Перайсці да зместу

Творы (Александровіч, 1932—1933)/1/I/Падарожжа

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Апошняе слова Падарожжа
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1933 год
Крыўда
Іншыя публікацыі гэтага твора: Падарожжа (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАДАРОЖЖА


Раніцай рана,
Ледзь сьвет — зарою
зальле пазалотаю нашу зямлю, —
пайду ў падарожжа, пайду даліною,
Моладасьць ветла прасторам схілю.

Сінім туманам,
расою сасновай,
вочы прамыю, песьню гукну!
Разам з заросшай зялёнай дубровай
шэлестам лісьцяў сябе апрану.
Пайду праз балоты…

Гэй, гэй, дрыгвою!
Сустрэну я вербаў раскіданы шум.
Ці простаю сьцежкай іду ці крывою —
радасьць у сэрцы сваім нашу.

Няхай сутарэньне
мяне прабачае,
пайду па шляхох беларускіх далін.
Пайду я па вёсках, бо іх пакідаюць,
ня вывеўшы ў полі заросшы палын.

У горад ідуць…
Да прысадаў сабака,
шавелячы хвост, прабяжыць усьлед
Іх ня прывабіла, сілай ніякай,
Хата-чытальня, ячэйка, савет…

З жыцьцём нясуладзіўшы,
як на чужыне,
пакінуўшы вёску, сьціраюць асфальт.
Любоў да жыцьця
няпрыкметна ў іх стыне,
ня вабіць іх заўтрага сьветлая даль.

А горад бязьлітасны,
горад бурлівы,
— зьнямог, —
ён ня спыніць крылаты свой бег.
…Бяспрытульнымі песьнямі
выюць нудліва,
праз сьлёзы ўзьнімаюць асінавы сьмех.

Ім не удалося
з горадам зжыцца,
дзіка ім песьня сталёвых машын.
Горад іх давіць, як пылам кастрыца,
як вёску іх родную горкі палын.

Кожнае слова іх
смутак зьбівае,
быццам бясьсільлем хварэе ўдава.
Эх, Беларусь, ты мая маладая, —
згіне дарма не адна галава!

Няўжо гэтак цяжка
на новай пуціне
радасьцю ўсеяць дзянёчкі свае?
Няўжо прагляне іх карчмы багавіньне
дый сум замагільны на век абвіе?..

Пайду я прасторам
лясной Беларусі,
пайду па шляхох беларускіх далін.
Горад, мой родны, я не зракуся
гучных мэлёдый сталёвых машын.

Толькі прайду я
далінай вазёраў,
там — пакарчуем палын-траву.
Зноў я вярнуся, вярнуся ў свой горад
і пакланюся яго хараству…

1926 г.