Вот цяпер які люд стаў:
Хіцер, зол, няўдал, лукаў!
Сябе любяць ўсяго болі,
Па сваёй ідуць ўсе волі.
Над скарынкай хлеба млеюць,
Даць галоднаму жалеюць;
Гоняць беднага з двара,
Хоць якая будзь пара…
Хто бяз грошы і бяз хлеба,
Тых людзей і нам ня трэба.
А калі ды хто багат, —
Кожнаму і сват і брат.
І пан цягнець за багатым,
Калі судзіць брата з братам.
Багач скрыўдзіў, ён і праў;
Бедны скрыўджан — і прапаў,
Выйграць справу яму трудна.
Нуднаму усюдых нудна!
К спраўніку ён не даб’ецца,
Толькі шыі дастаецца.
К сэклетару бяз прыносу
Не патыкай бедны носу.
Было-б то над чудам чуда,
Каб бядняк праў выйшаў з суда.
Хто абодраны і нагі,
Таму ніякой увагі,
А адзетага багата
Маець пан за пана-брата.
Хоць і ён крутнёй разжыўся,
Добра сьлёз людзкіх напіўся,
Ды чэсьць ад усіх яму,
Калі прыдзець ён к каму.
А бядняк душой будзь чэсьцен,
Ён і злодзей і бязчэсьцен.
Свой свайго у нас бывала
Не дапусьціць а ні мала
Да зьнявагі, ды крыві,
Хоць ты вока яму рві.
А цяпер і між сваімі
Горшы, чым-ся між чужымі.
Няма ладу, няма міру,
Кожны сабе глядзіць к віру.
Няма двара, няма хаткі,
Каб было бяз жаднай звадкі.
Згоды між бацькоў няма,
Гневаюцца задарма.
Дзеці з бацькіна прыкладу
Між сабой ня маюць ладу:
Нападаець брат на брата,
Родным брацьцям цесна хата.
Гоняць сэрца, гоняць злосьць,
Грыжа, як ў сабак за косьць.
Сястра сястры — клятбы досіць, —
Каб прапала, Бога просіць!
Дзеці часта бацьку лаюць,
Клянуць матку, зьневажаюць.
А убраўшыся у сілу,
Гоняць бацьку у магілу.
Самі смашна жруць і п’юць,
Яму поліўку даюць.
Шкода ім для бацькі хлеба,
Як-бы есьць яму ня трэба.
Бацьку свайго за абедам
Называюць дармаедам.
А другі такі ёсьць шэльма,
Што, свае заліўшы бельма,
І рукам сваім дасьць волю,
На сваю ня помніць долю.
Свайго бацьку пхаець з хаты. —
Ёсьць-жа сын такі пракляты!
Ўсёгды завісьць маець голы,
Што ў суседа хлеб і пчолы.
А вот сквапны: свайго досіць,
А чужую траву косіць,
Чужыя снапы бярэць
І цераз мяжу гарэць;
Хоць свайго аж надта маець,
А чужое ўсё хапаець.
Збожжа маець хоць ў запасе,
Ды ня вызваліць ён ў часе.
А пазычыць, то на тое
Квапіць квоты ўзяць удвое. Сьвет увесь ён, каб прымеў,
Ён к сабе саскрэсьці-б меў.
Дзіва-ж, што зладзейскі вочы
Лезуць красьці ў клець уночы!
Многа, што на праўду плююць,
Кулаком пад нос тым суюць,
Хто па праўдзе скажаць ім;
Не заві яго ліхім,
Не кажы, што ён сваволіць, —
Праўда, кажуць, вочы колець!
Не па праўдзе прысягаюць,
Не па праўдзе выцягаець
У беднага аканом
Быццам праўду бізуном.
Не па праўдзе бедных гоняць,
Й не па праўдзе суд свой клоняць.
Запытайся праўды ў судзе,
Паглядзім, што з таго будзе!
Многа ёсьць таніх на сьвеце
Што па злосьці ліха плеце
Язычком сваім паганым,
Сваіх брацьцяў перад панам
Уядаець нізашто,
Каб ды самаму за то
Ласку заслужыць у пана.
Пан паслухаець сата̀на,
Зьдзярэць сьпіну аж да пят,
Хоць-бы хто й невінават.
Або ў некруты нябогу,
Або ў цяжкую налогу,
Або ў дальны трудны пуць
Злыя людзі упякуць,
Ох, наш брат ёсьць і такі,
Што ў яго і нраў ліхі.
На таргу прадасьць воз сена,
А што ўзяў, ў карчме ўсё села.
Ўдвору з п’янымі вачамі,
Вернець з голымі рукамі,
Я ўдварэ за тое-ж зельле,
Трэба ўзяцца за пахмельле.
Колькі трэба, намалоціць,
У карчомку ўсё валочыць;
Рэшту, калі будзець што,
На гарэлку прэць і то.
Там ён днюець і начуець.
Там дадуць яму і есьці, З голаду-ж ўдварэ[1] мруць дзеці
Прыдзець ўдвору дужа п’ян,
Ды і норавам паган:
Жонка ці зачнець сварыцца,
Ён кідаецца к ёй біцца.
Усіх разгоніць да ’днаго,
Каму дзела да яго?
Перад ім і пан ня пан.
Сам сабе ён пан, як п’ян.
Хто такога зьдзержаць мусіць?
Калі хто чаго укусіць,
Не пакінець да магілы.
Пакуль жывы, пійце жылы.
Сьпіўшысь, двара[2] ня пільнуець,
Гдзе начуець, а дзе днюець,
П’ець, пакуль зубы сатнець
Ці на холадзе засьнець.
Адмарозіць рукі-ногі,
Тады вечны ён убогі.
Пойдзець прасіць пагарэлым,
Быццам ў агні абгарэлым,
Тоіць, што цераз сваволю
Гэтаку нажыў нядолю.
Недалужны небарак —
Дражнець па дварах сабак.
Абвандруець усе сёлы,
Босы, ка́лека і голы…
Хто пабожан, дасьць убогу,
Зжаліўшысь к яму, нябогу,
А ён, што ў дзень сабярэць,
Ў карчму на гарэлку прэць, —
Пакуль з холаду, калекі,
Пад плятнём засьнець навекі.
|