Перайсці да зместу

Творы (Александровіч, 1932—1933)/1/I/Крыўда

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Падарожжа Крыўда
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1933 год
Аўкцыён
Іншыя публікацыі гэтага твора: Крыўда (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КРЫЎДА

Акадэмічнай конфэрэнцыі па пытаньні рэформы беларускага правапісу і азбукі


Няхай імгла,
няхай імклівіць восень,
няхай вятры ахутваюць выцьцём.
О, дні крылатыя!
Нікога мы ня просім
авеяць радасьцю юнацкае жыцьцё!

Паклоны біць?
— Вясьне вясёлка-тканай,
дый пералівам сонечных крыніц.
Як добра жыць!
Цаглінкаю румянай
будуем новыя, нязнаныя нам дні!

Пяшчоты радасьці
вірліва творчай працы,
як песьня звонкая,
Як прозалаць-агонь,
агорнуць ласкава
і нават дзіўна, братцы,
ня чуе зморнасьці юнацкая далонь!

Бывае ўсё-ж,
і сумна часам стане,
крыўдай лёгка сэрца разгнявіць.
Ёсьць-жа людзі з доўгімі вушамі,
дый ці варта толькі гаварыць?!

Няхай туга
зьвіе цябе часамі
ўвечар восені, увечар мітульгі,
тады прыпомняцца,
і жудасна мне стане,
— сьвет забыты, сьвет другі…

Сягоньня — мо‘ таму, што восень
сьцюдзёным сьвістам
ладзіць звычай свой —
крыўду горкую прыпомніць давялося;
разгулам носіцца імгла бяды былой!

А слова мне
так дорага і блізка;
ў сугуччы гордых слоў
крыляцца дні цяпер!
Са-бра-лі-ся…
Няма гаручай іскры!
Гатовы выкрасьліць любімае мне „Р“.

А хто адважыцца
поэму дзён бурлівых
бяз „Р“ —
сьлюнявасьцю лірычнай апявяць?
Забыліся?
Забыліся, ой, дзі-іва!..

Ну, што-ж!
Раз цьвёрда сьцелюцца,
то й цьвёрда будуць спаць.
Адно, што сэрца радуе бязьмежна:
гучны гоман вуліц гарадзкіх, —
як зоркі ясныя,
як месяц беласьнежны,
як шэлест працы моцнае рукі.

Няхай імгла,
няхай імклівіць восень,
няхай вятры раскідваюць выцьцё.
О, дні крылатыя!
Нікога мы ня просім
авеяць радасьцю юнацкае жыцьцё!

Сьнежань, 1926 г.