Перайсці да зместу

Узброеныя песні (1936)/Галодная раніца/Раманс на конкурс

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Галодная раніца Раманс на конкурс
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1936 год
Першае слова
Іншыя публікацыі гэтага твора: Раманс на конкурс.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАМАНС НА КОНКУРС

1932. Польшча. Крызіс. Тысячы беспрацоўных. Голад. Як сродак выйсця з гэтага становішча, газеты абвясцілі конкурс на раманс, які будзе выконвацца ва ўсіх рэстаранах з мэтай напомніць публіцы пра беспрацоўных і абудзіць пачуццё дапамогі.
Лічу патрэбным адгукнуцца на „конкурс“ віленскіх газет — пасылаю напісаны мною раманс.

Забаўляйцеся, ўскрыляйце весялосць,
Бакалы падымайце, як штандары…

Мяцеліцаю смерці і пажараў
Галодную айчызну замяло.
Гуляй, душа! Склікай, душа, жандараў
Скрышаць ушчэнт няўмольнай чэрні косць!..

Эх, забаўляйцеся, ўскрыляйце весялосць,
Бакалы падымайце, як штандары…
Ўзлятай, факстрот! Шугай мільёнам зор!
Змушайце кроў віном пералівацца!

Барыкадамі сыны прыгоннай працы
Большэвіцкае адточваюць лязо.
І хмелем роспачы, ад штурму ўратавацца,
Панове ўславілі раз‘юшаны тэрор!
Ўзлятай, факстрот! Шугай мільёнам зор!
Прымусім кроў віном пералівацца.

Ах, вочы чорныя! Сузорная імгла,
Ты раніш сэрца непакорнай львіцай.

А на вуліцах бунтуе навальніца:
Крамы ўзломаны, вакол асколкі шкла.
Няўжо айчызна змушана скарыцца?
Дзе чэсць сталеццяў белага арла?..
Ах, вочы чорныя! Сузорная імгла,
Ты раніш сэрца непакорнай львіцай.

Са скал жыцця ўзлятай на крыллі хмар,
Ратуйся ўвысь, як сокал, лётаць здолей!

Слязмі заліта ўся айчызна; як ніколі —
Самагубствы, голад, пошасць і турма.
А з-пад зямлі, з глыбокага падполля,
Ракоча лаваю — падрыхтаваны ўдар!..

Са скал жыцця ўзлятай на крыллі хмар,
Ратуйся ўвысь, як сокал, лётаць здолей!
За шэлест радасці, за лоскаты пяшчот —
Апошні тост, аркестры, дуй мазурку!
.................
І гнеўна, вал за валам, шматмільённым гуртам
Ідзе народ узняць пераварот!
І задымяцца ў выбуху турэмныя падмуркі:
Вызвалення грозны, але шчаслівы год!

Менск, 5/II 1932 г.