Перайсці да зместу

Хлебаробства ў Беларусі ў даўные часы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хлебаробства ў Беларусі ў даўные часы
Навукова-папулярны артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1914 год
Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 38, 25 верэсьня 1914 г., б. 3-4

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Хлебаробства у Беларусі у дауные часы.

Найдаўнейшые вядомасці аб хлебаробстві на Беларусі—аднеосячыеся да сярэдзіны XVI сталецьця, знаходзім у летапісца Александра Гвагніна, у яго кроніцы у кнізе III.

Найперш, пішэ Гвагнін, ральлю вырабляюць такім спосабам: каля сьвят Петра і Паўла, лясы і хварасьнікі цярэбюць; мейсцы расцярэбленые, зазвычай, «лядамі» называюць. Калі настане весна, зара пасьля Вялікадня, выцярэбкі, падпаляюць. І на тэй выпаленай зямлі сеюць пшаніцу, зверху толькі яе пабарнаваўшы. Гэтак там, пішэ Гвагнін, і ячмень сеюць, толькі што драбнейшые лясы пад ячмень выбіраюць і лепшые землі. А на гэткім лядзе падрад 6 а часам 8 гадоў сеюць без ніякіх гнаёў.

Жыта-ж сеюць на зіму, на гэткіх самнх землях, пажаўшы сперша пшаніцу ці ячмень, — толькі на жыта два разы зямлю плугам пераорываюць. Сеяць пачынаюць каля Першай Прачыстай (15 жніўня) і сеюць да другой Прачыстай (8 верасьня). Жыта сеюць азімае і ярае. Апрача гэтаго спосабу сеяньня, сеюць ешчэ і другім спосабам: на выпаленым лядзе сеюць зярно вясной, узяўшы дзьве часці ячменю і адну часць жыта. Дасьпеўшый ячмень, гэтаго ж году пажынаюць, а жыта у іржышчы пакідаюць да другога году. На ураджайны год бывае такое жыта, што на каню чуць праз гушчэчу тую пераехаць можна і з аднаго зерна бывае часам трыццаць і болей каласоў.

«А усе землі Русьнякі аруць, зазвычай упрагаючы аднаго каня у плуг, бо земля, сама па сабе тучная і мяккая там».

Яе віцаць з гэтаго апісаньня, у палавіне XVI сталецьця, у нас велася найболей лядовая гаспадарка. Сеялі на сьвежых выпаленых лядах 6-8 гадоў падрад, ня гноючы, а пасьля зямлю закідалі пад сенажаць, ці пад лес і вырубалі новае лядо. Аднак лядовая гаспадарка не была выключэнай формай гаспадараньня; З рэвізорскіх рэестроў даведываемся, што землі дзяліліся на 4 гатункі, а Статут Літоўскі успамінае аб ураджаях на гнойнай зямлі і на простапольлі (зямлі бяз гною).

Аралі сохамі, баранавалі смыкамі, каторые рабілі с сучыстых яловых планак. Збожжа складалі у гумнах, каторые называлі тады «грыднямі», і «еўнямі»; вымалочэнае зярно ссыпалі у «засекі» па клецях, або па лясох у сухіе ямы, выложэные у сярэдзіне бяростай. Калёсы рабілі не ўжываючы ніводнаго зялезнаго цьвека, суздром дзерэўляные і ніколі кол не мазалі. Перэд маладзьбой збожжа, як і цяпер, сушылі ў асецях.

«Пры ўсіх хлебаробскіх работах народ на Беларусі мае звычай сьпеваць, прычым кабеты пачынаюць песьні». Адмечае Гвагнін.

Статут Ліўоўскі 1588 году аблічае ураджай з марга літоўскаго[1] на гнаю: пшаніцы—6 коп, жыта—5 коп, ячменю—6 коп, аўса—4 капы. Жыта на простапольлю (бяз гною)— 3 капы з марга. Капа жыта выдавала, меней болей 1 бочку[2].

Зямлю пры рэвізорскай ацэнцы 1557 г. дзялілі на чатыры гатункі; валоку зямлі першаго гатунку цанілі 21 грош[3], валоку сярэдняй зямлі—8 грошы і валоку пяскоў—6 грошы.

Збожжа цанілі—паводле расцэнкі тагож Статуту Літоўскаго 1588 г.—жыта і пшаніцы капа 20 грошы, а бочка жыта 24 грошы, ячменю капа 10 грошы, аўса капа 8 грошы, гароху капа 10 грошы, грэчкі капа 8 грошы, бобу капа 8 грошы.

Дзень рабочы, чэлавека с канём, у каралеўшчынах цаніўся 5 грошы; пешый рабочый дзень 2 грошы. Дзень рабочый у дварох шляхоцкіх, чэлавека с канём 3 грошы а пешый рабочый дзень 1½ грошы.

Паншчына з валокі была у тым часе у маетнасцях каралевы Боны, 2 дні у тыдзень с канём, ці пеша (як загадаюць) і за землі першаго гатунку, чыншу: 20 грошы і бочку жыта, ці замест жыта 10 грошы, аўса 2 салянкі, або замест аўса 10 грошы. За сярэдніе землі, апрача паншчыны, даплачывалі чыншу 15 грошы і па салянцы жыта і аўса; за землі горшые чынш: 12 грошы і салянку жыта.

Апрача гэтаго селянін з валокі павінен быў адбываць талаку: 6 дзён з упражкай, старожу і даваць чародные фурманкі.

(Далей будзе).

Власт.


  1. Морг літоўскі, 1/30 часць увалокі (валокі), меў у сабе 1464 кв. расейск. сажні 164 кв. фут. 94 кв. дюйм. і 33,6 кв. лін.
  2. Віленская бочка тапіла у сабе 4 карцы, карэц павінен быў тоўпіць 6080 парыжскіх кубічн. дюймоў. У пераводзе на расейскую меру бочка раўнялася 17,5588 расейскім чэцьвёрыкам.
  3. Літоўская грыўня таго часу мела ў сабе 43,18 грамоў серэбра, у пераводзе на цаперэшніе расейскіе грошы раўнялася 2 р. 40 кап. Грыўня дзялілася на 60 (капу) грошэй шырокіх, с каторых кожны меў у сабе 12 грошы малых, або шэлягоў, або на цяперашні лік грош раўняўся 4 капейкам.