Памяці Івана Луцкевіча (1920)/Успаміны пра Івана Луцкевіча/Сегень
← Успаміны пра Івана Луцкевіча | Успаміны пра Івана Луцкевіча Успаміны Аўтар: А. Сегень 1920 год |
Успаміны пра Івана Луцкевіча → |
Сьвятой памяці Іван Луцкевіч вельмі любіў вёску і ўмеў яе ажыўляць сваёю прастатою і ласкаваю абходкаю.
Зьяўляўся заўсёды ў грамаду сялянскую, калі сяляне вольны ад працы, улетку, сьвятамі і вечарамі, высыпаўшы на вуліцу, свабодна гамоняць аб усім, што каму сьліна да вуснаў прыносіць.
Закурыўшы люльку ці цыгару, каб ня быў адметны ад зборышча, заўсёды патрапляў зьвярнуць увагу зборышча на якую-колечы рэч мастацтва вясковага ў кабет, на тканіны і паясы розных рысункаў, што нявольна прад ім хацелася ўсім вучасьніцам зборышча папісацца сваімі вырабамі.
І зносілі кабеты і дзяўчаты, адны перад другімі, тканіны і адзежу свайго вырабу.
І кождая, пахваленая і заахвочаная, а навет і ажыўленая на будучыну, адхадзіла, абяцуючы у будучыне яшчэ прыгажэйшае зрабіць.
А таксама і з мужчынамі ўмеў так добра абходзіцца і разрухаць іх, зьвяртаючы увагу на ўсё, так што рады былі паказваць усё, як з гаспадаркі, так і штукарства свайго вясковага.
Пры гэтым вельмі рады слухалі і, слухаючы, запрашалі, так што такая дружба і гасьціннасьць заходзіла, як быццам і расставацца ня мелі.
А для гэтага, што вельмі ўмела і з знаёмствам уваходзіў у сялянства, то і патрапіў сабраць беларускай народнай тварчасьці дамовага вырабу — як ніхто дагэтуль, чым і асьвятліў беларусаў і Беларусь на ўсей яе красе-прыгожасьці.
Пазнаёміўся я неяк на вёсцы у 1904 ці 5 року, як з сяўцом сацыялістычнае навукі. І так прывязала мяне гэта, што ў роднай мове і зразумела паясьняў. А калі да гэтага перагледзіў усе рэчы, сабраные ім на Беларусі, адбіваючые аблічча беларуса, то так прывязаўся, што нявольна, бываючы ў Вільні, стараўся заўсёды пабачыць і, пачуўшы слова падмогі, з радасьцю адходзіў, веручы у лепшую будучыну.
Так маё знаёмства вялося, калі ў 1919 року, 15-га чэрвеня, пасьледні раз разьвітаўся, выпраўляючы лячыцца ў закапанае, адкуль ён не вярнуўся і гдзе няхай будзе лёгкай зямліца чужая шчыраму грамадзяніну-беларусу.
А. Сегень.
15. VII. 1920 року