Перайсці да зместу

Творы (Александровіч, 1932—1933)/1/II/На магілу Максіма Багдановіча

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Волга На магілу Максіма Багдановіча
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1933 год
Песьня
Іншыя публікацыі гэтага твора: На магілу Максіма Багдановіча (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





1

Павевы праменьняў на скалах
прасьнелаю ласкай дрыжаць,
а ў грудзёх у маіх бушавала —
вечарынкай калючай імжа.

Мора плешча халодным звонам,
ліжа пырскамі бераг круты.
Ня зьвініць тут зялёны гоман,
не трасуцца лазой балаты.

То шэрай, то сіняю хваляй
мора твар свой прыкрые й злуе.
Б‘е навалай… Асінай дрыжалі
на хвалях чаўны… Зальле…

Зальле, затопіць, замучыць,
валам сьпяе сьмерці вальс.
Палошчыць чаўны, як анучу,
плошча сініх хваль.

2

Падплывай, параход, на бераг,
Дай гудок, і якар нырне.
А кудзеляй туман, як нерат,
сваёй вільгацьцю мучыць мяне.

Параход атуляе цемень.
Вечар, пяшчоты кінь!
Скора ўбачу жывыя імкненьні —
зазыўныя маякі.

Мае думанькі хваля калыша, —
калыханку ім бура пяе.
Змоўкні, мора, як тое ўзвышша,
акуніся ты ў думкі мае…

З тэй пары прамінулі гады…
Ну, хутчэй, ну хутчэй, параход!
Тут памёр наш пясьняр малады
у бясьсьмертны Семнаццаты Год.

3

Ой, за Ялтай, у полі,
сярод Крымскіх гор —
шырокі курган магілы.
Сонца сваволіць,
тчэ жоўты ўзор,
і вецер гуляе пылам.

Кіпарысы, каменьні,
цыкады, крыжы, —
шырскі курган-магілы.
Навальніца калені
сагне й пабяжыць,
і зноўку жыцьцё застыла.

Ой, неба муліць
каўнер Крымскіх гор;
сонца Ай-Петры спавіла.
Ня чуе зязюлі,
не яе перабор
над вялікай, забытай магілай.

4

Страшыць навальніцай
з-за горных сьцен
Крым.
Чорная табліца:
„Студэнт…
Максім…“

5

Хвілінай, толькі хвілінай
заіржала сэрца жалем,
Ой, ня ласкай віталі Максіма
праменьні далёкай краіны.

Сьціскае яго суглінак,
ветры грудзі стапталі…
Хвілінай, толькі хвілінай
заіржала сэрца жалем.

19 жніўня 1924 г.,
Ялта.