Угрунь (1927)/Моладзь і сонца/Легенда

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ой, напэўна, за вішнёвым Легенда
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1927 год
Песьня
Іншыя публікацыі гэтага твора: Легенда (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛЕГЕНДА

Стаяў палац… Панурай вежай
глядзеў сурова ў сінь далін.
Наўкола лес сьцяной бязьмежнай
ліў сьлёзы з стромкіх верхавін,

Стаяў палац… Стагналі сёлы,
мястэчкі гнуліся ў бядзе…
Спрадвеку згорблены,
дарогай невясёлай
ішоў за днем нявольны кожны дзень.

У тым палацы, ў сьценах мураваных
жыла Галіна — панская дачка,
Яна таемна, вечарам румяным
хадзіла ў лес пабачыць юнака.

Сьцяпанам зваўся той юнак прыгожы;
з мястэчка быў, ён з нашых сам, каваль.
Сустрэнуцца… На возеры варожаць
і слухаюць жартлівы гоман хваль.

Зьлюбіліся, як зоркі з ночкай цёмнай,
Як сонейка з калосьсямі палёў.
… Прышла аднойчы Галя засмучонай,
Вочы поўныя гаручых буйных сьлёз.

Жыла агністым шчасьцем кожны вечар
І раптам змушана каханьне пакарыць…
— Волі бацькавай ня можна супярэчыць, —
З другім загадана, з другім мне трэба жыць…

— Як на сьмерць паеду я да шлюбу;
Не адну я ўжо сьлязінку праліла.
Даруй мне, мілы мой, даруй, саколік любы,
Застацца нам часіна надышла.

Сьцяпан устаў, зьвіліся вочы гневам,
Сэрца сьціснулася, моўчкі адыйшоў.
Думкі носяцца — закінуць шнур на дрэва,
Каб навек застыгла ў жылах кроў.

Ночку цэльную ў трывозе, ў задуменьні —
ў цёмным лесе ноч правёў Сьцяпан,
Помста выклікала сьмелае імкненьне, —
Помста горда выпрастала стан!

Галасіла ў роспачы Галіна,
плачам ночаньку за горы правяла,
Шкада было Сьцяпана ёй пакінуць,
хоць ня простае крыві яна была:


∗     ∗

Шлюбны дзень… Навезьлі падарункаў
ў панскі двор — шырокія вазы.
Баль кіпіць… Зьвіняць кадрылем струны,
льлецца пот з замучаных музык.

Слугі панскія збанамі носяць піва,
дый віна за збанам новы збан…
П‘яны гоман носіцца жахліва
над аголенымі хатамі сялян.

Баль кіпіць… Багатае вясельле!
Шалее паншчына на розныя лады…
Пасьцель пуховую ў пакоі слугі сьцелюць, —
сабраўся йсьці з Галінай малады —

і раптам крык!.. Трывогай задрыжалі
госьці п‘яныя, запенілася кроў.
— Сьцяпан прышоў памсьціць панам за Галю.
Сьцяпан, а з ім грамада дзяцюкоў!

Крывёю сьвіснуў чэрап маладога,
і гаспадар ужо, канаючы, ляжыць.
Галіна скручана халоднаю трывогай:
каханьне й ненавісьць ня могуць разам жыць!

А тут і варта ўзбройна падасьпела;
мячы крывавыя ад сьветачаў блішчаць…
Хвілінаю Галіна анямела
дый потым стала залівацца-рагатаць…

Сьцяпан пачуў — ня можа больш змагацца,
сілы трацяцца, ў вачох імжыць туман.
Прышла пара з жыцьцём яму растацца;
ў прадоньне возера з вакна зьляцеў Сьцяпан.

І раптам возера ўздрыгнула, загручэла,
халодным гулам моцна ўдарыў гром!
І стала возера, як жвір акамянелы;
хвалі шумныя застылі курганом…

А няпрытомная Галіна рагатала…
Шалёным віхрам вецер застагнаў…
Зямля затрэслася!. Разьнёсься гул абвалу
і зьнік палац — стварылася багна.
..........
… Васеньнім вечарам засьвішча ў полі вецер,
застогне лес, рассыплецца імгла…
Ў мястэчку, ўспомніўшы расказываюць дзецям,
— Было даўно… Тут быў палац…

1926 г.