Сьцёпка Жук

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Сьцёпка Жук
Верш
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/964



                   1

Сьцёпка Жук, па бацьку Ёсцы,
Гаспадар усім надзіва,
Ўсімі хвалены на вёсцы,
Жыве згодна і пачціва.

Абычай стары шануе,
Не чураецца сярмягі,
Хаты дзедаўскай пільнуе,
Ад суседзяў шмат павагі.

Ён прыкладам для ўсёй вёскі,
Добра знае, калі трэба
З сахой выйсьці на сьвет боскі,
Калі дожджык пойдзе зь неба.

Дзе якое сеяць збожжа, —
Трудна лепш ад Сьцёпкі знаці;
Знацца лепш ніхто ня можа
На ральлі, на сенажаці.

Дзе якая звадка, схопка,
Годзіць, рае ў полі, ў хаце, —
Адным словам, як наш Сьцёпка,
Рэдка нойдзеш гэткіх, браце.

                   2

Вечарынку як састрое,
Бо ўжо дзеці падрастаюць, —
Ёсьць і сёе, ёсьць і тое,
Музыканты гучна граюць.

За сталом Сьцяпан садзіцца,
Пры ім жонка і суседзі,
Чым паслаў Бог — рад дзяліцца, —
Ўсіх частуе, ўсіх прыгледзе.

Хлопцы-зухі і дзяўчаты
Пагуляць тым часам рады,
Сталі ў пары сярод хаты
І далей жа у прысяды!

Нуце, хлопцы, дзень далёка,
Пагуляйце, колькі воля!
Дый Сьцяпан ня зводзе з вока, —
Лішніх жартаў не пазволе.

Там і сям Сьцяпан бадзяўся,
Распазнаў сьвет доўгім векам;
Хто распусьце раз аддаўся,
Кепскім будзе чалавекам.

                   3

Жыве, праве, шыкам пана:
Крупаў, сала мае многа,
Хлеб вядзецца ж у Сьцяпана
Круглы год, як у нікога.

А хлеб веяны, ўсё белы…
Эй, што там казаць далёка!
Шнур зямлі ён мае цэлы,
Значыць — поўная валока.

З усёй вёскай ён у згодзе:
«Кепска, кажа, жыці звадай».
Ён і ў воласьці на сходзе
Многа можа словам, радай.

Жывуць, скажа хтось вучоны,
За граніцай лепш народы;
Кормяць люду міліёны
Шахты, фабрыкі, заводы;

І у нас мінула б ліха,
Каб настаў лад гэткі ў людзях;
Сьцёпка ж бухне пад нос сьціха:
«А ўсё ж бедны бедным будзе!»

                   4

Сьцёпкі жонка — вёртка баба,
І язык… эй, што казаці!
А з рукамі і мазгамі
Трудна лепшай дзе спаткаці.

Ненаўды, што жонкі гэткай
Сьцяпан трохі і баіцца,
А найбольш, хоць то і рэдка,
Калі з сватам падхмяліцца.

У такую тады хвілю
Знае жончыну ён плату;
Гатоў кругу даці мілю,
А цьвярозым прыйсьці ў хату.

Жонцы справіў чаравікі,
Сам жа ў лапцях ходзе болей,
А пачуе дзе прытыкі,
Што ня меў ботаў ніколі, —

Сьцёпка скажа: «Эй, там, што ты!
Лепш па зімцы лета меці,
Пасьля лапцяў — насіць боты,
Як па ботах лапці ўзьдзеці».

                   5

У Сьцяпана лад між дзетак,
Лад на полі, лад у хаце;
Адным словам, жывуць гэтак
Цяпер мала, пане браце.

Ад Сьцяпанавай хацінкі
Не адойдзе так убогі,
Пагарэлы — без асьмінкі,
Сірата — без дапамогі.

Сьцёпка працы не баіцца,
Ці нуда гняце якая,
Песьняй роднай весяліцца,
Вечна весел, не ўздыхае.

Стане хтось там наругацца,
Што так весел, хоць цьвярозы, —
«Лепей, скажа ён, сьмяяцца,
Як дарэмныя ліць сьлёзы».

Да ўсяго Сьцяпан ахвочы,
Як то ёсьць прыпеў шляхочы:
І да танцу, і ружанцу,
Да выпіткі і выбіткі.

                   6

Плывуць леты, нібы рэкі,
Не варочаюцца болей,
Нішто жыць ня можа векі —
З сваёй, з божай нікне волі.

Сьцёпка выдаў замуж дочак,
Пры малодшым жыве сыне;
Як асінавы лісточак,
Ўвесь трасецца, горб на сьпіне.

Старасьць — слабасьць падасьпела,
Стаў нядуж к рабоце ўсякай,
Неяк ходзе ўжо нясьмела,
Нос распушыла табака.

Часам пойдзе ў лес і лыкаў
Надзярэ якіх зь пяць пукаў
З браку ботаў, чаравікаў
Лапці керзае для ўнукаў.

Старасьць, старасьць — смутны весьці!
Ўжо і «вушка» не прымеце,
Скора, пэўна, будзе плесьці
З сваім дзедам на тым сьвеце.

(1905—1907)