Перайсці да зместу

Сьветацені (1928)/За кроснамі часу ня прыкмеціш…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На усходзе дальнім, на палёх Кітая ⁂ За кроснамі часу ня прыкмеціш…
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1928 год
Ліст у Сібір
Іншыя публікацыі гэтага твора: За кроснамі часу не прыкмеціш…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

За кроснамі часу ня прыкмеціш,
Дзень прабег так хутка, хоць ня вер…
Што-та робіцца цяпер на сьвеце,
Што на сьвеце робіцца цяпер?

Вечар гасіць сонечныя плёсы.
Усплываюць зоры ў сіняве.
Нудна звон надломаны галосіць
У заседжанай варонамі царкве.

А у клюбе чуюцца цымбалы.
Многа чутак, радасьці, надзей…
Дзень папоўз за сонныя абвалы.
Лёг туман на дрэмлючай вадзе…

У душы дзяўчыны парываньні
Сэрца паляць радасьцю надзей.
На‘т пастылае зблудзілася ў тумане,
На‘т нялюбае зрабілася мілей.

Смуту дзён кудысьці ветры гоняць,
Гоняць марныя нязбыўчывыя сны…
Сёньня ўсё на сьвеце комсамоліць
Ціхаструнным водгульлем вясны.

І цяпер, —
Калі ў нябесных плёсах
Усплываюць зоры ў сіняве,
Нудна звон надломаны галосіць
У заседжанай варонамі царкве.

Стары поп гнусавіць ад сівухі
За прагорклы ладунам прыстол…
Дзьве ці тры бяздомныя старухі
Галавой схіліліся на дол.

За амбонам сьвечкі дагараюць.
На мурох як лапы мерцьвякоў
Пахавальнай дрожжу паміраюць
Сьветацені пройдзеных вякоў.

А у клюбе чуюцца цымбалы, —
Многа чутак радасьці, — надзей…
Дзень папоўз за сонныя абвалы,
Лёг туман на дрэмлючай вадзе,

Што-та робіцца цяпер на сьвеце,
Што на сьвеце робіцца цяпер…
За кроснамі часу ня прыкмеціш,
Дзень прабег так хутка, хоць ня вер…