Перайсці да зместу

Трэцяе саборнае пасланьне сьвятога Апостала Іоана Багаслова

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Другое саборнае пасланьне сьвятога Апостала Іоана Багаслова Трэцяе саборнае пасланьне сьвятога Апостала Іоана Багаслова
Аўтар: Апостал Іоан
Пераклад: Лука Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч
Саборнае пасланьне сьвятога Апостала Юды

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Разьдзел 1

[правіць]

1 Старшы - улюбленаму Гаю, каторага я люблю запраўды.

2 Умілаваны! Малюся, каб ты быў здароў і пасьпяваў ува ўсім, як пасьпявае душа твая.

3 Бо я дужа ўце́шыўся, калі прыйшлі браты і засьве́дчылі тваю праўду, як ты ходзіш у праўдзе.

4 Для мяне́ няма большай радасьці, як чуць, што дзе́ці мае́ ходзяць у праўдзе.

5 Улюблены! ты робіш ве́рнае, што робіш для братоў і для чужакоў,

6 якія засьве́дчылі перад царквою тваю любоў; ты добра зробіш, калі адправіш іх, як трэба дзеля Бога,

7 бо яны дзеля іме́ньня Яго пайшлі, ня ўзяўшы нічога ад паганаў.

8 Дык мы павінны прымаць гэтакіх, каб стацца супрацоўнікамі праўдзе.

9 Я напісаў царкве́; але Дыатрэф, што любіць у іх старшынстваваць, ня прымае нас.

10 Дзеля гэтага, калі я прыду, то напомню пра ўчынкі, якія ён робіць, абмаўляючы нас благімі словамі; і, не здаволіваючыся гэтым, і сам ня прымае братоў, і не дае хочучым ды выганяе з царквы.

11 Улюблены! не патурай ліху, але дабру. Хто робіць дабро, той ад Бога; а хто робіць зло, ня бачыў Бога.

12 Пра Зьмітра засьве́дчана ўсімі і самой праўдаю; сьве́дчым таксама і мы, і вы ве́даеце, што пасьве́дчаньне нашае праўдзівае.

13 Шмат ме́ў я пісаць; але не хачу пісаць да цябе́ чарніламі і трысьцінай,

14 але спадзяюся борзда пабачыць цябе́ і пагутарыць вуснамі ў вусны.

15 Мір табе́! Вітаюць цябе́ сябры; прывітай сяброў паіме́нна.