Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/I/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
13. Пугач 14. Асеньняй ноччу
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
15. Падвей
Іншыя публікацыі гэтага твора: Асеньняй ночай.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




14.

АСЕНЬНЯЙ НОЧЧУ.

Чарнеецца сажаю вечар.
Дождж б’ецца аб хвалі ракі;
Гуляе, гудзе над ёй вецер,
Заводзіць, што ў полі ваўкі.

Спакойна мне тут пад вадою:
Залёг я ля млына на дне;
Апруся на кола рукою, —
Млын казку старую пачне.

Кругі завіруюцца жорнаў,
Трасецца хадырна сьцяна;
А думы — як колас бяз зёрнаў, —
Усё мяне цягне да сна.

Бяспамятна колы піхаю,
Хілюся да дна галавой
І ўжо я драмлю, засыпаю
Пад шум непагоды глухой.

1909.

Увагі[правіць]

14. Асеньняй ноччу. Перадрук з („Нашай Нівы“. 1909 г. № 41). Захаваўся ён і ў аўтографах поэты, п. VI, № 15 (Гл. ўвагу да в. гэтага разьдзелу „На чужыне“ № 3).
Напісаны, як зазначана рукою аўтара ў рукапісе, у 1909 годзе.
Рукапісныя варыянты:
1Чарнее за сажы стаў вечар…
5А мне харашо пад вадою…
7Калёсы штурхаю рукою.
8Драмлю ў цяпле ў цішыне.
9Калышацца, верціцца жорнаў.
10Трасецца ад ветру сьцяна…

Верш сваім зьместам падходзіць да прынятых поэтам цыкляў „Лясун“ і „Вадзянік“ (гл. в. 94), дзеля таго ён і зьмяшчаецца ў групе з вершамі „Лясун“ і „Пугач“.
У 12 р. „сна“ зам. „сну“ пакінута для рыфмы з словам „сьцяна“ (10 р.).