Саборнае пасланьне сьвятога Апостала Юды
← Трэцяе саборнае пасланьне сьвятога Апостала Іоана Багаслова | Саборнае пасланьне сьвятога Апостала Юды Аўтар: Апостал Юда Пераклад: Лука Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч |
Пасланьне да Рымлянаў сьв. ап. Паўлы → |
Разьдзел 1
[правіць]1 Юда, слуга Ісуса Хрыста, брат Якуба, - пакліканым, што асьве́нчаны Богам Айцом і захаваны Ісусам Хрыстом:
2 ласка вам і мір і любоў няхай памножыцца!
3 Умілаваныя! пакладаючы ўсю рупнасьць пісаць вам аб агульным збаўле́ньні, я палічыў за патрэбнае напісаць вам напамінаньне - змагацца за ве́ру, раз пераданую сьвятым.
4 Бо паўбіваліся некаторыя людзі, здаўна празначаныя на гэтае асуджэньне, бязбожнікі, што ласку Бога нашага на распусту абяртаюць і адзінага Валадара, Бога і Госпада нашага, Ісуса Хрыста, выракаюцца.
5 Я хачу напомніць вам, каторыя раз гэта даве́даліся, што Госпад, вызваліўшы народ з зямлі Эгіпскае, няве́раваўшых пасьля загубіў
6 і ангелаў, не захаваўшых свае́ ўлады, але пакінуўшых сваё жыльлё, у ве́чных путах пад це́мраю на суд вялікага дня дзе́ржыць.
7 Як Садом і Гамора і вакалічныя ме́сты, што падобна да іх жылі ў распусьце й за іншым це́лам хадзілі, падпаўшы пад кару ве́чнага агня, пастаўлены за прыклад, -
8 гэтак сама будзе і з гэтымі лятуце́ньнікамі, якія апаганіваюць це́ла, адкідаюць начальства і ўладу ганьбуюць.
9 Міхал Архангел, калі гаварыў з д'яблам, спрачаючыся за це́ла Майсе́ява, не адважыўся вынесьці дако́рлівага прысуду, але сказаў: няхай забароніць табе́ Госпад.
10 А гэтыя ганьбуюць тое, чаго ня ве́даюць; што-ж па прыродзе ве́даюць, як бязмоўныя жывёлы, тым сябе́ растляваюць.
11 Гора ім, бо пайшлі шляхам Каіна, папаліся ў манлівасьць нагароды Валаамавае і ў упартасьці пагіблі, як Карэй.
12 Яны ёсьць небясьпе́ка на вашых вячэрах любві: госьцячы ў вас, насуцца бяз страху; гэта хмары бязводныя, што носяцца ве́трам; асе́ньнія дрэвы, бясплодныя, двойчы паме́ршыя, павырываныя;
13 лютыя хвалі марскія, што пе́няцца со́рамам сваім; зоры блукаючыяся, для якіх чорная це́мра наве́кі захована.
14 Аб іх прарочыў і Энох, сёмы ад Адама, кажучы: вось ідзе Госпад з мірыядамі сьвятых -
15 учыні́ць суд над усімі і дакары́ць між імі ўсіх бязбожных за ўсе́ ўчынкі бязбожнасьці іх, якімі бязбожнае чыпілі, і за ўсе́ жо́рсткасьці, што гаварылі на Яго бязбожныя грэшнікі.
16 Гэта нарака́льнікі, нічым не здавальняючыяся, што ходзяць водле пажаданьняў сваіх; і вусны іх гавораць горда, і яны паважаюць аблічча дзеля карысьці.
17 Але вы умілаваныя, памятайце словы, прадказаныя Апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста:
18 яны казалі вам, што ў апошні час зьявяцца ла́яльнікі, каторыя ходзяць водле іхніх бязбожных пажаданьняў.
19 Гэта тыя, што адлучаюцца (ад е́днасьці ве́ры), з душою, ды ня маючыя духа.
20 А вы, улюбленыя, будуючы сябе́ найсьвяце́йшай ве́рай вашай, молячыся ў Духу Сьвятым,
21 захоўвайце сябе́ ў любві Божай, чакаючы ласкі ад Госпада нашага Ісуса Хрыста ў жыцьцё ве́чнае.
22 І над аднымі літуйцеся з развагаю,
23 а другіх ратуйце, выхопліваючы з агню, дакарайце з страхам, ненавідзячы навет вопратку, це́лам апаганеную.
24 Таму-ж, хто захаваць вас можа ад упадку і паставіць перад славаю Свае́ю нескажонымі ды ў радасьці,
25 адзінаму прамудраму Богу, Збавіцелю нашаму праз Ісуса Хрыста, Госпада нашаса, слава й ве́ліч, сіла і ўлада сягоньня й на ўсе́ вякі. Амін.