Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/В. Дунін-Марцінкевіч/«Пінская шляхта»
← „Вясна, голад“… | „Пінская шляхта“ П’еса Аўтар: Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч 1922 год |
В. Каратынскі → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пінская шляхта. |
(1866 г.)
АСОБЫКручкоў — станавы прыстаў.
Пісулькін — яго пісарчук.
Ціхон Пратасавіцкі | Пінская ваколічная шляхта. |
Акуліна — яго жонка. | |
Марыся — іх дачка. | |
Іван Цюхай-Ліпскі. | |
Грышка — яго сын. | |
Цімох Альпенскі | |
Базыль Статкевіч. | |
Харытон Куторга. |
Дзесяць іншых асоб.
Дзесяцкі.
Рэч адбываецца ў ваколіцы О…. паміж балотаў, у глушы Пінскага павету. Сцэна паказвае шляхоцкую ваколіцу. Гаспадарскія будынкі раздзелены садамі. З боку сцэны — хата заможнага гаспадара; пры ёй − лаўка.
Марыся (седзячы на лаўцы, прадзе і прыпявае)
Цяжка жыці мне, дзяўчаці, |
Ой, так! Няхай ганіць бацька, няхай лае маці, а я люблю Грышку і любіць яго век буду. Ой, бедныя ж нашы галованькі!.. Што гэта за дур напаў на бацькоў? П’яныя завяліся ды пабіліся з сабою за шляхецтва, а мы з Грышкам праз тое гаруем і ныем. Яго бацька падаў на майго ў суд скаргу[1], і сягоньня прыедзе ў ваколіцу найяснейшая карона[2] на прасоку[3]. У ім цэлае наша спасеньне. Як прыедзе, дык мы з Грышкам паклонімся яму ў пояс ды будзем прасіць ды маліць, каб ён пагодзіў нашых бацькоў ды каб яны дазволілі нам пажаніцца. А ён такі сярдзіты, не дапускай Ты, Госпад! Як наставіць адзін вус угору, а другі ўніз ды крыкне: па найясьнейшаму ўказу! — бацькі спалохаюцца ды зладзяць нам вясельле… Ды што гэта зрабілася Грышку? (Грышка паціху паказваецца з-за дрэва, крадучыся да Марысі). Баюся, каб не паўставалі бацькі, — нельга было б пабачыцца з ім. (Устае і, пахаджаючы па сцэне, гаворыць): Ой, Грышка, Грышка! Ты штось цяпер зрабіўся вельмі лянівы. Табе, пэўна, сэрца цяпер так ужо ня ные па мне… Як прыдзе, дык пакажуся перад ім сярдзітаю.
ЗЬЯВА ІІ-ая.
Грышка і Марыся.
Марыся. Ах, Грышка, нядобры! Як ты спалохаў мяне, — гневаюся ня жартам!..
Грышка. Гневаешся? Няпраўда! А чаму-ж ты на мяне так міленька пазіраеш?
Марыся. Так, са злосьці!.. Нягодны, дзе ты забаўляўся? Гэта-ж зараз прыдуць бацькі, а мы так многа маем з табою перагаварыць.
Грышка. Выбачай, мілая Марыся, — чуць золак, я зьезьдзіў ужо да места, кінуўся ў ногі асэсару і прасіў, каб ён узяў нас пад сваю апеку.
Марыся. Што яго прасіць з голымі рукамі? Трэба было завезьці які гасьцінчык.
Грышка. Дык я-ж завёз яму двух зайцоў, тры пары цецярукоў ды кадобчык мёду. Ён усё прыняў ласкава і сказаў, што сёння-ж прыедзе на разборку справы майго бацькі з тваім. Ой, наварылі бацькі сабе кашы, будзе што есьці! Ён вельмі сярдзіты, бо адзін вус калом угору стаў. Будзе вазьня!
Марыся. Дай Бог, каб гэта каша нам зубоў не папрышчыла!
Грышка. Ён дакляраваў зрабіць нам вясельле. На Богу ды на ім — уся наша надзея.
№ 2. Дуэт.[4]
Паклаўшы надзеі на Бога, |
ЗЬЯВА ІІІ-ая.
Тыя самыя, Ціхон Пратасавіцкі і яго жонка Куліна.
Ціхон. Хрэн табе ў вочы, — жонка, а жонка! Хадзі ды паўзірайся, як дачка твая з Грышкам Цюхайчыкам галубіцца.
Куліна. (За сцэнай). Хто? Дачка? Бойся Бога, ды яна-ж яшчэ малая! (Уваходзіць).
Ціхон. Які чорт малая! Хрэн табе ў вочы, — хадзі палюбуйся!
Марыся. Якая-ж я малая, калі мне на Спаса скончыцца семнаццаць год?!
Куліна. Маўчы ты, хітрая лісіца! Бачыш ты, як яна скора палічыла гады!
Ціхон. Ах ты, чортаў сыну, — хрэн табе ў вочы! Ня годзе таго, што бацька да жывога мяне пакрыўдзіў, назваўшы ня шляхціцам, дык яшчэ сынок дачку нам баламуціць.
Грышка. Дык я-ж яе люблю і хачу з ёю жаніцца.
Ціхон. Ось я цябе так пажаню, як твайго бацьку! Жонка, а жонка! Дай мятлу, — хрэн табе ў вочы!
Грышка. Што хочаце, тое рабіце, а ўсе-такі Марыся будзе мая! (Да Марысі): Бывай здарова! (Выходзячы, спатыкаецца з Куторгай і зьбівае таго з ног. Марыся ўцякае ў хату)
ЗЬЯВА ІV-ая.
Тыя-ж і Куторга.
Куторга. Ах ты, паганец! (Устаючы). Татарын ты няхрышчоны! Вот зьбіў мяне, як швэдаў Хадкевіч пад Кіргольмам. Пачакай-жа, я-ж табе не дарую гэтай штукі, — не цяпер, то ў чацьвер. (Вітаецца). Дзень добры, пане Пратасавіцкі! Здарова, пані Пратасавіцкая! (Цалуе яе ў руку). Відно, відно, — дзякуй Богу! Здаровы, як рыжкі баровы… А я к вам з вялікаю навінаю. Ня ведаеце? Толькі што пан асэсар прыехаў, а такі сярдзіты, — не дапускай, Госпад! Як ліхі татарын. Як толькі ўехаў у ваколіцу ды стаў каля Бэркі, дык зараз і закрычаў: дзесяцкіх, соцкіх! Сабраць усю шляхту да Ціхона Пратасавіцкага ды каб Іван Цюхай-Ліпскі прышоў з сынам туды-ж.
Ціхон. Хрэн яму ў ночы, — будзе бяда, будзе! Гэты сабака, Ліпскі, падаў на мяне ў суд, што я яго адлупцаваў, дык вот і асэсара прыслалі. Ну абдзярэ, як ліпку!
Куторга. Вот дзіва, — на тое ён і асэсар! Заўваж толькі — у яго й рукі даўжэй, як у другіх людзей. Ты ведаеш яго прыказку: чырвонае-белае ўсё перадзелае.
№ 3.
Гдзе унадзіцца юрыста, |
Ціхон. Хрэн табе ў вочы! Добра табе прастарэкаваць, калі няма на шыі бяды. Ось скажы лепш, што рабіць? Пане Куторга, ты-ж такі пісьменны чалавек, — можаш падаць разумную раду.
Куторга. А прымеце-ж чэсна маіх сватоў да вашай Марысі?
Куліна. Бойся Бога, пане Куторга, — яна-ж яшчэ маладзенькая! Гэта-ж дзіця горкае.
Куторга. Дык чаго-ж чакаць! Гэта, кажуць, кепскі тавар: мый ды чашы, потым сьпяшы, — заплаці каму, каб вывез з даму.
Ціхон. Добра, пане Куторга, — бяры сабе дачку, і пасаг дам, толькі зрабі ласку: выцягні з бяды.
Куторга. Як чорта з балота. Куліна. Парадзь, пане Куторга, — ты-ж такі чалавек бывалы і па судох цягаўся.
Куторга. Ну, я гатоў вам саслужыць дружбу, — толькі як ваша дачка захімэрычыцца ды адцураецца ад мяне, то што тагды? Вы-ж ведаеце прыказку: даганяючы не нацалавацца.
Ціхон. Ратуй, ратуй, пане Куторга! Марысю ты ладом угамоніш, — чалавек ты разумны. Як падпусьціш лёстачак, як падплывеш селезьнем, дык яна і расплывецца.
Куторга. То ведаеце што, пане Пратасавіцкі? Як прыдзе к вам асэсар, то стаўляйце мяне ў сьведкі; хоць я і ня бачыў, але буду сьведчыць, што ён цябе біў, а ты толькі бараніўся. Ня жаль для Марысі скрывіць душою. Толькі-ж, пані Пратасавіцкая, прышліце сюды Марысю, каб я мог з ёю пагаварыць ды ўгаманіць дурную, бач, каб ня цуралася разумнага чалавека.
Куліна. Памагайце толькі майму Ціхону, а ўжо Марыся будзе ваша; я ёй сама ладом напілую вушы… Пойдзем, Ціхон, прыгатуемся, каб пагаспадарску прыняць найясьнейшую карону. А ты, пане Куторга, пачакай, — зараз прышлю Марысю. (Выходзіць з Ціхонам).
ЗЬЯВА V-ая.
Куторга (адзін).
Куторга. Ну, хвала Богу, бацькоў удалося атуманіць! Цяпер трэба пайці ў галаву па розум, каб дзеўку амарочыць. Прынадны, бач, кусочак! (Цалуе пальцы, як-бы смакуючы). Тварык — як сонейка яснае, шчочкі — як малінкі красныя, губкі — моў тыя каралі, а як засьмяецца срэбным галасочкам ды вышчырыць зубкі — то здаецца, бачыш два пэрловыя шнурочкі. Ды і пасаг мае гаспадарскі: адна ў бацькоў, а стары грошы асьмінаю мерыць; у гумне поўна, у хаце дастатак і абора багата. Добра гутарка кажа: калі абора цячэ, гаспадыня бліны пячэ, а калі гумно цячэ, гаспадар з хаты ўцячэ. Дык няхай-жа дзень у дзень блінамі гасьцей прымае. Праўда, век ня сходжы: я ўжо шосты дзесятак дажываю, а яна — семнаццаты гадок. Будзе клопату нямала, — о-ей! Ня раз пачашу патыліцу… Дык што-ж рабіць? Ня я першы, ня я апошні, — дурных дзядоў нямала на Божым сьвеце.
№ 4.
Хто на старасьць парыскуе, |
Так, так! У цяперашнім разумным веку хочаш спакойна жыць? Будзь філёзофам: бачыш — ня бачыш, чуеш — ня чуеш, — ба, ба, бы! Ды вось і Марыся ідзе сюды. Якая красачка! А ну, Куторга, падпусьці ей лёстачак…
ЗЬЯВА VІ-ая.
Марыся і Куторга.
Куторга. (Салодка пасьмяхаючысь, заляцаецца). Дабрыдзень, панна Мар’яна!
Марыся. (Саромліва). Дабрыдзень, пан Куторга!
Куторга. А як панна Мар’яна прыгожа выглядае, які сьвежы тварык, моў рожачка толькі што з пучка! З якой нецярпячкай я ждаў шчасьлівага мамэнту, каб пацалаваць беленькую ручку панны. (Падыходзіць з камічнай зграбнасьцю і цалуе руку Марысі. Тая, адступіўшы назад, абцірае руку хвартушком). Панна Мар’яна! Вы ня чуеце, вы ня ведаеце, як вас крэпка люблю, як па вас ныю.
№ 5. Романс.[5]
Рвецца маё сэрца да красьненькай розы, Як ня бачу панны, жыцьце мне — магіла, Як цетраў ў лясочку жаласна балбоча, Дам табе я зэгар вялікі, як рэпа, |
Марыся. (Перабіваючы). А ведаеце ад чаго гэта, пане Куторга? Ад старасьці! Ды ты ўжо нямала пажыў, — пара аб дзяўчатых перастаць думаць, а маліцца Богу, каб даў спасеньне.
Куторга. (У гневе). Стары, стары!!
№ 6. Дуэт.
Кажаш, што я ладам стары, — Малады-ж — часта няшчэры, |
Марыся.
Ды што мне з мужа старога?! Грышка мой — хлапец матарны, |
Куторга.
Але Грышка твой няшчэры, |
(Пад час сьпеву ўваходзіць станавы з Пісулькіным і хаваюцца па бакох, каб падслухаць іх размову).
Куторга. Бач, сабака Грышка! Ён клешчам упіўся табе ў сэрца, ды нічога з таго ня будзе. Бацька твой дакляраваў мне тваю руку за тое, што я буду сьведкам проціў Цюхая-Ліпскага. Найясьнейшая карона прыехаў на прасоку па жалабе Цюхая на твайго бацьку, што ён яго пабіў; і калі ты пойдзеш за мяне, дык я гатоў і душою пакрывіць, ды паказаць на сьледзтве, што бацька твой ня біў Цюхая; а калі маё ня ў лад, то я з сваім назад. Заспрачайся толькі, дык я зараз буду сьведкам проціў твайго бацькі. Уехаў твой родны ў нерат — ні ў зад ні ў перад. Папаўся юрысту ў кіпці, — высьсе ён яго, як вупыр непамысную дзяўчыну. А калі-б яму і ўдалося перапрасіць найясьнейшую карону, то не канец яшчэ бядзе. Ведаеш, што кажуць людзі: чорт бяду перабудзе — адна згіне, дзесяць будзе. Справа ў суд як пойдзе, дык так дапякуць юрысты, моў баравіку на вугольлях, — адцураецца і сваіх.
Марыся. Дарма ты мяне палохаеш! Мы з Грышкай паклонімся ў пояс найясьнейшай кароне, дык ён пагодзіць нашых бацькоў, а табе за крывое паказаньне дасьць харошую гонку.
Куторга. Што?! Ты думаеш я баюся асэсара? Ды я такой задам яму пары, што ён не згадае, дзе ўюны зімуюць. Я чалавек бывалы, маю розум і патраплю ладом яго вывесьці ў поле, як зайчыка пад хартоў.
ЗЬЯВА VII-ая
Тыя самыя, Кручкоў і Пісулькін.
(Кручкоў падыходзіць ціха к Куторзе і б’ець яго па плячу; Пісулькін-жа з камічнаю ухваткаю падыходзіць да Марысі, каторая сарамліва і баючыся кланяецца).
Кручкоў. Дык ты мяне думаеш вывясьці ў поле? Хочаш навучыць, дзе ўюны зімуюць! Пачакай-жа, галубчык! Я ж цябе навучу, куды няправых сьведкаў садзяць! Гэй, дзесяцкі!
Куторга. (Спуджаны). Ваша благароднае сіяцельства! Найясьнейшая карона! Ды я-ж толькі сабе жартаваў, — вот страшыў дурное дзяўчатка, каб яна прызволіла пайці за мяне замуж. Бацькі бласлаўляюць, а яна казырыцца, — дык я вось так здуру сказаў ёй.
Кручкоў. Здуру хочаш крыва прысягнуць? А знаеш, чым гэта пахне? Па ўказу ўсяміласьцівейшага цара Пятра Вялікага 1779 года аўгуста 10-га і па Статуту Літоўскаму разьдзела 3-ага параграфа 375-га гэта ўгалоўнае праступленьне, Сібірам пахне. Сібір, Сібір, галубчык! Гэй, дзесяцкі! (Дзесяцкі ўваходзіць). Пасадзі гэтага малайца ў асобную сьвятліцу, ды глядзі, каб ён ня бачыўся ні з кім, а, барані Божа, з гаспадаром не згаварыўся.
Куторга. (Выходзячы з дзесяцкім). Наясьнейшая карона! Бойцеся Бога, ня губіце беднага чалавека! Мала што язык малоў, — добра прыказка кажа: млын меле — мука будзе, язык меле — бяда будзе. Выбачайце майму дуру!
Кручкоў. Якому дуру? Ты-ж чалавек бывалы й нядаўна хваліўся сваім розумам.
Куторга. (З баковых дзьвярэй). Які тут у чорта розум, калі так неасьцярожна папаўся ў бяду, як швэд пад Палтавай! (Выходзіць з дзесяцкім).
ЗЬЯВА VIII-ая
Тыя самыя, апрача Куторгі.
Кручкоў. Ну, пане Пісулькін, — пакінь, ваша, заляцаньне, а бярыся за дзела. Тут, брат, нам харошае жніво!.. Гэй, дзесяцкі! (Той уваходзіць). Пастаў тут пасярэдзіне стол ды накрый яго судовым сукном. (Дзесяцкі выпаўняе прыказаньне). Харошая пагода, можна й на дварэ папрацаваць. Садзіся, пане Пісулькін, ды прыбяры бумагі. (Пісулькін важна садзіцца, вымае корак (заткальца) з чарнільніцы, разьбірае паперы і іншыя падае станавому, каторы садзіцца таксама пры стале, задам к Пісулькіну, а потым гаворыць да Марысі). Ну, Марыся, хадзі сюды бліжэй ды кажы мне шчырую праўду, — ты-ж бачыш, што ў мяне вусы не ната пыраны, дык я і не сярдзіты, — кажы, любіш ты Грышку Ліпскага?
Марыся. (Саромяючыся і перабіраючы хвартушок). Ну дык што?..
Кручкоў. За што-ж ты яго палюбіла?
Марыся. Сама ня ведаю, — вот так штось прыпаў к сэрцу. Ды як-жа яго ня любіць, калі ён малады, прыгожы хлопец, а сэрца ў яго залатое.
Кручкоў. Дык хош за яго замуж выйці?
Марыся. (З сарамлівасьцю). Але, хочу… калі за яго не пайду, то ўжо век мне, беднай, гараваці дзеўкай. Найясьнейшая карона! Зьлітуйцеся над намі ды стварыце наша шчасьце! (Кланяецца яму).
Кручкоў. Чаго-ж ты хочаш ад мяне?
Марыся. Найяснейшая карона! Скончце дзела няшчаснае між нашымі бацькамі не па судоваму, а па хрысьціянскаму абычаю: пагадзіце іх з сабою, — няхай больш ня індычацца, ды прымусьце, каб яны нас з Грышкам злучылі. Найясьнейшая карона! (Кланяецца яшчэ ніжэй і жаласьліва кажа далей). Ты-ж такі, хоць чалавек судовы, чыноўны, ды, пэўна, верыш у Бога, — дык дзеля ласкі Божай сатвары ты нам ласку, зладзь нашае шчасьце, а мы век будзем за цябе, тваіх дзетак і ўнучкаў Бога прасіць.
Кручкоў. Но, но, мілая, будзь спакойна! Я хоць чалавек, як кажаш, судовы, але ўсё зраблю па-хрысьціянску ды яшчэ на тваім вясельлі паскачу… Гэй, дзесяцкі! (Той уваходзіць). А чы, сабралася шляхта з ваколіцы?
Дзесяцкі. Усе сабраліся, хто з курыцаю, хто з кадобчыкам мёду, а хто з сушанаю рыбай. Чакаюць, што ваша міласьць ім прыкажа.
Кручкоў. Добра! Няхай усё аддадуць хурману ды спакуйце там добранька ў возе… Ты пакліч сюды Ціхона Пратасавіцкага з жонкаю. А Цюхай-Ліпскі з сынам ёсьць?
Дзесяцкі. Цюхай, апроч мёду й рыбы, прыцяг дзесяць вянкоў сушаных баравікоў, а сын яго — капу ражынкаў ўюноў.
Кручкоў. Добра, добра! Усё ўпакаваць асьцярожна! Ды кліч усіх сюды!
(Дзесяцкі выходзіць. Кручкоў строіць фурыозную фізыяномію: адзін вус ставіць угору, другі ўніз, З глыбіны сцэны выходзіць шляхта, баіцца, кланяецца нізка і хаваючыся адзін за другога. З баковых дзьвярэй выходзіць Ціхон Пратасавіцкі з жонкаю. Марыся зыходзіцца ў глыбі сцэны з Грышкам і ціха шэпчуцца паміж сабою).
ЗЬЯВА IX-ая
Тыя самыя і Ціхон Пратасавіцкі, яго жонка, Цюхай-Ліпскі, яго сын Грышка, Цімох Альпенскі, Базыль Статкевіч і інш. шляхта.
Ціхон. Жонка, а жонка! Будзе бяда! Паглядзі, як у найясьнейшай кароны вус адзін уніз, а другі ўгору задраўся? Ідзі ты наперад ды пакланіся яму, хрэн яму ў вочы.
Куліна. Што ты мяне пасылаеш! Ты сам наварыў піва, сам і папівай здароў, — я баюся.
Ціхон. Ты — жанчына, хрэн табе ў вочы, — ён-жа цябе ня зьесьць! Азьмі гэтыя грошы, — тут іх пяць дзесятак, — пакланіся ў ногі ды палажы на стол; ён-жа юрыста, не адчураецца грошай, — тагды і дзела пойдзе, як па салу.
Куліна. Ну, што рабіць, — папытаю. (Яна боязна падыходзіць, кладзе грошы на стол, пасьля кланяецца станавому нізка). Найясьнейшая карона…
Кручкоў. Тише! (Куліна са страху адыходзіцца ад стала ды хаваецца за мужа; Кручкоў, трымаючы паперу, устае ды не пазіраючы на шляхту гаворыць): По указу Пинскаго земскаго суда отъ 23-го мая сего года за № 2312 прибылъ я въ околицу для разслѣдованія уголовнаго дѣла о побояхъ, нанесенныхъ Тихономъ Протосавитскимъ Ивану Тюхаю-Липскому… Ліпскі, маеш сьведкаў?
Ліпскі. Маю, найясьнейшая карона.
Кручкоў. Пусть выступятъ впередъ! (Трое шляхтаў выходзяць наперад). Пратасавіцкі, за што ты яго біў?
Ціхон. Дык ён-жа назваў мяне мужыком, — хрэн яму ў вочы.
Кручкоў. Маеш сьведкаў?
Ціхон. Маю Куторгу.
Кручкоў. Яго ня можна ставіць — ён пад судом. (Абярнуўшыся да сьведкаў Ліпскага). Вы бачылі, як Пратасавіцкі біў Ліпскага?
3-ы сьведкі. (Боязна кланяючыся). Бачылі, найясьнейшая карона!
Кручкоў. (Абярнуўшыся да іншай шляхты): А вы бачылі?
Усе іншыя. Не, ня бачылі, найясьнейшая карона!
Кручкоў. Ну, дык добра! Сьледзтва кончана, цяпер будзе суд, а наўперад: по указу всемилостивѣшей государыни Елисаветы Петровны 49-го апрѣля 1893-го года и всемилостивѣйшей Екатерины Великой отъ 23-го сентября 1903-го года, а равномѣрно въ смыслѣ Статута Литовскаго раздѣла 8-го, параграфа 193-го, коймъ назначается въ пользу суда отъ тяжущихся гривны. Обжалованный Протосавитскій имѣетъ заразъ-же уплатить пошлинъ 20, прогонныхъ 16 и на канцелярію 10 рублевъ. Жалующійся Липскій въ половинѣ того, сьведкі, каторыя бачылі драку, а не баранілі, — па 9 рублёў, а вся прочая шляхта, што ня бачыла дракі, за тое, што ня бачыла, — па 3-ры рублі. Плаціце! (Садзіцца на месцы ды піша; шляхта шэпчацца паміж сабой, пасьля выбраны ўсімі зборшчык, Ціхон Альпенскі, падыходзіць да Пратасавіцкага, Ліпскага і іншае шляхты, зьбірае грошы і, злажыўшы іх у вадзін мяшок, падносіць, баючыся, да станавога ды кладзе на стол).
Ціхон. (Адлічыўшы зборшчыку грошы, калі той пашоў зьбіраць ад другіх). Э… глядзі ты! Як ён на бяду нашу ўсе ўказы й законы, як рэпу, грызе і не заікнецца, — хрэн яму ў вочы!
Куліна. Чаго тут дзівіцца? Відаць, судовы чалавек, дык ён на тым і зубы згрыз, — такая, бач, парода.
Кручкоў. (Як Альпенскі палажыў на стол грошы). А ўсё?
Альпенскі. Да капеячкі, найясьнейшая карона!
Кручкоў. Ладна, ідзі! Зараз будзе дэкрэт.
Ціхон. Ух, Госпадзі! Што гэта будзе, — хрэн яму ў вочы?!
Куліна. А што будзе? Вядома, юрыста, — абдзярэ ўсіх дачыста ды й паедзе з Богам да хаты.
Ціхон. Хрэн табе ў вочы, — каб прынаймні шкура была цэла, ато як дабярэцца да яе, будзе нячысты інтэрас!
Кручкоў. (Устае і выходзіць з папераю на сярэдзіну сцэны). Слухайце з увагаю!.. (Усе кланяюцца). Буду чытаць дэкрэт. (Ізноў кланяюцца). По указу его импера́торскаго величества, во временномъ присутствій, въ комплектѣ, составленномъ изъ участковаго засѣдателя и его письмоводителя, слушали дѣло, коего обстоятельства слѣдующія: Иванъ Тюхай-Липскій назвалъ Тихона Протосавицкаго мужикомъ; тотъ за такую обиду побилъ Липскаго, на что сей послѣдній представилъ и свидѣтелей. Разслѣдовавъ таковое дѣло, временное присутствіе, сообразно указу всемилестивѣйшаго государя Петра Великаго, въ 1688 г. марта 69-го дня послѣдовавшаго, и примѣняясь къ Статуту Литовскому раздѣла 5-го параграфа 18-го, — опредѣлило: а) Тихону Протосавицкому, какъ уголовному преступнику, назначается 1-е) 25 лозъ на голой землѣ безъ дывана[6] и 2-е) штрафа 25 руб. въ пользу временнаго присутствія. б) Ивану Тюхаю-Липскому, какъ нанесшему личное оскорбленіе Протосавитскому, назначается 1-е) 15 лозъ на дыванѣ и 2-е) 15 руб. штрафа въ пользу временнаго присутствія; в) свидѣтелямъ, которые видѣли драку и не разняли дерущихся, 1-е) по 10 лозъ на дыванѣ и по 10 руб. штрафа въ пользу временнаго присутствія; д) всей прочей шляхтѣ, которая не видѣла драки, за то, что не видѣла, а тѣмъ самымъ не могла и разнять дерущихся, назначается 1-е) по 5 лозъ на дыванѣ и по 5 руб. штрафа въ пользу того-же присутствія. Напослѣдокъ: г) примѣняясь къ указу ея величества Анны Іоанновны 1764 г. октября 45-го числа, за не гербовую бумагу, употребленную и имѣющуюся по сему дѣлу, — Протосавитскій 5, Липскій 3, свидѣтели по 2, а все прочіе по 1 рублю уплотять… Кончено! Цяпер зборшчык няхай зьбірае грошы, пасьля-жа прымемся за лазу. (Падыходзіць да столу і ўглыбляецца ў паперы).
Ціхон. У…у…у… бацьке мае родныя! Хрэн яму ў вочы, — 25 лоз ды яшчэ й не на дыване, а на голай зямлі! Даў-бы сто рублёў, каб дыван падаслалі. (Кручкоў нібы-то ўглыбляецца ў чытанне папераў; зборшчык зьбірае грошы, пачынаючы ад Пратасавіцкага, каторы, аддаўшы зборшчыку грошы, падкрадваецца к Пісулькіну, адклікае таго ў бок і савае 25-руб. бумажку).
Ціхон. Дабрадзею, ратуй няшчаснага ды навучы, як ад лазы збавіцца!
Пісулькін. (У бок, разглядаючы бумажку). Харашо быць пісьмавадзіцелем у разумнага чалавека, маляваныя госьцікі! (Па- казваючы на бумажку). Самі ў карман лезуць, ня нада й рук выцягіваць. (Да Ціхона). Ня ведаю, што рабіць! Ён сам баіцца, каб, зрабіўшы вам палёгку, перад судом не адказваць. Але папробуйце. (Тут падыходзяць другія шляхты і слухаюць яго рады). Злажыце яму добры гасьцінчык, а вось паквапіцца? Пагаварыце з сабою і злажыце, а я, тымчасам, папрабую ўгаманіць яго. (Падыходзіць да Кручкова і шэпча, той злосна адказвае).
Кручкоў. Не магу, не магу! Знаеш, по всемилостивѣйшему указу нашаго государя 1881 года сентября 75-го дня какой вялікі адказ за поблажку сторонамъ въ уголовномъ преступленій!? Ня толькі пасаду магу страціць, но і лічнасьць подвергнется опасности.
Ціхон. Жонка, а жонка, — хрэн табе ў вочы! Прынясі шкураны мяшок, што ляжыць у кубле з грэчкаю; там ёсьць сто рублёў, трэба выкупіць шкуру. Ох, даражэй яна каштаваць будзе, — хрэн ёй у вочы!
Куліна. Што? Нацярушыў бяды, а цяпер расплачывайся. (Выходзіць ды праз мінуту варочаецца з мяшком).
Грышка. (Да бацькі). А ну, бацька, рассупонь свой мяшок ды вынь якіх рублёў з 50, — можа і тваю пашануюць шкуру. (Да іншае шляхты). І вы разварушыцеся: каторыя бачылі драку — па дзесяць, а каторыя ня бачылі — па пяць рублёў, — злажыце ў кучу ды паднясіце найясьнейшай кароне. Дык ён зжаліцца над вамі і дзела кончыць, вось як яны, людзі судовыя, умеюць: і воўк будзе сыты і козы цэлы. (Шляхта зьбірае грошы, пасьля, зложаныя ў адзін мяшок, аддаюць Грышку, падпіхаючы яго да станавога і ўгавараваючы, каб ён асьмеліўся аддаць іх Кручкову і прасіць дараваць ім).
Ліпскі. Ідзі ты, сынку, — палажы на стол ды прасі і малі, каб ён памілаваў нашу шкуру ды скасаваў строгі свой дэкрэт.
Грышка. Бачыце, бацька, як нядобра, што вы зводзіцеся з суседамі. Добра, я асьмелюся падыйці, толькі каб вы пагадзіліся з Ціхонам ды каб паслалі ад мяне сватоў к яго дачцы Марысі.
Ліпскі. Д’ябал яго бяры! Няхай толькі ўладзіцца дзела, а я не адкажуся. Ідзі прасі! (Грышка з аднаго, а Пратасавіцкі з другога боку боязьліва падыходзяць да стала, пры каторым Кручкоў нібы-та ўглыблёны ў чытаньне папераў, ды кладуць мяшок з грашыма; Грышка, дужа кашлянуўшы, кланяецца нізка станавому ды гаворыць).
Грышка. Найясьнейшая карона! Мы — ад веку пінская шляхта і ты шляхціц. Ня глумі-ж, ня пэцкай у балоце шляхецкай, братняе табе, крыві! Скасуй срогі твой дэкрэт, на сорам нашай ваколіцы пісаны, — паміры майго бацьку з Ціхонам, сатвары маё і Марысі шчасьце, а мы ўсе, цэлаю ваколіцай, век за цябе будзем Бога прасіць і век табе дзякаваць!
Пісулькін. И я вас прошу, ваше благородіе, — пусть подадутъ мировую, и концы въ воду.
Кручкоў. (Да Пісулькіна, але голасна). Хорошо! Для васъ это сдѣлаю, приму грѣхъ и отвѣтъ на себя… Ціхон Пратасавіцкі і Цюхай-Ліпскі! Падыдзіце сюды бліжэй. (Тыя падыходзяць, за імі Грышка і Марыся). Абніміцеся і пацалуйцеся на згоду, — ну, што-ж? (Марыся свайго бацьку, а Грышка свайго папіхаюць, каторыя потым абнімаюцца й цалуюцца з сабою). Ціхон! На згоду, каб быў крупнік![7]
Ціхон. Гатовы, найясьнейшая карона! Схадзіце, жонка й Марыся, ды прынясіце, — хрэн вам у вочы. (Куліна й Марыся ідуць у хату).
Кручкоў. Вы думаеце, што мне міла зьняважаць кроў шляхецкую? Я-ж сам шляхціц, вам родны, але што-ж рабіць? Служба — ня дружба. Законы, міленькія, законы! Годзячы вас, бяду на сябе бяру; толькі пад такою кандыцыяй, каб Ціхон з Ліпскім навек з сабою памірыліся ды каб я з-за вас ня ўлез у нерат. Канечне трэбую, каб тут-жа пры мне дзетак сваіх зручылі, а там і павянчалі. (Тут Куліна і Марыся ўносяць дзьве міскі гарачага крупніку ды ставяць на стол з кубкамі). Ну што, Ціхон, — аддасі за Грышку сваю Марысю?
Куліна. (Ставячы). Гарачая, ой, гарачая, найясьнейшая карона!
Кручкоў. Вот я тут зараз цэлую справу кончу. Налівайце кубкі! (Куліна з Ціхонам наліваюць, падаюць Кручкову, Пісулькіну і ўсім іншым). Грышка, любіш ты Марысю? Хочаш з ёю да шлюбу?
Грышка. Ой, хочу, вельмі хочу! Найясьнейшая карона! Бог мяне пакарай, калі я ня дам ёй шчасьця адружыўшыся.
Кручкоў. А ты, Марыся, любіш Грышку? Хочаш з ім век дзяліць шчасьце і гора? (Марыся, засароміўшыся, паварочваецца тварам да сьцяны ды дзёрпаець яе пальцам). Ну, што? Чаго маўчыш?
Марыся. А ўжо-ж, калі маўчу…
Кручкоў. Дык — хочу? Ладна! Любіш ты Грышку?
Марыся. (Сарамліва). Але…
Кручкоў. Крэпка яго любіш?
№ 7. Романс.
Марыся.
Найясьнейшая карона! |
Кручкоў. Ну, калі так крэпка яго мілуеш, дык ужо няма чаго раздумваць. Панове бацькі! Трэба іх злучыць, а то новае ўгалоўнае дзела зваліцца на вашы голавы. Пане Ліпскі, чы прымаеш, ваша, мяне за свата для свайго сына?
Ліпскі. Ды ўжо-ж, найясьнейшая карона! Задумалі дзела то й канчайце яго з Богам, — я рад буду блаславіць.
Кручкоў. Дайце сюды ручнік! (Падаюць, а ён закідае яго сабе на плячо). Ну, вот я і сват! Што, панове Пратасавіцкія, — аддаеце вашу дачку за Грышку?
Ціхон. Такога свата трудна ня ўважыць. Хадзі, жонка, хадзі, пане Ліпскі, — хрэн табе ў вочы! Паблаславім дзяцей, а там потым адгуляем вясельле. На пасаг дам два гарцы грошай і шляхецкую худобу, а па сьмерці-ж нашай — самі ўсё забяруць.
Куліна. Ды й на выправу не пашкадуем, — яна-ж у нас ядыначка: што маем, тое ўсё яе, каб толькі Бог даў ім шчасную долю… (Бацькі сходзяцца і злучаюць маладым рукі).
Кручкоў. Вот так добра! Цяпер, панове бацькі, падпішыце міравую і злажыце міравых пошлін па тры капейкі. (Тыя падпісваюцца трымя крыжыкамі, Пісулькін за іх расьпісуецца).
Альпенскі. (У бок). Ня быў-бы судовы чалавек! Пабраў рублі ды яшчэ па капейкі сягае. У іх ужо такая натура: без капеяк і чверцяў, як бяз солі ў страве, ніяк не абойдуцца; капейкі й чверці — да скарбу, а рублі — сабе.
Кручкоў. Дзесяцкі! (Той уваходзіць). Прывядзі сюды Куторгу! (Дзесяцкі выходзіць). Ну, што-ж, — налівайце ізноў кубкі ды вып’ем за здароўе маладой пары.
Усе. (Падымаючы ўгору кубкі). Будзьце здаровы, маладыя! Дай Бог вам век з сабою шчасьліва пражываць!
ЗЬЯВА АПОШНЯЯ.
Тыя самыя і Куторга.
Куторга. (Кланяецца ўсім). Дзякуй, дзякуй, панове грамада! Буду старацца ўшчасьлівіць Марысю.
Кручкоў. Маўчы, стары хрэн, не аб табе тут ідзе дзела! Бяры кубак ды выпі за здароўе маладых — Грышкі Ліпскага з Марысяю, і падзякуй Богу, што так лёгка вырабіўся ад суда.
Куторга. Дык гэта ня я малады? Не за маё пілі здароўе?
Кручкоў. Пакінь, стары, думаць аб жаніцьбе, а заматай сабе на вус, каб крэпка дзяржаць язык за зубамі.
Куторга. Ой, найясьнейшая карона! Буду сабе часта браць на розум філёзофскую, прыказку: на тое Бог даў людзям язык, каб умець маўчаць. (П’е з кубка).
Кручкоў. Дзесяцкі! (Той уваходзіць). Коні гатовы?
Дзесяцкі. Запрагаюць, найясьнейшая карона! (Выходзіць).
Кручкоў. Ну, панове шляхта-брацьця! Я вам родны, я вам брат, дык на прашчаньне вып’ем яшчэ па кубку крупніку, засьпяваем нашу родную песьню ды паскачам на заручынах. Пане Куторга, у цябе яшчэ ня вельмі курыцца чупрына, — ты вядзі пункты, а мы пакруцімся, прыпяваючы.
Усе. Віват, наш брат, найясьнейшая карона!
№ 8.
Хор.Эй-чух! чумандра,
Чумандрыха весяла!
Куторга.Нашы Пінскі вакаліцы —
Жыцьце хоць цару, царыцы!
Ўсяго досыць — прызірніся:
Еж, пі, хоць расьперажыся.
Хор.Эй-чух! чумандра,
Чумандрыха весяла!
Куторга.Ёсць гарэлка, луста хліба,
Уюны й сушона рыба.
Чаго ж болей людзям трэба?
Пінчуку тут даў Бог неба!
Хор.Эй-чух! чумандра,
Чумандрыха весяла!
Куторга.Як зьбяром дабро дачыста,
Завязём на торг да міста,
Тады квартаю — чырвонцы,
Гарцам мерым — карбавонцы.
Хор.Эй-чух! чумандра,
Чумандрыха весяла!
Куторга.Дзяўчаты нашы, як лані,
Харашэйшы, як ясны пані.
Зіркне катора — маспане! —
Сэрца з-пад жабра дастане.
Хор.Эй-чух! чумандра,
Чумандрыха весяла!
(Чуваць звонікі. Шляхта, ап’янелая, хістаецца па сцэне без парадку; гутарка агульная бяз сэнсу; Куторга пасярэдзіне сцэны раняе з рук кубак і засынае; Кручкоў бярэ ўбок Альпенскага і кажа яму):
Кручкоў. Ведаеш, што на цябе казаў Статкевіч?
Альпенскі. А што?
Кручкоў. Ён казаў, што ты не шляхціц.
Альпенскі. Што? Ён мяне так зневажае? Вось я ж яму пакажу маё шляхецтва.
Кручкоў. Не пры мне, — як паеду, тады з ім расправішся! (Адыходзіцца, бярэ ўбок Статкевіча.) Знаеш? Цябе Альпенскі аблаяў мужыком.
Статкевіч. Ён сьмеў назваць мяне мужыком? Мне сам Юры Кабылінскі падпісаў грамату, — дык я ж на шкуры яго выпішу сваё шляхецтва! (Шугаецца да Альпенскага і пачынаюцъ біцца.)
Ліпскі. Найяснейшая карона! Шляхта напілася і завялася біцца. Бойцеся Бога, раздыміце, а то і з вас штраф будзе належаць!
Кручкоў. Не ка мне, не ка мне, — няхай у суд падаюць, тагды прыеду на следства! Бывайце здаровы! (Выходзіць з Пісулькіным.)
Ціхон. Віват, найяснейшая карона!!
Усе. (Апроч тых, што б’юцца). Віват, найясьнейшая карона!!..
(Заслона апускаецца, пакідаючы на перадзе сцэны Куторгу; той прачынаецца).
Куторга. Што? Ужо разышліся? А там чутна й бойка! Добра прыказка кажа: пінска шляхта як нап’ецца, то напэўна падзярэцца. (Да публікі). Ды вы ўжо, найясьнейшыя панове, спаць хочаце? А што? Ня праўда! Дык:
№ 9.
Найясьнейшая публіка! |
- ↑ Пажаліўся.
- ↑ Даўней асэсараў, або заседацеляў, а потым станавых прыставоў — дзеля таго, што першыя выбіраліся падчас шляхоцкіх выбараў, а другія назначаліся урадам, — пінская шляхта вялічала найясьнейшай каронай.
- ↑ Сьледзтва.
- ↑ Пяюць удваіх.
- ↑ Параўнаваць з попьска-беларускімі вершамі 18-га веку.
- ↑ Бяз дывана — бяз посьцілкі. У даўнейшыя часы, калі каралі шляхціца розгамі, палажыўшы яго на голай зямлі, бяз дывана, — лічылася для яго вялікай зьнявагаю.
- ↑ Крупнікам завецца пітво, прыгатаванае на агню з гарэлкі і патакі з рознымі прыправамі.
Арыгінал: | Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму. |
---|---|
Пераклад: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |