Раскідаў месяц перамёты
Над соннай шэраньню гаёў…
Застыла цёплая дрымота
У сьнежных занізях палёў.
І люба мне, —
У вячэрняй муці
Прыпомніць Днепр, Дзьвіну і Сож…
Люблю глядзець,
Як нехта круціць
Ў прасторах дымную пустош.
Зіма, зіма…
У марозных бомах
Прагорклі казкі лучнікоў,
І скрыпы дальніх палазоў.
І неразгадных і знаёмых.
А ўсё-ж люблю
Ў начную дую
Глядзець на сьнежныя плятні, —
Прыпомніць ў думках дарагую,
І вёсен зьнікшыя агні.
І ждаць,
Як сінім пералівам
Ўплыве вясна на журавах,
Як будуць сонныя яліны
Іграць на сонечных струнах,
Як зьвесіць месяц перамёты
Над вэльмам росных туманоў,
і зьнікне ў далечах сумота
На шэрых крыльлях журавоў.
|