Перайсці да зместу

У капцюрох Г.П.У. (1937)/Салоўкі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Востраў Мяг Салоўкі
Аповесьць
Аўтар: Францішак Аляхновіч
1937 год
Кемь

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




САЛОЎКІ.

Новыя варункі жыцьця.

Нараніцы ўгледзілі мы востраў з узьнімаючыміся к небу царкоўнымі вежамі: мы пад‘яжджалі к таёмным Салоўкам. Лоўка абмінуўшы густа раскіненыя меншыя астраўкі, „Нева“ ўвайшла ўрэшце ў порт.

Назначылі нас у трынаццатую роту, якая кватэравала ў былым праабражэнскім саборы, падзеленым дзеля гэтага на тры паверхі. Разгасьціліся мы тут проста на падлозе, бо нараў для нас не хапіла. Назаўтрае ўсю прывезеную з Мягу групу вязьняў — з малымі выняткамі — пагналі на возера Пэрт — ізноў на лясныя работы. Да лічбы гэных шчасьлівых выняткаў належаў і аўтар гэтых радкоў.

Вострау Салоўкі мае ў папярэчыне ад 17 да 28 кілямэтраў. Ён густа зарос хударлявым ельнікам ды бярэзьнікам, мае каля 500 азёраў, у якіх водзіцца шмат рыбы. Некаторыя з гэтых азёраў — у часох, калі на востраве быў праваслаўны манастыр, — манахі пазлучалі невялікімі каналамі, і гэтак на ўсім востраве наладзілася камунікацыя вадой. Апрача таго, на Салоўках была вузкакалейка, якая злучала розныя пункты вострава...

Краявід тутака маляўнічы — асабліва ўвосені, калі лісьцястыя дрэвы ўбяруцца ў залатыя калёры, што сьветлымі плямамі адбіваюцца на цёмнай зелені елак.

Лавіць рыбу ў салавецкіх азёрах вязьням строга забаронена, бо ў вазёрах бальшавікі гадуюць ондатру, — нешта кшталтам пацука, шэрасерабрыстая хутра якое цэніцца вельмі дорага. Ондатры жывуць у вадзе, як бабры, і легка пападаюцца на кручок, закінены на рыбу.

Цэнтрам салавецкага жыцьця ёсьць гэтак званы „Крэмль“; гэта — камплекс былых манастырскіх будынкаў, акружаных навакол таўстым мурам. Колішнія цэрквы, саборы, цэлі манахаў — усё перароблена на памяшчэньні дзеля вязьняў. З пяцёх брамаў, якія вядуць у гэту крэпасьць, толькі адна адчынена для вязьняў; пры ёй і ўдзень, і ўначы стаіць варта, пускаючы толькі тых вязьняў, якія маюць выданыя ўладамі пропускі.

Крэмль разам з навакольнымі будоўлямі прадстаўляе як-быццам самаздавальняючаеся мястэчка, у якім ёсьць розныя неабходныя дзеля вялікшага згуртаваньня людзей установы. Дык ёсьць тутака гарбарня, закладзеная ашчэ тады, як на востраве жылі манахі, ёсьць фабрыка, якая вырабляе неабходныя для салавецкіх параходаў мэталёвыя часткі, ёсьць электроўня, цагельня, кравецкія й шавецкія варштаты, тартак, млын, ганчарня; тутака-ж дабываецца торф і вядзецца сельская гаспадарка, якая — з прычын лішне кароткага лета — разводзіць адно толькі бульбу, капусту, рэпу ды моркву. Збожжа не дасьпявае. На марскім узьбярэжжы ў бараках жывуць рыбакі, якія дастаўляюць вастрожнай адніністрацыі сьвежую рыбу, а што йшчэ важней — выяжджаюць на лоўлю знамянітых салавецкіх селядцоў, якія тут-жа і соляць, запакоўваюць у бочкі да высылаюць. Бо салавецкія селядцы празначаны на экспорт. Толькі вышэйшая адміністрацыя на Салоўках мае права на гэтыя „ласоткі“: вязьням іх не даюць.

У-ва ўсіх гэтых установах і прадпрыемствах працуюць толькі вязьні: яны тутака і за інжынераў, і за аграномаў, кіраўнікоў, кнігаводаў, майстроў, работнікаў. Бо тут сустракаюцца прадстаўнікі самых рознародных прафэсіяў: прафэсары, артысты, інжынеры, музыкі, лекары, акрабаты, зямляробы, танцоўшчыцы, работнікі, ксяндзы, папы, афіцэры старое расейскае арміі, судзьдзі з царскіх часоў, а побач з імі — зладзеі, бандыты, усялякія афэрысты, прастытуткі, чэкісты, хабарнікі і інш.

Мала таго: большую частку надзірацеляў набіраюць спасярод вязьняў. Гэтак званы вольны нагляд (з невязьняў) складаюць ледзь некалькі дзесяткаў асоб. Рэшта — гэта былыя чэкісты ці бальшавіцкія вайсковыя, якіх выслалі ў лягер за розныя праступкі, ды якія выпаўняюць адпавядаючыя іх спэцыяльнасьці абавязкі. Як і вольныя наглядчыкі, яны маюць стрэльбы і даўгія савецкія шынелі, з тэй толькі розьніцай, што на каўняры замест чырвонае адзнакі носяць чорную. І трэба сцьвярдзіць, што гэтыя нявольныя наглядчыкі былі шмат стражэйшыя, шмат больш вымагаючыя і — шмат менш гуманітарныя ў адносінах да сваіх таварышоў — вязьняў, чым наглядчыкі вольныя. Бо на Салоўках заведзена такая сыстэма, што кожны, хто меў нейкую ўладу, прыгнятаў тых, хто яму падлягаў: дзясятнік бязьлітасна адносіўся да звычайнага работніка, кіраўнік прадпрыемства быў пастрахам для ўсіх ніжэйшых працаўнікоў. Кожны стараўся выслужыцца, падлабуніцца начальству, дастаць нейкую палёгку — ці то дазвол жыць у асобнай каморцы пры прадпрыемстве замест у агульнай, поўнай клапоў роты, ці пазваленьне на куплю нейкіх прадуктаў, ці — і гэта было найважней! — папасьці ў сьпісак тых, якім зьмяншалі час адбываньня кары.

Зьмяншаньне кары.

Раз у год, у восені, прыяжджала на Салоўкі камісія з Масквы, якая складалася з вышэйшых агентаў ГПУ з Глебам Бокім, апякуном салавецкага лягеру, на чале. Камісія пару дзён палявала ў салавецкіх лясох, вечарамі банкетавала, а ўрэшце падпісывала сьпісак вязьняў, якім зьмяншалася кара на паўгоду, на год, а часам, й на два гады. Сьпісак быў ужо загадзя прыгатаваны тутэйшым начальствам, дык ня дзіва, што кожны стараўся нечым выбіцца ў вачох гэтага начальства, здабыць ягоную ласку ды такім чынам папасьці ў гэны сьпісак, аб якім усе лятуцяць.

Аднак, ня гледзячы на гэтую сыстэму заганяньня да працы і вызыску людзкое сілы да апошніх межаў, работа не давала пажаданых вынікаў. Заўсёды нешта неўдавалася. Ці то шавецкія варштаты ня выпаўнілі заказаў, прадугледжаных у пляне работ, ці цагельня падвяла, ці йзноў тартак зацягваў выпаўненьне дадзенага яму заданьня, ці нешта іншае кульгала. Ведама, у такіх выпадках за невыкананьне пляну адказваюць займаючыя адказныя становішчы вязьні, і той, хто ўчора пачуваўся панам, сяньне варочаўся да палажэньня звычайнага работніка, або — яшчэ горш! — трапляў у карную роту.

У 1928 годзе на Салавецкім востраве было звыш 10,000 вязьняў. Сярод гэткае вялікае грамады сустракалі мы прадстаўнікоў самых рознастайных нацыянальнасьцяў, якія ўваходзяць, або й не ўваходзяць у склад СССР. Ад якутаў з прыплюснутымі тварамі да сыноў Каўказу з арлінымі насамі, ад фінаў да узбэкаў, ад немцаў да кітайцаў. Бачыў я даволі многа уграў (вэнгерцаў). Пасьля рэвалюцыі ў Вэнгрыі камсамольская моладзь, прыймаўшая ўчасьце ў рэвалюцыйным руху, масова ўцякала ў Расею. Аднак, пажыўшы тутака некалькі гадоў, захацела вярнуцца на бацькаўшчыну, гатовая лепш адбыць пару гадоў кары ў сваей „капіталістычнай“ дзяржаве, чым жыць далей на „волі“ ў краіне „будуючагася сацыялізму“... Вось жа ім ня толькі не далі дазволу вярнуцца на бацькаўшчыну, але заарыштавалі і саслалі на 10 гадоў на Салоўкі. Бо яны лішне многа ведалі аб савецкім гаспадарстве, мелі павагу сярод работніцкіх масаў сваей бацькаўшчыны і маглі-б пашкодзіць камуністычнай акцыі ў Вэнгрыі.

Жанчыны на Салоўках.

Сярод многаязычнае масы сагнаных з усіх канцоў Эўропы і Азіі на Салоўкі вязьняў ёсьць 17 — 18 процантаў жанок. Як і сярод мужчін, бачыш тутака прадстаўніц самых рознастайных нацыянальнасьцяў і клясаў. Ёсьць беларускі і полькі, украінкі і фінкі, башкіркі, якуткі, грузінкі, армянкі, угоркі, немкі і г. д

Ад зладзейкі да прыдворнае дамы, ад прастытуткі да манашкі — усе ступені сацыяльнае лесьвіцы маюць сярод іх свае прадстаўніцтва. Гэтая маса абарваных, пакрытых — як і мужчыны — вошамі жанок месьціцца ў асобным бараку, які мае назоў „женроты“ (жаноцкае роты). І тут, як у мужчын, пануе вастрожны рэжым, жанчына — камандант (вязень) мае тую-ж форму — чорныя кляпы на бушлаце з адпаведнымі бляшанымі нашыўкамі.

Хаця жанкі спатыкаліся з мужчынамі пры рабоце, у канцэлярыях, на тарфянішчы і г. д, — усякае сябраваньне паміж мужчынамі й жанкамі было забаронена. Каралі ня толькі за „любоў“, але й за нявінную гутарку пры спатканьні, за некалькі слоў, за простае прывітаньне. Каралі пераважна 14-дзённым арыштам.

А ўсё-ж такі прастытуцыя працьвітала. Лішне малы быў процант жанок у лягеры, лішне вялікі быў попыт мужчынаў на іх — не паддацца спакушэньню было цяжка.

Жанкі, якія не займаліся прастытуцыяй у шырэйшых межах, мелі па некалькі палюбоўнікаў. Кожны з іх нёс сваей любай, што мог. Пекар краў хлеб у пякарні, той, хто ня курыў, аддаваў свой паёк тытуну, кіраўнік крамкі цішком выносіў одэколонь ці пару паньчохаў, той — жменю цукру, які прызапасіў з пайка, а іншы дзяліўся прысланай ад жонкі з волі пасылкай.

Вельмі часта прывозілі на Салоўкі маладыя пары. Супругаў, ведама, разьдзялялі: яе зачынялі ў „женроце“, яго адсылалі да аднае з мужчынскіх ротаў або й на іншы востраў. Калі супругі й аставаліся на адным востраве, усё роўна спатыкацца ім было забаронена. Калі жонка была маладая і прыгожая, дык ураз знаходзіла паклоньніка сярод вязьняў, маючых уладу, які часамі быў начальнікам яе мужа. Ад яго залежала паслаць нешчасьлівага мужа на такія работы, дзе той лёгка мог галавой налажыць, — жонка ж была аддадзена на ласку ці няласку розных „заваў“ (заведываючых), „начаў“ (начальнікаў) ды іншых спасярод дужых гэтага сьвету, якія стараліся заўладаць ёю.

Упірацца было залішне цяжка...

Месцам сустрэчаў улетку былі зарасьлі салавецкага лесу, узімку — розныя закуткі — тайнікі, якія можна было наймаць у тых, хто меў туды доступ дзякуючы свайму службоваму становішчу. Гэтак хурманы прыймалі „закаханыя пары“ ў стайні на саломе, начны стораж уступаў за грошы сваю будку, тэатральны рэквізытар даваў месца ў складзе рэквізытаў. Здаралася, што кабета — камандант „женроты“ аблягчала аддадзеным пад яе апеку жанчынам сустрэчы з мужчынамі — за грошы. Бывала, што спрытныя й адважныя мужчыны праз вокны „женроты“ пралазілі ў самы барак, каб правесьці ночку побач з сваей „укаханай“... на агульных нарах, рызыкуючы, што начны абход зловіць яго на месцы праступленьня...

Побач з прастытуцыяй цьвіло сутэнэрства. Гэта зусім ня значыць, што сутэнэр быў апякуном і абаронцам сваей карміцелькі: ад каго ці ад чаго мог бы ён яе бараніць — дый як? Не: гэта для жанчыны была папросту патрэба яе сэрца.

Маючы некалькі палюбоўнікаў або, як іх у салавецкай гутарцы называлі: „хахаляў“, якія ці то прыносілі ей ежу або грошы, ці то стараліся аб тое, каб ей давалі лягчэйшую працу, — кабета адчувала патрэбу мець адначасна мужчыну, якому магла-б аддавацца зусім не дзеля карысьці, з якім хацела дзяліцца бедамі свайга штодзеннага жыцьця, выплакаць перад ім сваю трагэдыю ахвяры, кіненай на жыр шакалям. Гэткага пацяшыцеля — пры значнай колькаснай перавазе мужчын на Салоўках — знайсьці было нятрудна, і з гэтым выбранцам свайго сэрца жанчына дзялілася тым, што даставала ад прыпадковых „хахаляў“ за дадзеную ім любоўную ўцеху.

Тут мае пяро на мамэнт прыпыняецца. Баюся, што чытач не паверыць таму, што пішу: гэта-ж такое жудаснае! Аднак, гэта факт — і зусім не выключны...

Жанкі, якія мелі дзяцей пры грудзёх, даставалі дадатковы „паёк“ для дзіцяці: жменьку цукру, крыху малака, кусочак шэрага хлеба. Вось жа здаралася, што маці аддавала гэны дзіцячы „паёк“ свайму „хахалю“, а дзіця... жмакала ўвесь дзень размочаны сьліной маткі драбок чорнаго хлеба.

Для дзяцей больш чым аднаго году існаваў спэцыяльны прыпынак у асобным, чыстым дамочку ў лесе. Паколькі гэта было магчыма, савецкія ўлады стараліся ўзгадоўваць гэных дзяцей як належа. Спасярод вязьняў-жанок набіралі патрэбную лічбу нянек, якім аддавалі дзяцей пад апеку. Прадстаўнікі ўлады часта даведываліся ў гэны прыпынак і пілнавалі, каб дзецям ня было крыўды. Быў час, калі емінныя справы на Салоўках былі лепшыя, — дык тады дзяцей кармілі рыжам, малаком, давалі паддастаткам цукру, ды нават дзіцячая кухня атрымлівала белую пшонную муку. Аднак, цяпер страваваньне лягеру наагул гэтак пагоршылася, што і дзіцячая страва мала чым адрозьніваецца ад стравы дарослых, галоўную складовую частку якое прадстаўляе соленая рыба.

Здаралася, што жанчына мела сувязь толькі з адным мужчынай. Аднак, характэрнай рысай гэткіх сувязаў была іх кароткая трываласьць. Калі аб гэткай сувязі даведывалася ўлада, дык гэткую пару звычайна разьдзялялі: яе або яго высылалі на іншы востраў. У выніку гэтага — колькі сьлязінак пры разлуцы (найчасьцей — назаўседы!), і — ён знаходзіў новую пацяшыцельку, яна — іншага „хахаля“.

„Женрота“ зьмяшчалася ў двупавярховым драўляным будынку за мурамі „Крэмля“ — пры магільніку. У 1927—30 гадох расстрэлы адбываліся звычайна зьмярканьнем на магільніку. Тады жанчыны ў бараку тушылі агонь і праз вокны прыглядаліся да экзэкуцыі, якая адбывалася на магільніку пры сьвятле ліхтарняў.

Раз (было гэта ў 1930 годзе) здарылася, што на магільнік прывялі на расстрэл былага чэкісту С., „хахаля“ пані П. Ён кіраваў ляснымі работамі на Салоўках і быў засуджаны на кару сьмерці за службовыя надужыцьці. Пані П. (да рэвалюцыі — жонка міліянэра, расейскага фабрыканта) праз акно сваей камеры прыглядалася разам з таварышкамі да экзэкуцыі. Ведама — быў плач, спазмы, абамленьне, чуханьне...

А праз два тыдні пані П. пацешылася па сваей утраце. Новы „зав“ заступіў свайго папярэдніка.

Жывуць скромна толькі жанчыны калекі ды старыя бабы.

Разьвітая прастытуцыя выклікае значнае пашырэньне вэнэрычных хваробаў. Асобы, якія стаяць блізка да санітарных спраў у лягеры, кажуць, што каля 80 процантаў жанок хварэе на розныя вэнэрычныя хворасьці, але толькі палова іх шукае лекарскае помачы. Дый паміма гэтага нястача лекаў не дае магчымасьці змагацца з вэнэрычнымі хваробамі.

Усё лягернае жыцьцё плыве пад сьцягам агіднае маскоўскае лаянкі. Лаюцца будзячыся зо-сну, лаюцца, ідучы на работу і варочючыся з работы, лаюцца ў калейцы на абед, лаюцца, калі радуюцца і калі сумуюць, адным словам — пры кожнай нагодзе. Але такое агіднае лаянкі, якую чуваць у сьценах „женроты“, рэдка пачуеш у мужчынскіх ротах. Жанчына заўсёды і ўсюды бывае больш сварлівая за мужчыну, а ў лаянцы як-быццам смакуе, любуючыся найагіднейшымі словамі, пад той час як мужчына лаецца блізу нясьведама, ня ўдумываючыся ў зьмест таго, што гаворыць.

Крымінальны элемэнт робіць шмат вялікшы ўплыў на жанок, чым на мужчын. Жанчына на Салоўках дэмаралізуецца шмат хутчэй, чым мужчына.

Магільнік.

Сярод вязьняў ёсьць, ведама, і лекары. Работы яны маюць вельмі многа, бо-ж процант хворых на Салоўках — вялізарны. Апрача вэнэрычных хваробаў тутака хварэюць на цынгу, сухоты, скульлё, ня лічачы пошасьці тыфусу, якая ад часу да часу выбухае.

Кожны дзень у 5 гадзін раніцы расчыняецца галоўная брама Крэмля і стуль выяжджае — з двума праважатымі-санітарамі ў белых хвартукох і даўгіх чорных гумовых рукавіцах — воз з устаўленай на ім вялізарнай скрыняй. Скрыня можа зьмясьціць у сабе да васьмёх трупаў. Хавалі нябожчыкаў на старым манастырскім магільніку, непадалёк ад муроў Крэмля, за „женротай“. Тамака заусёды была прыгатавана яма, разьлічаная на 200 трупаў. Сюды санітары скідалі із скрыні прывезеныя трупы і прыкрывалі яму дошкамі. Дошкі закладалі ня вельмі шчыльна, дык удзень можна было вельмі добра бачыць у яме панакіданыя без парадку целы мужчын і жанок, старых і маладых. Толькі тады, як у яме набіралася предугледжаная колькасьць трупаў, яе засыпывалі зямлёй.

Вязьні называлі гэныя ямы так, як жаўнеры называюць на вайне агульныя магілы „брацкія магілы“. Узімку „брацкія магілы“ не псавалі паветра, але няма што й казаць, які страшэнны смурод ішоў з магільніку ўлетку...

∗     ∗

Ніхто самахоць на гэты выкляты востраў ня едзе. Не кажу аб вязьнях — пэўне-ж, не самахвотных, — але аб вышэйшай, нячысьленай адміністрацыі — гэтак-званых вольных людзях. Гэта есьць былыя агенты ГПУ, якіх за розныя драбнейшыя правіннасьці на службе ссылаюць на Салоўкі — на становішчы начальнікаў лягеру і іншыя падобныя. За цяжэйшыя правіннасьці іх прысылаюць сюды, як вязьняў, на тэрмін ад трох да дзесяцёх гадоў. Дый у такім выпадку яны далей працуюць у сваей старой галіне, выпаўняючы розныя функцыі ў ИСО.

ИСО.

ИСО — „инспекционно-следственный отдел“ — вядзе сьледзтва аб праступках вязьняў, учыненых падчас адбываньня кары, і апрацоўвае характерыстыкі вязьняў — на падставе даносаў сваіх супрацоўнікаў. Да гэтае установы належыць такжа выпаўненьне сьмяротнага прысуду, калі калегія ГПУ ў Маскве на падставе праведзенага на месцы ў Салоўках праз ИСО сьледзтва, засуджае на кару сьмерці.

Аб кожным вялікшым праступку, як: спроба ўцячы, саботаж і да таго падобнае, — перш вядуць сьледзтва агенты салавецкага ИСО, а пасьля справа перасылаецца на разгляд маскоўскага ГПУ. У салавецкай гутарцы гэта называецца: „дастаць цэнтральную справу“ — і гора таму, чыя справа пайшла ў Маскву!

Як у Саветах жыцьцё на волі аблутана — быццам нявідочнай сеткай павучыньня — сецьцю гэтак-званых „сексотаў“ („секретных сотрудников“ — канфідэнтаў), якія ўсюды прынюхіваюцца, шукаючы контр-рэвалюцыі, — як там кожная установа, завод, фабрыка мае ў сваіх мурох вочы і вушы ГПУ, ды часта сябры аднае сям’і баяцца адзін аднаго, — гэтак сама і тут, на Салоўках, кожная рота, кожнае прадпрыемства, кожная камера мае свайго тайнага канфідэнта ИСО.

Хто моліцца, мусіць рабіць гэта няўзнак; хто хоча з нечым даверыцца прыяцелю, шэпча аб гэтым навуха, аглядаючыся, каб няведамы канфідэнт ИСО не падхапіў якога адарванага сказу ды не сфабрыкаваў з яго — пры помачы ўласнае фантазіі — нейкага абвінавачаньня. Калі справядліва гаворыцца, што і сьцены маюць вушы, дык гэта трэба аднесьці перед усім да савецкіх сьцен.

Ізалятар.

Калі проці вязьня пачыналася справа, дык яго перад усім пераводзілі з ягонае роты ў гэтак-званы ізалятар. Гэта — вязьніца ў вастрозе. У ізалятары нельга курыць, паёк тут паменшаны, вязень сядзіць увесь час адзін, закратаваныя вокны ў ягонай камеры прыкрыты звонку шчытам, каб пазбавіць яго ня толькі ўсякае магчымасьці зносінаў з вонкавым сьветам, але і сонечнага сьвятла. Не выключаюцца і мукі маральныя. Будзяць, дапрыкладу, вязьня ўначы і пытаюцца, як яго прозьвішча, імя, імя бацькі. Гэткія пытаньні задаюць звычайна засуджаным на кару сьмерці, калі бяруць на расстрэл. Дык вязень, думаючы, што ўжо для яго прабіла апошняя гадзіна, здушаным голасам адказывае на пытаньні, а мучыцель з усьмешкай гаворыць:

— Ну, спіце! гэту ночку можаце йшчэ праспаць спакойна! — і выходзіць...

Расстрэлы адбываюцца ўвечары. Па загаду ИСО спыняецца ў лягеры ўсялякі рух. Каманданты ротаў пілнуюць, каб ніхто вонкі ня выходзіў. Тых, хто працуе ў прадпрыемствах, не выпускаюць за муры будынку. Да ізалятара ўваходзяць урадоўцы і выводзяць стуль засуджаных у аднэй бялізне, зьвязаных парамі за рукі.

Перад абліччам сьмерці.

Як розна трымаюцца людзі перад абліччам сьмерці! Індывідуальнасць кожнага выяўляецца ў гэты мамэнт найбольш ярка. Адзін кідаецца на калены, скуголіць, хапае сваіх катаў за ногі: „Таварышы! Пачакайце! Яшчэ часінку!“ і г. д. Іншы з страшнымі праклёнамі, з вачыма набраклымі крывёй, кідаецца на канвой, але хутка — пасьля моцнага ўдару кулаком па галаве — цішэе. Яшчэ іншы гарланіць, пяе распусныя песьні, як быццам уласным крыкам хоча заглушыць у сабе страх сьмерці. Але большасьць ідзе пакорна, ногі ня слухаюцца, млеюць, дык іх цягнуць пад рукі, каб не паваліліся й ня спынілі паходу засуджаных...

Да 1928 году расстрэлівалі на магільніку пры сьвятле ліхтарняў. Засуджаныя станавіліся на краю выкапанае для іх ямы, і тутака адзін із супрацоўнікаў ИСО, часта — сам начальнік гэнае установы, таварыш Дехтерев, страляў ім ззаду ў галаву з нагану.

Пазьней масца экзэкуцыі было зьменена. Бо ля самага магільніку стаяў двупавярховы драўляны будынак, у якім жылі вязьні-жанчыны.

Улады прызналі, што жанчынам ня гожа прыглядацца да расстрэлаў, і перанесьлі экзэкуцыі ў дэзынфэкцыйную камеру — у межах крэмлёўскіх муроў. Гэта мела тую выгоду, што ў лёхах камеры ня было чутно стрэлаў, да таго-ж туды было блізка ад ізалятара — колькідзесят мэтраў цераз плошчу. Па сканчэньні экзэкуцыі прыяжджалі вазы з сельхозу, і змабілізаваныя дзеля гэтага каманданты ротаў складалі на іх трупы дый адвозілі за магільнік — да загадзя прыгатаванае ямы.

Яшчэ пазьней расстрэлы былі перанесены за 10 вёрст ад Крэмля — да мясцовасьці Саватьево; там жа была зарганізавана карная рота, ў якой зачынялі кандыдатаў на той сьвет.

У вадзін веснавы дзень 1929 году разыйшлася па лягеру шаптаная з вуснаў да вуснаў вестка, што ў лягеры заарыштавалі звыш 70 асоб. Арышт адбыўся быццам з прычыны абвінавачаньня ў змове, меўшай на мэце захапіць адзін з параходаў, што ходзяць паміж Салоўкамі і Кемью. Праз пару месяцаў каля 30 асоб звольнілі. Даведацца, што ім закідалі, якія задавалі пытаньні, было немагчыма, бо ўсе яны, вызваліўшыся з бяды, заўзята маўчалі. Дый наагул апавядаць аб тым, што пытаўся сьледчы судзьдзя і што яму было адказана, было рашуча забаронена. Усё гэта — тайна, якая будзе пахавана ў кучах спраў ИСО ды ў кашмарных успамінах таго, хто выйшаў жывы з цяжкое прыгоды.

Праходзілі месяцы, і мы забыліся аб сваіх таварышох, замкнёных у ізалятары. Ажно ў вадзін асеньні вечар да канцэрту варочаўшыхся з жыраваньня над морам чаек уварваўся новы, гэтак сама няпрыемны голас. Перед ізалятарам стаяў сабака і, выцягнуўшы морду ў кірунку аднаго з закрытых шчытамі вакон, дзіка выў.

Яго пазналі: гэта быў сабака аднаго з замкнёных у ізалятары вязьняў, Г-скага.

Быў тады йшчэ пэрыад Нэп’у, голаду ў лягеры ня было, і тыя, што жылі не ў вагульных бараках, маглі сабе дазволіць на такую роскаш, як утрыманьне сабакі. Г-скі быў кіраўніком аднаго з салавецкіх прадпрыемстваў, дык меў асобны куточак дзеля жыльля пры прадпрыемстве і гадаваў чатырохногага прыяцеля.

На гэнае сабачае выцьцё зьвярнулі адно гэтулькі ўвагі, што сабаку адагналі, ды ўраз аб’явіўся новы ўласьнік, які навязаў яму шнур на шыю і пацягнуў за сабой.

У той жа вечар — праз некалькі гадзін — жыцьцё ў лягеры замерла. Каманданты пілнавалі сваіх ротаў, каб ніхто ані носу на вуліцу не паказаў; ля прадпрыемстваў, дзе йшчэ працавалі, была пастаўлена варта. А праз пустыя вуліцы салавецкага Крэмля вялі з ізалятара вязьняў — на расстрэл.

Сабака, дзякуючы свайму шостаму пачуцьцю, загадзя ведаў аб лёсе свайго гаспадара і прыбег на апошняе з ім разьвітаньне...

Востраў Конд.

У адлежнасьці 133 кілямэтраў ад Саловак ёсьць востраў Конд. Каб пазбыцца калекаў і іншых няздольных да працы вязьняў, іх высылалі вось на гэты востраў. Трэба адзначыць, што знатную колькасьць калекаў давалі лясныя работы, дзе вязьні ці адмаражывалі сабе ногі, ці самі сябе калечылі, адсякаючы пальцы на руках.

На востраў Конд ссылалі гэтак сама салавецкую адміністрацыю за розныя праступкі, учыненыя ў лягеры.

Сякірка.

Другім, шмат страшнейшым месцам кары за праступкі, учыненыя на катарзе, была Сякірка. Гэта - гара на паўночна-ўсходнім краю Салавецкага вострава. На версе гэтае гары стаіць пабудаваная манахамі царква, у якой цяпер зроблены камеры для вязьняў.

На няйвышэйшым паверху царквы ёсьць марская ліхтарня, якая цяпер страціла сваё пачаткавае значэньне і служыць толькі дзеля выкрываньня марскіх уцёкаў вязьняў. На маё шчасьце, доля ня судзіла мне пазнаёміцца з гэтым страшным месцам, і я ведаю аб ім толькі з апавяданьняў маіх таварышоў, якія адбывалі тамака кару.

Вялізарны гмах былае царквы падзелены на дзьве часьці. У ніжняй часьці садзілі за меншыя праступкі, як зладзейства, бойкі і інш. Вязень меў права забраць з сабой пасьцель ды вопратку. Кара — апрача зьменшанага карнага пайка — была ў тым, што памяшчэньне гэнае не апалівалася, і гэтак зімой гэта была кара марозам.

Розьніца паміж нізам і верхнім паверхам была ў тым, што на версе вязьні ня мелі пасьцелі і аставаліся бяз вопраткі — у ваднэй бялізьне. Апрача таго — замест шыбаў у вокнах былі толькі калючыя драты... Улетку трымалі тутака даўжэй, зімой — карацей. Сюды пападалі пераважна абвінавачаныя ў спробе ўцячы ды гэтак-званыя „палітычныя“ праступнікі.

На нарах ляжаць блізу голыя людзі, тулячыся адны да адных, дрыжучы ад холаду. Дзеля таго, што ляжаньне побач не давала даволі цяпла, бо мароз даймаў і зьверху, і зьнізу, вязьні знайшлі іншы спосаб сагравацца. Яны тварылі гэтак званыя „штабелі“ — гэта значыць: клаліся адны на адных упоперак некалькімі радамі. Але тым, што былі ў ніжнім радзе дый у верхнім, было найхаладней: адны мерзьлі зьнізу, другія — зьверху. Дык дзеля справядлівасьці рады зьмяняліся: тыя, што былі нанізе ці наверсе, ішлі ў сярэдзіну — і наадварот.

Гэтак ратаваліся вязьні на Сякірцы ад замярзаньня. А выходзілі згэтуль або ў бальніцу, або — на магільнік...

Жордочка

Апрача апісаных, было і ў самым Крэмлю месца кары у аднэй з царкоўных вежаў, званае „Жордочка“. У неапаліваным, як і на Сякірцы, памяшчэньні вязьні сядзелі на высокіх лавах. Ногі вязьняў не дахадзілі да падлогі, а віселі ў паветры. У такім палажэньні, з рукамі на каленах, людзі сядзелі ў працягу цэлага дня, ня маючы права гутарыць з суседам ды нават павярнуць галаву. Перадышку давалі на прыймо стравы (раз на дзень) і калі выводзілі на сваю патрэбу (двойчы на дзень).

На памосьце стаялі вартаўнікі, якія пілнавалі, каб маўчаньне і забарона руху не нарушаліся.

Хто-ж у гэтым правініўся, того зьвязвалі, вявяроўкамі так, што галавой ён блізу датыкаўся да каленаў, і кідалі ў цёмную, сырую каморку на час да трох гадзінаў. На „жордачцы“ трымалі не даўжэй за два тыдні. Але і пасьля такога нядоўгага часу вязень, адбыўшы кару, выглядаў так, як быццам толькі-што выйшаў з бальніцы пасьля цяжкое хваробы.

За меншыя праступкі — значыць, праступкі крымінальнага характару, як п’янства і да таго падобныя, — садзілі ў карцар, дзе вязьні былі пазбаўлены пасьцелі і ня мелі нараў, дык спалі ўсе на падлозе ў страшэннай цясноце. Адзін ляжаў, паклаўшы галаву на брудныя боты суседа, другі быў прымушаны перакінуць свае ногі праз тулава іншага. Гэта была куча целаў, паўкіданых бяз ладу ў сьмярдзючую камеру. Ведама, страву давалі горшую, чым у звычайных ротах. Засуджаных у карцар выводзілі на работу.

У карцары прасядзеў два тыдні я за тое, што даў суседу на нарах, па прафэссіі шаўцу, свае боты — падбіць падноскі, хочучы гэтак абмінуць звычайны шлях — праз каманданта роты, які быў вельмі даўгі. У маім формуляры даканца ў адноснай графе быў запіс: „караны двохтыднёвым карцарам за нелегальную папраўку ботаў“...

Для жанок месцам цяжэйшае кары быў востраў, названы „Зайчыкі“, дзе варункі жыцьця былі падобныя да „Сякіркі“.

Манлівыя спадзяваньні.

Здавалося-бы, што ў такіх страшэнна цяжкіх варунках жыцьця вязьні павінны-б былі масова канчаць самагубствам. Бяссільны, аддадзены на ласку й няласку кáтаў, чалавек мае толькі адзін выхад, толькі адзін спосаб пратэсту: узьдзець сабе пятлю на шыю. Але гэтак ня дзеецца. За час блізу сямігадовага быцьця майго на катарзе здарыліся толькі тры выпадкі самагубства: двое павесіліся, адзін кінуўся пад поезд. Бо ўсе тут трымаюцца за жыцьцё, як у гарачцы. Чым жыцьцё больш жудаснае, тым больш у ім прывабнасьці; найгоршае жыцьцё — лепш за сьмерць. Бо тут заўсёды існуе йшчэ нейкая надзея, для якое там — месца ўжо няма. І жывуць людзі надзеяй — часта дзіцячай, манлівай, ужо неаднакроць ашуківаўшай іх, і — вераць ей.

Вераць у амнэстыі, якія ніколі не датычаць тых, хто найбольш на іх спадзяецца; вераць у зьмену карнага кодэксу, пры якой найвялікшай карай мае быць пяць гадоў; вераць наагул у зьмену карнае палітыкі Саветаў. А тым часам з году ў год плыве бясконцая хваля вязьняў, канчаецца адна пяцілетка й пачынаецца другая; адбываецца ліквідацыя соцыяльных клясаў, — і новыя многатысячныя грамады сялян („кулакоў“) едуць у концэнтрацыйныя лягеры... А наіўныя вераць манлівым спадзяваньням...

Вастрожны гумар.

Памыліўся-б той, хто бы думаў, што за кратамі ўсьцяж чуваць стогны і скрыгатаньне зубоў, што на тварах вязьняў выяўляецца безнадзейная роспач, што ў месцы мукаў ніколі не пачуеш жарту, гумару, бесклапотнае песенкі. Чалавек гэтак хутка датарноўваецца да новых, ненармальных варункаў жыцьця, прыроджаная патрэба сьмеху гэтак моцна дапамінаецца сваіх правоў, што нават тыя, якім заўтрашні дзень нясе цяжкую вандроўку па этапах на Салоўкі, якія ніколі ужо не пабачаць сваіх блізкіх, — ды нават тыя, каго заўтра са зьвязанымі рукамі й заткнутым ротам павязуць на месца экзэкуцыі, дзе іх чакае куля з нагану, — сяньня часта бесклапотна нешта напяваюць...

Шчырым і бесклапотным гумарам веець ад слоў афорызму, які трэба было-б напісаць над уваходам у савецкі вастрог:

Входящий — не грусти,
Выходящий — не радуйся!

Запраўды, мала мае прычынаў дзеля радасьці савецкі грамадзянін, выходзячы з вастрогу на „волю“, якая так сама прадстаўляе свайго роду вастрог, дзе думка ня мае права на сьмялейшы лёт, дзе чалавечае жыцьцё ня можа выйсьці з вызначаных зьверху рамак, дзе на кожным кроку цікуе чэкіст або сексот („секретный сотрудник“), каб ілжывым даносам ізноў укінуць яго ў камеру поўную клапоў — на брудныя нары, каб пачаў тамака нанова сваю падарожу на Галгофу...

— Грамадзянін! Прызнавайцеся, бо ГПУ ўсё вельмі добра ведае, толькі мы хочам, каб вы шчырым прызнаньнем аблягчылі свой лёс...

І людзі — з кроплямі поту на лобе, з разьбітымі ад допытаў нэрвамі, з вачыма поўнымі шалёнага страху — прызнаюцца да праступкаў, якіх не ўчынілі („каб аблягчыць свой лёс“), а вярнуўшыся ў сваю камеру пасьля допытаў выяўляюць гумар вісельніка, пяюць і жартуюць разам з другімі...

Крымінальныя вязьні, ведама, пачуваюць сябе ў вастрозе шмат лепш, чым вязьні палітычныя. Для іх вастрог ня зьвязаны з трагічным пераломам у жыцьці, а прадстаўляе адзін з этапаў жыцьця. Дык іх ніколі не пакідае гумар, які адзначаецца нейкім дзікім жаданьнем зьдзекавацца над бліжнімі. Кожны іхні жарт ці забава злучаны са зьдзекам над сваім таварышам. Дасьціпнасьці ў гэтым мала.

Дапрыкладу, вастрожная гульня у „паховіны бабы“ абмежываецца тым, што аднаго вязьня (ахвяру) кладуць на падлозе, а іншыя б‘юць яго скручанымі ручнікамі. Гульня ў „веласіпед“ адбываецца гэтак. Заснуўшаму вязьню ўтыкаюць паміж пальцаў ног кусочкі паперыны і запаліваюць іх. Ахвяра ад болю пачынае рабіць нагамі рухі, якія напамінаюць рухі вэлясыпэдыста падчас язды. Ня раз здаралася, што ахвяру гэткае гульні — пры агульным сьмеху вязьняў — вязуць ў бальніцу з папаленымі нагамі. Гульня называная „выбара старасты“ — больш зложаная. Адзін з учасьнікаў агаляе свае рукі да локцяў і складае іх перад сабою так, каб далоні і локці шчыльна зыходзіліся. Паміж зложанымі гэтак рукамі ўтыкаюцца паскручваныя ў трубачкі папяровыя „лёсы“. „Выбаршчыкам“ пачародзе завязываюць вочы, рукі закладаюць за сьпіну, і кожны з іх падыходзе да трымаючага „лёсы“, стараючыся зубамі выцягнуць ушчыленую паміж рук трубачку. Ведама, кожны раз лёс аказваецца пустым.

Калі прыходзіць чарод на загадзя нагледжаную „ахвяру“, дык роля трымаўшага паміж рукамі „лёсы“ канчаецца. Ён адсоўваецца, а на ягонае месца шыбка становіцца іншы учасьнік гульні, абнажаючы... ніжнюю частку цела. „Ахвяра“, не спадзяючыся подступу, доўга шукае вуснамі свайго „лёсу", урэшце вочы адвязваюць, і „ахвяра“ толькі тады даведываецца, якія нягодныя кпіны з ей састроілі...

Існуе цэлы рад падобных „гульняў", але пяро мае няздолнае апісаваць іх, не абражаючы маральнага пачуцьця чытача. Дык лепш аб іх замаўчу.

Найчасьцей ахвярамі гэткіх зьдзекаў бываюць новапрывезеныя вязьні. І гора такому навічку, калі пападзе ў камеру, дзе большасьць складаюць крыміналісты. Дорага абходзіцца яму прыймо ў гэткую кампанію...

Справядлівасьць вымагае адзначыць, што часамі і палітычныя вязьні, гэтак званыя ка-эры, так сама прыймаюць учасьце ў падобных „гульнях“.

Гумар выяўляецца і ў асаблівых назовах, якія даюць сьмяротнаму прысуду. У вастрожнай гутарцы — замест: быць засуджаным на кару сьмерці — гавораць: паехаць на допыты к Дзяржынскаму, або: праехацца на месяц! У Менску гаварылі; паехаць на Камароўку або: дастаць у падарунку тры залатнікі.

Нават перад абліччам такое вялікае тайны, як сьмерць, шыбенічны гумар шчырыць свае струхлелыя зубы. Быццам гумар сярэднявечных чараўніц, якія з гістэрычным сьмехам узыходзілі на вогнішча...

∗     ∗

Раз у год, увосені, прыяжджала на Салоўкі камісія з Масквы, зложаная з вышэйшых агентаў ГПУ, якой быў даручаны перагляд спраў, характарыстыка вязьняў, зьмяншэньне часу кары.

У праграму ўрачыстага спатканьня камісіі ўваходзіў такжа спэкталь у салавецкім тэатры.

Літаратараў у нас хапала. Літаратарам далі заданьне: напісаць на прыймо камісіі адумысную „рэвію”.

У 1928 годзе пастаўлена была на сцэне салавецкага тэатру рэвія п. н. „Генеральная поверка”, напісаная салавецкім вязьнем — уталентаваным літаратарам. Хаця галоўнай тэмай дасьціпаў аўтара было самабічаваньне, значыць — паказаньне ў благім асьвятленьні сваіх таварышоў — палітычных вязьняў, аднак яму ўдалося ўвесьці туды контрабандай і некалькі куплетаў, у якіх іранічна гаворыцца аб лягерных адносінах.

Дапрыкладу:

Хороши по весне комары,
Чуден вид от Секирной горы.
А от разных ударных работ
Здоровеет веселый народ!

Прыпеўка:

Тех, кто наградил нас Соловками,
Просим: приезжайте сюда сами.
Посидите здесь годочков три иль пять,
Будете с восторгом вспоминать...

Важныя госьці сядзелі ў першых радох і, слухаючы дасьціпаў ды слоў куплетаў, ажно пакладаліся ад сьмеху.

А акторы, якія выступалі перад імі, мелі на думцы толькі адно: спадабацца прыезным, зьвярнуць на сябе іх ласкавую ўвагу, а мо’ скінуць хоць адзін год цяжкое няволі?

Але ў мамэнт, калі трасьліся ад сьмеху брухі тых, хто „наградил нас Соловкамі“, справа ўжо была закончана, сьпісак падпісаны, лёсы вырашаны.

Колькі-ж нязьдзейсняных надзеяў, колькі разачараваньняў!

А як параход плыў ужо з камісіяй назад да Кемі, шмат у якой камеры паўтаралі ўпаўголасу пачутую са сцэны песьню:

Посидите здесь годочков три иль пять —

Будете з восторгом вспоминать...

Пяялі, сьмяяліся... праз сьлёзы. У гэтых словах была бязсільная роспач нявольніка, якому пан загадаў весяліць сябе.

Эпідэмія тыфусу.

Што-дня параход „Глеб Бокій“ цягнуў за сабой вялізную барку, якая, ад імя вядомай нямецкае камуністкі, называлася „Кляра Цэткін“. Штодня прыбывалі ўсё новыя ды новыя партыі арыштантаў. Што-дня на палубе і пад палубай „Глеба“ і „Кляры“ сотні вязьняў ехалі на свой страшны лёс.

Гэтыя новыя масы засуджаных на гібель людзей усасываліся рознымі аддзеламі лягеру на салавецкім остраве. Пакуль адбудзецца разьмяшчэньне, трэба было адбываць карантын у цэнтры салавецкага жыцьця, ў Крэмлі, або недзе блізка. Вызначаная дзеля гэтай мэты 12-я рота ўжо была перапоўнена. У ёй было больш за 1.000 асоб. Людзі спалі на нарах, пад нарамі, дзе папала, як той казаў — як сялядцы ў бочцы. Новыя транспарты пачалі памяшчацца у пустых стайнях і хлявох „Сельхоза“. Тутака ў брудзе, на сьмярдзючай са­ломе, у сырасьці, цесна адзін пры адным, ляжалі злодзей і прафэсар, вясковы хлебароб і царскі генэрал. Вошы страшэннай масай пакрывалі целы гэтых няшчасных людзей.

Увосені 1928 году неяк у вадзін дзень разыйшлася чутка, якую шапталі з вуснаў у вусны, бо голасна гаварыць аб гэтым пакуль што йшчэ нельга было, — што у стайнях „Сельхозу“ здарыліся выпадкі плямістага тыфусу. Хутка салавецкая бальніца аказалася перапоўненай. Пад хворых пазаймалі тымчасова іншыя памяшчэньні. Праз пару тыдняў зачынілі тэатр, які запоўніўся тапчанамі з хворымі. У прадпрыемствах, дзе працавала вялікшая колькасьць работнікаў, работу прыпынілі. Было забаронена хадзіць із роты ў роту. Калі ў камеры нехта захварэў, дык яго выносілі ў бальніцу, а камеру замыкалі на ключ, і ўсе жыхары яе мусілі тамака адбыць двохтыднёвы карантын. Абеды прыносіў з кухні днявальны.

Падвоз новых партыяў вязьняў прыпыніўся.

„Брацкія магілы“ на магільніку ўжо даўно не маглі зьмясьціць багатае жніво сьмерці. У суседнім лесе капалі ямы, у якія кожны дзень скідалі па некалькі дзесяткаў трупаў. На шчасьце, насталі марозы, і гніцьцё трупаў спынілася. У скляпох бальніцы ляжалі кучы мёртвых целаў, выкіданых кожны дзень з бальнічных заляў, і чакалі на свой чарод дзеля пахаваньня. Нябожчыкам вешалі на шыі таблічкі з імем і прозьвішчам. Аднак гэты спосаб хутка пакінулі, і санітар, памачыўшы бруха нябожчыка мокрым лахманом, пісаў на целе імя і прозьвішча хімічным алавіком. Санітары гэтак сама хварэлі на тыфус і паміралі аднолькава з усімі. На санітараў вербавалі ахвотнікаў, сулячы ім добрыя варункі.

Эпідэмія захапіла ўвесь востраў. З аддзелаў (філіяў), якія з санітарнага гледзішча былі ў яшчэ горшых варунках, чым Крэмль, даходзілі весткі аб страшэнных разьмерах катастрофы. Навігацыя скончылася. Лёд скаваў мора на паўгоду.

Пачалося змаганьне з пошасьцяй радыкальнымі спосабамі. Цэлыя роты выкідалі з усімі іх манаткамі і нарамі на сьнег. Нары шаравалі, апарывалі гарачай вадой; камеры дэзынфэкавалі і мылі.

Кожны тыдзень ганялі людзей у лазьню, а вопраткі іх аддавалі дзеля дэзынфэкцыі. Прымусам стрыглі валасы на ўсенькім целе. У лазьні пачалі выдаваць казённую чыстую бялізну. Былі ўтвораны гэтак-званыя „санітарныя тройкі“, якія рабілі ў ротах санітарную рэвізію, і калі ў некага выкрывалі вошы, дык усю роту паза маркой гналі ў лазьню. а рэчы пасылалі дэзынфэкаваць.

Урэшце у лютым наступнага году эпідэмія, зьменшыўшы жыхарства Саловак напалову, пачала цішэць, а з вясной зусім счэзла.

Камісія з Масквы.

Ужо прыляцелі чайкі — зьвястуны вясны — і напаўнялі сваім крыкам паветра, але мора навакол нашага вострава было яшчэ скаванае лёдам.

Аднак цёплы подых Гольфштрому ўсьцяж прыбліжаў да нас цёмную паласу вады, вольнае ужо ад лёду. Цёмная паласа з кожным днём была бліжэй, і ў нашых сэрцах будзілася радасьць з прычыны хуткага ўжо навязаньня лучнасьці са сьветам. Ізноў прыйдуць да нас параходы з процілежнага берагу — з Кемі, ізноў будзем бачыць новых таварышоў няволі, ізноў пачнуцца прыезды сваякоў, каб атрымаць на колькі дзён магчымасьць бачыцца з сваімі блізкімі — вязьнямі.

Пабачаньні („свидания“) былі дваякія: адны — „на общих основаниях“ (на агульных падставах), калі прыезжыя сваякі мусілі жыць на Салоўках у вызначаным ім дамочку і маглі бачыцца з вязьнямі толькі раз на дзень — у працягу двух гадзін пад наглядам прадстаўнікоў адміністрацыі; другія — „асабістыя“, калі вязьню дазвалялі ў працягу ад 7 да 14 дзён жыць разам з прыезжымі і праводзіць з імі ўвесь гэты час бяз ніякіх абмяжаваньняў. Атрымаць гэткае пабачаньне было лёгка: трэба было, каб вязень быў беззаганны ды каб улада прыхільна адносілася да яго.

Хто ня мог спадзявацца пабачаньня з блізкімі, таго цешыла магчымасьць атрымліваць улетку пасылкі з емінай. Урэшце тыя, хто нічога ад нікога не чакаў, цешыліся з набліжэньня лета так, як кожны чалавек цешыцца з гэтага на далёкай поўначы, дзе зіма пануе больш за паўгоду.

Урэшце, пад ажыўляючымі праменьнямі сонца, лёд гэтак пацянеў, што ледакол „Нева“ здолеў ужо пракласці дарогу параходу „Глебу Бокію“, які вырушыў у сваю першую сёлета падарожу.

У апошніх днях траўня, як і кожны год, распачалося ўрэшце плаваньне.

Першым параходам прыехала на Салоўкі нейкая таёмная камісія з Масквы. Апавядалі дзіўныя рэчы. Казалі, што камісія, зложаная з пяцёх асоб, прыехаўшы на востраў, ураз-жа пачала абхадзіць роты, дзе распытывалася у вязьняў аб пануючых у лягеры адносінах, аб санітарным стане даўней і цяпер, аб карах, накладаных за невыпаўненьне работы, і г. д. Падчас гэтых гутарак, па загаду камісіі, прадстаунікоў адміністрацыі ня было.

Хутка пачалі апавядаць яшчэ большыя дзівы. Апавядалі, што шмат прадстаўнікоў адміністрацыі спасярод вязьняў арыштаваны, казалі нават, што ёсьць арыштаваныя і вольныя; урэшце, пачалі казаць, што арыштаваны і сам начальнік лягеру, Зарін.

Гэта была праўда. Арыштавалі некалькі сот душ. Іх абвінавачывалі ў скрыўленьні савецкае палітыкі і ў нядбайнасьці. Блізу палову арыштаваных (пераважна спасярод вязьняў) расстралялі, рэшту — вольных саслалі на 5—10 гадоў у розныя концэнтрацыйныя лягеры. Начальніка лягеру Заріна саслалі на 10 гадоў у адзін з лягераў.

Дзеялася гэта ў 1930 годзе.

Перамены.

Ад гэтае даты на Салоўках зрабілася шмат перамен. Скончылася ўрэшце панаваньне „дрына“ (палкі). Пакінулі біць вязьняў. Скасавалі Сякірку. Палепшыліся санітарныя варункі. Абавязкава вадзілі ў лазьню раз на тыдзень. У лазьні давалі вязьням чыстую бялізну.

Што выклікала гэтыя перамены?

Няўжо-ж цэнтральныя ўлады ў Маскве дагэтуль ня ведалі, што ў нас робіцца? Няужо-ж весткі аб адносінах, пануючых на салавецкай катарзе, прыпадкам дайшлі да ОГПУ ў Маскве і выклікалі прыезд адумыснае камісіі, якая правяла аздараўленьне?

Мы — салавецкія вязьні — скептычна ўглядаліся на ўсё гэта, ня веручы, каб нашыя валадары кіраваліся тутака чалавекалюбствам. Ведаючы савецкую палітыку, мы гатовы былі думаць, што і ў гэтым выпадку адбываецца свайго роду „інсцэнізацыя“, разьлічаная на вонкавы эфэкт, — думалі нават, што праўда аб жыцьці на Салоўках дайшла да загранічнае прэсы, і жорсткая расправа місіі з нібы-то вінаватымі мела на мэце паказаць, што Саветы рупяцца аб гуманітарныя адносіны да вязьня — у мысль абвешчанага імі прынцыпу: „не караць, але папраўляць“. Дый хто-ж найбольш пацярпеў ад гэнае „санацыі“? Каэры, якія займалі адміністрацыйныя становішчы, каэры, якія быццам-то дзеля падрываньня даверу да савецкага ўраду выкрыўлялі ягоную палітыку...

А ўзапраўднасьці — немагчыма дапусьціць, каб гэнае „выкрыўляньне“ ня было загадана зьверху!

Ад таго часу „соцыяльна блізкія“ (гэта ёсьць: крыміналісты!) пачынаюць карыстацца ўсялякімі прывілеямі. Была нават зроблена спроба скінуць усіх палітычных вязьняў з займаных імі адміністрацыйна-гаспадарчых становішчаў і замяніць іх зладзеямі. Але хутка спынілі гэты экспэрымэнт, бо зладзеі — з прычыны свайго нізкага ўмысловага роўня — былі няздольныя выпаўняць узложаныя на іх абавязкі або, займаючы адказныя становішчы, кралі.

Экспэрымэнт адкінулі, астаўся толькі прынцып: паколькі магчыма, выкарыстываць дзеля адміністрацыйных становішчаў крымінальны элемэнт, адсоўваючы палітычных ад кіраваньня лягерным жыцьцём.

Адначасна з году ў год пачалі пагаршацца аправізацыйныя варункі. Калі даўней (у 1927-28 гадох) у крамках салавецкага лягеру можна было бяз ніякага абмяжаваньня купляць у кожнай колькасьці хлеб, цукер, кансэрвы, дык цяпер ужо толькі ад часу да часу прадавалі селядцы, скісшыя павідлы (мармаляду) ці ляндрынкі ў вельмі абмежанай колькасьці — дый толькі працуючым панад норму „ударнікам".

За кароткае лета (ліпень-жнівень) прырода крыху падкармлівала вязьняў. У салавецкіх лясох расло мноства чарнікі і брушніц. Гэтых ягад была такая маса, што, пахадзіўшы па лесе пару гадзін, можна было набраць іх поўнае вядро. Ведама, аб тым, каб іх есьці з цукрам, не магло быць і гутаркі, — але лепш і гэта, чым нічога. Было таксама багата грыбоў. Дык за летнія месяцы голад ня так дакучаў, як узімку.

Зіма.

Гэтая даўгая палярная зіма напаўняе вязьня страшэнным жахам. Чалавек хацеў-бы затрымаць зямлю ў яе кружэньні навакол сонца!

Але няма рады! Пачынаюцца дажджы, дажджы без канца, і ўдзень, і ўначы, бяз спыну, цэлымі тыднямі. Урэшце дождж зьмяняецца сьнегам. Мора доўга не дае скаваць сябе лядовымі путамі, але ўрэшце і яно, бяссільнае, паддаецца, і навакол вострава на дзесяць кілямэтраў залягае лёд, грубы на пару мэтраў. Далей-жа бадзяюцца паморы загнаныя сюды з Ледавітага акеану крыгі ці плыве гэтак-званая „шуга“ — дробны лёд, зьмешаны са сьнегам. Параходы зімуюць у доках.

Мы зусім адрэзаны ад сьвету. Ды не: ня зусім! Бо што-дня, ці прынамся праз дзень, вылятае з Саловак на зямлю гідраплян, які вязе службовыя дакуманты, — ды праз некалькі тыдняў пасля спыненьня навігацыі пацягнуцца к зямлі на лодках „паморы“.

Паморы“.

„Паморы“ — гэта салавецкія вязьні, якія самахоць пускаюцца ў гэту небясьпечную падарожу. У невялікіх лодках — на шэсьць душ, забясьпечаныя правіянтам на два тыдні, ідуць яны ў мора, вязучы звычайную пошту — пісьмы вязьняў. Сьпярша цягнуць лодкі па лёдзе, які акружае востраў, ажно пакуль ня дойдуць да плывучае па моры „шугі“, у якую спускаюць лодкі. Тады пачынаецца змаганьне з морам — за жыцьцё.

Добра, калі дзьме вецер папутны. Тады натугі вясьляроў не марнуюцца. Лодкі пасоўваюцца наперад — у пажаданым кірунку — на Кемь. Па дарозе сустракаюцца плывучыя лядовыя глыбы. „Паморы“ выцягваюць лодкі на лёд, папіхаюць іх павольна, асьцярожна, крэпка трымаючыся за борт. Бо лёд раптоўна канчаецца, і неасьцярожны падарожнік праваліваецца праз зрадніцкую „шугу“ — ў ваду. Калі някрэпка трымаўся за борт лодкі, дык — пакуль таварышы пасьпеюць падаць яму руку помачы — „шуга“ ўжо самкнецца над ягонай галавой, і вынырнуць стуль — немагчыма.

Калі-ж на моры пачне шалець праціўны вецер, усе натугі вясьляроў-памораў — дарэмныя. Вецер гоніць лодкі — разам з заторамі „шугі“ — у няведамую даль, часта ажно да злучэньня Белага мора з Ледавітым акеанам. Сьмелыя, загартаваныя людзі па пару тыдняў змагаюцца з морам, сплючы пачародзе ў той-жа лодцы, якая іх нясе мо’ на загубу, маючы за прыкрыцьце брэзэнт, пад якім на газавай машынцы вараць сабе страву, адданыя на ласку й няласку вятроў. Добра, калі ў такіх абставінах „паморам“ удаецца прыстаць да аднаго з астраўкоў, густа рассеяных па Белым моры, і тамака дачакацца зьмены ветру. Часта, аднак, яны гінуць. У 1929 годзе адну з лодак, ехаўшых да Кемі, бура панесла ў адваротным напрамку. Усякі сьлед па ёй загінуў. І толькі праз пару месяцоў іншая лодка, якая з Саловак плыла да Кемі, спаткала загінуўшую — поўную сьнегу, абледзянелую, у гушчы „шугі“: усе людзі на ёй замерзьлі насмерць.

Ня гледзячы на небясьпеку падарожы, адважных ахвотнікаў хапае. Яны займаюць у лягеры упрывілеяванае становішча. Страву дастаюць першае катэгорыі, значыць такую, як тыя, што працуюць на найцяжэйшых работах. У летнія месяцы, як ёсьць навігацыя, блізу нічога ня робяць — адпачываюць. Калі-ж пачынаецца пэрыад камунікацыі лодкамі, ім даюнь мясныя кансэрвы і сьпірт. Гэта — „прысмакі“, якіх ніхто больш не дастае.

Калі па лягеры разыйдзецца вестка, што першыя лодкі паплылі да Кемі, усе нецярпліва чакаюць вестак аб іх лёсе. Урэшцэ, радыё падае з Кемі гэтак чаканую вестку: лодкі прыйшлі шчасьліва! — Значыць, нашыя пісьмы дойдуць да адрасатаў! Значыць, як лодкі вернуцца на Салоўкі, атрымаем — мо’ ўжо хутка — весьці ад тых, каго мы пакінулі там — на волі.

А тое, што людзі могуць загінуць, — аб гэтым ніхто не задумываецца. Жывучы ўсьцяж у небяспецы, нішчаныя масова хваробамі, аслабелыя ад голаду, маючы перад сабой пагрозу расстрэлу, салавецкія вязьні прывыклі мала цаніць чалавечае жыцьцё. Душа ў іх зачарствела, непадзельна запанаваў эгоізм, загубіліся ўсе лепшыя чалавечыя пачуцьці — літасьць, спагадлівасьць...

Пісьмы.

Зіма, доўгая паўночная зіма. У сухія морозныя ночы сьвеціць на небе паўночнае зіхаценьне. Навічкі, калі нехта ў камеры скажа: сяньня на небе „северное сіяніе“, — выбягаюць на вуліцу і з цікавасьцяй узіраюцца на нябачанае зьявішча. А „стары салаўчанін“ ужо раўнадушна глядзіць на гэтыя сьветлыя хмарынкі, што мігцяць на небе, на слупы сьвятла, што вырываюцца з-за небасхілу, або на йшчэ больш эфэктную адмену: на вялізарнае паўкола з шчарбатымі зубамі, якія паланеюць мігаючы, быццам нейкае блядое таёмнае полымя, прыкрытае шчытом...

Пісьмы!.. Пісьмы прыйшлі!.. Кожны сьпяшаецца да сваей роты, дзе ў днявальнага на століку ляжыць куча пісем. Творыцца чарга. Выклікаюць прозьвішчы.

Пісьмы! Якая-ж гэта нявысказаная радасьць, якое бязьмернае шчасьце — зімой, на гэтым выклятым востраве, адрэзаным ад сьвету, — дастаць пісьмо ад кагосьці, хто цябе кахае, хто па табе тужыць, бяссільна спагадае твайму лёсу, стараецца дадаць табе сілаў, каб вытрываў, асаладзіць твае жыцьцё надзеяй!..

Пісьмы!..

Але як-жа бедны той, каго сустракае расчараваньне — хто пісьма не дастаў!..

Іншыя чытаюць і перачытваюць атрыманыя пісьмы па некалькі разоў і ня могуць насыціцца словамі, пісанымі дарагой рукой. Праз ляды, праз сьнягі і шугу дасталі яны гэты кусок паперыны, пакрыты словамі, якія, стараючыся ашукаць цэнзуру, падаюць весткі аб падзеях пад роднай страхой. Салавецкі вязень навучыўся чытаць паміж радкоў. Ён ведае, што, калі пішуць: „сястра хворая і ляжыць у бальніцы“, — дык гэта трэба разумець: сядзіць у вастрозе. Калі пішуць: „здароўе твайго брата вымагае даужэйшае бытнасьці ў санаторыі“, — дык гэта значыць: брат твой падзяліў твой лёс і павандраваў да нейкага канцэнтрацыйнага лягеру. Калі напісана: „дактары прызналі, што наш клімат шкодны для бацькі“, — чытай: твайго бацьку саслалі некуды ў нарымскі край ці ў пячорскую тайгу...

Але той, хто не дастаў ніякіх вестак, запраўды варты спогаду. Вусны ў яго заціскаюцца, каб устрымаць сьлязу, якая мімавольна цісьнецца да вока. Нічога! Ніякае весткі! Лепш ўжо благая вестка, чым гэтая праклятая няпэўнасьць...

Лятуценьні і кашмары.

А пасьля — калі прыйдзе ночка, калі пачынаюць вылазіць із сваіх тайнікоў клапы, калі цішыня запануе на нарах, — вязень аддаецца лятуценьням.

Усе лятуценьні кіруюцца перад усім — да волі. Вязень бачыць сябе вольным — сярод сваіх блізкіх, такіх, якіх шмат гадоў назад пакінуў. Даўно гэта было, а ўсё-ж ён бачыць твары такімі, якімі яны былі тады, калі людзі ў сьпічастых шапках сказалі яму: „калі ласка з намі на часінку“...

А пасьля ніць лятуценьня снуецца далей. Ён лятуціць аб жыцьці спакойным, без заўсёднага страху, што ўначы пад дзьверы дому пад’едзе аўто з агентамі ГПУ і пачуецца стук: „адамкнеце!“ Лятуціць аб нейкім іншым жыцьці — мо’ недзе заграніцай, а мо і ў сваей бацькаўшчыне, але вольнай ад гэных трох ненавісных літараў... Лятуціць аб цяпле, аб сонцу, аб жыцьці сытым, вольным ад трывог...

А пасьля — лятуценьні ўсыпляюць яго, і... ізноў гэты страшэнны кашмар!

Здаецца яму, што ён — вольны. Ідзе па вуліцах роднага места. Але! ніхто-ж за ім сьледам ня йдзе... Аднак мо’ гэта — сон? Не! Навакол усё гэткае рэальнае! Ха, ха, вось жа-ж ідзе, адчувае, бачыць, слыша...

А ўсё-ж... Гэтулькі разоў бачыў ужо ў-ва сьне тое самае... Гэтулькі разоў, прачхнуўшыся, скрыгатаў зубамі ад злосьці, што паверыў сонным зьявам...

Дык і цяпер — сон?!

Не! То-ж ён жыве, гаворыць, кратаецца, датыкаецца да розных рэчаў...

Раздваеньне асабовасьці.

Што сон, што — ява? Але, калі ён на волі, дык чаму-ж не памятае тае вялікае часіны, калі выйшаў з вастрогу? Чаму тут у памяці — прорва?

І аднак-жа — усё гэткае праўдзівае, гэткае рэальнае! Усе гэтак шчыра сьмяюцца з ягонае трывогі, і ўрэшце, змучаны ўнутраным змаганьнем, ён паддаецца манлівай зьяве: „ну, добра, — я ўжо веру; толькі-ж скажэце, даражэнькія, калі гэта я вярнуўся да вас і чаму не памятаю гэтае багаслаўлёнае часіны?!...“

І ў гэты мамэнт стаецца нешта жахлівае: ён прабуджаецца!..

Ізноў вастрожныя нары, ізноў духата ад спацеўшых целаў; ізноў навакол храп ці стогны праз кашмарны сон...

Нехта закратаўся. Паліць серніка і б‘ець напаўшых на яго клапоў. Другі зьняў кашулю і шукае вошы. Недзе ў цёмным куце, сядзючы на нарах з падкручанымі паводле ўсходняга звычаю нагамі, ківаецца узбэк, які шлець свае малітвы Аллаху з просьбам аб палёгку ў цяжкай долі. У іншым месцы з грудзей нейкага украінскага селяніна вырываецца маленьне: „Господы, помылуй!..“

Чытаньне прыказу.

Нядзелі скасаваны. Дзён не памятаем. Жывем толькі паводле датаў. Нашае сьвята — „дзень адпачынку“. Але яго назвалі гэтак ня зусім правільна, бо прынамся палова гэтага дня пасьвячона „сан-абработцы“ — санітарным справам. Выносім на падворак нашу маемасьць, праветрываем пасьцелі, мыем нары і падлогі.

Заўтра — гэткі „дзень адпачынку“.

„Сан-абработка“ не вымагае раньняга ўставаньня. Дык думалі, што высьпімся як мае быць.

Неўспадзеўкі — у 5 гадзін раніцы — пачаліся па ўсіх ротах званкі: гэта днявальныя будзілі вязьняў.

— Уставаць! уставаць! Хутчэй! Жыва! Сьпяшайцеся!..

Зьявіўся камандант роты і, прыаздобліваючы сваю гутарку лаянкай, падганяў вязьняў:

— Што?! Прасіць вас буду? Выхадзі на паверку!.. Раз-два!..

На паверку?.. Дзеля чаго і чаму гэтак рана? То-ж сяньня — дзень адпачынку. Але пратэставаць у нас моды ня было, і праз некалькі хвілін заспаныя пастаці ў шэрых „бушлатах“ выходзілі з будынку на панадворак.

На плошчы перад б. праабражэнскай царквой пастроілі нас разам з іншымі ротамі чатырохкутнікам.

Па радох пралятаюць шэпты-дагадкі. Дзеля чаго нас у гэту зімовую ночку, гэтак рана — перад сьвітаньнем, пагналі на падворак і пастроілі на сьнягу?

Амністыя!..

Камусьці прыйшла думка, што радыё падало вестку аб шырокай амністыі. Дык сабралі нас тутака, каб прачытаць маніфэст аб амністыі...

Новы кодэкс?

Нехта іншы казаў, што ў Маскве зацьверджаны новы карны кодэкс, паводле якога найвышэйшай карай мае быць пяць гадоў вастрогу. Дык тых, што прасядзелі болей, будуць звальняць...

Ня дзіва, што сэрцы ў нас пачалі крэпка біцца, калі з боку галоўных варот паказаліся пастаці ў даўгіх шынелях... Зараз ўсё будзе ведама!

— „Здравствуйте, рабочие роты!“

— „Здра!“ — вырваўся з некалькіх тысячаў грудзей адказ на прывітаньне даўгіх шынеляў.

Пачынаецца чытаньне прыказу. Даўгая літанія імёнаў... Хіба ўжо канец?.. Не! Яшчэ і яшчэ... Чытаючы пераварочвае страніцы... Яшчэ далёка да канца... Ізноў і ізноў прозьвішчы... Калі-ж гэта скончыцца?

„Калегія ОГПУ прыгаворам з такога то дня засудзіла:

„X-а за спробу ўцёкаў,

Y-а за спробу ўцёкаў і спробу абязброіць варту,

Z-а са сыстэматычную адмову выпаўняць работу... — і гэтак далей...

на расстрэл.

Прысуд выкананы“.

—         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —

Закалеўшыя, варочаемся ў свае роты.

— Колькі? — пытаецца нехта.

— Я налiчыў 123.

— Не 123, а 121. Ты памыліўся: былі з падвойнымі прозьвішчамі.

— Я гэта ведаю.

— Ды якая тут розьніца? Усе роўна...

— А ўсё-ж X-а шкода. Добры быў хлапец!

— Не шкадуй, мо ён сяньня шчасьлівейшы за нас...

— Аднак-жа, таварышы, гэта страшэнная рэч...

— Што?

— Гэта...

— Больш страшэнна, што мы ўжо гэтак звыкліся з усім! Нішто нас не ўзварушае. Раўнадушна стаялі мы тамака, на плошчы, слухаючы знаёмыя прозьвішчы, і нішто нас не ўзварушыла. Думалі толькі аб тым, каб чым хутчэй вярнуцца ў цёплую камеру — на гэтыя заклопленыя нары...

— Пакінь філёзофію... Дый чаго тут узварушацца? Ці ня ўсё адно?...

— От, лепш скажэце, чый чарод ісьці ў кухню „за кіпятком“?

— Сягоньня ягоны.

— Не, выбачайце, я ўчора хадзіў!

— Не сварыцеся! Супакойцеся! Усьцяж тое самае...

— Глядзі, які далікатны!..

— Заткніце глоткі!

— Сволач!..

Рота варочаецца ў свае камеры. Спаць ужо ня варта. Трэба напіцца варатку.

— Мо хто пазычыць кусок хлеба?

— А калі аддасі?

— Заўтра — з пайка, які дастану...

— Ды ты-ж ужо раз пазычыў у мяне 200 грамаў і не аддаў!

— Брэшаш: аддаў!

— Не аддаў!

— Ціха! не дзярэце горла!

— Заткні сабе вушы, калі ня хочаш слухаць...

Рота варочаецца да нармальнага жыцьця.

—         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —         —

Вясна.

Плывуць дні, месяцы, гады. Здавалася бы, што шмат ёсьць перамен: адны паміраюць, другіх расстрэліваюць, іншых па сканчэньні кары ў лягеры вывозяць некуды на выгнаньне — у тундру пячорскую, нарымскі край або ў сібірскую тайгу. Але ўзапраўднасьці — нічога не зьмяняецца: астаецца вечная няволя.

Кожную вясну, калі мора стаіць яшчэ скаванае лёдам, прылятаюць зьвястуны вясны — чайкі і сваім дзікім крыкам напаўняюць паветра. Кожную вясну, калі подмух Гольфштрому пачынае кідаць хвалі марскія на лёд, які залягае навакол нашага вострава, мацней пачынаюць біцца сэрцы людзкія. Але веснавыя надзеі — манлівыя, і новы навігацыйны год ня прыносіць нічога лепшага.

— Чайкі ўжо прыляцелі!..

— Гэта толькі разьведка!.. Палятуць назад, як пабачаць, што мора йшчэ скаванае лёдам.

Гэтак сама палятуць і надзеі.

А ўсё-ж надзеі аджываюць кожны год. Без надзеі жыцьцё было-б немагчымае. Кожны мае на нешта надзею, кожны верыць у лепшую будучыню — пасвоему. Аднаму сьніцца амністыя, другі лятуціць аб новым кодэксе, іншы прарочыць хуткі ўпадак Саветаў.

— Ня вытрываюць!.. На Украіне — голад... Мой сусед на нарах, украінец, дастаў з хаты пісьмо... Пачынаецца ізноў людаедзтва... Ня вытрываюць, гэта ўжо апошнія натугі...

— А ўсё-ж пяцігодка...

— Што пяцігодка!.. Найдалей праз тры месяцы ўсяму гэтаму прыйдзе канец.

— Даў-бы Бог, каб гэта скончылася праз тры гады... I то было-б добра...

— Але-ж я вам кажу...

— Паночку! толькі ня гэтак голасна!..

— Ніхто ня чуе... То-ж здаровы розум кажа, што даўжэй гэтак быць ня можа... Хутка згэтуль паедзем...

— Ох, пане... ня гэтак голасна...

∗     ∗

У „капцёрцы“ (складзе) ўжо пануе рух. Ведама, як усюды, і тут — чарга людзей. Выдаюць летнія вопракі. Забіраюць ватаваныя порткі ды гэткія-ж курткі і даюць летнія порткі і палатняныя рубахі. Праўда, яшчэ сьцюдзена, яшчэ ад часу да часу сівер ганяе туманы сьнегу па востраве, але прыйшла пара зьмены вопраткі па календару, і гэтак мусіць быць.

У „капцёрцы“ крыкі, спрэчкі, нараканьні.

— Што ты мне даеш нейкія лахманы!

— Ды гэта-ж страшэнна бруднае! Дай мне нешта іншае!

— Мае порткі ня маюць ніводнага гузіка!

— Гэтая рубаха цесная для мяне! Давай другую!

— Бяры, што даюць, і — пайшоу вон!

На вастрожнай плошчы сустракаюцца нейкія дзьве жанчыны. Твары падмазаныя, вусны памаляваныя кармінам. Адна мае на нагах выкрыўленыя вастрожныя боты, другая — латаныя зімовыя валенкі, якіх яшчэ не пасьпела здаць у „капцёрку“.

— Ах, які ў вас, панічка, харошы „бушлацік“! Як добра ляжыць на вас! Якім чынам ён гэтак добра падагнаны?

— Ён перароблены.

— Самі перараблялі, сваімі рукамі?

— Не, маю краўчыху. Мая суседка, сьпіць на суседніх нарах.

— А, мушу канешне з ёй пазнаёміцца! Ці шмат бярэ?

— Не, ня шмат. Я абяцала ёй чвэртку кіляграма цукру, як дастану пасылку ад мужа.

— Ах, запраўды ня дорага. Даражэнькая панячка, пазнаёмце мяне з ёю...

Дзьве падмазаныя жанчыны ў вастрожных вопратках вядуць гутарку, як-быццам дзьве сьвецкія дамы, якія радзяцца, якой краўчысе даць шыць веснавы касьцюм...

Праходзе міма нехта ў даўгой шынелі.

— Гэта што за гутаркі! Чаму не на рабоце? Хто звольніў?

„Дамы“ сьпяшаюцца да працы: адна — бульбу перабіраць. другая — у прачкарню.

Рэлігійныя справы.

Да 1928 году на Салоўках былі два памяшчэньні, дзе раз на тыдзень дазвалялі адпраўляць набажэнствы: у вадным — праваслаўным сьвяшчэнікам, у другім — каталіцкім ксяндзом. Гэты нібы то касьцёльчык каталіцкі прадстаўляў невялікую будыніну ў лесе, у адлежнасьці кілямэтру ад цэнтралі лягеру — Крэмля, і ня мог зьмясьціць усіх жадаўшых памаліцца. Старыя-ж салавецкія цэрквы былі перароблены на вязьніцы. Замест абяцаных школаў — салавецкія вастрожныя казармы, у якіх жыцьцё вучыла нас вялікае праўды, што бальшавікі ўмеюць абясчэсьціць усё сьвятое. Нават самае слова „таварыш“, якое заклікае да брацтва і навязвае сардэчныя адносіны паміж людзьмі аднае ідэі, аднае працы, аднае долі, — і яно будзіць сяньня ў кожнага, хто не заражаны камунізмам, прыкрае пачуцьцё агіды: так гэтае пекнае слова апаганена, збэшчана ў вуснах бальшавікоў.

У 1928 годзе набажэнствы былі забаронены. Мала таго: усіх каталіцкіх ксяндзоў і праваслаўных сьвяшчэнікаў перавялі ў 14 карную роту. I гэтага мала: у іх зрабілі вобыск і адабралі маліцьвенікі, сьвятыя абразкі, крыжы. Раней папоў і ксяндзоў назначалі на лягчэйшыя работы: за старажоў, кіраўнікоў вастрожнае гаспадаркі, — наагул на такія становішчы, дзе патрэбны былі людзі сумленныя, якім сьмела можна было даверыць лягерную маемасць. Цяпер, сканцэтраваўшы іх у карнай роце, іх выслалі на востраў Анзэр, дзе пасадзілі ў філіі „Галгофа“. Назоў добра адпавядаў іхняй долі. Анзэрская „Галгофа" была для іх запраўднай галгофай. Тутака прымушалі іх працаваць не па сілам, адначасна зьмяншаючы „паёк“. Тут зьдзекаваліся над імі і наругаліся на ўсе лады.

Толькі ў 1932 годзе „Галгофа“ была зьліквідавана, і ксяндзоў ды папоў парасьцярушывалі па іншых філіях.

∗     ∗

На Салоўках сярод палітычных вязьняў, гэтак-званых контр-рэвалюцыянераў, ёсьць надта вялікі процант людзей веруючых.

Крымінальны элемэнт — зладзеі, душагубы, бандыты, прастытуткі — блізу ўсе няверуючыя. Іхняя гутарка ўсьцяж перасыпаецца асаблівай маскоўскай лаянкай, у якой зьняважаецца памяць маткі. Кажуць, быццам гэтая лаянка сягае часоў татарскае няволі і была ўжывана наездчыкамі. Тады яна мела прынамся нейкі сэнс, бо, калі не адпавядала запраўднасьці, дык мела на мэце зьняважыць нявольніка. Цяпер гэтая агідная лаянка мае гэткі агульны і асаблівы характар, што часта два прыяцелі, якія доўга ня бачыліся, лаюцца ўзаемна гэтай лаянкай пры спатканьні ад... радасці, што спаткаліся! Бо ўся справа ў тым, якім тонам гэтая лаянка вымаўляецца: калі з пагрозай, тонам зачэпным — дык гэта зьнявага; калі-ж яе кажуць прыязным тонам ды з мілай усьмешкай, яна можа быць выяўленьнем радасьці, зьдзіўленьня, захапленьня.

Рэвалюцыя перарабіла гэту лаянку на агідную абразу Бога. Новая форма яе была вельмі хутка ўсімі прынята і цяперака блізу ня зыходзе з вуснаў савецкага зброду. Сярод гэткага акружэньня, сярод бязбожніцкіх выкрыкаў шапочуць свае малітвы веруючыя вязьні.

∗     ∗

Няраз распытываўся я ў знаёмых ксяндзоў, ці бальшавіцкая процірэлігійная агітацыя шмат паменшыла лічбу веруючых. І заўсёды чуў адказ: у гарадох — сярод моладзі, асабліва мужчынскае, запраўды можна пабачыць уплывы агітацыі. Інакш — па вёсках. Тамака ня толькі ня зьменшыўся лік веруючых, але наадварот — рэлігійнае перасьледаваньне і тэрор узмоцнілі веру, спарадзілі жаданьне ахвярніцтва і мучаніцтва. Вясковы народ — за нячысьленымі выняткамі — рэлігійны і не паддаецца ані агітацыі, ані тэрору.

„Узгадаваньне вязьня“.

Савецкія вастрогі шмат увагі зварачаюць на ўзгадаваньне вязьня. Бо мэтай трыманьня ў вастрозе ў Саветах мае быць ня кара, але — паправа. Галоўную ўвагу зварачаюць на ўзгадаваньне „соцыяльна блізкіх“ — гэта ёсьць: зладзеяў, душагубаў, бандытаў і да таго падобных крымінальных вязьняў. Бо яны быццам ёсьць ахвяры старога капіталістычнага ладу, і новы сацыялістычны лад стаўляе сабе за заданьне ліквідацыю сумнае спадчыны мінулых часоў. Дзеля ўзгадаваньня служаць: 1) лекцыі „политграмоты“ (палітычнае веды) — нібы свайго роду савецкага катахізму; 2) „узгадаваўчыя“ ўплывы; 3) „сьцен-газэты“, 4) „красные уголки“ (чырвоныя куточкі) і 5) кіна, клюбы, розныя лекцыі, тэатральныя прадстаўленьні і г. д.

„Политграмота“ ўводзіць у здэгенэраваныя мазгаўні крымінальных вязьняў паняцьце аб клясовасьці, здабычах рэвалюцыі, дасягненьнях „пяцігодкі“, канстытуцыі савецкага гаспадарства.

За „ўзгадаваўцаў* („воспитатели“) назначаюцца тыя-ж вязьні, толькі ўжо даволі пазнаўшыя мудрасьць „политграмоты“, клясавая прыналежнасьць каторых дае паруку, што будуць сумленна выпаўняць свае абавязкі. Гэтыя „ўзгадаваўцы“ глядзяць перад усім за тым, каб іхнія гадунцы былі палітычна лёяльныя, і адначасна выпаўняюць ролю шпігоў у адносінах да сваіх таварышоў.

„Сценгазэта“ займаецца даносамі на пісьме (ананімна). Яе пішуць рукой і налепліваюць пэрыадычна на сьценах. Пішуць тутака аб вастрожным жыцьці, кляймяць нядбалых у працы і нарушаючых вастрожныя правілы, заахвочываюць да „ударніцтва“ (працы вышэй нормы), падаюць прозьвішчы тых, хто наагул нечым правініўся. Гэтая форма данасіцельства дае шырокае поле да асабістых разрахункаў паміж вязьнямі.

„Красные уголки“ — гэта як-быццам каплічкі бальшавіцкія. Для іх вызначаюць найлепшыя памяшчэньні ў вастрозе. У куце пастаўлены гіпсавы бюст Леніна на прыбраным чырванью фоне, а калі няма бюсту, дык вешаюць партрэт Леніна. На сьценах — надпісы: „лозунгі“ (клічы). Пасярэдзіне стаіць стол, прыкрыты чырвоным рызманом, а на ім параскіданы савецкія часопісы, якія выпісваюцца прымусова на кошт вязьняў.

Тэатр.

Мае нарысы былі-б тэндэнцыйнымі, калі-б я ня ўспомніў аб даступных салавецкім вязьням культурных забавах. У першы чарод мушу сказаць аб тэатры.

Ясна, што тэатр прадстаўляе найбольш дзеючы спосаб агітацыі. Кожны савецкі фільм, кожная тэатральная п’еса мусіць быць перад усім беззаганнай з ідэолёгічнага гледзішча. Вузкія рамкі бальшавіцкае ідэолёгіі — ясна — адбіваюцца і на тэмах гэтых п’есаў. Тэмамі бываюць найчасьцей: кастрычнікавая рэвалюцыя, хатняя вайна 1917—1919 гадоў, далей — здабычы соцыялістычнага будаўніцтва, далей — шкодніцтва, якое перашкаджае ў гэтых дасягненьнях, урэшце — калектыўная гаспадарка на вёсцы і г. д. І усё гэта паўтараецца без канца.

Дык публіка з пачуцьцём палёгкі ўздыхае, калі пабачыць па афішах п’есу з клясычнага рэпэртуару: гэтак усім надакучылі творы „ідэолёгічна вытрыманыя“.

Так было і у нас на Салоўках.

Салоўкі маюць, як на вастрожныя адносіны, зусім не благі тэатр, у якім можа зьмясьціцца больш за 500 душ, з вялікай сцэнай і неабходнай для спэктакляў электрычнай інсталяцыяй. Тэатр зроблены з былай манастырскай „трапезнай“ (сталовай залi) і сумежных памяшчэньняў.

Сярод вязьняў есьць прадстаўнікі ўсіх галінаў сцэнічнага і эстраднага мастацтва: акторы, музыкі, сьпявакі, танцоркі, акрабаты, штукары; есьць гэтак сама маляры-дэкаратары, электратэхнікі, рэквізытары, тэатральныя машыністы — адным словам, увесь артыстычна-тэхнічны пэрсанал, неабходны дзеля тэатру.

Прадстаўленьні адбываліся чатыры разы на тыдзень: першыя два — платныя, другія два — бясплатныя. Білеты на бясплатныя раздавалі каманданты ротаў або ўзгадаваўцы. Трэба адзначыць, што платныя прадстаўленьні карысталіся большым пасьпехам, чым бясплатныя, а гэта затым, што той, хто купляў білет на платнае, меў права адначасна купіць другі — для знаёмае жанчыны і сядзець падчас спэктаклю побач з ёю. Гэта была адзіная аказія дзеля легальнага спатканьня з жанчынай. На бясплатных-жа спэктаклях жанок і мужчын рассаджвалі асобна: адным вызначалі правы бок, другім — левы.

Салавецкі тэатр быў закладзены у 1926-27 гадох адным із сасланых актораў. Спачатку ані актораў, ані іншых працаўнікоў тэатру не звальнялі ад цяжкое катаржанае работы. Увечары, пасьля выкананьня „уроку“, вязьні-акторы зьбіраліся ў вызначаным ім дзеля гэтага памяшчэньні і тутака рабілі рэпэтыцыі да познае ночы. Захапленьне гэтай працай было вялізарнае. Цяжкое жыцьцё чалавека, замкнёнага у вастрожных мурох, і ў мастацкай працы ён ахвотна шукае прадухі ад кашмараў рэальнага жыцьця... Саматугам — з нейкіх старых мяхоў пашылі касьцюмы. Гэтак сама зрабілі дэкарацыі. Спэктакль удаўся. Думка наладзіць сталы тэатр спадабалася ўладам. Сабралі ўсіх актораў, звольнілі іх ад большае часткі прымусовых работ. Неўзабаве наладзіўся аркестр. У лягеры аказаўся майстар, які ўмеў рабіць духавыя інструманты.

Вось як стварыўся тэатр, каторы пасьля згуртаваў паважныя акторскія сілы, сярод іх — даволі ведамыя імёны, а такжа аматараў, часта адзначаўшыхся запраўдным талентам.

Адведзіны Горкага.

Раз улетку прыехаў на наш востраў Максім Горкі.

Было гэта ў 1928 ці 1929 годзе, — добра ўжо не памятаю. Гады на катарзе гэткія падобныя адзін да аднаго, час плыве гэтак аднолькава, што хронолёгія здарэньняў не трымаецца ў памяці, — астаюцца толькі адны ўражаньні, модныя, нязьнішчальныя, але ня ўвязаныя ў ходзе часу.

∗     ∗

На прыезд дастойнага госьця ў салавецкім тэатры артыстычнымі сiламi вязьняў падгатаўляўся канцэрт з адборнай праграмай. Артысты мелі „трэму“ (дрыжыкі ад страху). Гадзіна, на якую быў назначаны пачатак канцэрту, мінула, але гасьцей у салі яшчэ ня было. Толькі шэрая маса вязь­няў запаўняла лаўкі.

Раптам пастаўлены ля дзіркі ў заслоне вартаўнік крыкнуў: „Ідуць! ідуць!"— і за кулісамі ўзьнялася гарачка: інспіцыент правяраў, ці ўсе ўчасьнікі канцэрту гатовыя, ці ўсе на сваіх мясцох.

Я ўлез на „каласьнікі“ (галерыю навакол сцэны за кулісамі), прытуліўся вокам да дзіры, прасьвідраванай у драўлянай сьцяне, і з вялікім зацікаўленьнем прыглядаўся да сядзеўшага ў першым радзе лавак — разам з сваім акружэньнем — п. Максіма Горкага. Побач з ім сядзела нейкая маладая жанчына ў мужчынскай вопратцы з цёмнае скуры; далей — агенты ГПУ у даўгіх да пятаў шынелях. Жанчынай была, як мне пасьля сказалі, дачка пісьменьніка.

Цікавасьць мая мела падвойную прычыну. Горкага датуль я ніколі ня бачыў. Яшчэ ня зыйшоўшы з школьнае лаўкі, я разам з маімі калегамі зачытываўся творамі маладога тады пісьменьніка, які першы ўвёў у расейскую літаратуру тып „басяка“ — расейскага люмпэнпралетара. Апрача гэтага п. Пешков (праўдзівае прозьвішча Горкага) — ужо не як пісьменьнік, але як чалавек, — меў у нашых вачох асаблівы чар з прычыны сваіх вызваленчых паглядаў, частых канфліктаў з уладамі, нязвычайнае, поўнае ўсялякіх прыгод, бурлівае моладасьці. Сягоньня гэты чалавек сядзеў вось тутака, непадалёк ад мяне, — снапы сьвятла з верхняе рампы падалі на салю і добра асьвятлялі гэты старэчы цяпер твар з абвісшымі вусамі. А ў той-жа салі, навакол яго, былі сабраны людзі, для якіх гэтак сама дарагія вызваленчыя ідэалы, якія, як і ён, змагаліся некалі з маскоўскім самаўладзтвам... Гэтыя пастаці ў шэрых, прасякшых ад частае дэзынфэкцыі пахам фармаліну „бушлатах“ — тыя-ж людзі, што калісьці гэтак сама туляліся па царскіх вастрогах і, як Горкі, лятуцелі аб вольнай Расеі.

Твар Горкага выяўляў — страшэнную нуду... Сядзеў ён зьлёгка згорбіўшыся і бязуважна глядзеў на эстраду, з якое плылі гукі музыкі, песьняў — усяе праграмы, укладзенае на ягоную чэсьць.

А мо’ гэта мне толькі здавалася? Мо’ аўтар „Буревестника“ шыбаў думкай у мінулым, мо’ раўнаваў сябе даўнейшага з сабой цяперашнім? Мо’ гэта было выражэньне не нуды, а — суму ашуканых надзеяў, выражэньне болю ад дакораў сумленьня?..

∗     ∗

Якія ўражаньні выклікалі ў Горкага Салоўкі? — гэткае пытаньне задавалі мы сабе. Праўда, самастойна савецкі пісьменьнік ня ступіў тут ніводнага кроку, бо ўсюды пры ім хадзілі агенты ГПУ. Як турысты, адведываючыя СССР, бачаць толькі тое, што ветлівыя гаспадары хочуць ім паказаць, гэтак і Горкага вадзілі толькі туды, дзе ён мог убачыць толькі дадатнія бакі. Ды не! — думалі мы: — чалавек з гэткім багатым жыцьцёвым дасьведчаньнем здолее дагледзіць укрываную праўду, перад праніклівым вокам Горкага праўда не схаваецца...

Якія рэвэляцыі надрукуе Горкі ў газэтах пасьля свайго павароту з Саловак? — пыталіся мы ў сваей наіўнасьці...

∗     ∗

На Салавецкім востраве існавала папраўчая калёнія для малалетніх праступнікаў. У асобных бараках гуртавалі моладзь спасярод крыміналістаў. На фоне агульнае пасыўнасьці „ка-эрау“ гэтыя маладыя зладзеі, душагубы, падпальшчыкі, гвалтаўнікі прадстаўлялі яркую пляму сваей юнацкасьцяй, бунтарствам, гуляньнем з небяспекай.

Нажовыя расправы, крадзежы і іншыя злачынствы былі сярод іх бадай штодзенным зьявішчам. Патрымаўшы нейкі час у гэтай салавецкай калёніі, дзе іх стараліся ўзгадаваць на прававерных савецкіх грамадзян, убіваючы ў здэгенэраваныя мазгаўні мудрасьць „политграмоты“, большасьць пасьля пасылалі ў калёнію для малалетніх злачынцаў у Балашове, пад Масквой, дзе іх спасобілі на агентаў крымінальнае паліцыі, бо ў гэтай галіне яны маглі быць вельмі карыснымі, дзякуючы сваім старым сувязям у сьвеце злачынцаў.

Ня ведаю, як гэта сталася, але назаўтрае Горкі неяк вызваліўся спад апекі сваіх „гаспадароў“ і сам адзін выбраўся на вандроўку па востраве. Тут прыпiльнавалi яго гадунцы калёніі, папрасілі ў свой барак і пачалі апавядаць аб біцьці вязьняў за невыпаўненьне работы, аб распрананьні зімой, аб працы над сілы, аб благой страве...

Горкі ўважліва слухаў гэтага апавяданьня, не выказваючы аднак свайго пагляду на гэтыя справы.

Ня ведаю, ці і як былі пакараны „каляністы“ за свой сьмелы паступак. Думаю аднак, што некаторыя з іх цяжка адпакутавалі за сваю адвагу...

Вестка аб гэтай гутарцы шыбка разьняслася па лягеру. Мы былі перакананы, што гэты „дысонанс“ устрымае пяро пісьменьніка ад выпісваньня пахвал савецкай палітыцы.

Сталася інакш. Праз колькі тыдняў прачыталі мы ў савецкай прэсе словы захапленьня Горкага жыцьцём вязьняў у салавецкім лягеры...

А сам ён, пабыўшы пару дзён на салавецкім востраве, вярнуўся на сонечны востраў Капрі (у Італіі)...

Злыя языкі кажуць, што, жывучы за межамі савецкага гаспадарства дый маючы адкрыты для сваіх твораў абшырны кніжны рынак у Расеі, ня цяжка захоплівацца савецкім „соцыялістычным будаўніцтвам"... „Контррэвалюцыянеры“ кажуць, што як-ні-як лягчэй дышыцца ў бацькаўшчыне фашызму, дзе прыватныя віллы не канфіскуюцца, чым у бацькаўшчыне соцыялізму, дзе лішняй раскошай лічыцца — мець два асобныя пакоі...

Кіна.

Апрача тэатру было ў нас кіна — пару разоў на тыдзень. Найцікаўнейшы быў у кіне сэанс у 1928 годзе, калі мы пабачылі на экране — „саміх сябе“.

Памятаю, як рабіліся здымкі да гэтага фільму. Перад нашай ротай быў гародчык, у якім улетку пробавалі расцьвісьці нейкія рахітычныя кветкі. У гародчыку стаяла драўляная капліца, аберненая ў чытальню часопісаў. Вось раз — на вялікае нашае зьдзіўленьне — пачуліся ў гародчыку гукі нашага вастрожнага аркестру. Камандант абходзіў нашыя камеры, выбіраў спасярод нас людзей, вонкава выглядаючых больш прыстойна, і пасылаў у гародчык. Тамака былі расстаўлены сталы, за якімі сядзелі вязьні, іграючы ў шахматы ці пераглядаючы часопісы. Нагналі сюды-ж і жанок з „женроты“ і дазволілі ім пабыць разам з мужчынамі. А воддаль стаяў мэханік з апаратам і накручваў фільм. Ведама, палажэньне было такое нязвычнае, што сьмеху й жартам ня было меры, — ну, і фільм удаўся, як мае быць: даў абраз салавецкай радасьці...

Пасьля мы аглядалі свае радасныя твары, бачылі, як ахвоча выходзім на работу, як весела працуем, як адпачываем пасьля працы, займаючыся культурнымі гульнямі...

Фільм свайго дапяў: разыйшоўся па СССР. Маці мая пісала з Менску: „Я бачыла ў кіне вашае жыцьцё на Салоўках. Значна супакоілася. Бачу, што там ня гэтак блага, як я думала...“

Я, пэўне-ж, адказаў ёй, што мне вельмі добра, бо інакш цэнзура ня пусьціла-бы пісьма.

Бібліятэка.

Вялікую асалоду ў жыцьці дае бібліятэка. Бібліятэка на Салоўках была вельмі багатая: былі ў нас кнігі блізу ў-ва ўсіх эўрапэйскіх мовах. Калі спасярод расейскіх кніг западозраныя з ідэолёгічнага гледзішча творы былі ад часу да часу забіраны, дык кніг у чужых мовах ніхто не правяраў. Вось і сустракаліся тут гэткія дзівосы: сярод францускіх кніг я знайшоў нейкую старую дыдактычную аповесьць для дзяцей, у якой была праведзена гэткая думка: памятайце, дзеткі, што сумленныя людзі бываюць ня толькі сярод маркізаў; здараецца часамі, што сумленнымі бываюць і людзі бедныя...

Музэй.

Быў у нас і салавецкі музэй, які складаўся з трох аддзелаў: аддзел прыродазнаўчы, у якім былі сабраны мёртвыя экспанаты салавецкае флёры і фауны; аддзел прамысловасьці — з выстаўленымі ў ім узорамі вырабаў тутэйшага промыслу й рамясла (гарбарні, сьлесарні, ганчарні, сталярні і г. д.), аддзел гістарычны, дзе сабраны іконы, узятыя з цэркваў, некаторыя з іх вялікае мастацкае вартасьці, тонкае работы крыжы рознага кшталту і вагі, зялезныя ланцугі з крыжом на канцы (вериги) якія насілі праваслаўныя манахі дзеля пакуты цела, і іншыя памяткі з старога манастыра. Але найбольш прыцягвалі да сябе ўвагу старыя рэліквіі — „мощи“ сьвятых Засімы і Савація, закладчыкаў салавецкага манастыра, замкнёныя ў шкляных скрынях.

Аглядаць музей дазвалялася толькі групамі пад кіраўніцтвам узгадаваўцы або каманданта роты. Тлумачэньні даваў спэцыяльна вызначаны музэйны праваднік. Гістарычны аддзел паказвалі вельмі павярхоўна, насьпех, а тлумачэньні даваліся ў духу процірэлігійным.

Нейкі час я выпаўняў абавязкі музэйнага стоража. Мае абавязкі былі нязложныя: я прахаджваўся па музэйных калідорах, а часамі выстайваў пад дзьвярыма, пілнуючы, каб „соцыяльна блізкія“ не павыкрадывалі экспанатаў.

Бадай што-дня, калі я выходзіў на музэйны ганачак, падходзіў да мяне пакорна нейкі селянін спад Тулы, сярэдняга веку, і прасіў дазволу памаліцца. Я ўважліва разглядаўся ў-ва ўсе бакі і, пераканаўшыся, што ніхто ня бачыць майго службовага праступку, вёў селяніна ў гістарычны аддзел. Тут — паводле праваслаўнага звычаю — ён, жагнаючыся, нізка кланяўся на ўсе чатыры куты пакою, а пасьля падыходзіў да трунаў сьвятых і адбіваў паклоны.

Па твару ў яго плылі сьлёзы...

У 1933 годзе ў музэі была праведзена рэарганізацыя. Гістарычны аддзел быў для публікі зачынены.

Спорт.

У савецкіх лягерах вялікая ўвага зварачаецца на фізычныя практыкаваньні. На Салоўках была адумысная спортовая плошча, дзе ўлетку адбываліся розныя гульні, а зімой была зроблена коўзанка; апрача таго зімой езьдзілі на лыжах і на саначках. Гожа адзначыць, што ўсе гэтыя віды спорту былі даступныя для ўсіх, а патрэбныя прылады, як лыжы і г. д., былі казённыя.

Падзел вязьняў.

Адміністрацыя дзеліць вязняў на дзьве катэгорыі: „каэраў“ і „соцыяльна-блізкіх“. Два розныя сьветы, дзьве псыхікі, дзьве этыкі.

Крымінальныя вязьні, якіх я меў няпрыемнасць пазнаць падчас прымусовае вандроўкі па розных вастрогах, самі дзеляць чалавецтва на дзьве выразна адрозьніваючыся часьці: „мы“ і „яны“. „Мы“ — гэта ўсе тыя, хто жыве ў нязгодзе з правам, гэта — зладзеі, бандыты, ашуканцы і г. д., паразіты на деле грамадзянства; „яны“ — гэта так-званыя „фраеры“, той мурашнік людзкі, які творыць пэўныя вартасьці, які працуе, піша кодэксы, мае ў сваіх руках органы бясьпечнасьці і г. д.

Першыя — гэта выбранцы лёсу, род надлюдзкі, якому ўсе дазволена; другія — ілоты, няздольныя „да нічога лепшага“. Першых абязывае пасярод „сваіх“ свая ўласная этыка, якая не абыймае „фраераў“. Доўг чэсьці пры гульні ў карты „свайму" мусіць быць выплачаны ў 24 гадзіны; дадзенае „свайму“ слова мусіць быць датрымана. Наадворот, у адносінах да „фраера“ дапускаецца ўсякае круцельства. Калі падчас гульні ў карты (а ўсе крыміналісты з захапленьнем іграюць у карты) некаму з іх сяньня не шанцуе і няма ўжо грошай, каб іграць далей, дык ён будзе іграць на порткі ці боты... таго „фраера“, што сьпіць тут-жа на нарах, а калі прайграе, дык „сумленна“ ўкрадзе праіграную чужую рэч і аддасьць выйграўшаму. Калі ж няма пад рукой „фраера“, ён гатоў іграць на палец ад сваей рукі і ў выпадку пройгрышу без ваганьня адсячэ яго сякерай, каб кінуць яго шчасьліваму іграку. Мне ведамы гэткі выпадак. Крымiналiст I. К. прайграў сваю палюбоўніцу, якая была ўцяжку. Нібы то дзеля пагулянкі завёў яе ў лес, дзе ў умоўленным месцы чакалі шэсьць учорашніх ігракоў, і тамака ўсе яны пачародзе згвалтавалі дзяўчыну (Салоўкі, 1928 г.). Доўг чэсьці быў сплочаны, як належа, у 24 гадзіны! Магчыма, што няўдалы ігрок ня быў пазбаўлены пэўнага сантымэнту да сваей прыяцелькі, але — доўг перад усім! А дзяўчына, баючыся помсты, маўчала, не адважаючыся пажаліцца адміністрацыі...

Абакрасьці „свайго“ — ня можна; украсьці ў „фраера“ апошнюю кашулю — учынак зухаваты.

Гэтак сьвет злачынцаў прызнае дзьве этыкі: адну ў узаемных адносінах сярод „сваіх“, другую а мо’ лепш — ніякае, калі справа датычыць „фраераў“.

Дык узаемныя адносіны паміж „каэрамі“ і „соцыяльна блізкімі“ заўсёды былі варожыя. „Соцыяльна блізкія“ абкрадалі „каэраў", а тыя, займаючы ў лягеры вышэйшыя становішчы, імсьціліся за гэта над „соцыяльна блізкімі“.

Дзеля ілюстрацыі адносінаў раскажу аб адным факце, які здарыўся ў 1928 годзе.

Голыя... ў сьнежні!

У вольныя ад прадстаўленьяў дні тэатральнае фойе было месцам зборак для прыбываючых з філіяў партыяў вязьняў. Вязьняў тут усьцяж перакідалі з аднаго месца ў другое. Усьцяж — у меру запатрабаваньня на рабочыя рукі — перавозілі транспорты работнікаў-катаржан з аднае філіі ў другую.

Было гэта ў сьнежні 1928 году. Мора йшчэ не замерзла, але ўжо густа пакрылася крыгамі. Ждалі прывозу партыі вязьняў з суседняга вострава Анзэра.

Я сядзеў у тэатральнай канцылярыі, перапісываючы ролі. За другім сталом сядзела жанчына — колішняя генаральша, а цяпер — як і мы ўсе — у катаржнай вопратцы: яна спаўняла абавязкі касіршы ў тэатры.

На лесьвіцы пачуўся рух. Мая таварышка, кіраваная жаночай цікавасьцяй, кінулася да дзьвярэй, каб паўзірацца на прывезеную з Анзэра партыю, а я спакойна скручываў папяроску з махоркі, зусім ня квапячыся аглядаць абраз шмат разоў ужо бачаны: ідуць гаротнікі на новую работу, скуль ня ўсе вернуцца... Мо й мяне заўтра пагоняць у лес пілаваць дровы. Праўда, цяпер я быў акторам, меў „блат“, што ў салавецкай гутарцы значыць упрывілеяванае становішча, — жыў з калегамі ў цёплай манастырскай цэлі; але заўтра мог ізноў апынуцца ў сцюдзёным бараку недзе сярод карэльскіх лясоў...

Раптам былая генаральша ўскочыла назад у канцылярыю:

— Паночку! Голыя... Голыя людзі!

Я выглянуў за дзьверы: адзін за адным па тэатральных усходах ішлі, кіруючыся да фойе, людзі... голыя! Зусім голыя. Чорнаскурыя грамадзяне падзваротнікавых краін носяць на бёдрах вязьмо, а пазбаўленыя ўсіх грамадзкіх правоў салавецкія вязьні ішлі, ляскаючы зубамі і дрыжучы ад холаду, абсалютна галышом. Некаторыя з іх мелі ў рукох увязаныя на шнурку свае „рэчы“: пустую бляшанку ад кансэрваў, якая служыла ім адначасна за кубак, міску і лыжку... Іншае маемасьці ня мелі.

Я глядеў з жахам, ня веручы сваім вачам. Гэта-ж дзеялася не пад роўнікам, а на Белым моры, пад 65 градусам геаграфічнае шырыні, у адлежнасьці толькі 200 кілямэтраў ад палярнае краіны — і датаго-ж у сьнежні!..

— Які жах! Які жах! — выкрыківала пафранцуску экс-генаральша, заламываючы рукі.

Сярод галышоў былі пастаці з накіненымі на плечы мяшкамі ды рознымі лахманамі, каторыя хіба-ж мала грэлі іх намерзлыя целы. На 200 вязьняў гэтае партыі я налічыў 32 галышоў. Рэшта мела нейкія лахмоцьці. I гэтыя людзі пераплылі 5 кілямэтраў на лодках па моры — з вострава Анзэра на Салоўкі, а пасьля ад прыстані „Пэрт“ ішлі пехатой 8 кілямэтраў да Крэмля, дзе ў мурох былага манастыра знаходзіцца наш тэатр.

Прызнаюся, што зьявішча гэтае было для мяне гэтак неспадзяванае, гэтулькі страшнейшее за ўсе жахі, бачыць якія я быў прыгатаваны, што я ня мог нават абурацца. Я стаяў аслупянеўшы, гледзючы на гэту дзіўную працэсію, заінсцэнізаваную хіба самім чартом у мамэнт зласьлівага настрою...

Хутка гэтае нязвычайнае здарэньне было выясьнена.

Партыя складалася пераважна з „шпаны“, значыць — дробных зладзеяў. Калі іх пасадзілі на востраве Анзэры і далі казённую вопратку, яны лёгкамысна папраігрывалі ў карты свае ўласныя вопраткі, відаць, не спадзяючыся, каб маглі ім яшчэ прыпатрэбіцца. Вось-жа, як прыйшоў загад прыслаць партыю на Салоўкі, адміністрацыя Анзэра, якая пры адсылцы вязьняў у іншую філію мусіла здымаць дадзеныя вязьням казённыя рэчы, каб у кожны мамэнт паказаць давераную ёй казённую маемасьць, — загадала ім распрануцца і... пусьціла ў дарогу галышом.

Трэба адзначыць, што цяпер падобны факт ня мог бы стацца. Гэта дзеялася ў тым часе, калі „шпана“ была ў пагардзе, калі яе пасылалі на найцяжэйшыя работы, білі, усяляк зьдзекаваліся над ёй і наагул стараліся вынішчыць яе.

Цяпер адносіны — зусім іншыя. Цяпер „шпана“ ў канцэтрацыйных лягерах разглядаецца, як сумная „спадчына старога капіталістычнага ладу“. Савецкая палітыка цяпер імкнецца да таго, каб зладзеяў узгадоўваць і перарабляць на прававерных савецкіх грамадзян. Ці гэта ўдаецца — гэта іншая справа. Цяпер зладзеі і бандыты займаюць у канцэнтрацыйных лягерах упрывілеяванае становішча, а калі ўмеюць пісаць, дык іх назначаюць за камандантаў рот, за кіраўнікоў гаспадаркі. Да палітычных-жа вязьняў, ці гэтак-званых „каэраў“, адносяцца недаверчыва і стаўляюць іх на апошнім месцы. Цяпер гэткі паход голае зладзейскае банды ў сьнежні быў-бы немагчымы, з „каэрамі“-ж гэта не магло-б здарыцца дзеля таго, што тыя сваіх вопратак у карты не праігрываюць.

Спасярод прывезеных з вострава Анзэра галышоў некалькі ў тую-ж ноч памерла ў тэатральным фойе. Рэшта — яшчэ жывая, але ў безнадзейным стане, — была назаўтрае адаслана ў бальніцу.

Крадзежы.

Адначасна з пераменай курсу лягернае палітыкі ў кірунку ўпрывілеяваньня крымінальнага элемэнту пачала непамерна разрастацца лічба крадзежаў. Праўда, і раней выпадкі крадзежаў у лагеры здараліся даволі часта, але цяпер дык пачалася запраўдная пошасьць. Выходзячы на работу, мы зачынялі камеры на ключ; на калідоры дыжурыў „днявальны“. Аднак, зладзеі пралазілі ў нашае жыльё праз вакно ці то па драбіне, ці — па прыстаўленых дошках. У „калейцы“ да кухні, у тэатры — усюды, дзе быў натоўп, зладзеі-фахоўцы ачышчалі кішані неасьцярожных „фраераў“. У вязьня, які варочаўся ў сваю роту з толькі-што атрыманай пасылкай з прадуктамі, пасынку вырывалі з рук. Недзе воддаль бандыты проста хапалі сваю ахвяру за горла і рабавалі ўсё, што было ў кішанёх. Кралі ўсё: грошы, тытун, вопраткі, бялізну, а галоўнае — спажыўныя прадукты.

Злоўленых на месцы крадзежы каралі ня больш, як двухтыднёвым арыштам.

Пасьля выявілася, што начальнік салавецкага лягеру, Мордвінов, разам з некалькімі працаўнікамі аслаўленага ИСО быў у хаўрусе з зладзеямі. Зладзеі свабодна кралі і за паблажку з боку адміністрацыі дзяліліся з апошняй сваей здабычай...

Ізноў, быццам гром з яснага неба, звалілася камісія з Масквы. Ізноў некалькі асоб расстралялі. Мордвінов, як і ягоны папярэднік Зарін, павандраваў на 10 гадоў у канцэнтрацыйны лягер. Аднак, крадзежы ня спыніліся. Зладзеям патрэбны грошы на гарэлку, а матросы, якія патайна прывозяць манапольку на Салоўкі, рызыкуючы канфіскатай катрабанды і карай, за кожную бутэльку бяруць бадай у дзесяць разоў даражэй, чым самі плацяць! Патрэбны грошы і на гульню у карты. Урэшце — і голад трэба-ж неяк заспакоіць...

А голад з кожным годам дакучаў усё больш і больш. Калі ў першыя гады маей бытнасьці на Салоўках нас кармілі сачэўкай, грачанай кашай, бульбай, а часам і на мясе зупу варылі, дык цяпер бульбу бачылі мы вельмі рэдка, аб гароху, грэчцы ды сачэўцы даўно забыліся, і асталася адно толькі салёная рыба „тарань“, якой кармілі нас і на сьнеданьне, і на абед. З гэнае рыбы варылі поліўку, крыху запраўленую прасянымі крупамі ці салёнымі памідорамі, вельмі рэдка — бульбай.

Адны кралі, каб мець на гарэлку і карты, другія — каб не памерці ад зьнясіленьня. Хто ня краў, вышуківаў на сьметніках галоўкі ад селядцоў, косьці ад „тарані“ дый гатаваў сабе іх з вадой, дадаючы крапівы. Ня дзіва, што беспасрэдна пасьля зьліквідаваньня плямістага тыфусу пачалася новая эпідэмія — тыфусу брушнога і дызэнтэрыі (крываўкі), а адначасна сярод моладзі зьбіралі свае жніво сухоты, пашыралася цынга і скульлё. Каты ў лягеры счэзьлі: іх паелі. Калі захудалая сучка, якая бадзялася па лягеры, шукаючы, як і вязьні, пажывы на сьмятніках, прывяла раз шчанят, дык і тыя ўсе ураз-жа апынуліся ў кацялкох згаладалых вязьняў.

У лягерных спажывецкіх крамах рэдка бываюць спажыўныя прадукты. Часамі разыйдзецца вестка, што прывезьлі ў крамку бочку нейкае скісшае мармаляды. Ураз-жа перад крамкай зьбіраецца „калейка“, і ўсё мігам распрадаецца. Часамі зьявіцца бочка падгнілых селядцоў, і яны ўраз жа знаходзяць ахвотнікаў. Але хлеб выдаецца толькі паводле нормы, і ў вольнай прадажы яго няма.

Таварамі, якіх заўсёды можна дастаць у крамцы, колькі хочаш, есьць: парашок да зубоў, памада да вуснаў, пудра, кармін і іншыя падобныя касмэтыкі. І яны маюць даволі набыўцаў: гэта — жанчыны, якія малююцца, каб сябе прыхарошыць...

Цікаўна выглядае гэткая „какетка“ ў выкрыўленых войлачных ботах, у шэрым вастрожным кафтане, з загрубелымі ад цяжкой работы рукамі і — з памаляванымі начырвона вуснамі, з вачыма падведзенымі чорным алоўкам...

Прадаваць „одэколонь“ забаранялі, бо гэты прадукт, таньнейшы за кантрабандную манапольку, якую прывозілі матросы, замяняў вязьням гарэлку.