням. — вучэньне.
  12. Ужываецца і закачаўшы
  13. жагнаць і благаслаўляць — абодва чужыя. Першае — ад нямецкага — Segnen, другое — старабаўгарскае. З увагі на тое, што першы складнік другога слова — блага — мае ў беларускай мове зусім працілежнае значэньне, чым у баўгарскай (таксама ў іншых паўднёваславянскіх і чэскай), беларусы ўжываюць — багаславіць, якое фактычна замяняе свой орыгінал толькі з неабходнасьці і ўжываецца хіба толькі з чуцьця славянскай солідарнасьці.
  14. Махае.
  15. Пров. — гаворыць.
  16. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.
  17. енк — фактычна, польскае — jęk; немагчымае ў беларускай мове, якая юсаў (насовак) ня мае. Мела-б быць — юк, як… У беларускай мове амаль з тым-жа значэньнем ужываецца — стогн, але з адценкам — жалобны стогн (Насовіч). Енк, аднак, вельмі папулярнае ў народзе, як нападабляючае гукі.
  18. Смажыць.
  19. Провінц. — носіць.
  20. слуп, аслупець і г. д. — фонэтычна заходняславянізм. Паходзіць ад праслав. - стълб(п)ъ. Прасл. *ъл+зычны — у беларускай мове даюць — оў, напр. — доўгі, коўтаць і г. д. Тады данае слова пабеларуску правільна мусіць быць — стоўб(п). Так у многіх мясцовасьцях і ўжываецца; маем мястэчка — Стоўпцы. Тады — стоўп, стаўпа…
  21. Скарочанае — такі.
  22. Ста́лася.
  23. З тых часоў.