Памяці Івана Луцкевіча (1920)/Успаміны пра Івана Луцкевіча/Родзевіч

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Успаміны пра Івана Луцкевіча Успаміны пра Івана Луцкевіча
Успаміны
Аўтар: Леапольд Родзевіч
1920 год
Успаміны пра Івана Луцкевіча

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Апошні раз мы сустрэліся ў гарадзкім тэатры.

— Добры вечар!

— Добры… Як справы? Што новага?

— Нічога асаблівага, — кажу я. — Вось кульгаю патрошку па сваей пуцявінцы. Бяда толькі…

У пачаў я жальбаваць на свае няўдачы, прасіць парады ў сваёй працы. А ён з увагай, спагадай выслухаў і так міла, проста, прыязна раіў, навучаў. І гутарылі мы ўсё аб адным: аб справах беларускіх.

— Але сягоньня тэатр ажно покаіцца ад народу — усьцешыўся я.

— І гэта наш беларускі тэатр, беларуская публіка, беларускі дух — гордасьць, надзея!

— А ці памятаеце вы, паночку, як гэты тэатр толькі пачынаў прабіваць цьвёрды грунт векавога няхайства, як вы прыяжджалі з Вільні ў Дзісну на беларускае ігрышча, што ставіў Ігнат Буйніцкі, як вы самі падышлі да мяне і сказалі: „Добра іграеце, толькі голас лішне слабы. А вашы рукапісы, пасланыя ў „Нашу Hівy“, атрымалі. Пішэце больш — будзем патрошку друкаваць“. А пасьля вы нас, усю трупу зьнімалі сваім „кодаком“. Памятаю кожны ваш рух, выражэньне, чырты вашага твару. Як цяпер, так і тады вы гарэлі верай у адраджэньне Беларусі і ўмелі запаліць гэтай верай іншых, асабліва моладзь. Памятаю, як вы спакойна, з ласкавай усьмішкай кідалі агністыя словы аб нашай праўдзе ў абступіўшую вас табалу яшчэ несьвядомых беларусоў-блуднікаў.

Ax, yce гэта ў маей шаснаццацëх гадовай юнацкай душы адбілася тады глыбака і ярка.

І не дарма я цяпер чую да вас болей, чымся ўдзячнасьць, затое, што вы памаглі мне стаць на цьвёрды, родны грунт, што душа мая абагачываецца, радуецца, бачачы гэты тэатр, чуючы родную песьню, разумеючы гэтую веліч нацыянальнага ўзросту.

— Э, што да мяне, дык пакіньце. А вось што Беларусь жыве, красуе, дык гэта праўда.

— Адкапалі, пане археологу, сваей шчырай, сумленнай працай, адкапалі праўду Беларусі, абаранілі ад руйнуючага часу, ад шкоднай паняверы, зьдзеку. І добрыя, знаць, сулілі пажаданьні, калі гэтая праўда шырыцца, расьце, як зара сьвітаньня…

Ён мяне спыніў, бо пачалося ужо прадстаўленьне. І мы расталіся.

— Што гэта ты і здароўкацца ня хочаш! — пакрыўдзіўся на мяне сябра. — У цябе сягоньня якісь дзіўны, асаблівы настрой. Што з табою?

— Я размаўляў з ім…

— З кім жа гэта?

Я даў сябру праграму, дзе быў адбіты патрэт Івана Луцкевіча.

— Вось з кім!

— Добры грамадзянін, шчыры і вялікі беларус, пачынальнік беларускага адраджэньня! — сказаў сябра, пільна ўзіраючыя на патрэт. — Ён з намі ёсьць, жывець, працуе. Слава яму!

А было гэта ў Менскім гарадзкім тэатры 17 студня 1920 году.

Л. Родзевіч.