Перайсці да зместу

Торжышча

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Торжышча
Артыкул
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: Газ. «Беларусь», № 27 (54), 20 лістапада 1919 г.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Тыя гуманітарныя ідэі, якія йшлі з Захаду, заўсёды знаходзілі шчыры водгук на Усходзе, і не было больш-менш вялікшага — ці то палітычнага, ці то навучнага здарэння на Захадзе, каб яно не адгукнулася на Усходзе.

Але ішлі дні, месяцы, годы, сталецці.

Усё змянілася. Змяніліся варункі жыцця, змянілася праўда людская.

І што ж мы бачым сягодня?

Сягодня ідзе паганы торг за ідэі, за праўду векавечную, агульналюдскую. Сягодня таргуецца Захад з Усходам, заходняя культура — з усходнім адзічэннем, і таргуюцца за што?

Таргуюцца за цэлыя народы, за цэлыя дзяржавы, а ўсё для таго, каб нажыцца, каб у гэтым агульным разбурэнні вытаргаваць сабе лішнюю капейку ці мільярд рублёў.

Смешна і стыдна робіцца за гэтых паноў гандляроў сягодняшняй культурай, культурай заходняй, еўрапейскай. Ды гэта ж, людзі мае, гразь і балота такое самае, якога не было навет на Усходзе, у рабочай Маскоўшчыне за часоў Івана Грознага.

І куды ж і к чаму ведзяце вы сягодняшнюю гісторыю, усе антанты, проці-антанты і вам падобныя?

Вы стварылі ўсясветную вайну за свае кішанёвыя інтарэсы; пасля, каб гэту вайну прадоўжыць для гэтых самых кішанёвых спраў, выкінулі вы лозунг, што ваюеце за вызваленне народаў; ну, а далей, калі пачалі трашчаць і падаць вашы крывавыя троны і кароны, што вы сказалі?

Вы аплявалі людзей і народы і кінулі сваіх нядаўніх рабоў у анархію, каб далей у мутнай вадзе рыбу лавіць.

Так, значыцца, ваша ўсходняя і заходняя культура адплацілася за тыя мільёны ахвяр, што паляглі за вашы дзяржаўныя фальшывыя фетышы.

Вам трэ было, панове, адным будаваць вялікі Захад (спекуляцыі), а другім — вялікі Усход (таксама спекуляцыі). Вы ў сваім паходзе імперыялістычным і мілітарным ішлі і сціралі ўсё і ўсіх на сваёй дарозе, а ўсё для панавання ўсясільнага молаха-золата.

А цяпер вы ўсе — і з Захаду, і з Усходу — усе кідаеце аблудны кліч на староны, што вы ваявалі за вызваленне нявольнікаў, за самаазначэнне народаў… Дык скажэце, дзе тое ваша «вызваленне»?

Як і сто лет таму назад, стогне пад ярмом Беларусь, Украіна, Арменія, Індыя і дзесяткі іншых дзяржаваў і народаў.

Вашы словы аб вызваленні другіх — гэта насмешка з нявольнікаў бяссільных, што ніякай сілы ў сабе не маюць.

Дык не кідайце ж вялікіх абманных лозунгаў аб сваіх заходніх ці ўсходніх пяршынствах. На хварбованых лісох даўно ўжо людзі пазналіся.

Вы таксама бяссільны павярнуць долю народаў у той ці іншы бок, як бяссільны вецер перанесці Каўказскія ці Швейцарскія горы адны на месца другіх.

Дайце волю народам самім будаваць сваю долю. А тады гэтыя народы скажуць сваё шчырае слова аб вашай культурнасці — ці то заходняй, ці то ўсходняй.

К-а.