Тодар Дастаеўскі і Адам Міцкевіч — сыны крывіцкага народнага генія

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Тодар Дастаеўскі і Адам Міцкевіч — сыны крывіцкага народнага генія
Навукова-папулярны артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1926 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вялікі псіхолаг, які глыбока заглянуў у страшную бязодню людской душы, Тодар Дастаеўскі пісаў расійскай мовай свае векапомныя творы, ergo ён расійскі пісьменнік. Так кажа гісторыя расійскай пісьменнасці і ўся Заходняя Еўропа, не, больш таго, увесь культурны свет прызнае дастаеўскага расійцам.

Вялікі славянскі паэт, які стаяў непамерна вышэй нават ад Пушкіна, Адам Міцкевіч, пісаў свае дзіўныя паэтычныя абразы польскай мовай, eo iрsо ён польскі паэт. Так кажуць з гордасцю польскія патрыёты, вучоныя і ўся Заходняя Еўропа, не, больш таго, увесь культурны свет прызнае Адама Міцкевіча вялікім польскім паэтам.

Наш век — гэта век самага ярага нацыяналізму. І пры гэтым нацыяналізму, які шукае і знаходзіць сваё выражэнне ў апафеозе нацыянальнай мовы. Гэта ёсць характэрная асобнасць нацыяналізму нашых дзён.

Даволі перагарнуць, хоць спаверхнасна, усясветную гісторыю ад самай глыбокай старасвеччыны да часу нашых дзядоў або нават бацькоў, каб пераканацца ў гэтым. Нацыянальнае пачуццё, ведама, існавала заўсёды, але злучаць два паняцці, мову і нацыю, у адно — у нацыянальнасць — гэта стала звыклым толькі ў апошніх чатырох або пяці дзесяцілеццях.

У старой, сярэдняй, новай і нават навейшай, гісторыі можна знайсці сколькі хочучы прыкладаў, якія сведчаць нам, што да нашых дзён мова ўсюды і заўсёды была адзіна знадаббем для нацыянальных мэт. толькі ў наш век нацыянальная мова становіцца нацыянальнай мэтай[1]. І сягоння апафеозу мовы мы бачым не толькі ў Лондане, Парыжы, Берліне, Маскве, але і ў Празе, Коўне, Рэвелі, Рызе і, здаецца, нават у Менску. Калі мы ў апошнім здарэнні памыляемся, то тым горш для крывічоў.

Мы сказалі вышэй, што да нашых часоў мова служыла знадаббем для нацыянальных мэт, гэта пацвярджае нам гісторыя.

Аляксандр Македонскі стварыў, праўда, толькі часовую ўсясветную грэцкую імперыю. Але дзякуючы яго паходам і заваяванням, грэцкая мова становіцца мовай усясветнай, г. зн. самай распашыранай у тагачасным культурным свеце. І от бабілонскія, палестынскія, егіпецкія, сірыйскія, рымскія нацыяналісты карыстаюцца ўсясветнай грэцкай мовай, як знадаббем дзеля распашырэння сваіх бабілонскіх, палестынскіх, егіпскіх, сірыйскіх, рымскіх нацыянальных мэт. Яны пішуць свае творы грэцкай мовай, але астаюцца, ведама, па перакананню бабілонцамі, палестынцамі (жыдамі), егіпцянамі, сірыйцамі, рымлянамі.

Бабілонскі гісторык Борэзос (Boresos) піша сваю бабілонскую гісторыю «Ваbуlоniaса» па-грэцку. Але нікому не прыйдзе ў галаву назваць Борэзоса грэцкім пісьменнікам, а яго кнігу «Ваbуlоniаса» залічыць да грэцкай пісьменнасці.

Егіпецкі шавініст-гісторык Манэтос (Маnethos) піша грэцкай мовай гісторыю Егіпта «Аеgурtiаса». Гэта трохтамовая праца належыць, ведама, да егіпецкай пісьменнасці, а не да грэчаскай, а сам Манэтос — гэта егіпецкі, а не грэцкі пісьменнік.

У III і II стст. да Н. Х. жыды ствараюць цэлую жыдоўска- нацыянальную пісьменнасць у грэцкай мове. Гэта жыдоўская пісьменнасць — у прозе і вершах — цікуе адну мэту: выхва- лянне жыдоўскага народа і яго дзяржавы ў Палестыне. Гэта выслаўлянне жыдоўскага нацыяналізму вядзецца так адкрыта і ў такой вызываючай форме, што выклікае са стараны грэкаў цэлы рад кніг у антысеміцкім духу. Каму прыйдзе ў галаву залічыць гэтых жыдоўскіх пісьменнікаў да грэкаў толькі таму, што яны пісалі грэцкай мовай? Хто будзе такі лацьваверны, каб залічыць іх пісанні не да жыдоўскай, а да грэцкай пісьменнасці?

Рымскія нацыянальныя гісторыкі Fabius Рiсtоr, Сinсius, Асilius, Albinus меней-болей у тым часе, калі ў Палестыне жыды пішуць па-грэцку, яны ў Рыме пішуць свае нацыянальна-рымскія гісторыі такжа па-грэцку. Кожная літара іхніх твораў тхне рымскім нацыяналізмам. Усе гэты рымляне не грэцкія пісьменнікі, а іх Аnnаlеs — гэта рымская, а не грэцкая пісьменнасць.

Але ось мінае некалькі стагоддзяў. Спярша памалу, блізка незаўважна, пасля ўсё барджэй пачынае падаць значэнне грэцкай мовы ў культурным свеце. Месца грэцкай міжнароднай мовы пачынае цяпер займаць мова лацінская. Распад рымскай светавой дзяржавы і заваяванне часцей яе германскімі плямёнамі не толькі не абніжае пазіцыі лацінскай мовы як міжнароднай, а, наадварот, яшчэ ўзмацняе яе. Германскія заваёўнікі без ніякага адпору карыстаюцца мовай падбітых лацінцаў. Асабліва готы і франкі прызнаюць лацінскую мову канечна патрэбнай для ўсякага культурнага развіцця. Готы і франкі ствараюць цэлую пісьменнасць на лацінскай мове, але гэта пісьменнасць ёсць нямецкая, а не рымская.

Але во зыходзяць апошнія астаткі Рымскай імперыі. У Італіі з мешаніны рымлянаў, лангабардаў, вандалаў, нарманаў і арабаў утвараецца новая народнасць — італьянская. Нараджаецца італьянская мова і італьянская пісьменнасць. А ў самой Нямеччыне панаванне лаціны далей прадаўжаецца. Вучоныя і паэты, мужчыны і жанчыны, мніхі і мнішкі, імператары і мяшчане, усе яны пішуць большай часцю не на нямецкай мове, а на лацінскай. У часе панавання дынастыі Атонаў і Швабаў утвараецца багатая нямецкая пісьменнасць… у лацінскай мове. Гэта — перлы нямецкай паэзіі, а не лацінскай.

Урэшце і сярэднія вякі прыбліжаюцца к канцу і панаванню лаціны. Лютэр, калі не астаточную, то, у кожным здарэнні, сільную стаўляе таму. Трыццацілетняя вайна паднімае значэнне французскай мовы, якая становіцца прыдворнай у Нямеччыне, Аўстрыі, Швецыі, Даніі, Польшчы, а крыху пазней і ў Расіі.

Фрыдрых Вялікі піша, гаворыць і нават думае толькі ў французскай мове. Яго гістарычныя працы і яго вершы пісаны не мовай Гётэ, а мовай Вальтэра. Але гэта акалічнасць не можа ніводнага разумнага чалавека прымусіць лічыць Фрыдрыха Вялікага французскім, а не нямецкім пісьменнікам, а яго самую цікавую працу «Анты-Макіявелі» залічыць у французскую, а не ў нямецкую пісьменнасць.

У часы нашых бацькоў пачалося чэшскае нацыянальнае адраджэнне. Вялікі чэх Палацкі, аднак, напісаў сваю слаўную гісторыю Чэхіі ў мове нямецкай. Ва ўсёй Еўропе не знойдзецца, аднак, ніводнага чалавека, каторы гатоў будзе назваць Палацкага нямецкім пісьменнікам, а яго слаўную «Gеsсhiсhtе Вohmеns» залічыць у нямецкую пісьменнасць.

Немаль ва ўсіх культурных мовах існуе прыказка: «тон творыць музыку». Mutаtis mutandis можам сказаць: нацыянальнасць паэты і пісьменніка не ўстанаўляецца мовай, якой ён пісаў.

Тодар Дастаеўскі — шляхціц Менскага павета па дзядах і прадзедах і сын доктара, які жыў у Маскве ў часы Мікалая I, у тыя часы, калі «рускасць» і «праваслаўе» былі да такой меры сінонімамі, што нават 100 000 латышоў у Ліфляндзіі, калі ўсякімі няпраўдамі ўдалося іх перавярнуць з лютэранства ў праваслаўе, залічылі «русскими», то Тодар Дастаеўскі мог пісаць толькі па-расійску, а не другой якой мовай.

Адам Міцкевіч, сын шляхціца Новагародскага павета, і новагародскага адваката часоў Аляксандра I і Мікалая I, ці мог пісаць ён якой-колечы другой мовай, акром польскай і часцю французскай?

Няхай расійская пісьменнасць пышаецца Дастаеўскім, няхай польскае вока загараецца агнём, калі называецца імя Адама Міцкевіча, — крыўскі народ ведае, што абодва яны цела ад цела і кроў ад крыві яго, і абодвух — і Дастаеўскага і Міцкевіча — залічае да свайго алімпу. Слава Тодара Дастаеўскага і Адама Міцкевіча — гэта слава крыўскага нацыянальнага генія.

  1. Увага рэдакцыі. Гэта саўсім зразумела, бо ў даўныя часы дзяржавы прадстаўлялі не народы, а дынастыі, народ быў знадаббем толькі для дынастычных мэт. цяпер жа выходзяць на гістарычную арэну самі народы, і, натуральна, са сваімі ўласнымі мовамі. Старасвеччына лічыла сваіх цароў багамі (пазней божымі памазаннікамі), дык ведама, што гэты людзі не простага па ходжання стараліся розніцца ўсім, што толькі было ім даступным, ад простага народа, над якім панавалі. Гэтае жаданне выдзеліцца з масы простага народа было да нядаўна і ў нас прычынай да пераймання чужых моў.