Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/П. Шпілеўскі/Кірмаш у Нясьвіжы
← Засьцянковы губэрнер | Кірмаш у Нясьвіжы Нарысы Аўтар: Павел Шпілеўскі 1922 год Пераклад: Максім Гарэцкі |
К. Каліноўскі → |
КІРМАШ у НЯСЬВІЖЫ.
(З „Падарожы“).
Кажучы аб Нясьвіжы, няможна нічога не сказаць аб знамянітым яго кірмашы на Міхаля. Гэтак завецца кірмаш дзеля таго, што пачаў адбывацца пры Міхалу Радзівілу і даўней адбываўся на Міхалаўскай гарэ. Цяпер ён бываець пад гэтаю гарою, пачынаецца 26 верасьня і цягнецца два тыдні. Сюды перасяляецца блізка што ўсё места і перакачоўваюць мястовыя купцы і мяшчане з сваімі крамкамі. На працягу вярсты стаўляюцца розныя будкі і робіцца нейкае часовае качэўе. Зьяжджаюцца гандляры й купцы з Пінску, Давыд-Гарадка, Глуска, Мозыра, Менска, Бярэсьця, Вільні, Кіева і Варшавы. Найболей жыды прывозяць красныя тавары, шкло, фарфор, фаянс; пінчукі, мозырцы, давыд-горадцы і наагул паляшукі прывозяць бяз ліку вазоў вяленае ці капчонае рыбы, альнянога семя, шчэці, смалы, воску і вырабленых скур і падошваў. Між імі зьмяшчаюцца маскоўскія (вялікарускія) купцы і татары клецкія й менскія. Тут-жа прымашчаваюцца з сваймі будачкамі так званыя карабейнікі (таму, што ходзяць з карабамі) — з абразамі, бісюрам і калёрнымі паясамі. Наагул кірмаш нясьвіскі даволі значны: ён для беларускага краю амаль ня тое самае, што ніжнегародзкі для маскоўскіх губэрняў. На гэты кірмаш зьяжджаецца суседняе і навет дужа далёкае шляхоцтва, таксама засьцянковыя шляхтуны… Яны дужа прыкметны на кірмашы: крычаць у балаганах, халяруючы плёскаюць далонямі ў тэатрах, блутаюцца нагамі ў скоках, п’юць рэчыцкія вымаразкі ў карчмах і расхаджаваюць па кірмашы з бізункамі, грэбліва паглядаючы на пасэсарчукоў (дробныя рандары хвальваркаў), якія сустракаюцца тут бяз ліку, цэлымі грудамі і зварочуюць увагу на сябе кожнага сваймі даўгімі шарачковымі сурдутамі, з сотняю складачак на стане (таліі), вялізарнымі паркалёвымі каўнерчыкамі, якія закрываюць вушы і тырчаць, быццам рогі, падстрыжанымі вусамі і з месяц няголенымі падбародкамі.
Ня меней зварочуюць на сябе ўвагу ўсякага й цыганы, што ходзяць з мядзьведзямі, і гожанькія цыганкі, забаўляючыя кірмашовую грамаду рознымі фокусамі й скокамі.
Але цікаўней за ўсіх тут нясьвіскія сяляне й сялянкі, якія адзначаюцца чыстаю вопраткаю й даволі самавітым выглядам. Яны ўжо ня носяць сьвітак і брудных лапцяў, валеных капялюшоў і намётак, а апранаюцца ў нейкія капоты з сіняга сукна і сукеначкі з паркалю ня дужа пстрыкатага; заместа намётак беларускіх, сялянкі носяць на галовах калёрныя хусткі, даволі хораша завязаныя над самым лобам і на патыліцы. А як зграбненькі, прытны і рухлівы яны! Ня меней за іх вёрткі і сяляне нясьвіскія: усё народ ахайны, здаровы, бойкі і разьбітны, але не скандальны і ня дзёрзкі.
Арыгінал: | Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму. |
---|---|
Пераклад: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |