Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/П. Бахрым/Гутарка Данілы з Сьцяпанам

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Заграй, заграй, хлопча малы… Гутарка Данілы з Сьцяпанам
Верш

1922 год
Размова пана з мужыком пасьля прыгону
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гутарка Данілы са Сьцяпанам.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГУТАРКА ДАНІЛЫ З СЬЦЯПАНАМ.

Зышоўшысь Даніла сьвятым днём з Сьцяпанам,
Харошай пагодай селі пад парканам,
Ды й ну-ж талкаваці, ды й ну-ж гаварыці,
Што далей з нас будзе, як мы будзем жыці.

Гавораць на сьвеце, у голас талкуюць,
Ад ксяндза, ад жыда усе людзі чуюць,
Што вольнасьць нам, бедным, дасьць цар без адкладу,
Толькі што з панамі не дайдзема ладу.

Чаго адны хочуць, то другім няміла,
Як чорт перад д’яблам, пражэцца іх сіла,
Цар ім патурае, а яны хітруюць,
Змовіўшысь з сабою, цару так талкуюць:

„Пане найясьнейшы, што з гэтага будзе,
Даўшы усім вольнасьць, кажан тое згудзе,
Што мужык бяз пана быць ніяк ня можа,
Паб’юцца, паколюць, сьцеражы Ты, Божа;

Над ім трэба што дзень з кнутам стаць над каркам,
Розгі каб ляжалі возам за хвальваркам,
Гразы як ня будзе ад двара над хамам,
Заб’юцца, паколюць на век вякоў амэн!

Мужык без гарэлкі перабыць ня можа,
П’яны ня уступіць, сьцеражы Ты, Божа,
А як стане біцца, кала яму трэба,
Хоць дзяцём у хаце няма куска хлеба.

А як пана мае, то мужык баіцца,
Хоць кары ня возьме, то хоць надрыжыцца,
Бо знае, што пан іх за усё скарае;
З хама ніц[1] ня будзе, як пана ня мае“.

От, браце, паны як падлыгаць умеюць,
Прад царом у вочку на нас плесьці сьмеюць,
Ім гэта нясмашна костка ў горле стане,
Як мужык бяз пана вольнасьці дастане.

Што хочуць, то баюць, лгуць, як самі знаюць,
Верыць ім цар сьмела, яны ласку маюць,
А мы, бедны, браце, церпім скрозь няволю,
Праклінаем жыцьце, сваю горку долю.

Праўда, што ня чулі дзяды ні айцове,
Каб над мужыкамі ня былі панове,
Ды цяпер на сьвеце ўсё іначай строяць,
Ужо на сярмягі ды сурдуты крояць.

Трэснуць яны, лопнуць, ужо іх ня будзе,
Бо ўжо рэчы сталі у цара у людзі:
Каб быў мужык волен, ды цар яго панам,
Каб ня сьмеў ніколі зваць пан яго. хамам.

Будзе тое, браце, дажджом, мой Сьцяпане,
Што пан на нас скажа: мой каханы пане.
Мы на іх ня глянем і шапкі ня здымем,
Хоць блізка нас будуць, ня кланяўшысь мінем.

Годзе і ураднік хванабэр’і строіць,
Каўбасы, пячэні на тарэлцы кроіць,
Перастане клікаць стоража, старожкі,
Каб сухіх давалі дрэвак пад трыножкі;

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Вады, каб прынесла сьвежае з крыніцы,
Каб міскі і ложкі падала бяленькі,
Саганы і рондлі, як люстра, ясьненькі.

Вычвараць ня будзе за пражу і ніці,
Перастане тоўчы, папіхаць і біці,
Ня будуць ганяці вайты ад паўночы
На прыгон, заліўшы гарэлкаю вочы;

Пакіне нас лаяць за касьбу, гараньне,
За жніво, грабеньне і стагоў складаньне,
Што часам спазьніўся стаці да работы,
Што робіш памалу, як-бы без ахвоты.

А як часам прыдзеш чаго папрасіці,
Нямаш чым гараці, нямаш чым касіці:
Будзь ласкаў, паночку, паратуй ў прыгодзе —
Аж ён крычыць, лае — нямаш канца, годзе.

А каня ці хлеба дастаць вельмі трудна:
Пан сам нездаровы, пані нешта нудна,
Прыдзі другім разам — а тымчасам ў полі
Ня зробіш у пору работы ніколі,

Бо і на прыгоне нямаш чым рабіці,
І ўдома на полі ні на парог выці:
Ідзі, хоць ты трэсьні, не паспагадаюць,
Ніякае ўвагі над намі ня маюць.

Дажджом рабі дома, пагода як блісьне,
Душа а ніводна у хаце ня пісьне,
На прыгон бяз шчоту з сярпом і з касою,
Валэ да гараньня, коні з бараною.

Той — паліць вугольле, той рыбу лавіці,
Таму сянаваці, кусты церабіці,
Той павязе водку, а той муку, збожжа —
Работ загадаюць, сьцеражы Ты, Божа!

Таму сена грабіць, таму стог складаці,
Таму торпы класьці, таму падаваці —
Згінь, прападзі, ліха! Да чорта работы,
Дзіва, што ня стане часам і ахвоты!

Прыдзе восень, зараз: „Дай дзякла!“ — ганяюць,
Грыбэ, яйцы, куры толькі адбіраюць
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Адсып магазыну, аддай да зярняці,
Хоць бяз куска хлеба аставайся ў хаце,
І чынш і падаткі аддай без адкладу,
На рэкрута, пана — нямаш складкам ладу!

На стойкі, дарогі ганяюць ў нядзелі,
Каб яны у жыцьці пацехі ня мелі!
Чаму на старожу прысьці апазьніўся?
Чаму ты сякеры, рыдля ўзяць забыўся?

Дзе твой мех,. . . . . . . . . . . ., рэшата і сечка?
За што там/такое з войтам была спрэчка?
Браварну старожу адбывай бяз шчоту,
Там і ў дзень і ў ночы ня скончыш работу!

А ў валоўні, як чорт у пекле, таўчыся,
Нямаш там спагадзі, ці плач, ці маліся.
Ці дождж, ці завея, ці мароз найбольшы,
Чым горша надвор’е, то тым прыказ горшы.

Ўставай да работы парою, бяз спрэчкі,
Выцягнуць з-пад лавы, сьцягнуць цябе з печкі:
Ты йдзі малаціці, ты у млын малоці,
Картоплю садзіці, ты ідзі палоці.

Таму быдла пасьвіць, а таму гавечкі,
Ты да коп на варту, ты ідзі да грэчкі,
Ты ступай да коні, а ты за сьвіньнямі,
Малая да качак, больша за гусямі.

Як чорта піхаюць, ўсюды слухаць трэба,
Часта нямаш калі зьесьці куска хлеба,
Днём стравы ніколі цёплай не скаштуеш,
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Полудзень кароткі, сапнуць няма часу,
Ад цівуна, войта досьць крыку, галасу;

І, як чорт, ураднік сярдзіты і злосны,
Погляд быстры, строгі і голас даносны,
Як стане посвойму лаяць і крычаці,
То душа і з целам мусіць раставаці;

А на злосьць як трапіш, то пачысьціць зубы,
Схопіш аплявуху, аж кроў пойдзе з губы,
Чупрына ня пэўна, бо падскубе куса,
Паправіць бароду і падскубе вуса.

А што надасьць страху, а што надрыжышся,
Ці плач, ці скач прад ім, ці як хоць маліся,
Ніц то не паможа, чакаць канца мусіш,
Хоць праўда, аднак-жа, языка прыкусіш.

— Зараз каркі скруцяць! гэта ім урвецца,
Хванабэрства згіне, панства іх мінецца.
Няхай дасьць Бог толькі вольнасьці прыждаці,
Будуць паны самі сьлёзкі палыкаці;

На полі, дзе колісь сох было як маку, —
Ня знойдуць загона і ральлі ні знаку, —
Ўсё ляжа адлогам, лазы будзе воўку,
Зьвяжуць паны скора бяз людзей галоўку;

А па сенажацях ня пойдзеш за лесам,
Бо хто-ж касіць будзе? Хіба ён сам з бесам!
Прыгон як урвецца й талакі ня стане,
Скончыцца адразу іхна панаваньне;

Тады яны хіба, што бяда, пазнаюць,
Бо цяпер ніколі нам не спагадаюць:
Ідзі, толькі, хаме! От і ўся гаворка!
З нашай працы грошы складаюць да ворка[2].

Дай нам, Божа, толькі скоранька прыждаці,
Каб маглі спакойна пасядзеці ў хаце,
Пана не баяцца і войта загаду,
Было-б у нас болей і дабра і ладу.

Не адзін сказаў-бы: „Мой пане Сьцяпане,
Будзь ласкаў, сягоньня прыдзі на гараньне,
Заплачу, што хочаш, водкай пачастую,
А для тваіх дзетак гасьцінца дарую;

Калі ласка, заўтра падбяжы з касою,
Жонка, дочкі з серпам, а сын з бараною,
Наўперад і грошы, бо мне раз плаціці,
Бо я цябе знаю, ня ўмееш круціці“.

А ось калі ліха, як вужа, прыцісьне,
Не адзін застогне і не адзін пісьне,
Бо годзе над намі зьдзекавацца срога,
Прыдзе і на пана караньне ад Бога.

Яны нас глумілі, плакаць не давалі,
Вінен ці ня вінен, без канца каралі,
А цяпер ім самым тое дастанецца,
Што нам дасюль была, то на іх шчаўпецца.

Няхай дасьць Бог цару нашаму здароўя[3];
Няхай нашай долі скаштуюць панове;
Няхай яго роду Бог шчасьце гатуе,
Што ён нашу брацьцю вольнасьцю даруе.

А тым паном нашым, што нас вельмі дралі,
Даў-бы Бог, каб тое на сабе дазналі:
Галоднаму сыты спагадаць ня мусіць,
Пакуль бяды гэтай сам ў губе ня ўкусіць.

Вось тагды пазнаюць, па чаму хунт ліха,
Як ваўкі пад лавай, ня улежаць ціха,
Паскрабуць чупрыну, як ня стане хлеба,
Як Бог і цар схоча, мусіць, так і трэба.

Можа-б болей бздырыў[4] Сьцяпану Даніла,
Але на пагібель войта накруціла,
Як стаў загад строіць, як пачаў крычаці,
Мусілі гаворку сваю перастаці.



  1. Нічога.
  2. Мяшка.
  3. Сялян упеўнілі ў добрай волі цара, і пасьля сьмерці Аляксандра II-га, ад рукі рэволюцыянэраў, яны думалі, што забілі яго паны за вольніцу.
  4. Казаў з развагаю.

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.