Перайсці да зместу

Угрунь (1927)/Віратлівы разьбег/Вартаўнік

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сасна Вартаўнік
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1927 год
Газэтчык
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вартаўнік (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВАРТАЎНІК

1

Ночанька цёмная голаву зьвесіла,
— Сумны ты, дружа?
Знаю, ня весела.

2

Шорах пачуецца, постаць находзе,
думка адна: бязумоўна, злодзей.
Хто-ж яго ведае, хто разгадае?
Кажуць, што ночанька гора стварае.
Крамы жалезныя. Сэрца слабое.
Страх неразлучны з праклятаю цьмою.


3

Часта ўначы валацугі праходзяць,
ведаеш, дружа, ня кожны з іх злодзей.
Часам бывае падыйдзе каторы
дасьць закурыць, ад душы пагаворыць,
сядзе ля крамы, такі ўжо ў іх звычай,
сьмела, ня бойся ты іх, вартаўнічы.

4

Глуха на вуліцы. Скованы камень.
Зьзяе ліхтар, нібы зорка ў тумане.
Гутарку з стрэхамі, страшна парою,
цемень заводзіць сыпучай імглою.
Холадна. Жудасна. Ногі слабеюць.
Сэрца ў трывозе начной ледзянее.

5

Знаю, ня весела. Ночка цягучая
цемрай васеньняю так надакучыла!
…Толькі як дворнік старэнькі устане —
думкі ўзьвіюцца, — радасьць сьвітаньня.

15. X. 26