У капцюрох Г.П.У. (1937)/Кемь
← Салоўкі | Кемь Аповесьць Аўтар: Францішак Аляхновіч 1937 год |
Масква → |
КЕМЬ.
На Вэгеракшы.
Раз — у асеньні вечар, калі я ўжо рыхтаваўся легчы спаць, — у маю камеру шпарка ўвайшоў камандант:
— Зьбірай свае манаткі! Хутчэй!
Я аслупеў. Куды?
Мяне павялі на прыстань. Пасадзілі на параход. Павезьлі — на зямлю.
Пасьля шасьцігадовага пабыту ў вастрозе мяне ўжо ня лічылі небясьпечным вязьнем, які захацеў-бы ўцячы, дык прызналі магчымым перавезьці на зямлю. З вострава ўцячы немагчыма, а на зямлі бывалі здарэньні ўдачных уцёкаў.
Прывезьлі мяне ў Кемь, малое мястэчка — за 10 кілямэтраў ад узьбярэжжа Белага мора. За мястэчкам стаяць драўляныя баракі, абведзеныя калючым дротам. Тут жывуць вязьні. Гэтае выклятае месца мае назоў „Вэгеракша“, што ў карэльскай мове значыць: шлях ведзьмаў.
Частка прадпрыемстваў, у якіх працуюць вязьні, стаіць тут-жа, ў драцяной агарожы. Тутака ёсьць: электроўня, друкарня, гарбарня, фабрыка цацак; за агарожай ёсьць: сталярня, швальня і канцылярыі, якія абслугоўваюць салавецкія лягеры.
Вязьні, што працуюць за драцяной агарожай, дастаюць пропускі на права хадзіць да мястэчка. Аднак, тамака з сталымі жыхарамі ніякіх зносінаў ня маюць, бо гэта магло-б медь прыкрыя для адных і для другіх вынікі.
У некалькіх крамках, якія ёсьць у мястэчку, гэтак сама няма еміны, як у крамках лягерных. На тутэйшым торжышчы можна дастаць толькі два прадукты: малако — па тры рублі бутэлька (паўлітровая) ды часамі — чорны хлеб па б-8 рублёў за кіляграм.
Кормяць вязьняў на „Вэгеракшы“ зусім так сама, як і на Салоўках: даюць салёную рыбу ды поліўку з рыбы. Дык згаладалыя людзі цягаюцца па беразе ракі, шукаючы адпадкаў еміны, бо ўсякія адпадкі і сьмяцьцё скідаюць тутака на берег ракі.
Варункі жыльля тут шмат горшыя, чым на Салоўках. Вязьні жывуць у драўляных бараках, поўных клапоў, на двух-паверхавых нарах. Няма й гутаркі аб тым, каб чалавек меў хоць нейкую полачку над галавой — дзеля асабістага карыстаньня: гэтак тут цесна. Тыя, што памяшчаюцца на ісподніх нарах, трымаюць свае рэчы, судзьдзё і прадукты — у скрыначках пад нарамі, а хто на верхніх, той мусіць трымаць усё дабро ўгаловах.
Крадуць так сама часта, як і на Салоўках.
Наганяюць да працы паводле пануючае ў СССР сыстэмы „ударніцтва і спаборніцтва“. Усе залічаюць сябе да „ударнікаў“, усе стараюцца апярэдзіць другіх у выкананьні работы вышэй нормы, бо інакш не атрымаюць права купляць прадукты, якія ад часу да часу зьяўляюцца ў крамках.
Газэта і радыё.
Што другі дзень выходзіць тутака друкаваная газэта „Трудовой Путь“, рэдагаваная і складаная вязьнямі. Газэта ўсьцяж заклікае да павялічэньня выдайнасьці працы і кляйміць усякія правіннасьці вязьняў.
У кожнай роце і ў кожным прадпрыемстве ёсьць радыё — галосьнік, злучаны з цантральнай станцыяй на Вэгеракшы.
У працягу ўсяго дня чуем заахвочваньне да насьлядаваньня найлепшых ударніцкіх брыгадаў і словы асуджэньня ды пагрозы адказнасьцяй для тых, хто не спраўляецца з сваей рабочай нормай, — а ў вечары злучаюць нас з Масквой, скуль чуем лекцыі, бягучыя весткі (і там усё ў ударніцкіх тэмпах), канцэрты, опэру. У самую поўнач (паводле заходня-эўрапэйскага часу — у 10 гадзін вечара) чуюцца нязьменна гукі савецкага гімну (інтэрнацыяналу), і пасьля да 2-ое гадзіны ўначы злучаюць нас з сталіцамі эўрапэйскіх гаспадарстваў. Слухалі мы часта Бэрлін, Вену, Прагу, Варшаву...
Пасьля ўсіх гэтых няўстанных гутарак аб „ударніцтве“ і „спаборніцтве“ дзіўнае ўражаньне робяць гукі фокстроту, якія плывуць да нас з нейкае эурапэйскае кавярні. У пярэрвах чуваць бразганьне пасуды, гул галасоў людзкіх... Галодны, у лахманох вязень слухае гэтых гукаў і лятуціць аб сытым жыцьці, жыцьці ў чыстасьці, — не аб канфорце, але аб найбольш элемантарных абставінах запраўды людзкага жыцьця. Усё гэта — такое далёкае, недасяжнае... Наплываюць наіўныя думкі аб чыстым каўнерыку, аб эўрапэйскай вопратцы, аб шыкарных жанчынах, аб залітай сьвятлом салі, аб красках... Наплываюць думкі аб усім, што чалавек утраціў назаўсёды. Гэта-ж — ня сон! Там, недзе далёка, за колькі тысяч кілямэтраў, людзі жывуць інакш... Там, недзе, у „капіталістычных“ краінах людзі не паміраюць ад голаду, незнаёмыя з ГПУ...
Гэткім шляхам імкнуцца думкі вязьня пад гукі фокстроту, пачутага праз радыё з эўрапэйскае кавярні...
Стаіць вязень, абапершыся аб сьцяну, і слухае. Закруцілася сьляза ў воку. Добра, што ніхто ня бачыць: таварышы сьпяць. Ён лятуціць... А клапы пачулі пажыву... шыбка паўзуць па сьцяне да прытуліўшагася да яе лятуценьніка... Лезуць за каўнер і — варочаюць яго да запраўднасьці...
Трэба бараніцца ад клапоў... Дый спаць ужо пара. Дай Бог, каб сон быў без кашмараў! Заўтра рана трэба падыймацца на работу...
А стуль — здалёк, праз тысячы кілямэтраў, радыёвыя хвалі нясуць гукі музыкі, калышуць да сну...
У ізалятары.
13-га ліпня 1933 году, калі я ў сваіх казармах еў атрыманую на абед поліўку з „тарані“, прыбег, запыхаючыся, пасланец ад ИСО, клічучы мяне чым хутчэй з сабою:
— Хутка! Разам з рэчамі — марш у ИСО!
Я ажно зьбялеў ад жаху. У чым справа? Ніякае віны я не пачуваў за сабою. — Ах, праўда! Я прыпомніў, што колькі дзён назад у мяне ўкралі пропуск на права выхадзіць за калючыя дроты. Той, у каго кралі гэткага роду дакумант, адказваў звычайна двухтыднёвым арыштам. Але гэта не датычыла ИСО. Дык калі клічуць мяне да гэтае установы, значыць, што справа шмат паважнейшая...
Аднак, на разважаньні часу ня было. Хуценька зьвязаў я свой клунак, ускінуў на плечы дый пайшоу за маім правадніком. З ИСО, нічога мне ня кажучы аб прычыне майго арышту, павялі мяне ў ізалятар.
Пасадзілі мяне ў малой камеры — разам з былым дазорцай, які чакаў прыгавору за тое, што ўдарыў прыкладом зладзея, якога вёў у вастрог. Цяпер за гэткія паступкі сурова караюць, і мой прыпадковы таварыш быў вельмі занепакоены сваім лёсам. Гэта быў малады вясковы хлапец, якога выслалі на пяць гадоў у лягер за неаплату падатку збожжам.
Пачалося ўжо кароткае паўночнае лета. Было вельмі цёпла, а ў нашай камеры, у якой адчынялася толькі малая фортачка, было нават горача і душна.
Няпэўнасьць майго палажэньня, нястача тытуну (у ізалятары вастрожныя правілы забараняюць курыць), пануры таварыш, душнае паветра — усё тэта выклікала ў мяне вельмі суммы настрой.
Бо-ж чорт яго ведае, што тут сталася! За ўвесь час бытнасьці маей на Салоўках мяне ні разу не садзілі ў ізалятары, і толькі цяпер, у сёмым годзе адбываньня кары, доля судзіла мне і з ім пазнаёміцца! Мусіць нейкае непаразуменьне! А мо‘ нейкі „сексот“ дзеля помсты зрабіў на мяне фальшывы данос? А мо’ я калі сказаў нешта неасьцярожна, і гэта дайшло да ведама ўлады? Часу на разважаньні было ў мяне даволі, і ў маей галаве мятусіліся самыя разнародныя дагадкі, быццам стая вераб’ёў, злоўленых у клетку.
Ах, гэтая няпэўнасьць!.. Як яна мучыць!
У дарозе.
Праз два дні мяне вывелі з ізалятара, далі 7 салёных рыбаў і 1½ кіляграма хлеба, пасадзілі з двума канвойнымі жаўнерамі на воз, і мы паехалі на чыгункавую станцыю. Куды едзем, я ня ведаў. Адзін з жаўнераў сказаў, што ў Маскву; другі нешта буркнуў пра Ленінград. Гэта — сыстэма: не казаць вязьню праўды. Мая трывога ўсьцяж узрастала, тым больш, што канвой (пэўне, згодна з дадзенай яму інструкцыяй) пільна сачыў за мной. Мне забаранялі ўставаць з лаўкі, выглядаць праз вакно. Кожны мой рух на лаўцы выклікаў неспакойны, пільны пагляд канвою.
У выніку разважаньняў я дайшоў да перакананьня, што калі, у працягу блізу сямігоднае бытнасьці маей у няволі, ані голад, ані тыфус, цынга ды іншыя хваробы ня здолелі зьнішчыць мяне фізычна, дык пастаноўлена зрабіць мне новую справу і — у найлепшым выпадку — даць яшчэ 10 гадоў лягеру... Але якую справу? У чым мяне абвінавачваюць?
Прыехалі ў Ленінград. На вагзале вялізарны натоўп. Я сядзеў тут пад наглядам аднаго жаўнера, бо другі некуды пайшоў — выпаўніць нейкія фармальнасьці. Цяпер я ўжо ведаў напэўна, што едзем у Маскву. Ад часу да часу зварачаўся да мяне нехта з таўпы, пытаючыся, калі йдзе нейкі поезд, што рабіла вялікі клопат майму канвою, бо як вязень, я ня меў права гутарыць з публікай.
Адзначаю, што сваім вонкавым выглядам, у катаржнай вопратцы, я мала адрожніваўся ад гэтае бедна апранутае таўпы. Людзі думалі, што і я — такі-ж падарожны, толькі еду ў кампаніі з жаўнерам, і ніхто не дагадваўся, што перад ім — салавецкі вязень. А быў я адзеты так, што ў нас на Беларусі й дзяды лепш апранаюцца... З гэтага можна судзіць аб агульным вонкавым выглядзе публікі ў колішняй сталіцы Расеі.
Заняўшы месцы ў іншым поезьдзе, паехалі мы ўрэшце на Маскву.