Далёка ад родных загонаў
ты — шырокая Волга-сястра.
Б‘юць аб бераг халодным звонам
твае хвалі ў сецях чароўных,
туман — кудзель серабра.
На палёх, на раўнінах рускіх
родным гонарам Волга — ты.
Я прыехаў з зямлі беларускай,
дзе зрэбна-зялёнаю хусткай
бязьмежна ляжаць балаты.
Дзе лясы ноччу ціхай і цёмнай,
так люба, так слаўна гудуць.
Дзе гордыя — Сож, і Прыпяць, і Нёман,
дзе Менск, Віцебск, Полацак, Гомель —
дзе ўчора пазбылі бяду.
На тваіх, на грудзёх бурлівых
плылі стройна чаўны казакоў.
І песьняй, як белаю грывай,
трасьлі рускі абшар віратлівы —
да цябе абуджалі любоў.
Як прыемна пачуць стыхію —
сьпеў рабочага, сьпеў мужыка.
Як жыцьцё, як дні агнявыя,
цябе любіць твая Расія,
цябе руская Волга — рака.
Ты з сілай жыцьця маладога
векавы свой штурмуеш паход
і радасна пенішся доўга.
Дык люблю цябе, руская Волга, —
бо любіць цябе твой народ.
1925 г. Саратаў.
|