Зірні,
Як вакол
Процьма кол
Нясупынна,
Стройна, чынна
Уюць кругі
Чарадою.
Шасьцярні
Мятусяцца,
Імчацца
Стралою
Пасы.
Галасы
Рабочых
Пры рабоце
Ў траскатні,
Ў браскатні
На чутны —
Мруць яны
Ў духаце,
Ў стоме, ў поце.
Лезе ў вочы
Пыл, смрод.
Учарод,
Як зьвясьці
На пагляд, —
Упярод
І назад,
Упадрад Шэсьць радоў
Панахіленых сьпін.
Як адзін,
Колькі сот
Чалавек
За парухам
Машын
З заміраньнем
Дыханьня
Сачаць…
Малаты —
Тук-грук
Тра-а-ты —
Грукацяць.
Сюд-тут —
З кута ў кут
Прабяжыць,
Паглядзіць,
Майстар — цэх;
Яго бег
У адно
Валакно
Ніжа, ўе
Нясустрыманы рух.
Ззы-ы-ух!
Гры-ы-ры!
Шасьцярні,
Мянтухі…
Навакол
Процьма кол
Ўюць кругі.
Іх бягі
Сачаць сотні вачэй;
Сотні-ж рук Ладзяць стук
У гармонь…
І гартуе агонь
Грозных домнаў-пячэй
Працы пільнай вытвор,
Яе гмах, яе спор!..