Перайсці да зместу

Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/III/199

З пляцоўкі Вікікрыніцы
198. ⁂ Белы крыж, пліта, пад ёй — магіла 199. Памятнік
Верш
Аўтар: Гарацый
1927 год
Арыгінальная назва: Carmen XXX
Пераклад: Максім Багдановіч
200. Ікар і Дзедал
Іншыя публікацыі гэтага твора: Памятнік (Гарацый/Багдановіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З АНТЫЧНЫХ ПОЭТАЎ.

199.

ПАМЯТНІК.
(Пераклад з Горацыя асклепіадаўскім вершам).

Лепшы медзі сабе памятнік справіў я,
Болей ўсіх пірамід царскіх падняўся ён;
Ня зруйнуе яго сівер, ні едкі дождж,
Ні гадоў чарада, вечнага часу рух.
Не саўсім я памру, лепшая часьць мяне
Не зазнае хаўтур; слава мая ўвесь час
Між патомкаў расьці будзе, пакуль усхадзіць
Зможа з дзевай удвох на Капітольлі жрэц.
Аба мне гаварыць будуць: «Раджоны там,
Дзе шумлівы Аўфід шпарка ў палёх імкне,
Дзе царыць над людзьмі бедны вадой Танай, —
Ён да славы дайшоў, хоць і ня панам быў».
Першы стаў я складаць на эолійскі лад
Ў нашым родным краю песьні пад лірны звон.
Ўсе заслугі мае, Муза, з пашанай зьліч
І лаўровым вянком мне валасы пакрый.

Увагі

[правіць]

199. Памятнік. Перадрук з тэксту час. „Krywičanin“ (1918 г., № 1) з наступнымі аўтарскімі зьменамі паводле аўтографу (п. IV, 4. 4):
У 1-м радку ў тэкст часопісу Камісіяй з аўтографу ўстаўлена слова „сабе“ для больш правільнай пабудовы вершу.
У 4-м радку ў „Krywičaninе“ выдрукавана „часу вечнага“… Згодназ аўтографам і для рытму Камісіяй словы перастаўлены („вечнага часу“).
16-ы радок Камісіяй узяты з аўтографу „І лаўровым вянком мне валасы крый“. У „Krywičaninе“ — „валасы мне“…
Варыянты аўтографу, апроч уведзеных у тэкст:
8З дзевай Весты ўсхадзіць удвох на Капітольлі жрэц…
12… хоць і ня з панства быў…

Заўвагі да I-га тому

[правіць]

Да вершу „Памятнік“ (т. I, № 199).

Верш „Памятнік“ (пераклад з Горацыя) перадрукаваны з тэксту часопісу „Krywičanin“ (1918, № 1), дзе 11-ты радок надрукаваны так:

— Дзе царыць над людзьмі бедны вадой Танай.

У чарнавым аўтографе гэтага вершу (IV, 4,20) апошняе ўласнае імя ў прыведзеным радку напісана іначай:

Дзе царыць над людзьмі бедны вадой Данай.

Згодна тэксту Горацыя (Horat. Carm. Lib. III. С. XXX: „…et qua pauper aquae Daunuc agrestium regnavit populorum…“) ні „Танай“, ні „Данай“ не зьяўляюцца правільным чытаньнем і павінны быць выпраўлены на „Даўн“ (Daunus), і верш павінен чытацца так:

Дзе царыць над людзьмі бедны вадою Даўн.

На гэты рэдакцыйны недагляд у друку зрабіў указаньне Ю. Дрэйзін („Узвышша“, 1928, № 2-8).