Мой дом/Усход сонца

З пляцоўкі Вікікрыніцы
< Мой дом(Пасля перасылкі з Усход сонца)
Jump to navigation Jump to search
У сухмень Мой дом
Усход сонца
Аўтар: Якуб Колас
На усходзе сонца


УСХОД СОНЦА

На усходзе неба грае
Пераліўным блескам,
Сыпле золата над гаем
І над пералескам.

Чуць-чуць дрогне, праліецца
Чырвань на усходзе -
Гэта неба усмехнецца
Людзям і прыродзе.

Смех адказны, смех шчаслівы
Ходзіць па пагорках.
Час світання — час жычлівы...
Гаснуць, нікнуць зоркі.

Шырай, шырай зараніца
Разнімае крылле,
Нібы пожар б’е крыніцай
Там, на небасхіле.

Сноп праменняў, пышна ўзняты,
Сее бляск-чырвонцы -
Гэта неба сцеле шаты
На дарогу сонцу.

Над палямі мрок прарваўся,
Па нізах расплыўся,
Лес туманам заснаваўся,
Луг расой абмыўся.

Агнявыя валаконцы
Ткуцца ў шоўк чырвоны -
Гэта хмаркі ладзяць сонцу
І дзяньку кароны.

Як прыемна пахне збожжа!
А вакол — спакойна!
Эх, як слаўка, як прыгожа,
Хораша, прыстойна!

І сабрала неба фарбы
Колераў дзівосных...
І дзе ёсць такія скарбы
Гожства, сугалосся?!

1908 г.