Сяўцу

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Сяўцу
Верш
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/895



Збліжаецца лета к адходу, -
Дзе-нідзе зьляцеў ліст чырвоны;
Павесіўшы лубку на шыі,
Выходзе сявец на загоны.

І поўнай мазолістай жменяй
Жытцо па ральлі раскідае,
Хавае ў зямельку надзею,
Што возьме зь сяўбы? — не згадае.

Ці, можа, цяпер вот, увосень,
Чарвяк яго працу падточыць,
Ці сьнег у разводзьдзе падпарыць,
Ці ўлетку грады падрузгочаць,

Ці зьнішчыцца ў пуньцы пажарам,
Ці так ад якой-будзь прыгоды. -
Такія, ах! горкія думкі
Сяўца абсядаюць заўсёды.

А ён не зважае на гэта, -
То ўвосень, то цёплай вясною
Арэ, барануе і сее
Сваёй мазалістай рукою.

Тут кожны, сяўца хто пабача,
Стары, ці малы, ці кабета,
— Радзі, памажы, Божа! — кажа,
А лёгка ж на сэрцы чуць гэта!

— Радзі, памажы, Божа! — скажам
І мы сяўцам ўсякага роду,
А зь зерня, што добрага севу,
Зьбяруць яны й добрую ўроду.

(1905—1907)