Перайсці да зместу

Сьвяшчэнная гісторыя Новага Завету (1936)/Другі год служэньня Іісуса Хрыста

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Першы год служэньня Іісуса Хрыста Другі год служэньня Іісуса Хрыста
Падручнік сьвятой гісторыі
Аўтар: Сяргей Паўловіч
1936 год
Трэці год служэньня Іісуса Хрыста

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Другі год служэньня Іісуса Хрыста.

20. Другая Пасха. Іісус Хрыстос у Ерусаліме. Чудоўнае аздараўленьне аслабленага каля авечай купальні.

Мат. IX, 9; Мрк. II, 14; Іоан. V, 1—18.

Першы год Свайго вялікага служэньня Іісус Хрыстос правёў у далёкай Галілеі. Абходзячы гарады і вёскі, Хрыстос прапаведваў людзям Евангельле збаўленьня і чудоўна аздараўляў хворых і нядужых, па іх веры. Усюды спадарожнічалі Яму вучні Яго. Да ліку іх незадаўга перад другой Пасхай далучыўся мытнік Левій або Матвей. Ён пайшоў за Хрыстом на адно Яго слова: „Ідзі за Мною“.
На сьвята Пасхі І. Хрыстос пайшоў у Ерусалім. Аднаго разу здарылася Яму тут праходзіць каля т. зв. авечае купальні. Гэта была сажалка, у якой купалі авечак, прызначаных для ахвяраў у храме. Вада ў ёй лічылася лячэбнаю, бо як гаварыцца ў Евангельлі — „Ангел Гасподні час ад часу зыходзіў у капальню і каламуціў ваду; і хто першы ўваходзіў у яе пасьля ўскаламучаньня вады, той здаравеў, на што-б ні хварэй“. Тут, пад наўмысьля пабудованымі паветкамі, знаходзілася заўсёды мноства нядужых, сьляпых, кульгавых, ссохшых, што чакалі руху вады. Між імі на гэты раз ляжаў адзін няшчасны, які пакутаваў ужо трыццать восем гадоў. Калі І. Хрыстос убачыў яго, Ен запытаўся: «Ці хочаш паздаравець?» Хворы адказаў яму: «Так, Госпадзі, але я ня маю чалавека, які спусьціў-бы мяне ў купальню, калі ўскаламуціцца вада: калі-ж сам прыходжу, другі ўжо зыходзіць перада мною». Тады І. Хрыстос кажа: „Устань, вазьмі пасьцель тваю і хадзі“. І ў тую-ж часіну хворы стаўся здаровым, узяў пасьцель сваю і пайшоў. Па дарозе сустрэліся фарысэі. Яны зрабілі яму ўвагу: «Сяньня — кажуць — субота, нягожа табе нясьці пасьцель». Аздароўлены адказаў, што ён толькі спаўняе волю Таго, Хто яго аздаравіў. На пытаньне, хто гэта такі, аздароўлены нічога не адказаў, бо і сам ня ведаў. Сустрэўшы Іісуса ў храме, ён паказаў на Яго начальнікам жыдоўскім. Тыя пачалі закідваць Хрысту, што Ён гэткае робіць у суботу. Іісус адказаў ім: «Айцец Мой дасюль робіць, і Я раблю.» Гэтыя словы яшчэ больш узбурылі жыдоў, і з таго часу пачалі яны шукаць, каб забіць Яго, гаворачы між сабою: «Ён ня толькі ломіць суботу, але і Айцом Сваім заве Бога, раўняючы Сябе да Бога».
Евангельская аповесьць аб чудоўным аздараўленьні аслабленага канчаецца зазначэньнем, што аздароўлены пайшоў у храм падзякаваць Бога за сваё вылячэньне. Там ад спатканага Госпада ён пачуў словы, якія глыбака запалі яму ў сэрца: «Вось ты цяпер здаровы сказаў Гасподзь — не грашы-ж больш, каб ня здарылася табе нешта горшае». Пэўне, чалавек той нёс кару за свае цяжкія грахі, якія былі дараваны яму разам з вылячэньнем.

21. Вучэньне І. Хрыста аб субоце.

Лук. ѴI, 1—11; Мат. XII, 1—15.

Жыды заўсёды вельмі шанавалі і строга спаўнялі закон аб сьвяткаваньні суботы. Так было і пры жыцьці І. Хрыста. Фарысэі — вучыцялі і начальнікі жыдоўскія — не дапускалі ніякіх нарушэньняў суботняга спакою. Хто хаця ў малым чым адступіць ад буквы ці вымаганьняў закону, таго лічылі вялікім грэшнікам.
Калі аднаго разу фарысэі ўбачылі, як вучні І. Хрыста, праходзячы ў суботу засеянымі палямі, зрывалі калосьсе і елі, расьціраючы рукамі, дык пачалі закідваць Хрысту, што вучні Яго зьневажаюць суботу. І. Хрыстос адказаў на гэты закід прыкладам, як Давід, іхны вялікі цар і прарок, у дзень суботні ўвайшоў у храм Божы і, прымушаны голадам, еў разам з сваімі спадарожнікамі сьвяшчэнныя хлебы, якія паводле закону маглі есьці адныя толькі сьвяшчэньнікі. Хаця Давід і нарушыў закон, аднак яго не абвінавачваюць; больш таго — яго лічаць праведным, сьвятым. Так сама і ў гэтым выпадку: няма граху ў тым, што вучні Хрыста елі ў суботу калосьсе, прымушаныя да таго голадам.

Вучэньне Іісуса Хрыста аб субоце.

Што ў законе важна не сьляпое, знадворнае спаўненьне яго „буква ў букву“, а чалавек перш за ўсё павінен памятаць аб помачы сваім блізкім, хаця-б праз гэта нарушаўся закон аб субоце, гэта І. Хрыстос у той-жа самы дзень паказаў і на другім прыкладзе — ужо ня словам толькі, а дзелам. Ён чудоўна аздаравіў аднаго сухарукага, які з глыбокаю вераю прасіў у Хрыста помачы. Перад гэтым І. Хрыстос спытаўся ў фарысэяў: «Што треба рабіць у суботу дабро ці зло? збавіць душу ці загубіць?» Фарысэі маўчалі. І. Хрыстос казаў далей: «Хто з вас, маючы адну авечку, калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, не вазьме яе і ня выцягне? Таму — кажа — можна і ў суботу рабіць дабро». Пасьля гэтых слоў І. Хрыстос сказаў сухарукаму: «Выцягні руку тваю». Ён выцягнуў, і стала яна здаровая, як другая. Як наагул трэба разумець закон аб субоце, якую «Сын Чалавечы, як гаспадар суботы», можа і зусім скасаваць, гэта І. Хрыстос коратка высьвятліў у такіх глыбока паказальных і праўдзівых словах: «Субота для чалавека, а не чалавек для суботы» (Мрк. II, 27—28).

22. Абраньне дванаццацёх Апосталаў.

Мат. X, 1—4; Мрк. III, 13—19; Лук. VI, 12—16.

Гасподзь І. Хрыстос прыйшоў на землю дзеля збаўленьня ўсіх людзей. Між усімі народамі павінна было быць пашырана Слова Божае, Сьв. Евангельле. Дзеля гэтага Хрысту трэ’ было выбраць гурток шчырых і адданых пасьледавальнікаў, якія бы, з вераю ў Яго Божае пасольства, распаўсюдзілі Евангельле па ўсім сьвеце. І. Хрыстос і зрабіў гэта, «каб былі з Ім, каб пасылаць іх на пропаведзь, каб мелі ўладу аздараўляць хворых, і выганяць злых духаў», — зрабіў аднак ня ў Юдэі, дзе ўсюды прасьледвала Яго злосьць фарысэяў, а ў далёкай, ціхай Галілеі, паблізу так любага яму Гэнісарэцкага возера.
Раней абраньня Апосталаў Гасподзь узыйшоў на гару памаліцца; цэлую ночь правёў Ён у малітве. Калі настаў дзень, Хрыстос паклікаў на гару Сваіх вучняў і выбраў з іх дванаццаць, якіх назваў Апосталамі або пасламі. На Апосталаў І. Хрыстос абраў ня знатных, багатых ці адукаваных людзей, а самых простых і бедных, якіх адзначала глыбокая вера, адданасьць Свайму Вучыцелю і чыстае, незласьлівае сэрца. Усе яны з паходжаньня былі яўрэі, пры тым не з аднаго толькі калена Левія, з якога абіраліся старазаветныя сьвяшчэньнікі, а з розных каленаў, бо І. Хрыстос меўся заснаваць новае ўсясьветнае сьвяшчэнства. Вось імёны 12 Апосталаў: Андрэй, ягоны брат Сіман, які зваўся Пятром, Якаў і Іоанн, Піліп і Баўтрамей (Нафанаіл), Матвей і Хама, Якаў Алфеяў і Сіман, празваны Зілот, Юда Якаўлеў і Юда Іcкарыёт, які пасьля прадаў Хрыста.
Абраньне 12 Апосталаў было вельмі важным момантам у служэньні І. Хрыста. Дасюль Гасподзь не абвяшчаў адкрыта вучэньня Евангельля. З гэтага-ж часу, маючы адданых Сабе вучняў і Апосталаў, Хрыстос пачынае раскрываць перад імі і перад народам усе тайны заснаванага ім Царства Божага. Перш за ўсё Хрыстос робіць гэта ў т. зв. Нагорнай Пропаведзі. Яна зьмяшчае ў сабе важнейшыя ісьціны Новазаветнага Закону, які йшоў на замену аджываўшага ўжо свой век закону Майсеевага.

23. Нагорная Пропаведзь.

Мат. разьдз. V, VI і VII; Лук. VI, 17—49.

Нагорную пропаведзь І. Хрыстос вымавіў з гары вучням Сваім і мноству народу, які папрыходзіў з усяе Юдэі і Ерусаліму і прыморскіх гарадоў, каб паслухаць Яго і пазбыцца хворасьцяў сваіх. Усе стараліся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і аздараўляла ўсіх. Напярэдадні Хрыстос цэлую ноч правёў Адзін у малітве на гары (Лук. VI, 12). Калі настаў дзень, Хрыстос спусьціўся ўніз да таго месца, дзе чакалі Яго вучні і народ, і, «падняўшы вочы Свае на вучняў Сваіх», пачаў гаварыць. Перш за ўсё Хрыстос гаварыў аб тым, як людзі павінны жыць, каб дасягнуць шчасьця, каб стварылася на зямлі запраўднае Царства Божае, каб і па сьмерці атрымаць чалавеку вечнае збаўленьне ў Царстве Нябесным.

Вучэньне аб шляхох да духоўнага шчасьця.

1. Бл҃же́ни ни́щїи дх҃омъ, ꙗ῎кѡ тѣ́хъ є῎сть цр҃тво нб҃ное.

Шчасьлівыя убогія духом, бо іх ёсьць Царства Нябеснае.

Нагорная Пропаведзь.

Чалавеку трэба усьведаміць сабе сваю грахоўнасьць, сваю духоўную ўбогасьць, трэба сьцішыць у сабе гордасьць — крыніцу ўсялякага граха. Толъкі пакорнасьць і скромнасьць вядуць да запраўднага ўдасканаленьня чалавека і адчыняюць уваход у Цар­ства Нябеснае.

2. Бл҃же́ни пла́чꙋщїи, ꙗ῎кѡ ті́и ѹ̆тѣ́шатсѧ.

Шчасьлівыя што плачуць, бо яны усьцешацца.

Хто бачыць свае слабасьці і грахі, той ужо каецца і плача аб іх і набіраецца волі больш не грашыць. У гэтай рашучасьці ён знайдзе для сябе запраўдную ўцеху.

3. Бл҃же́ни кро́тцыи, ꙗ῎кѡ ті́и наслѣ́дѧтъ землю.

Шчасьлівыя ціхія, бо яны ўнасьледуюць землю.

Чалавек павінен адкінуць з душы сваей усялякі гнеў і злосьць і заўсёды нясьці людзям шчырую ласку і любоў. Тыя, што створаць у душы сваёй такі настрой, будуць шчасьлівымі. І да іх, а ня гордых і злых, будзе належаць зямля, калі Царства Божае, г. зн. любоў і дабро, распашырацца ўсюды.

4. Бл҃же́ни а῎лчꙋщїи й жа́ждꙋщїи пра́вды, ꙗ῎кѡ ті́и насы́тѧтсѧ.

Шчасьлівыя, што шукаюць і прагнуць праўды (як галодны шукае хлеба), бо яны насыцяцца.

Да прыходу І. Хрыста людзі ня ведалі праўды, г. зн. волі Божае. Цяпер адкрываецца яна для ўсіх і кожын у слове Божым можа задаволіць свой духоўны голад, сваю смагу.

5. Бл҃же́ни чи́стїи се́рдцемъ, ꙗ῎кѡ ті́и Бо́га у῎зрѧтъ.

Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны памілаваныя будуць.

Хто міласьцівы да другіх, да таго і Бог будзе міласьцівы. Трэба спачуваць і памагаць людзям у іх бядзе і пакуце. Трэба выбачаць людзям іхныя заганы і грахі і толькі да сабе быць строгімі судзьдзямі. За гэта Гасподзь даруе вам вашыя грахі і памілуе вас.

6. Бл҃же́ни ми́лостивїи, ꙗ῎кѡ ті́и поми́ловани бꙋ́дꙋтъ.

Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.

Спаўненьне ўсіх папярэдніх запаведзяў стварае чыстату сэрца, г. зн. чыстату думак, намераў, пачуцьця, усіх дзеяньняў чалавека. Хто мае такі скарб, тым Гасподзь абяцае вялікую заплату: яны ўбачаць Бога.

7. Бл҃же́ни миротвѡ́рцы, ꙗ῎кѡ ті́и сы́нове Бж҃їи нарекꙋ́ятсѧ.

Шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца.

Ня шукайце прычыны да гневу і сваркі. З усімі жывеце ў паразуменьні і згодзе. Стварайце запраўднае брацтва між людзьмі. Такія людзі — кажа Гасподзь — сынамі Божымі будуць звацца, бо і Сам Сын Божы прыйшоў на зямлю, каб прымірыць людзей з Богам.

8. Бл҃же́ни йзгна́ни пра́вд ра́ди, ꙗ῎кѡ тѣ́хъ є῎сть цр҃тво нб҃ное.

Шчасьлівыя прасьледваныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябеснае.

Тым, хто будзе будаваць сваё жыцьцё згодна з гэтаю навукаю, прыдзецца напаткнуцца на ўсялякую няпраўду і прасьледваньні, мо’ нават на выгнаньне, але іх чакае шчасьце быць удзельнікамі Царства Нябеснага.

9. Бл҃же́ни є̆стѐ є̆гда̀ поно́сѧтъ ва́мъ, й йжденꙋ́тъ й ревꙋ́тъ всѧ́къ ѕо́лъ глаго́лъ на вы̀ лжꙋ́ще, Менє̀ ра́ди

Шчасьлівыя вы, калі за Мяне зьневажаюць вас, выганяюць і гавораць на вас усялякую няпраўду.

Гэтыя словы І. Хрыстос датарнаваў ня толькі да Апосталаў, як прарокаў Новага Завету, але і да ўсіх хрысьціян: шчасьлівыя будуць тыя, хто прыймае і пераносіць усялякую муку, прасьледваньні, пакуту, гнёт, выгнаньне і тым болей сьмерць за Імя Хрыста і за адзіную праўдзівую Праваслаўную веру.

Ра́дꙋйтесѧ й весели́тесѧ ꙗ῎кѡ мзда̀ ва́ша мно́га на небесѣ́хъ.

Радуйцеся і весялецеся, бо ў нябёсах будзе вам вялікая заплата.

Старазаветны і новы закон. — Вучэньне Іісуса Хрыста аб дараваньні крыўдаў і любові да ворагаў.

Сваю навуку Іісус Хрыстос выкладаў перад жыдамі. Гэтая навука магла паказацца ім нязгоднаю з законам Майсеевым, які кіраваў усім іх жыцьцём. Вось Іісус Хрыстос і кажа Сваім слухачом: «Ня думайце, што Я прыйшоў скасаваць закон (Майсееў); прыйшоў не скасаваць, а споўніць“. Па слову Госпада, закон Майсееў павінен захаваць сваю сілу, пакуль ня будзе споўнены ўвесь. Трэба толькі, каб іншы дух панаваў ў законе, — дух шчырага скрушэньня аб сваіх грахох і рашучасьці ўперад будаваць сваё жыцьцё паводле закону любві і праўды Божай. Кніжнікі і фарысэі спаўняюць закон, але «Калі праведнасьць ваша — кажа Гасподзь ня будзе вышэй за праведнасьць кніжнікаў і фарысэяў, дык вы ня ўвойдзеце ў Царства Нябеснае» (Мат. V, 20).
Бяручы, далей, некаторыя пастановы закону Майсеевага, Іісус Хрыстос паказвае, што цяпер яны павінны быць прасякнуты іменна гэтым новым духам, што іх ужо не стае для сыноў новага Царства Божага на зямлі. Так
1) закон Майсееў аддаваў пад суд толькі забойцу: Іісус Хрыстос кажа, што суду падлягае нават той, хто толькі гневаецца дарэмна на брата свайго; яшчэ вышэйшаму суду падлягае той, хто скажа брату свайму якое крыўднае слова;
2) закон Майсееў дазваляў кляцьбу (імем Божым), — ня можна было толькі нарушаць яе: у новым Царстве Хрыстовым не павінна быць зусім кляцьбы. Пасьледавальнікі і вучні Хрыстовы заўсёды павінны быць да таго праўдзівыя і шчырыя, каб ніколі ніхто не вымагаў сьцверджаньня сваіх слоў кляцьбою, здавальняючыся звычайным адказам: «так» ці «не»;
3) у законе Майсеевым дазвалялася мсьціцца за крыўды тым-жа спосабам, якім хто быў зьняважаны: „вока за вока, зуб за зуб“; Іісус Хрыстос наагул забараняе мсьціцца, кажучы: „Не праціўся злому. Але хто ўдэрыць цябе ў правую шчаку тваю, падстаў яму і другую, і хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму і верхнюю вопратку“. Гэтыя прыклады гавораць, што усялякае зло трэба перемагаць дабром. „Усякаму, хто просіць у цябе, давай і ад узяўшага тваё не вымагай назад. Ва усім, як хочаце, каб з вамі абыходзіліся людзі, так і вы абыходзьцеся з імі“.
4) яўрэйскі закон вымагаў любіць толькі блізкіх; што-ж да ворагаў, дык яўрэі думалі, што іх можна толькі ненавідзець. Іісус Хрыстос паднімае любоў на вышэйшую ступень дасканаласьці: Ён гаворыць аб любові нават да ворагаў: „Любеце ворагаў вашых, багаслаўляйце праклінаючых вас, рабеце дабро ненавідзячым вас і малецеся за крыўдзячых і прасьледуючых вас, і будзеце сынамі Ўсявышняга“.
Гэтымі параўнаньнямі Іісус Хрыстос ня скончыў нагорнае пропаведзі. Далей Ён падрабязна навучае, як чалавек павінен жыць і дагаджаць Богу, каб быць годным Яго Царства.
Аб міласьціне. — Міласьціну бедным трэба даваць не дзеля таго, каб людзі бачылі гэта і хвалілі таго, хто дае. Міласьціну трэба даваць скромна, не выстаўляючыся на людзях, ад чыстага сэрца, з адным толькі жаданьнем памагчы няшчаснаму. „Калі даеш міласьціну, хай левая твая рука ня ведае, што робіць правая, і каб міласьціна твая была ўтоена. Айцец твой, бачачы ўтоенае, наградзіць цябе яўна“.
Аб малітве. — „Калі молішся, не ўпадабляйся двудушнікам, якія моляцца ў сінагогах і на рагох вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Ты, калі молішся, увайдзі ў камору тваю, і, зачыніўшы дзьверы, памаліся Айцу твайму тайна. А молячыся не гаварэце лішняга, як паганцы (г. зн. аб ежы, вопратцы і наагул аб усім, што патрэбна нашаму целу): „Яны думаюць, што праз многаслоўе сваё будуць пачуты. Ня будзьце падобнымі да іх, бо Айцец ваш ведае, чаго вам трэба, раней чым папросіце ў Яго. Малецеся-ж так:

Ѡ῎ч҃е на́шъ и́же ӗсѝ на нб҃сѣ́хъ! Да свѧти́тсѧ И῎мѧ Твоѐ: да прїи́детъ Ца́рствїе Твоѐ: да бꙋ́детъ во́лѧ Твоѧ̀, ѧ῎кѡ на нб҃сѝ й на землѝ. Хлѣ́бъ на́шъ насꙋ́щный да́ждь на́мъ дне́сь: й ѡ̆ста́ви на́мъ до́лги на́шѧ, ѧ῎коже й мы̀ ѡ̆ставлѧ́емъ дожлникѡ́мъ на́шымъ: й не введѝ на́съ во йскꙋше́нїе, но йзба́ви на́съ ѿ лꙋка́вагѡ.

Отча наш, Каторы ёсьць у нябёсах! Няхай сьвяціцца Імя Тваё, няхай прыйдзе Царства Тваё, няхай будзе воля Твая, як у небе, так і на зямлі. Хлеб наш штодзенны дай нам сягоньня, і даруй нам даўгі нашыя, як і мы даруем даўжніком нашым; і ня ўводзь нас у спакушэньне, дый збаў нас ад злога.

Аб Промысле Божым. — „Не клапацецеся — кажа Гасподзь — аб душы вашай, што вам есьці ці піці, і ўвошта апрануцца. Паглядзеце на птушкі нябесныя: яны ня сеюць, ня жнуць, ня зьбіраюць у сьвірны, аднак жа Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці вы ня лепшыя за іх? Паглядзеце і на палявыя лілеі, як яны растуць: не працуюць і не прадуць; але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная з іх; калі-ж траву палявую, каторая сяньня ёсьць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, дык колькі-ж больш апякуецца вамі, малаверы?“ (Чалавек у вачох Бога нязьмерна вышэй за ўсе гэтыя птушкі і лілеі). „Шукайце наперад Царства Божага і праўды яго, а гэта ўсё (зямное) дадасца вам“.
Аб неасуджэньні блізкіх. — Ня судзеце, каб ня былі асуджаны. Бо якім судом вы судзіце, такім будуць судзіць і вас, і якою мераю вы мерыце, такою і вам будуць мерыць. Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку ня чуеш? Двудушнік! вымі раней бервяно з свайго вока і тады ўбачыш, як выняць сучок з вока брата твайго“. Гэтымі словамі Іісус Хрыстос навучае, каб мы не перабіралі чужых грахоў, а сьпяшаліся раней ачысьціцца ад сваіх.
„Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў сваіх перад сьвіньнямі, каб не патапталі іх нагамі сваімі і, адвярнуўшыся, не разарвалі вас“.
„Вось-жа ўсё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, дык тое рабеце і вы ім; бо гэта закон і прарокі“.

Аб сіле малітвы Гасподзь гаварыў у такіх словах: „Прасеце і дадзена будзе вам, шукайце і знойдзеце, стукайцеся і адчыняць вам“. Хрыстос вучыць быць настойлівымі ў шуканьні Царства Божага. Але пры гэтым трэба разьлічваць не на свае слабыя сілы, а на помач Божую, таму трэба маліцца і прасіць яе ў Бога, і „дадзена будзе вам“. „Усякі, хто просіць, дастае і хто шукае, знаходзіць, а таму, хто стукае, адчыняюць. Ці ёсьць між вамі такі чалавек, які, калі-б сын яго папрасіў у яго хлеба, падаў-бы яму камень, і калі-б папрасіў рыбы, падаў-бы яму зьмяю? Бо калі вы — злыя — умееце аднак рабіць добрае дзецям вашым, дык тым хутчэй Айцец ваш Нябесны дасьць добрае тым, хто просіць ў Яго“.
„Уваходзьце праз цесныя вароты, бо шырокі вароты і вольны той шлях, што вядуць да загубы, і шмат хто йдзе імі; бо цесны вароты і вузкі той шлях, што вядуць у жыцьцё, і вельмі мала хто знаходзіць іх. Сьцеражэцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай скуры, а ў сярэдзіне яны ваўкі драпежныя. Па пладох іх пазнаеце іх. Ці-ж зьбіраюць з цярноўніка вінаград, або з асоту фігі? Гэтак усякае добрае дрэва дае і плады добрыя, а благое дрэва дае і плады благія. Ня можа дрэва добрае даваць благіх пладоў, ні благое дрэва даваць добрых пладоў. Усякае дрэва, што не дае добрага плада, сьсякаюць і кідаюць у вагонь. Дык па пладох іх пазнаеце іх“.
„Ня ўсякі, хто кажа Мне: Госпадзі! Госпадзі! ўвайдзе ў Царства Нябеснае, а той, хто выпаўняе волю Айца Майго, што ў нябёсах“.
Уся гэтая вялікая па сваёй мудрасьці пропаведзь Іісуса Хрыста зрабіла глыбокае ўражаньне на слухачоў і вучняў Яго. Народ дзівіўся вучэньню Яго, бо Ён вучыў, як Той, што мае ўладу, а не як кніжнікі і фарысэі.
Калі Гасподзь зыйшоў з гары, за Ім пайшло шмат народу.

24. Прыповесьць аб сяўцу.

Мат. XIII, 1—23; Мрк. IV, 1—20; Лук. VIII, 4—15.

Іісус Хрыстос часта навучаў народ прыповесьцямі (прытчамі), бяручы прыклады з блізкага жыцьця.

Прыповесьць Іісуса Хрыста аб сяўцу.

Іншы раз Ён Сам і тлумачыў іх. Прыповесьць аб сяўцу Іісус Хрыстос прамовіў, стоячы ў чоўне пры беразе Галілейскага возера, абкружаны вялікім натоўпам людзей.
Выйшаў сявец сеяць. І калі ён сеяў, іншае зерня ўпала пры дарозе: наляцелі птушкі і паклявалі яго; іншае ўпала на камяністае месца і, ўзыйшоўшы, хутка засохла, бо ня мела вільгаці; іншае-ж упала між цярніною, і вырасла цярніна і заглушыла яго; а іншае ўпала на добрую землю і, ўзыйшоўшы, прынясло добры плод: адно ў сто разоў, другое ў шэсьцьдзесят, іншае ў трыццаць разоў.
Выслухаўшы прыповесьць, вучні прасілі Іісуса Хрыста вытлумачыць яе значэньне, і Гасподзь вытлумачыў. Сявец — гэта Сам Іісус Хрыстос; зерня — абвешчанае Ім слова Божае; земля — вучні і народ, які Яго слухае. Пад дарогай, дзе зерня топчуць падарожныя і клююць птушкі, разумеюцца людзі нядбайныя і зьбянтэжаныя: слова Божае ў іх душах не пакідае ніякага сьледу. Камяністы грунт — гэта людзі, якія з радасьцю прыймаюць слова Божае, але яно ня глыбока ўкараняецца ў іх сэрцы, і, ў часе жыцьцёвых няўдачаў ці спакушэньня, яны легка адкідаюць яго. Цярніны азначаюць жыцьцёвыя клопаты і грахоўныя ўцехі, якія заглушаюць пасеянае ў душы слова Божае. Пад добрым грунтам разумеюцца людзі, якія ня толькі з вераю прыймаюць слова Божае, але і жывуць паводле яго: іх добрыя дзелы ёсьць пладамі пасеянага ў іх душах слова Божага.
І яшчэ многімі прыповесьцямі навучаў Гасподзь, калі стаяў на беразе возера.

25. Уцішэньне буры.

Мат. VIII, 23—27; Мрк. IV, 35—41; Лук. VIII, 22—25.

Аднаго дня падыйшоў Іісус Хрыстос з Апосталамі да Галілейскага возера, сеў з імі ў човен і папрасіў ехаць на той бок возера. Былі тут і іншыя чаўны. Калі яны ехалі, Іісус Хрыстос, змораны доўгім навучаньнем і хадою, спаў у чоўне. Раптам паднялася страшная бура. Хвалі залівалі човен, і ён быў у вялікай нябесьпецы. Тады Апосталы разбудзілі Іісуса Хрыста і сказалі: „Настаўнік! мы гінем. Ратуй нас!“ Іісус Хрыстос ўстаў і ўладна закрычаў ветру: „Сціхні! перастань!“ Адразу спынілася хваляваньне вады і сталася ціша. Зварочваючыся пасьля таго да Апосталаў, Іісус Хрыстос кажа ім: „Чаго вы так перепалохаліся? дзе вера ваша?“ Яны нічога на гэта не адказалі, а толькі — перастрашаныя і зьдзіўленыя — гаварылі адзін аднаму: „Хто-ж гэта, што і ветрам загадвае і вадзе, і слухаюць Яго?“ — І прыплылі ў старану Гадарынскую, што насупроць Галілеі.

26. Чудоўнае вылячэньне Гадарынскага шалёнага.

Мрк. V, 1—20; Лук. VIII, 26—39.

Як толькі Іісус Хрыстос выйшаў на бераг, да Яго падбег шалёны, які з даўных часоў быў апанаваны нячыстымі духамі або д’яблам. Шалёны жыў ня ў хаце, але ў горах, хаваючыся ў магілах, хадзіў не апранаўшыся, дзень і ноч крычаў і біўся аб каменьні. Ён валадаў нечалавечай сілай; колькі разоў яго ні закоўвалі ў ланцугі, ён кожын раз разрываў іх. Ніхто ня меў сілы ўзяць яго. Ён трымаў у страху ўсю ваколіцу, кожын баяўся спаткацца з ім. — Угледзіўшы здалёк Іісуса, шалёны падбег да Яго, паваліўся перад Ім на зямлю і голасна выклікнуў: „Што Табе да

Чудоўнае вылячэньне Гадарынскага шалёнага.

мяне, Іісусе, Сыне Бога Ўсявышняга? Малю Цябе, ня муч мяне!“ Іісус Хрыстос, зварочваючыся да нячыстага духа, які апанаваў шалёнага, кажа: „Выйдзі, духу нячысты, з гэтага чалавека!“ Пасьля спытаўся ў духа: „Як тваё імя?“ Ён сказаў: „Легіён[1], бо нас шмат“. І пачалі чэрці прасіць Яго, каб не загадваў ім ісьці ў бяздоньне, а пазволіў увайсьці ў гурт сьвіней, які пасьвіўся блізка (было іх каля дзьвёх тысячаў). Хрыстос пазволіў ім. Чэрці, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў сьвіньні, і тады ўвесь гурт кінуўся з кручы ў мора і ўтапіўся. Спалоханыя пастухі, бачачы, што сталася, пабеглі дый рассказалі ўсё ў месьце і вёсках. Прыйшлі жыхары і бачаць — шалёны сядзіць ля ног Іісуса апрануты, зусім здаровы і пры поўным розуме. Яны пачалі распытваць аб усіх гэтых падзеях і пастухоў і самога шалёнага, і вельмі перапалохаліся. І стаў увесь народ прасіць Іісуса Хрыста адыйсьці ад іх, бо іх апанаваў вялікі страх. Тады Іісус Хрыстос увайшоў у човен і ад’ехаў. Чалавек-жа той, удзячны за сваё чудоўнае аздараўленьне, хацеў ісьці за Іісусам, але Ён не пазволіў і толькі сказаў: „Ідзі дамоў да сваіх і раскажы ім, што ўчыніў табе Гасподзь і як уратаваў цябе“. І пайшоў аздароўлены і пачаў па ўсёй той краіне расказваць пра быўшае з ім, і славіць свайго Збавіцеля.

27. Уваскрашэньне дачкі Яіра.

Мат. IX, 18—26; Мрк. V, 35—43; Лук. VIII, 40—56.

Адзін з начальнікаў жыдоўскае сынагогі, на імя Яір, прыйшоў да Іісуса і, ўпаўшы да Яго ног, сказаў: „Адзіная дачка мая памірае; прыдзі ў мой дом і ўскладзі на яе рукі, каб паздаравела“. Бачачы веру Яіра, Іісус Хрыстос пайшоў за ім. Па дарозе сустракае іх нехта з дому Яіра і кажа яму: „Дачка твая памёрла; ня трэба непакоіць Вучыцеля“. Іісус, пачуўшы гэтае, сказаў Яіру: «Ня бойся, толькі веруй, і збаўлена будзе“. Калі прышлі ў дом, там усе плакалі і галасілі па памёршай. Але Іісус Хрыстос сказаў: «Ня плачце; яна не памёрла, але сьпіць». І пачалі ўсе сьмяяцца з Яго, ведаючы, што дзяўчына памёрла. Выслаўшы з дому ўсіх, хто там быў, і ўзяўшы з Сабой Пятра, Якава і Іоанна, Іісус Хрыстос увайшоў разам з бацькамі ў пакой, дзе ляжала памёршая, узяў яе за руку і сказаў: «Дзяўчына! табе кажу: устань!» І вярнуўся дух яе, і адразу ўстала і пачала хадзіць, — яна была гадоў дванаццацёх. Бацькі яе вельмі зьдзівіліся, але Іісус Хрыстос спакойна сказаў ім, каб далі ёй есьці. І загадаў ім не казаць нікому аб тым, што сталася.
Гэта было першае васкрашэньне памёршага чалавека. Чуткі аб гэтым нябывалым васкрашэньні хутка разыйшліся па ўсёй зямлі, і яшчэ больш пачало зьбірацца каля Яго народу пабачыць і паслухаць Вялікага Вучыцеля і Чудатворца.

28. Чудоўнае вылячэньне двох сьляпых. Васкрашэньне сына ўдавы з Наіну.

Мат. IX, 27—31; Лук. VII, 11—17.

Калі Іісус Хрыстос пайшоў з дому Яіра, за Ім ішлі два сьляпцы, якія — паўтараючы: «Памілуй нас, Іісусе, Сыне Давідаў!» — неадступна прасілі вярнуць ім зрок. Хочучы дазнацца аб сіле іх веры, Хрыстос доўга не зварочваў на іх ніякае ўвагі. Напасьледак, калі ўжо прыйшлі ў хату, дзе Ён жыў, пытаецца ў іх: „Ці веруеце ў тое, што Я магу гэта зрабіць?“ Яны адказалі: „Так, Госпадзі!“ Тады Ён дакрануўся да вачей іх і сказаў: „Па веры вашай хай будзе вам“. І адкрыліся вочы іх. І пайшлі яны славіць Госпада па усёй зямлі той.
Пасьля таго пайшоў Іісус Хрыстос у горад Наін. За Ім ішлі многія з вучняў Яго і шмат народу. Калі падыходзілі да гарадзкое брамы, насустрэчу выносілі памёршага, які быў адзіным сынам у маткі (яна была ўдава). За насілкамі ішло шмат народу з места. Няшчасная матка бязуцешна плакала. Пабачыўшы яе, Гасподзь зьмілаваўся над ёю і сказаў: „Ня плач!“ Пры гэтых словах Іісус Хрыстос падыйшоў да насілак, дакрануўся да іх і сказаў памёршаму: „Хлопча, табе кажу: устань!“ Памёршы, падняўшыся, сеў і пачаў гаварыць. Усе прысутныя славілі Бога і гаварылі: „Вялікі Прарок паўстаў між намі, і Бог адведаў народ Свой.“
І разыйшлося слова гэтае аб Ім ня толькі ў Галілеі, дзе было створана чуда, але і па ўсёй Юдэі.

29. Заклік да спрацованых і гаротных.

Мат. XI, 25—30.

Іісус Хрыстос прыйшоў абвясьціць Евангельле праўды ўсім людзям багатым і бедным, адукаваным

Заклік да спрацованых і гаротных.

і простым, шчасьлівым і бяздольным. Аднак неаднолькава сэрцы слухачоў адкрыты для слова Божага. Людзі простыя і ўбогія, абцяжаныя горам і працаю мо’ хутчэй за мудрых і шчасьлівых нясуць, падобна да дзяцей, адкрытае сэрца і веру, каб успрыняць слова Божае. Вось да такіх-то людзей і зьвярнуў аднаго разу свой заклік Іісус Хрыстос, кажучы: „Прыйдзеце да Мяне ўсе спрацованыя і гаротныя, і я заспакою вас. Вазьмеце ярмо Маё на сябе і навучэцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой душам вашым, бо ярмо Маё добрае і цяжар Мой лёгк!“.
Увесь цяжар запаведзяў Хрыстовых зьмяшчаецца ў гэткіх словах Яго: „Ва усім, як хочаце, каб з вамі абыходзіліся людзі, так і вы абыходзьцеся з імі“. Гэтае ярмо дасьць запраўдны спакой усім, хто нясе яго.

30. Іісус Хрыстос пасылае Апосталаў на пропаведзь.

Мат. X, 5—42; Мр. VI, 7—13; Лук. IX, 1—6.

Іісус Хрыстос ня мог абыйсьці Сам усе куты Свае краіны, таму паслаў Апосталаў абвясьціць, што „ўзапраўды паслаў Гасподзь збаўленьне людзям Сваім“. Выпраўляючы Апосталаў, Іісус Хрыстос даў ім загад не хадзіць да паганцаў і самаранаў, а толькі „да гінучых авечак дому Ізраілева“, і ня браць з сабою нічога ў дарогу, бо той, „хто працуе, варты ёсьць жыўленьня“ ці хлеба. „Хто прыймае вас — кажа — прыймае Мяне, а хто прыймае Мяне, той прыймае Паслаўшага Мяне“. Каб людзі паверылі іх пасольству, Іісус Хрыстос даў Апосталам сілу чудоўна аздараўляць хворых, васкрашаць памёршых і выганяць бесаў; гэты дар — кажа — „вы дарма атрымалі, таму дарма і давайце“. «Асьцерагайцеся — кажа — людзей, бо яны будуць аддаваць вас на суд і ў сынагогах сваіх будуць біць вас. І будзеце ненавіджаны за Імя Маё, але «Хто церпіць да канца, той спасёны». «Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў, але будзьце мудрымі, як зьмеі і простымі (лагоднымі), як галубы». «Тыя, хто хочуць быць маімі пасьлядоўнікамі, павінны зрачыся ўсяго, узяць хрэст свой і йсьці за Мною: хто не бярэ храста Свайго і ня йдзе за Мною, той Мяне ня варты». «Усякага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, я вызнаю перад Айцом Maім нябесным».
Апосталы, атрымаўшы гэты наказ, пайшлі па двох і ўсюды прапаведвалі пакаяньне; выганялі бесаў; многіх хворых мазалі алеем і яны аздараўляліся.

31. Сьмерць Іоанна Хрысьціцеля.

Мат. XIV, 6—12; Мрк. VI, 21—29.

Аднаго разу Ірад Анціпа сьвяткаваў урачыста дзень свайго нараджэньня. У палацы было гучна і весела. Падчас банкету ў салю ўвайшла Саламія, дачка Ірадзіады (ад першага яе мужа), і пачала танцаваць. Танцы яе вельмі спадабаліся гасьцём і самому Іраду, і ён, у захопленьні, з кляцьбой сказаў Саламіі: „Прасі ў мяне, чаго хочаш, і я дам табе нават да палавіны майго царства“. Дзяўчына выйшла і спыталася ў сваёй маці, чаго прасіць. Ірадзіада думала нядоўга: найбольшым падаркам была-б сьмерць яе няўмольнага высьвядчальніка Іоанна Хрысьціцеля. Вось яна і кажа Саламіі: „Прасі галаву Іоанна Хрысьціцеля“, і пры гэтых словах дала дачцэ сваёй паўмісак. Саламія ўзяла паўмісак, увайшла з ім у салю і сказала цару: «Хачу, каб зараз-жа даў мне на гэтым паўміску галаву Іоанна Хрысьціцеля». Цар засмуціўся, бо вельмі паважаў Іоанна, але адмовіць дачцэ ня мог дзеля кляцьбы і каб не сароміцца перад гасьцямі. І загадаў Ірад свайму збраяносцу пайсьці ў вастрог і прынясьці галаву Іоанна Хрысьціцеля. Кат — зброяносец хутка споўніў загад цара — адсёк главу і — акрываўленую — прынёс яе на паўміску ў палац і падаў Саламіі. Тая ўзяла і аддала матцы сваёй. Так скончылася жыцьцё Іоанна Хрысьціцеля, аб якім Іісус Хрыстос сказаў, што спаміж народжаных жанчынамі няма ніводнага прарока, большага за яго.
Вучні Іоанна Хрысьціцеля, пачуўшы аб яго мучаніцкай сьмерці, прыйшлі, узялі яго цела і пахавалі. І пайшлі паведаміць аба ўсім Ісуса Хрыста.
Адсячэньне галавы Іоанна Хрысьціцеля Праваслаўнаю Царквою сьвяткуецца 29 жніўня ст. ст. — 11 верасьня нов. ст.

32. Чудоўнае насычэньне Іісусам Хрыстом пяцёх тысячаў людзей.

Мат. XIV, 13—21; Лук. IX. 12—17; Іоан. VI, 1—14.

Аднаго разу пайшоў Іісус Хрыстос у нейкае пустыннае месца, каб там адпачыць. Але за Ім пайшло многа людзей: народ бачыў вялікія чуды, якія Іісус Хрыстос тварыў над хворымі, і жадаў паслухаць слова Яго. Надходзіў вечар, а там хутка і ноч. Іісус Хрыстос ўсё яшчэ вучыў народ, які не хацеў расхадзіцца. Тады занепакоеныя вучні кажуць Іісусу: „Месца тут бязьлюднае, а час позны: адпусьці народ, каб ён мог пайсьці ў блізкія вёскі пераначаваць і купіць сабе хлеба“. На гэта Гасподзь адказаў вучням: „Вы дайце ім есьці“. Вучні сказалі: «У нас тут толькі пяць хлебаў і дзьве рыбы, але-ж што гэта для такога мноства людзей?». Тады Іісус Хрыстос загадаў вучням рассадзіць народ на траве радамі па 50 і 100 чалавек і падрахаваць усіх. І зрабілі так, і рассадзілі усіх. Аказалася каля пяцёх тысячаў чалавек, ня лічачы жанчын і дзяцей. Калі ўсе селі, Гасподзь узяў пяць хлебаў і дзьве рыбы, і паўзіраўшыся ў неба, багаславіў іх, паламаў і даў вучням, каб раздалі народу. І елі ўсе людзі і насыціліся, і яшчэ сабралі вучні недаедкаў 12 поўных кашоў.
Людзі, захопленныя чудам, якое стварыў Іісус Хрыстос, казалі: „Гэта ўзапраўды Той Прарок, Які павінен прыйсьці ў сьвет“.
Даведаўшыся, што хочуць прыйсьці, неспадзеўкі ўзяць Яго і абвясьціць царом, Іісус Хрыстос адаслаў ад Сябе Апосталаў і адыйшоўся на гару Адзін, каб памаліцца.

33. Хаджэньне Іісуса Хрыста па вадзе.

Мат. XIV, 24—33; Мрк. VI, 47—52; Іоан. VI, 16—21.

Апосталы, па загаду Вучыцеля, паехалі чоўнам на другі бок возера. Рабілася цёмна. Дзьмуў моцны вецер. Возера было вельмі неспакойнае. Вялікія хвалі білі па бакох чоўна і кожную мінуту пагражалі затапіць яго. Апосталы выбіліся з апошніх сілаў, бо цэлую ноч змагаліся з грознай навалай. Раптам — гэта было ўжо на сьвітаньні — яны ўбачылі Госпада, Які ішоў да іх па вадзе, як-бы па зямлі. Спачатку яны падумалі, што гэта — здань і ад страху пачалі крычаць. Але Іісус Хрыстос прамовіў да іх: „Ня бойцеся, гэта я“. Апостол Пётр, пачуўшы голас свайго Вучыцеля, кажа Яму: „Калі гэта Ты, Госпадзі, дык пазволь мне прыйсьці да Цябе па вадзе“. Гасподзь адказаў: „Ідзі“! І выйшаўшы з чаўна, Пётр пайшоў па вадзе, каб падыйсьці да Іісуса, але збаяўшыся ветру, пачаў тануць і закрычаў: „Госпадзі, спасі мяне!“ Іісус працягнуў да яго руку, падтрымаў і сказаў: „Малаверны, навошта ты сумляваешся?“ Калі яны ўвайшлі ў човен, вецер адразу сьціх. Зьдзіўленыя і перапалоханыя вучні

Хаджэньне Іісуса Хрыста па вадзе.

пакланіліся Іісусу і выклікнулі: „Узапраўды Ты Сын Божы“.
Хутка човен прыстаў да берагу. Даведаўшыся вакалічныя жыхары пачалі на пасьцелях прынасіць да Іісуса Хрыста хворых і прасілі, каб пазволіў дакрануцца хоць-бы да краю Яго адзеньня: і каторыя дакраналіся, вылечваліся, — вылечваліся па веры сваёй.


  1. Легіёнам зваўся аддзел рымската войска, у якім налічвалася да 6.000 ваякаў.