Перайсці да зместу

Усім патроху… (1930)/Няўдалы хабар

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Падзел працы Няўдалы хабар
Верш
Аўтар: Анатоль Дзяркач
1930 год
Рэха
Іншыя публікацыі гэтага твора: Няўдалы хабар.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НЯЎДАЛЫ ХАБАР

Паляваў аб‘езчык у лесе —
Стрэльнуў лісу ў самы рот.
Аблупіў з яго ён скуру,
Мяса выкінуў пад плот.

Ў той жа дзень — натое ліха —
Хітры, жвавы, як уюн,
К палясоўшчыку па дрэва
Прэцца неякі шляхтун.

І каб мець пасьпех адразу,
Каб ня гнаць дарэмна воз,
Ён аб‘езчыку у сене
Зад бараніны прывёз.

Але тут на перашкодзе
Ён спаткаў другіх сялян,
Што чакалі гэтак сама
Добы дзьве ужо — дальпан!

Шляхціц стаў. Каня пры плоце
Прывязаў і ў хату сам:
„Даражэнькія паночкі,
Я прывёз гасьцінчык вам!“

Ў гэты час — галодны зраньня —
Нечы конік, як на грэх,
Вудзіў сена шляхтунова
І зубамі выцяг мех.

„Гляньце, хлопцы! Ці ня хабар
Хутаранец прывалок?“
Разьвязалі: бачаць праўда.
„Пачкай-жа, галубок!

Дай сюды, Гаўрыла, падлу,
Што ляжыць пад плотам вунь!
І, бараніну дастаўшы,
Ў торбу шляхціцаву усунь“.

Як сказалі, так зрабілі,
І мяшок ізноў наніз…
Вышла проста, як па масьле:
Ў сене — торба, ў торбе — ліс.

Цераз хвілі дзьве урэшце
Аб‘явіў аб‘езчык-дук:
„Я сягоньня, хоць зарэжце,
Не пайду мазоліць рук,

Адкляймую заўтра зраня,
А цяпер — аглоблі ў зад!
Пачасаліся сяляне
І паехалі да хат.

Толькі шляхціц не паехаў:
З возу ён схапіў мяшок
І аб‘езчыку ў пакоі
Свой гасьцінчык увалок…

Разьвязалі — божжа сіла!
На ўсю хату галава
Лупачамі засьвяціла,
Як упоўначы сава!

Вось гасьцінец! Вось хвалёны!
Бяз дыху, бяз сіл і ног
Шляхціц з хаты, як шалёны,
Пакаціўся за парог…

∗     ∗

З тэй пары — гаворяць людзі —
Што аб‘езчык-небарак
Да бараніны навекі
Страціў свой даўнейшы смак!