Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/I/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
58. Эміграцкая песьня 59. Мяжы
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
60. За газэтай
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мяжы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




59.

МЯЖЫ.

Кінь вокам на увесь абшар зямлі:
Вось хату шчыльна абышлі
Парканы з гострымі цьвякамі,
Пасыпаныя бітым шклом.
Глядзі — ў прасторах за сялом
Мяжамі
Падзелены на нівах каласы,
Ідуць канаўкі праз лясы,
І стопудовыя гранічныя каменьні
Сярод лугоў бяскрайных заляглі.
Шнуры штыкоў па ўсёй зямлі
Гараць, як дзікае хаценьне,
На гасударстваў рубяжы.
Глядзі: паўсюль мяжы.

Нязьмерны вольныя прасторы
Сьвятой зямлі, — а чалавек
Мяжы, ірвы, тыны рабіў за векам век,
Хаваўся ў іх, як ліс у норы,
І жыў пужліва сам — адзін,
Дрыжачы, як лісьцё асін,
Зласьлівы, бессардэчны, хцівы,
Такі здрадлівы,
Для ўсіх чужы, зусім чужы.
Вакол яго — платы, мяжы.
Пабач, што робіцца за гэтымі платамі!
Ў надмернай працы гіне тут
Галодны і абдзёрты люд,
Каторы моцнымі рукамі
Стварыў усе багацтвы на зямлі:
Правёў ён скібы на ральлі,
Ён рэйкі пралажыў чыгунак,
Заводаў коміны падняў у выш нябёс,
А сам даўно сьляпы ад сьлёз
І ўжо забыўся аб ратунак.
Глядзі: па ўсёй зямлі сьвятой
Шырокай хваляй залатой
Бяз краю блішча збожжа мора,
Цьвітуць лагі, шумяць лясы…
Так многа ёсьць паўсюль багацтва і красы,
А людзі нішчацца у голадзе, у зморы
Ад беднаты, ад цемнаты,
Бо скрозь — мяжы, бо скрозь — платы.

1914.

Увагі[правіць]

59. Мяжы. Выдаецца з „Наша Нівы“ 1915 г. № 28. Напісаны верш, як зазначана ў канцы тэксту ў „Н. Н.“, у 1914 годзе. У „Нашай Ніве“ загаловак стаіць „Межы“. Літ. Камісіяю прынята „Мяжы“ з мэтаю дапасаваньня з тэкстам, дзе ўсюды стаіць „мяжы“. Ёсьць даведкі, што ў гэтым вершы царскаю цэнзураю былі зроблены пропускі, а якія іменна, пакуль што ўстанавіць не ўдалося.