Перайсці да зместу

Угрунь (1927)/Віратлівы разьбег/Міністр

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Крыўда Міністр
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1927 год
Фабрыка сьмерці
Іншыя публікацыі гэтага твора: Міністар (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МІНІСТР

О, Бэрлін! Вялікі горад!
Прывітаньне! Guten Tag!
Над асфальтавым прасторам,
як і ў нас крыляцца зоры —
ды інакшы толькі сьцяг.

Два жыцьці… На Фрыдрыхштрасса —
неўгамонны, п‘яны шквал.
За рэклямнаю прыкрасай,
гордай сілай, змрочны часам
завадзкі стаіць квартал.

Там бяда гасьцём звычайным
і на скронях кроплі сьлёз.
Там… сягоньня, хоць патайна,
творыць злучана, адчайна
для краіны лепшы лёс.

Белай плыньню хвалі Рэйна
б‘юцца злосна ў берагі.
Энгельс, Маркс, Ласаль і Гэйне
чулі ў хвалях веснавейных
гоман родны, дарагі.

А ў піўных пяюць цыгане,
звон бакалаў, пляска, сьвіст.
У кутку сядзіць, як глянеш,
бяспрытульны віленчанін —
бэ-эн-эраўскі міністр.

Грудзі ныюць, высыхаюць,
за душою ні рубля.
Па далёкім родным краі
сум агортвае — зьвівае,
як-ні-як, свая зямля.

Там Дзьвіна і слаўны Нёман
даражэй, чым горды Рэйн.
Там пачуеш звонкі гоман,
там і Віцебск, там і Гомель…
Эх, хутчэй-бы, эх, хутчэй!

І у думках ён імчыцца
праз фокстроты і джаз-банд…
— Вось у Менску, у сталіцы,
правіць роднаю зямліцай —
і зганяе прэч туман.

Думкі зьніклі… Рыкашэтам
злосьць кідала яго ў жар,
Беларусь над цэлым сьветам,
як Расія — край Саветаў
і абраны камісар…

Дні плылі… Міналі годы…
Зьмен віхрыстых ён чакаў.
Няўсьміхнулася пагода,
беларускаму народу
ліст раскаяньня прыслаў:

…„Думаў так, а выйшла гэтак;
рвуцца ў даль за годам год.
Ў Беларусі ўсё саветы,
шлях аздобіў агняцьветам
шматпакутны наш народ.

О, прымі мяне, як сына,
шчыры шлю табе паклон.
Разам зробім для краіны, —
зробім — лепшыя хвіліны,
стрэнем радасьць новых дзён“.

І задумаўся, а сьцюжай
камянела ў жылах кроў…
Калі ехаць — значыць дружна,
працаваць, як сьлед, напружна,
бо… змагу вярнуцца зноў.

І сабраўся наш народзе
і рабочы і мужык
і ўхвалілі: хай прыходзе
бо, як кажуць, не зашкодзе
ў кожнай хаце лішні цьвік…